Понедельник, 25 05 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пісьменніца Улада Альхоўская: Альбо стабільная работа, альбо літаратура

  • Четверг, 30 января 2020 10:29

На постсавецкай прасторы маладая беларуская драматургія сёння даволі запатрабаваная. Сярод шматлікіх ужо вядомых нашых аўтараў раптоўна ўспыхнула новая зорачка — Улада Альхоўская. Яе поспех нельга назваць выпадковым: ужо некалькі гадоў дзяўчына выпускае кнігі, а таксама піша сцэнарыі. Пасля перамогі на міжнародным конкурсе сучаснай драматургіі «Час драмы» ў 2018 годзе ў Расіі п'есу «Трыксцер клуб» заўважыў Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр і прапанаваў паставіць спектакль, кожны паказ якога праходзіць з аншлагам. Пасля першага трыумфу былі і іншыя перамогі, высокія ацэнкі журы. Мінулы год Улада завяршыла на высокай ноце: грашовая прэмія, здабытая ў расійскім конкурсе «Аўтара на сцэну», дазволіць ёй убачыць яшчэ адну сваю п'есу ў тэатры. У гутарцы дзяўчына расказала, з чаго пачынала свой шлях да поспеху.

— Спектакль «Трыксцер клуб» — адзін з самых яркіх у Маладзёжным тэатры. Як узнікла ідэя п'есы?

— Напэўна, яна мая маленькая пуцяводная зорка, вяртанне ў свет драматургіі. Некалькі гадоў таму паспрабавала ствараць п'есы, атрымалася не вельмі добра, таму вырашыла займацца іншым жанрам: пісала прозу, мае раманы выходзілі ў Расіі. Пра п'есы больш не задумвалася. Прыкладна год таму з'явілася ідэя, і я зразумела, што задумку лепш рэалізаваць менавіта ў такой форме. П'еса павінна была быць увасоблена артыстамі, якіх пазней я знайшла ў Маладзёжным тэатры. Мне здаецца, што гэта той выпадак, калі ўсе зоркі сышліся...

— Магчыма, у жыцці быў перыяд, калі даводзілася разбірацца ў сабе, і з духам Трыксцера вы пазнаёміліся асабіста?

— Думаю, што маленькае чарцяня жыве ў кожным з нас, і гэта насамрэч нядрэнна. Не варта ўспрымаць дух Трыксцера як негатыўны персанаж. Гэта той добразычлівы крытык, які жартуе, іранізуе, але ў рэшце рэшт дапамагае знайсці выйсце з сітуацыі, што не дае спакою. На мой погляд, мы ўсе ў глыбіні душы ведаем рашэнне сваіх праблем. Проста часам яно ўтоена, схавана за туманам штодзённасці, і нам патрэбен штуршок ці нейкі правадыр, які дасць зразумець: усё насамрэч у нашых руках. Уласна, ідэя п'есы ў тым, што мы гаспадары свайго лёсу. Так, ёсць псіхолагі, ёсць Трыксцер ці хтосьці яшчэ, але гэта дапаможныя сілы. Насамрэч рашэнне заключана ў кожным з нас.

— Ці могуць фестывалі або конкурсы дапамагчы маладому аўтару? Ці ўплываюць яны на цікавасць тэатраў да п'ес і ў выніку — на іх увасабленне на сцэне?

— Вядома, гэта дужа значная прыступка, асабліва для пачаткоўца. Цяпер фестываляў вельмі шмат: гаворка нават не пра дзясяткі, а пра сотні, калі мы бяром пад увагу не толькі беларускія, але і рускамоўныя. У гэтым агульным масіве п'ес ёсць шанц заявіць пра сябе. Як тое зрабіць? У мяне няма знаёмстваў, няма сяброў-заступнікаў... Калі напісала п'есу, стала думаць, што далей. У тэатр прыйсці проста так я не магла. Мне здаецца, гэта крыху некарэктна, бо я ж не ведаю, ці добра атрымалася. Зразумела, што кожны пісьменнік лічыць свой твор геніяльным, але мне патрэбна была ацэнка з боку — ад людзей, у якіх ёсць экспертнае меркаванне, якія маюць вялікі досвед. Вядома, было вельмі страшна адпраўляць п'есу на фестывалі, але першая перамога стала моцным штуршком, каб рухацца наперад. Гэта свайго роду паказчык, што твор атрымаўся добры і з ім можна працаваць.

