Воскресенье, 29 11 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Неўміручыя імёны на старонках гісторыі

  • Вторник, 17 ноября 2020 08:37

Гісторыя падобна да коўдры, што складаецца з мноства шматочкаў, дзе кожны акравак — той ці іншы яе герой. Хтосьці больш яркі, хтосьці — менш, але кожны аднолькава важны і незаменны, бо з’яўляецца часткай магутнага працэсу, тым звяном, без якога коўдра была б дзіравай. 

Кніга Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа «Легендарныя героі беларускай гісторыі ХІ—ХІХ стст.» (Выдавецкі дом «Звязда», 2020) з’яўляецца працягам іх папярэдняй працы пад назвай «Беларусь далетапісная». У ёй сабраны жыццяпісы гістарычных фігур, якія па праве лічацца героямі нашага народа. На старонках кнігі аўтары сабралі падрабязныя факты з біяграфій яркіх асоб, дапоўнілі іх новымі, раней малавядомымі, расказалі пра падзеі пад іншым ракурсам, прапанавалі загадкі і разгадкі некаторых гістарычных таямніц.

Кніга, якая стала плёнам шматгадовай даследчай працы аўтараў, змяшчае 37 арыгінальных гістарычных нарысаў, дапоўненых яскравымі ілюстрацыямі мастака Арлена Кашкурэвіча. Экскурс у старажытнае мінулае пачынаецца з аповеду пра вядомых фігур з гісторыі Полацкага княства — Брачыслава, Рагнеду, Ізяслава. Знакавай гістарычнай асобай, якая ва ўсе часы прыцягвае ўвагу, з’яўляецца Усяслаў Брачыслававіч (Усяслаў Чарадзей, ці Ваўкалак). Яго імя па сёння выклікае шматлікія спрэчкі і нараджае новыя таямніцы. Загадкі ў жыцці Усяслава Чарадзея пачынаюцца з самага з’яўлення на свет: «Калі маці яго нарадзіла, было ў яго язвено на галаве; і сказалі вешчуны маці яго: “Гэта язвено. Навяжы на яго, ды носіць няхай да канца жыцця свайго”. І носіць Усяслаў і да гэтага дня на сябе. Праз тое нялітасцівы ёсць на кровапраліцце». І цяпер даследчыкі спрачаюцца, як перакласці на сучасную мову слова «язвено».

Нашы продкі верылі: Усяслаў мог ператварацца ў ваўкалака, сокала або ў тура з залатымі рагамі. У «Слове пра паход Ігаравы» згадваецца, што Усяслаў Чарадзей спрачаўся з самім богам сонца Хорсам. Шмат чаго распавядалі пра полацкага князя: нібыта ён мог прадказаць будучыню альбо, перакінуўшыся ў ваўка, за адну ноч абабегчы ўсю сваю вялікую дзяржаву. Гэтыя быліны і паданні з’явіліся таму, што Усяслаў сапраўды быў чалавекам незвычайным: мудрым, дужым, смелым. Часта трапляў у складанае становішча, але заўсёды выходзіў з яго ўдала. Полацкі князь таксама вядомы сваімі ваеннымі подзвігамі. Сабраўшы моцную дружыну, перамог войска наўгародцаў, загадаў зняць з наўгародскай Сафіі званы і прывезці іх у Полацк. Па яго загадзе быў пабудаваны полацкі Сафійскі сабор. Пры Усяславе Чарадзеі Полацкае княства зазнала росквіт.

Князь пакінуў пасля сябе шасцярых сыноў, якія падзялілі бацькаву спадчыну і сталі кіраваць у розных гарадах княства. Акрамя сыноў, Чарадзей меў яшчэ і дачок. Адна з іх, Зоя Усяславаўна, набыла славу ў Візантыі як жанчына-лекарка. Сучаснікі называюць Зою чарадзейкай. Менавіта яна напісала трактат «Мазі», дзе разглядаліся пытанні агульнай гігіены, меліся кароткія звесткі пра мікрапедыятрыю, дэрматалогію, унутраныя хваробы, дыеталогію. Таксама ў кнізе быў пакладзены пачатак вучэнню пра тэмпераменты. «Чалавек памірае, а кніга, напісаная ім, перажывае стагоддзі». Дачка Усяслава Чарадзея зрабіла вялікі ўнёсак у развіццё медыцыны. Многае з таго, што было выкладзена Зояй Усяславаўнай, і цяпер з’яўляецца асновай акушэрства і неанаталогіі.

