Суббота, 17 04 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пухавіцкі літаратурны край: падарожжа па пісьменніцкіх адрасах. У Свіслачы і Дружным

«Першы ганарар ад Якуба Коласа…»: Гарадскі пасёлак Свіслач

Вяртаемся ўзбоч Дукоры, якую мы ўжо дастаткова абследавалі, вывучылі, па якой нямала выхадзілі, да паварота на Свіслач. Гарадскі пасёлак – за лічаныя кіламетры ад шашы. Мы ж едзем зараз, атрымліваецца, з Мінска на Бабруйск, Гомель, а каб патрапіць у гарадскі пасёлак Свіслач, трэба павярнуць направа.

Адзін з жыхароў гарадскога пасёлка, колішні дырэктар мясцовага завода «Горны воск» Віктар Юльянавіч Ячнік, чалавек, які цікавіцца гісторыяй, расказваў мне пра наведванне паселішча Якубам Коласам, паказваў старую бярозу каля свайго дома, пасаджаную самім паэтам… Але ж мне хацелася мець пэўныя дакументальныя падцвярджэнні, што гэта было сапраўды так. І вось у друку з’яўляецца ўспамін Анатоля Сыса (не блытайце з імем вядомага паэта. Проста чалавек мае аднолькавыя прозвішча і імя з аўтарам славутых вершаваных зборнікаў «Пан Лес» і «Агмень») «Першы ганарар ад Якуба Коласа», дзе і былі прыведзены ўдакладненні пачутай ад Віктара Юльянавіча гісторыі: «Вайна жорстка паступіла з маімі родзічамі. Адзінаццаць з іх былі спалены ў Асвенцыме, ‒ піша Анатоль Сыс. – Сярод іх і родная сястра майго бацькі. Яна ж – мама вядомага пісьменніка і паэта Беларусі – Пятра Усцінавіча Броўкі. Гэта мой дваюрадны брат. Пасля вайны мы сталі жыць у пасёлку, які сёння называецца Свіслач. Мясціны тут былі вельмі прыгожыя, і да нас часта, асабліва летам, прыязджалі Пятрусь Броўка разам з таварышамі з Саюза пісьменнікаў: Аркадзем Куляшовым, Пятром Глебкам. Былі і пісьменнікі з Масквы. Але мне асабліва запомніліся прыезды Якуба Коласа. Ён любіў адпачываць на злучыне Свіслачы, дзе раслі невялікія бярозкі і адзін дубок. Нечым я прыглянуўся пісьменніку, ён называў мяне Шчаўлікам і браў з сабою на рыбалку. Ён быў вельмі добрым чалавекам і з велізарнай павагай ставіўся да ўсіх, хто быў побач, ці то да дарослых ці то да дзяцей. У чарговы яго прыезд мы пайшлі на любімае месца, але аказалася, што дубок і бярозкі ссеклі на дровы нашы суседзі. Колас быў вельмі расстроены. І калі даведаўся, што дрэвы ссеклі нашы суседзі, даў маёй маці грошы, каб яна занесла гэтым людзям і яны купілі сабе дроў, а не рэзалі маладыя дрэвы. А пасля сказаў маёй маці і мне: «Бярыце рыдлёўку і пайшлі ў лес». У лесе мы знайшлі прыгожую бярозу. Колас выкапаў яе і прынёс да хаты, дзе мы жылі. Мне сказаў: «Капай ямку, зямля тут якраз пад тваю сілу», а маму папрасіў зрабіць сумесь з глінай і гноем. І мы каля ганку пасадзілі гэту бярозу. Пасля ён даў мне 9 рублёў «на цукеркі» за працу». І я на гэтыя грошы купіў 300 грам падушачак з павідлам. Гэта былі першыя ў жыцці грошы, заробленыя мною.

Пасля мы пераехалі ў іншае месца. Жыццё закруціла, і я забыўся пра сваю бярозку. Але ў 1969 годзе памёр бацька. Мама прама з могілак прапанавала: «Давай заедзем да тае бярозы, якую пасадзілі ўтрох з Коласам». Заехалі, і – о цуд! – на месцы пасёлка ў 8 хат ужо стаіць гарадок. І каля нашай хаты – некранутая наша бярозка. Пачынаючы з 1969 года, я штогод, калі на Радаўніцу прыязджаў на магілу бацькі, заязджаў да сваёй бярозкі. Часта прывозіў сюды і сваю маму. І мне пасля гэтага неяк на душы станавілася лягчэй. У гэтым доме пасяліліся душэўныя людзі. Я прасіў іх не спілоўваць дрэва. І хаця яно мяшала, бо стаяла якраз каля ўваходу, яны яго не чапалі. І ўсе гэтыя гады я туды ездзіў. Але некалькі гадоў назад пад’ехаў да хаты – няма маёй прыгажуні. І як быццам жыццё спынілася. З тае пары я там не бываю».

(«Аргументы и факты в Беларуси», 2007, 17-23 студзеня).

Віктар Юльянавіч Ячнік, які і жыў у гэтай хаце і зараз тут жыве, спрабаваў выратаваць бярозу ад старасці, але дзерава паціху сохла, было гатова вось-вось паваліцца. Таму і спілавалі бярозу Коласа…

Сустрэчы з сучаснай літаратурай: Дружны

У Дружным, літаральна за некалькі кіламетраў ад Свіслачы (не трэба і выязджаць на шашу, а варта толькі праехаць далей у бок Рудзенска) знаходзіцца ці не самая буйнейшая школа раёна. І гэта, хаця паселішча дастаткова маладое, таксама накладвае сваю пячатку на літаратурна-краязнаўчую прастору Дружнага і паселішча. Частыя госці ў школе - беларускія пісьменнікі. Пра адну з такіх сустрэч, якая адбылася ў 2008 годзе, і расказала пухавіцкая раённая газета ў заметцы вучаніцы Іны Панчкоўскай «Сустрэча з паэзіяй». «У нашай школе нярэдка праходзяць сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі. Вось і нядаўна ў нас пабывала вядомая беларуская паэтэса Людміла Рублеўская.

Людміла Іванаўна лёгка знаходзіць агульную мову з сучаснай моладдзю, супрацоўнічае з ёй. На працягу 7 гадоў з’яўляецца кіраўніком суполкі літаратурнай моладзі.

У словах паэткі адчуваўся вялікі патрыятызм, шчырая любоў да роднага краю, павага да гістарычнага мінулага. Людміла Рублеўская чытала свае вершы, расказала шмат цікавага.

Сустрэча з паэткай цягнулася каля гадзіны, але час прайшоў вельмі хутка. Гэта гадзіна стала сапраўдным урокам патрыятызму, прымусіла задумацца над шматлікімі пытаннямі нашага жыцця».

(«Пухавіцкія навіны», 2008, 15 кастрычніка).

…Жыццё працягваецца. І яго ход нараджае новыя старонкі літаратурных і мастацкіх сустрэч на Пухавіцкай зямлі. У тым ліку – і ў Свіслачы, і ў Дружным і блізкіх да іх ваколіцах.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 144 раз