Понедельник, 01 03 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Паэма «Дзяды» мусіла стаць паэтычным дыярыўшам Міцкевіча

  • Суббота, 20 февраля 2021 13:30

Ягонае імя — гонар польскай і сусветнай літаратуры. Але ягоны «велізарны дух вырас і сфарміраваўся» на Літве, як сам Міцкевіч называўся сваю радзіму — Наваградчыну. Яна была Айчынай яго думак і крыніцай натхнення. Ён уславіў на ўвесь свет родную Літву. 

Ёсць у мяне зямля, край светлых мрояў.

Мілейшага мне не знайсці другога.

«Певцом Літвы» называў Міцкевіча вялікі Пушкін.

З дзяцінства Адам выхоўваўся на беларускім фальклоры. Слухаў захапляльныя паданні і легенды, якія расказваў слуга Блажэй, чым абуджаў ў яго душы чароўны свет народнай фантазіі... Народныя спевы служанкі Гансеўскай нараджалі паэтычныя пачуцці. Ужо ў пяць гадоў Адам пачаў сачыняць вершы. У гады навучання ў Навагрудскай школе ён разам з сябрам Янам Чачотам акунуўся ў стыхію народнай творчасці — бывалі на сялянскіх святах, вяселлях, дажынках, хаўтурах, калядах. Як вобразна заўважыў іх сябар Ігнат Дамейка, «убогая страха і народная песня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь». Так і пайшлі яны з гэтым агнём па жыцці.

Творчы дар Адама Міцкевіча расквітнеў у гады навучання ў Віленскім універсітэце. І як гэта часта бывае з паэтамі, натхненне прыйшло з каханнем. Для Міцкевіча такім светлым і адначасова пакутлівым стала каханне да Марылі Верашчакі з Тугановічаў. Яна зрабілася яго музай і насланнём. Голас паэта загучаў узвышана і рамантычна, ён скінуў путы вучнёўскага пераймальніцтва класіцызму. Крыніцай сюжэтаў і вобразаў стала для яго народная паэзія. Паводле народных паданняў, паэт піша шэраг балад, сярод якіх зіхацяць сваімі паэтычнымі дыяментамі «Свіцязянка» і «Гражына». Вершы і балады Міцкевіча разыходзіліся ў рукапісных зборніках, і яго імя робіцца вядомым.

Светлыя юнацкія гады і мары замяніліся пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1819 годзе на шэрае жыццё школьнага настаўніка ў правінцыйным Коўне. Сэрца разрываў боль ад няшчаснага кахання да Марылі, якая выйшла за багатага графа Пунткамера. Горыч гучыць у радках яго верша «Люблю я» і ў лістах да Марылі. Прыгнятала і смерць маці. Вось у такім змрочным настроі Адам пачынае пісаць сваю славутую паэму «Дзяды» (названую паводле беларускага абраду памінання продкаў — Дзядоў) — твор шматпланавы (і шматпакутлівы), містычна-філасофскі і жыццёва драматычны... «Уся аснова твора ўзята з сялянскіх песень, нават формулы народных заклінанняў мы перакладалі з літоўскай мовы (г. зн. беларускай)», — адзначыў Міцкевіч у прадмове да паэмы.

Паэма давалася нялёгка. Гэтак першую яе частку паэт не закончыў, другую і чацвёртую надрукаваў у 1823 годзе, хаця і быў імі не задаволены і, каб не абавязак перад выдаўцом, «паклаў бы іх пад сукно». Трэцяя частка была напісана паэтам ажно праз дзевяць гадоў. «Дзяды» павінны былі стаць яго паэтычным дыярушам, роздумам пра пражытае і перажытае. У трэцяй частцы ёй апісвае зняволенне ў царскай турме сваіх сяброў — філаматаў і філарэтаў, чые асветніцкія ідэі ўлады прызналі антыўрадавымі. Вывеў Адам у паэме і сябе ў смутным вобразе пустэльніка Густава, які пакутуе ад драматычнага кахання. Боль па каханай з гадамі не сцішыўся.

Першыя зборнікі Адама Міцкевіча «Паэзія» (1822 г.) і «Балады і рамансы» (1823 г.) чытачы сустрэлі захапляльна, што не спадабалася прызнаным мэтрам польскай паэзіі. Юліян Славацкі нават прапаноўваў «скінуць гэтага літвінскага барда з Парнаса». Яго дакаралі ў псаванні польскай мовы «правінцыялізмамі» — беларускімі словамі.

