Понедельник, 01 06 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пад Нясвiжам знойдзены камень Адама Мiцкевiча?

«Ewa raj utracila...» — так пачынаецца надпiс на валуне, якi знайшоў у вёсцы Студзёнкi непадалёк ад Нясвiжа мясцовы краязнавец Аляксандр Абрамовiч. Знаходку можна лiчыць без перабольшання ўнiкальнай, бо камень гэты — рэчыўнае пацвярджэнне, што ў Студзёнках бываў Адам Мiцкевiч, якi i пакiнуў памятны надпiс у «гасцявой кнiзе» тагачаснай гаспадынi вясковай сядзiбы, а мясцовыя краявiды згадаў у паэме «Пан Тадэвуш».

Звесткi пра камень, гаворыць краязнавец, ёсць у гiстарычных мемуарах — прынамсi ва ўспамiнах ксяндза Ежы Калiноўскага, зводнага брата пахаванага ў Студзёнках Вiктара Калiноўскага, якi, у сваю чаргу, быў сваяком знакамiтага правадыра паўстання 1863 года Кастуся Калiноўскага. «Я пра камень даведаўся зусiм нядаўна, шукаючы помнiкi з былых панскiх могiлак, што былi знесеныя ў 50–60-я гады мiнулага стагоддзя. Мне даслала спасылку на гэты дакумент сяброўка па «Фэйсбуку» Юлiта Нэйман — вялiкi адмыслоўца па генеалогii, хоць, зразумела, на аматарскiм узроўнi, бо сама яна былы медык», — расказаў «Звяздзе» спадар Аляксандр Абрамовiч.

Наогул, Студзёнкi — вёска хоць i невялiкая, але з багатай гiсторыяй, у якой хапае гучных iмёнаў. Сярод iх i Радзiвiлы, якiм шмат гадоў належала вёска, i згаданыя ўжо Калiноўскiя, якiя былi арандатарамi вясковага маёнтка, генерал Ян Развадоўскi — другi муж Кацярыны Мараўскай, сястры знакамiтага Караля Станiслава Радзiвiла па мянушцы Пане Каханку (а ўнук гэтага Яна, таксама Ян Развадоўскi, лiчыцца заснавальнiкам Баранавiч). Што да панскага маёнтка, то, паводле ўспамiнаў сучаснiкаў, гэта быў аднапавярховы дом, утульны i прыгожа аздоблены, з хатняй каплiцай i трыма гасцёўнямi. Дом стаяў у вялiкiм прыгожым парку, дзе мелiся таксама дзве сажалкi, злучаныя памiж сабой рэчкай, i так прыгожа ўсё гэта выглядала разам, што Адам Мiцкевіч, якi наведаў Студзёнкi, назваў iх малым зямным раем i так напiсаў у альбоме гаспадынi маёнтка: «Ева рай страцiла, Ты ж яго, панi, стварыла». На памяць аб вiзiце паэта, кажуць, тыя словы i выбiў на каменi мясцовы разьбяр.

...Памятны камень быў знойдзены амаль што выпадкова — у сцяне адчыненага склепа непадалёк ад былых панскiх могiлак. Памер бачнай яго часткi 85х64 сантыметры. «Выглядае на тое, што напiсана почыркам Мiцкевiча, — гаворыць краязнавец, — дакладна бачна «Ewa raj utracila Tys go wskrzesila», i «Mickiewicz». Каб расчытаць астатняе, трэба звяртацца да спецыялістаў».

«Звязда» звярнулася з просьбай дапамагчы ў расшыфроўцы да супрацоўнiкаў дома-музея Адама Мiцкевiча ў Навагрудку, якiя маюць узоры почырку паэта. Аб вынiках работы спецыялiстаў i тым, якi працяг атрымае гэта гiсторыя, мы абавязкова раскажам пазней.

Вiкторыя Целяшук

Фота з «Фэйсбука» Аляксандра Абрамовіча

Крыніца: Звязда

Прочитано 221 раз