Супрацоўніцтва з Маладзёжным тэатрам дало мне новы досвед. Першапачатковая п'еса, якая выйграла конкурс, была трохактавая. І ў яе быў іншы фінал. Мы шмат працавалі з рэжысёрам Андрэем Гузіем, з артыстамі, у якіх былі свае пажаданні да драматургічнага матэрыялу. У выніку твор, які ўвасоблены на сцэне, стаў прыкладна ў паўтара раза карацейшы за арыгінал. Тым, хто ведае абодва варыянты, больш падабаецца версія, падрыхтаваная для Маладзёжнага тэатра. Асабліва канцоўка. Таму што ў першым варыянце Трыксцер сыходзіў, а ўсім хацелася, каб ён застаўся. Гэта значыць, што персанаж знайшоў гледача.

— Ці адпавядае сцэнічнае ўвасабленне герояў таму адчуванню, якое вы ўкладвалі ў вобразы пры напісанні п'есы?

— Калі параўноўваць першы варыянт твора і тое, як ён быў пастаўлены ў тэатры, то не супала нічога. Абсалютна! У першым варыянце Псіхолаг і Трыксцер — адзін чалавек. Але разам з рэжысёрам Андрэем Эдуардавічам мы прыйшлі да высновы, што гэта будзе не відовішчна. Цікавей, калі прысутнічаюць два розныя персанажы. З роляй Трыксцера бліскуча справіўся Андрэй Гладкі, якім заслужана захапляюцца ўсе. Калі я ўбачыла, як ён увасобіў свайго героя, адчула прыемны шок — наогул была іскрыстая прэм'ера. Вельмі спадабалася, як сыграў Юрый Шаланкоў. Для мяне Псіхолаг быў усё-такі больш сур'ёзны, можа быць крыху «нудотны». З пункту гледжання гледача персанаж Шаланкова атрымаўся лёгкім, вельмі лагодным. Яго любяць, хочуць абараніць. Актрысы Кацярына Раманнікава і Оля Давыдава-Роік зрабілі сваіх гераінь жывымі і вельмі блізкімі людзям. Жанчыны і дзяўчаты рознага ўзросту асацыююць сябе з імі, знаходзяць нейкія падобныя моманты ў сваім жыцці. Нешта неверагоднае зрабіў Ігар Вепшкоўскі. Персанаж, якога ён увасабляе, шчыра кажучы, у п'есе слабаваты. Але дзякуючы акцёрскаму майстэрству атрымаўся настолькі яркі, што нават яго з'яўленне на сцэне выклікае выбух смеху ў зале. Хочацца адзначыць ігру Дзяніса Майсейчыка. У маім варыянце журналіст быў больш нахабны, але менш смешны, а ў Дзяніса ён атрымаўся смешным, але без глупства. Я вельмі ўдзячная ўсім акцёрам: у іх вобразы больш яркія і аб'ёмныя, чым я задумвала. Заўсёды на спектаклях сачу за рэакцыяй гледачоў. Ведаю, што некаторыя прыходзілі на іх не адзін раз, і яны ўжо чакалі з'яўлення любімых артыстаў.

Мне здаецца, што ў тэатры важная праца ўсёй каманды, бо дзякуючы ёй п'еса ажывае. Інакш гэта проста тэкст на паперы.

— Наступныя п'есы вы ствараеце з улікам досведу работы над спектаклем «Трыксцер клуб»?