Жыццёвыя акалічнасці (арышт па справе філаматаў і філарэтаў, высылка ў Расію), вывелі Адама Міцкевіча ў шырокі свет. Ён жыве ў Адэсе, Маскве, Пецярбургу, падарожнічае па Крыме. Новыя ўражанні, новыя сустрэчы акрылялі паэта. Напісаны выдатныя «Крымскія санеты», гістарычная паэма «Конрад Валенрод» (1827 г.), якія прынеслі Міцкевічу заслужаную славу. Ён сябруе з лепшымі паэтамі Расіі Аляксандрам Пушкіным, Кандраціем Рылеевым, Васілём Жукоўскім, Іванам Крыловым, Аляксандрам Грыбаедавым. На літаратурных сустрэчах ён зачароўвае ўсіх экспрэсіўнымі імправізацыямі на паэтычныя тэмы.
Як паэт, Адам Міцкевіч саспеў для свайго галоўнага твора. А тэма яго прыйшла сама ў доўгіх дарогах па Еўропе, на чужыне, і сум па Радзіме. Тады з сэрца і выліліся пранікнёныя радкі:

Літва! Мая Айчына! Ты — нібы здароўе:

Цябе той цэніць, хто ўжо страціў. Зноў і зноў я

Табою мрою, зноў ты ў снах перад вачыма.

Вярнуць цябе хачу я ў слове хоць, Радзіма.

Гэтым гімнам роднаму краю пачынаўся самы значны твор Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Гэта эпічны аповед пра даўнюю шляхецкую Літву, помнік адыходзячаму часу. Сутнасць паэмы сам паэт вызначыў так: «...пішу вясковую паэму, у якой намагаюся захаваць памяць нашых старых звычаяў і пакрэсліць карціну нашага вясковага жыцця, палявання, забаў, бітв, наездаў і г. д. Дзеянне адбываецца каля 1812 года, калі яшчэ жывы былі старадаўнія паданні і не сцерліся сляды старога вясковага быта». Канечне, нам цяжка ацаніць мастацкую вартасць паэмы, перш за ўсё яе моўную стыхію, але яе гістарычная вартасць безумоўная — яна пра жыццё беларускай шляхты (прынамсі, Наваградчыны, у пачатку ХІХ стагоддзя).

Паэму Адам пісаў у Парыжы. «Жыву тады ў Літве, у лясах, корчмах, з шляхтай, жыдамі. Калі б не паэма, уцёк бы з Парыжа». Паэму ён закончыў у 1834 годзе, яна прынесла яму еўрапейскую славу. «Калі мне паставяць помнік у Наваградку, то будзе ён за Пана Тадэвуша», — казаў Адам. Нічога роўнага ці вартага высокай літаратуры Адам ужо не напіша. Натхненне яго згасала. Яшчэ па звычцы ён будзе пісаць, напрыклад, франкамоўныя п’есы «Барскія канфедэраты», «Якуб Ясінскі, або Дзве Польшчы». Ды і не да паэзіі было. Сямейнае жыццё вымагала ад паэта траціць сябе на лекцыі ў навучальных установах, а прадмет з нялёгкіх — лацінская мова і літаратура. Усе больш ён адчувае адзіноту ў душы і сэрцы, пустэчу вакол сябе, а па начах снілая радзіма. Матэрыяльнае становішча было цяжкім, польская эміграцыя лічыла яго ерэтыкам і маскалём. За ганарлівы характар і вольналюбства яго зволілі з Калеж да Франс, дзе ён выкладаў, і Адам мусіў працаваць на сціплай пасадзе бібліятэкара. Смерць у 1855 г. жонкі Цэцыліі Шыманоўскай, здаецца, канчаткова падкасіла Міцкевіча. А праз два месяцы 28 лістапада 1855 г. у Стамбуле, куды ён выехаў па камандзіроўцы, памёр і сам Адам.

Свой жыццёвы шлях ён праклаў праз паэтычнае слова, народжанае яго пачуццем і думкамі. Бадай, самыя запаветныя словы — кахаю і памятаю — натхнялі паэта на стварэнне свайго адметнага паэтычнага свету, імя якому — Адам Міцкевіч.

Вітаўт Чаропка

Крыніца: Звязда

Прочитано 272 раз