Згадваючы гісторыю Полацкага княства, нельга не адзначыць асветніцу і нябесную заступніцу беларускай ямлі Ефрасінню Полацкую. На большасці ікон святая паказана з зіхатлівым шасціканцовым Крыжам у руках. Аўтары кнігі падкрэслілі важнасць гэтай свяшчэннай рэліквіі. Крыж зроблены айчынным ювелірам Лазарам Богшам, таму мае дзве назвы — Крыж Ефрасінні Полацкай і Крыж Лазара Богшы. «Два імені з глыбіні гісторыі. Два жыцця. Адно — старанна вывучана, падрабязна апісана ў шматлікіх даследчых працах. Другое — амаль невядомае». У  гістарычным нарысе, прысвечаным гэтым асобам, Ірына Масляніцына і Мікалай Багадзяж прачынілі заслону нязведанага і расказалі пра жыццёвы шлях Лазара Богшы. Не абышлі даследчыкі і неразгаданую загадку, куды знікла свяшчэнная рэліквія. Крыж перажыў і падзеі Паўночнай вайны, калі Сафійскі сабор быў узарваны, і вайны з Напалеонам. Ён бясследна знік у часы Другой сусветнай вайны. Доўгі час лічылася, што яго маглі вывезці нямецкія салдаты. Аднак многія рассакрэчаныя матэрыялы далі падставу меркаваць, што да знікнення святыні прыклаў руку Лаўрэнцій Берыя. Дзе мог схаваць святыню — невядома. Пакуль загадка неразгаданая, застаецца верыць, што Крыж абавязкова вернецца на радзіму.

Давыд Гарадзенскі... Як жа доўга гэтае імя было ў забыцці! Толькі праз стагоддзі ўдалося знайсці і зрабіць усенародным здабыткам летапісныя сведчанні пра подзвігі выдатнага палкаводца ХІV ст. Сёння ўжо нельга ўявіць гісторыю Радзімы без гэтай вырванай з яе старонкі — то-бок без мяча Давыда, які ўздымаў на праведную барацьбу з крыжаносцамі землякоў і адзінаверцаў. Без гарадоў, якія, паверыўшы ў сілу і непераможнасць свайго абаронцы, не здаваліся ворагу. Без прыгожага, узвышанага кахання слаўнага героя да дачкі Гедыміна. «Шчаслівы воін — удачлівы воін», — казалі пра Давыда яго ратнікі. Для іх саюз палкаводца з каханай ім Бірутай быў сімвалам перамогі. Многія верылі: пакуль гэтыя двое разам, Давыд непераможны. І ён сапраўды быў непераможным ваяводам! З таго часу, як з’явіўся Давыд у Гародні, горад ні разу не ўзялі ворагі. Рыцары-крыжакі, якім даводзілася бачыць самога Давыда ў баі, параўноўвалі яго з вострым халодным мячом. «Але калі ён быў падобны да мяча, бязлітасны да ворагаў і надзейны для сяброў, Бірута была хусцінкай, якой пасля бітвы сцірае воін з ілба пот і кроў, перавязвае раны». Давыд Гарадзенскі так і застаўся ў нашай гісторыі непераможным палкаводцам, які не прайграў ніводнай бітвы.

Згадваецца ў кнізе яшчэ пра аднаго адважнага героя нашай гісторыі — казака Міхаіла Крычэўскага, які прымаў актыўны ўдзел у Казацка-сялянскай вайне і пакінуў пасля сябе след мужнага, непакорнага барацьбіта. Калі пасля бітвы Міхаіл Крычэўскі трапіў у палон да Януша Радзівіла, не даўся адважны казак на здзек і пакуты, сам разбіў сабе галаву аб кола воза... «Не склалі ў тыя часы эпітафій, каб выбіваць іх на прыдарожных камянях, пад якімі хавалі вольных казакаў. Але пішуць іх у гонар нашых славутых продкаў сучаснікі. Найлепшую эпітафію казацкаму правадыру стварыў выдатны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч: “Міхайла Крычэўскі мог разбіць за радзіму сваю галаву. Дубіна — сесці на палю, а Мурашка — на распалены трон. Агнём і жалезам яны даказалі сваю любоў. Я пытаюся ў вас: ці зможа хто з нас пакласці за яе руку... хаця б на язычок свечкі?”».

Работа Арлена Кашкурэвіча «Святая Ефрасіння Полацкая і майстар Лазар Богша».

Работа Арлена Кашкурэвіча «Святая Ефрасіння Полацкая і майстар Лазар Богша».

Вандруючы па розных стагоддзях і эпохах, раптам трапляеш на жыццяпіс яркага героя эпохі рамантызму — Дамініка Гераніма Радзівіла. Ён аб’ядноўваў у сваім характары дзве зусім, здаецца, палярныя рысы — летуценнасць і самаадданасць. Дамінік Радзівіл — пляменнік Пане Каханку, як сведчаць даследчыкі, пераняў ад родзіча яго адкрытае ўсім сэрца, схільнасць да раскошы, жаданне быць аб’ектам захаплення. Дамінік Радзівіл шчодра надзяляў бліжніх, ажывіў муры свайго нясвіжскага замка і  горада. У яго часы Нясвіж квітнеў, горад называлі малой Варшавай.

Князь Дамінік быў адданым патрыётам сваёй бацькаўшчыны, змагаром за адраджэнне краіны. Ён далучыўся да французскага імператара Напалеона, калі той паабяцаў свабоду і незалежнасць Рэчы Паспалітай. Князь не пакінуў Банапарта нават тады, калі яго зорка ўжо закацілася. Мужнасць Дамініка на полі бітвы не засталася незаўважнай. Гаварылі, што ён быў самы адважны з усіх палякаў (беларусаў). Калі Дамініку дазволілі вярнуцца ў Нясвіж, ён адказаў: «Маё месца на чале майго палка, а не ў Нясвіжы».