— Так, яны пішуцца на яго аснове. Дзякуючы гэтаму творы сталі больш кампактныя, больш насычаныя. Я атрымала вялікую падтрымку ў тэатры і ўжо не баялася спрабаваць сябе ў новых жанрах. Думала: калі аднойчы атрымалася, значыць, і далей можа атрымацца. У мяне з'явіліся манап'еса, дзіцячая п'еса. Некалькі твораў былі прадстаўлены ў фінале чатырох расійскіх буйных драматургічных конкурсаў.

П'еса «А 6-й раніцы, амерыкана» ўвайшла ў спіс дзесяці найлепшых твораў 2019 года па выніках конкурсу «Аўтара на сцэну», арганізаванага Нацыянальнай асацыяцыяй драматургаў (Расія). Я стала першым і пакуль адзіным беларускім драматургам, уганараваным гэтай прэміяй. У падарунак атрымала сертыфікат на пастаноўку ў паўмільёна расійскіх рублёў! Да апошняга не магла паверыць, што сапраўды перамагла і маю п'есу выбралі пры такой канкурэнцыі. Калі паглядзець шорт-ліст, то там можна ўбачыць шмат вядомых драматургаў з вялікім досведам. Але ацэньваюць у выніку п'есу — і больш нічога. «А 6-й раніцы, амерыкана» была напісана адразу пасля прэм'еры «Трыксцер клуба» ў маі, асноўная гісторыя прыдумалася наогул пасля нашых пасядзелак з артыстамі. Спектакль атрымаўся настолькі выдатны, а выканаўцы былі такія мілыя, што мне адчайна захацелася стварыць нешта лепшае і зноў убачыць на сцэне, што атрымаецца. У конкурсе «Манадрама-2019» я стала лаўрэатам, п'еса «Жыццё на Марсе» ўвайшла ў зборнік, выдадзены Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай мастацтваў. Твор «Адна ноч у Стамбуле» стаў пераможцам восеньскага этапу «Час драмы» (Расія). Гэта адзін з самых маштабных конкурсаў, які праходзіць у чатыры этапы — па сезонах года. За год у ім удзельнічае каля 600-700 п'ес з розных краін.

— А як вы зразумелі, што хочаце пісаць?

— Рабіць гэта я пачала яшчэ ў малодшай школе, гісторыі складваліся самі сабой. Але атаясамлення сябе з пісьменніцтвам не было, здавалася, што мае фантазіі існуюць асобна, а кнігі — нейкі зусім іншы свет, які ствараюць асаблівыя людзі. Ужо ў студэнцкія гады разабралася, што да чаго, і стала адпраўляць рукапісы па буйных выдавецтвах. Пісала ў розных жанрах, прапаноўвала фэнтэзі і містыку, атрымлівала адмовы. У 2010 годзе вырашыла паспрабаваць сябе ў жанры дэтэктыва, і праз некалькі месяцаў маю кнігу прынялі да публікацыі ў найбуйнейшым расійскім выдавецтве «Эксмо», яна выйшла ў 2011 годзе. Да мяне ў сям'і ніхто не пісаў. Але мама паглядзела на мае спробы пяра, вырашыла, што талент у дзіцяці не мог узнікнуць сам па сабе, напэўна, павінна быць нейкая падстава, — і пачала пісаць сама. Сёння яна — сцэнарыст і пісьменнік (член Саюза пісьменнікаў Беларусі) Ганна Альхоўская.

— Вы скончылі Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Ці атрымліваецца сумяшчаць прафесію з творчасцю, альбо давялося рабіць выбар?

— Не, сумяшчаць не атрымліваецца. Я паспела папрацаваць перакладчыкам, паспрабавала сябе і ў журналістыцы, але паўтара года таму зразумела, што трэба выбіраць: ці адно, ці другое: альбо стабільную работу, альбо літаратуру. Тады я канчаткова сышла з офіса, хоць было жудасна страшна і рызыкоўна. Але менавіта гэта дазволіла зрабіць тое, чаму многія дзівяцца: напісаць за год даволі шмат п'ес і кніг.

Вераніка Мацукевіч

Крыніца: Звязда

Прочитано 493 раз