Среда, 30 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Блог Алеся Карлюкевіча. Саамская перакладчыца Францыска Скарыны

  • Понедельник, 06 апреля 2020 20:28

Аляксандра Антонава, якая нарадзілася ў 1932 годзе ў Лавозеры Мурманскай вобласці (Расія), з’яўляецца перакладчыцай урыўка з прадмовы Францішка Скарыны да кнігі “Юдзіф” на саамскую мову. Чатыры разы гэты пераклад змяшчаўся ў зборніку “Францыск Скарына на мовах народаў свету” (2015, 2016, 2018, 2019 гады).

Кароткі артыкул пра гэтую саамскую пісьменніцу, перакладчыцу, педагога ўвайшоў у беларускую энцыклапедыю “Францыск Скарына”. Але ж хацелася б расказаць пра гэтую асветніцу, ужо і блізкую да беларускай тэмы, болей падрабязна.

Спадарыня Аляксандра закончыла ў 1956 годзе Ленінградскі інстытут народаў Поўначы. З таго часу выкладала рускую мову і літаратуру ў Лавозеры. У 1976 годзе распачала працу над удасканальваннем саамскага алфавіта. Дадала восем літар, якія характэрныя толькі для саамскай мовы. З таго часу пачала выкладаць родную саамскую мову ў пачатковых класах школы-інтэрната. У 1982 годзе выдала буквар на саамскай мове. У 1985 годзе выдала “Слоўнік саамскай мовы”, у якім сабрала 8 тысяч слоў. Для параўнання: у якуцкім слоўніку – 80 тысяч слоў. У чувашскім – крыху болей 50 тысяч.

З 1993 года Аляксандра Антонава працавала рэдактарам перадач на саамскай мове на радыё ў Лавозеры. Выдала некалькі зборнікаў вершаў. У 2004 – “Боль сэрца” і “Сям’я” (абодва на саамскай мове). У 2007 годзе на рускай мове – “Струны сэрца”. У 2012 годзе пісьменніцу і мовазнаўцу адзначылі Прэміяй “Залатая мова” – за працу па захаванні і падтрымцы саамскай мовы.

Дарэчы, Аляксандра Антонава ўсямерна аддавала сілы практычнай дзейнасці па арганізацыі саамскага нацыянальнага жыцця. Ініцыявала адраджэнне Саамскіх гульняў. Упершыню такое свята прайшло ў 1986 годзе. Праграма была складзена асабіста пісьменніцай. З таго часу Саамскія нацыянальныя гульні пачалі праводзіцца рэгулярна – штогод. У Лавозеры – Летнія саамскія гульні. На станцыі Лапарская – Асеннія саамскія гульні.

Запісаныя і пераказаныя А. Антонавай народныя казкі ўвайшлі ў зборнікі “Саамскія казкі” (Мурманск, 1980) і “Легенды і міфы Поўначы” (Масква, 1985). На саамскую мову спадарыня Антонава пераклала і вершы Сяргея Ясеніна. Яны пабачылі свет кнігай з тэкстамі на рускай і кільдзінскай саамскай мовах. Таксама А. Антонавай належыць пераклад аповесцяў Астрыд Ліндгрэн. Між іншым, наклад кнігі склаў 1000 экзэмпляраў. Некаторая частка тыражу была перададзена саамам Нарвегіі і Фінляндыі. 

Памерла Аляксандра Антонава пасля працяглай хваробы 8 кастрычніка 2014 года.

Нагадаем, што з Беларуссю саамаў звязваюць яшчэ некалькі цікавых фактаў. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін – перакладчык некалькіх вершаў саамскай паэтэсы Акцябрыны Воранавай (1934 – 1990) на беларускую мову. Дарэчы, паэтэса з’яўляецца аўтарам першай вершаванай кнігі на саамскай мове. Праўда, кніга ўжо выйшла пасля смерці Акцябрыны Воранавай – у 1991 годзе. Цікавым падаецца і такі факт: сярод даследчыкаў жыцця саамаў (праўда, тых, якія жылі ў Нарвегіі і Фінляндыі) – ураджэнец Беларусі Сяргей Сергель (нарадзіўся ў клецкай Сіняўцы). Сабраныя ім у 1907 годзе этнаграфічныя калекцыі ў многім унікальныя і да сённяшніх дзён.

Так што, сцяжынка повязяў беларускай і саамскай культур, пракладзеная Аляксандрай Антонавай, не адзіная.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 337 раз