Акрамя легендарных герояў, барацьбітаў, змагароў, наша гісторыя ведае нямала гераінь. Сярод іх — асветніцы, вяршыцелькі лёсаў, аб’яднальніцы, дабрадзейкі, прадпрымальніцы... Аўтары кнігі прадставілі чытачу цікавы нарыс пра дачку Вітаўта — княгіню Соф’ю, якая ўвайшла ў гісторыю як «аб’яднальніца». Соф’я ўсё жыццё марыла аб’яднаць дзяржаву свайго бацькі з дзяржавай мужа — маскоўскага цара Васіля І. Ёсць жанчыны, якія, нават нягледзячы на сваю ўладнасць і высокае становішча, застаюцца ў гісторыі толькі бледнымі ценямі. «Соф’я Вітаўтаўна прачарціла ў  мінулым двух народаў яркі каметны след — вялікая княгіня, якая марыла і ледзь не стала вялікай аб’яднальніцай земляў і дзяржаў! Ні да, ні пасля яе падобная смелая задума не ўзнікла ні ў адной правячай галаве, хаця многія з нашчадкаў Вітаўта і  Дзмітрыя Данскога рашаліся на войны з  Вялікім Княствам Літоўскім і гвалтоўнае адабранне суседскіх тэрыторый».

Уражвае сваім драматызмам і несправядлівасцю гісторыя пра складаны лёс Ганны Катажыны Радзівіл, якой суджана было пражыць некаханай жонкай дваццаць сем гадоў, пахаваць трынаццаць сваіх дзяцей і ў сорак чатыры гады аўдавець. Для тых, хто любіць беларускую экзотыку, вобраз княгіні Ганны Радзівіл больш прыцягальны менавіта дзякуючы акалічнасцям яе жыцця. А для даследчыкаў гісторыі яна застаецца жанчынай, якая першая ў сваёй краіне занялася развіццём прамысловасці. У гэтай справе яна дабілася такіх поспехаў, што большасць створаных ёю прадпрыемстваў працягвалі дзейнічаць і пасля яе смерці. А некаторыя паслужылі асновай для тых, што дзейнічаюць і цяпер.

Работа Арлена Кашкурэвіча «Ганна Катажына Радзівіл».

Работа Арлена Кашкурэвіча «Ганна Катажына Радзівіл».

Біяграфіі пэўных асоб іншы раз падобныя да сюжэтаў яркіх авантурных раманаў. Часам гэта з’яўляецца вынікам жыццёвых калізій, у якія трапляе чалавек, а часам — імкнення рабіць свой лёс, не жадаючы рухацца па наезджанай каляіне. Менавіта з такіх герояў — першая жанчына-афіцэр рускага войска Надзея Дурава, пра жыццё і подзвігі якой на старонках сваёй кнігі расказалі Ірына Масляніцына і Мікалай Багадзяж. Гісторыя «кавалерыст-дзяўчыны» ўзбударажыла расійскую арыстакратыю ў ХІХ ст. пасля з’яўлення ў друку мемуараў «Запіскі кавалерыст-дзяўчыны». З часам вострая цікавасць да яе знікла. Новае жыццё легендзе даў папулярны кінафільм «Гусарская балада», дзе Надзея стала галоўным персанажам — дзяўчынай, якая, апрануўшыся ў мужчынскае адзенне, ідзе абараняць Радзіму падчас французскага нашэсця 1812 года, але пад іншым імем — Шурачка Азарава. У сапраўднасці ж яе звалі Надзеяй Дуравай. Дарэчы, сваім жаночым імем яна заўсёды пагарджала, упарта называючы сябе карнетам Аляксандрам Аляксандравым. У касцюме гусара Надзея Дурава прайшла мноства бітваў, пакуль не была выяўлена Аляксандрам І, які быў настолькі ўражаны жаданнем дзяўчыны змагацца за Радзіму, што дазволіў ёй застацца ў войску. Надзея Дурава з’яўляецца прыкладам незвычайнай мужнасці, непахіснасці і адвагі.

Кніга «Легендарныя героі беларускай гісторыі ХІ—ХІХ стст.» акунае чытача ў падарожжа па розных эпохах. На яе старонках — вялікія бітвы і асветніцкія подзвігі, бліскучыя палітычныя рашэнні, прыклады патрыятызму, адухоўленасці, самаадданасці, вернасці. Героі кнігі з’яўляюцца рэальнымі асобамі, хаця жыццяпіс кожнага з іх ужо даўно аброс легендамі і паданнямі. Але сапраўдныя лёсы гэтых людзей: мудрых правіцеляў, праслаўленых палкаводцаў, бясстрашных змагароў, творцаў і асветнікаў — не менш цікавыя, чым легенды пра іх. Менавіта гэта дэманструюць у кнізе аўтары выдання.

Дзіяна Казімірчык

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 263 раз