Воскресенье, 20 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Публіцыстыка «Маладосці». Ёсць такая кніга

  • Вторник, 15 сентября 2020 15:40

Новая кніга Элізы Ажэшкі (так пра яе запраста можна сказаць) выйшла ў вядомым праекце «Беларускі кнігазбор».

Насамрэч дзве кнігі ў адной. Склалі яе творы, якія не толькі забяспечылі пісьменніцы найбольшую славу, але і маюць аб’яднаўчы матыў — паўстання 1863 года. У рамане «Над Нёманам» ён няясны, нібы за смугой, за туманам наднёманскім, за падзёнкавым снегападам, што мітусіцца над воднай гладдзю, за пылам, што ўздымаецца над дарогай, калі па ёй едзе воз Яна Багатыровіча, нагружаны дзяўчатамі, якіх ён «па дарозе назбіраў, як пазёмак». А пры гэтым кожны ключавы герой мае такія лёс, характар і жыццёвыя акалічнасці, якіх не меў бы, калі б не тыя падзеі.

Акрамя паўстанцкіх матываў, гучыць у рамане мноства іншых — ад рамансаў і элегій пра каханне, падзеленае і непадзеленае, да эцюдаў, прысвечаных прыродзе, кантаты шляхецкіх пасядзелак і санаты засцянковага побыту. Нездарма, калі ўсё пачыналася і раман «Над Нёманам» толькі рыхтаваўся да друку, сябра аўтаркі Леапольд Меет пісаў пра яго так маляўніча дасціпна: «Бачыў днямі Каратынскага. Сядзеў «над Нёманам» (найноўшай аповесцю п. Ажэшкавай). У руцэ трымаў вялікі чырвоны карэктарскі аловак. Намерваўся тут, «над Нёманам», знішчыць мноства велічных дубоў гэтай ваколіцы. Але такое захапленне апанавала яго «над Нёманам» (найноўшай аповесцю п. Ажэшкавай), што аловак, той самы, вялікі і чырвоны, выпаў з яго рукі, зламаўся і зрабіўся няздатным ні да якіх ваяўнічых спраў «над Нёманам». Пра гэта мне прыемна паведаміць аўтарцы гэтай аповесці, якую «над Нёманам» «адшукаць не будзе складана».

Як апавядальніца навел «Gloria Victis» (яны склалі другую палову кнігі) Эліза Ажэшка сцвярджае, што не мае магчымасці апісваць бітвы, але не таму, што не была іх сведкай, а таму, што для іх апісання патрэбна, маўляў, іншая рука — не такая, як у яе, што ад яе рукі «нельга вымагаць чырвонай фарбы». Але і без гэтай фарбы, і не маючы такой рукі, яна апісала сыход бітвы так, як не здолеў бы пра яго распавесці відавочца.

Сіла публіцыста — ва ўменні карыстацца інструментамі публіцыстыкі. Імі ж з’яўляюцца не факты і падрабязнасці, а эмоцыі, выказаныя праз аўтарскае Я з дапамогай экспрэсіўнай лексікі, і разважанні, у якіх, па словах аднаго старажытнага настаўніка красамоўства, «верагоднае важней, чым сапраўднае». Эліза Ажэшка, якая ад самага пачатку творчасці практыкавала сябе не толькі як празаік, але і як публіцыст, дасягнула і ў гэтай справе майстэрства. Навелы цыкла «Gloria Victis» — прыгожы сплаў дакументальнага і мастацкага. Пераклаў усе творы кнігі на беларускую мову Анатоль Бутэвіч.


Дарэчы…
Выбар імён і прозвішчаў для герояў рамана «Над Нёманам» — асобная тэма. Да прыкладу, Эмілія ў першых накідах была Лаурай (але пусці Лауру ў такі твор — гарантавана «сялянка», чаго Ажэшка вельмі баялася), Тэафіл Ружыц у чарнавіках фігураваў як Тэафіл Росць, Карчыньскія спачатку былі Карчыцкімі, сын Бенедыкта Вітольд называўся Алесем, Ян Багатыровіч — Адамам, яго бацька Ежы — Уладзіславам.


 Крыніца: Маладосць

 

***

Дарэчы. 

Шаноўныя прыхільнікі (цяперашнія і будучыя) часопіса «Маладосць»! Дарагія нашы пастаянныя і перыядычныя аўтары, паважаныя чытачы, адказныя бібліятэкары, сапраўдныя прафесіяналы-настаўнікі (і выкладчыкі), любімыя студэнты! Шаноўныя нашы ўсе!

Паведамляем Вам, што ідзе падпіска на 4 квартал і што застаецца толькі 10 дзён (да 25-га верасня), каб падпісацца на наш часопіс і атрымаць яго ў сваю паштовую скрыню ў кастрычніку, лістападзе і снежні. Мы запэўніваем, што вам будзе што прачытаць, будзе пра што пагаварыць пасля прачытання, будзе пра што, дзякуючы прачытанню, падумаць у апошнія месяцы і тыдні гэтага ва ўсіх сэнсах незвычайнага 2020-га года.

Ствараючы «Маладосць» кожны дзень, мы вельмі верым у тое, што яе радкі, старонкі, творы, яе словы — важныя для чытача, патрэбныя беларусам. «М»ы робім усё для таго, каб не расчароўваць вас. І просім вас не расчароўваць нас у нашых стараннях. Можна шмат добрых слоў гаварыць на адрас «Маладосці» (і дзякуем, што яны прамаўляюцца), але гэтыя словы стануць шматкроць болей важкімі, калі падмацуюцца канкрэтным дзеяннем: падтрымкай у выглядзе падпіскі.

Ёсць шмат спосабаў зрабіць гэта, нават не выходзячы з дому. Пра ўсе – тут:

http://zviazda.by/be/subscription

Будзе«М» удзячныя ўсім, хто падпішацца сам і загітуе іншых.

Застаё«М»ся вернымі ўсяму, што сапраўднае!

Застаё«М»ся вернымі ва«М»!

Прочитано 312 раз