Суббота, 17 04 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сувязны гісторыі: літаратурны крытык і гістарычны пісьменнік Алесь Марціновіч  

Біяграфія Алеся Марціновіча – амаль што ўся ў «лімаўскім» фармаце. Прыйшоў на працу ў газету ў 1972-м, адпрацаваў амаль трыццаць гадоў. А з 2007 года – у часопісах выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»: намеснікам галоўнага рэдактара ў «Маладосці» і «Нёмане». Цяпер – рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя».

І кнігі яго многія таксама выйшлі ў выдавецтве «ЛіМ» – у прыватнасці, «Исповедь старых замков» і «Рагнеда і рагнедзічы»… Але ж і ў газету «ЛіМ» Алесь Марціновіч прыйшоў ужо спрактыкаваным журналістам, пасля працы ў «раёнках» Берасцейшчыны і Міншчыны, ды службы камандзірам мотастралковага ўзвода ў Забайкальскай ваеннай акрузе. Відаць, гэта ў значнай ступені і паўплывала на энергічнае стаўленне да новай працы, дапамагло вызначыць галоўнае ў літаратурнай творчасці. А пасля, у 1999 – 2007 гады, дапамагло і ў публіцыстычнай рабоце ў грамадска-палітычным часопісе «Беларуская думка». Дарэчы, з таго часу, з працы ў раённым друку, сфарміравалася ў журналіста і пісьменніка цікавасць да краязнаўства. У некаторай ступені працу ў гэтым накірунку падсумоўвае своеасаблівая трылогія ў серыі «Падарожжа па родным краі», у якой выдавецтва «Беларусь» выдала тры кнігі Алеся Андрэевіча – пра Драгічын і ваколіцы, пра Капыльскі край, пра Слуцк і яго ўраджэнцаў.

Так, сёння Алесь Марціновіч радзей выступае як літаратурны крытык. А быў час, калі, здавалася, ім прачытваецца літаральна ўсё з сучаснай беларускай літаратуры. Бягучая літаратурная крытыка, рэцэнзія, творчы партрэт, артыкул, інтэрв’ю з пісьменнікам, пераклад на беларускую з іншых моў найболей цікавых публікацый пра нашу літаратуру, інфармаванне шырокага чытача пра літаратурнае жыццё – усё гэта складвала кола зацікаўленняў, кола шчыравання Алеся Андрэевіча на старонах газеты «Літаратура і мастацтва», іншых газет і часопісаў. З сярэдзіны 1980-х пачалі з’яўляцца і кнігі – «Мастацкі летапіс сучаснасці», «Сказаць сваё слова», «Далучанасць», «Пад небам вечнасці». Але ўжо гэтыя і наступныя зборнікі паказалі, што ў беларускай літаратуры працуе не проста крытык, а актыўны, удумлівы папулярызатар здабыткаў прыгожага пісьменства, аўтар, які імкнецца быць апавядальнікам не толькі пра творы, але і пра пісьменніцкія лёсы. Літаратурна-крытычныя памкненні Алеся Марціновіча заўважылі, падтрымалі добрым словам Кастусь Кірэенка, Іван Шамякін, Іван Чыгрынаў… Крытык і зараз звяртаецца да іх творчасці, нагадвае сучасніку пра здабыткі, пра якія не варта забывацца і якія з’яўляюцца залатым фондам беларускай літаратуры.

Мне асабіста вельмі сімпатычнай падаецца кніга Алеся Марціновіча «Дарога ў запаветнае». Для выдавецтва «Юнацтва» (шкада, што яго зараз ужо няма!) з разлікам на чытача школьнага ўзросту былі сабраны нарысы, артыкулы пра пісьменнікаў, якія працуюць у дзіцячай літаратуры. Якраз такіх выданняў заўсёды бракавала. Не стае іх і зараз. А між тым, ужо відавочна, што паратунак у захаванні ўвагі да папяровай кнігі, увогуле чытання знаходзіцца ў прамой залежнасці ад дзіцячай зацікаўленасці кнігай.

Былі яшчэ і іншыя літаратурна-крытычныя зборнікі – «Сувязь», «Шляхам праўды», «Дзе ж ты, храм праўды?». У іх знайшлося шмат месца даследванням А. Марціновіча пра зробленае пісьменнікамі 1920-1930-х гадоў, тымі, чый талент, магчыма, напоўніцу і не развіўся з-за сталінскіх рэпрэсій. Спрабаваў свае сілы літаратурны крытык і ў дзіцячай літаратуры. Лічу, што і зараз можна перавыдаваць яго кнігу (напісана сумесна з Таццянай Мушынскай) «Віця Неслух у краіне мурашоў». Казкі і апавяданні, сабраныя ў гэтым зборніку, досыць дынамічныя, вартыя нават анімацыйнга ўвасаблення.

Ды ў большай ступені – асабліва сведчаць пра гэта набыткі апошніх гадоў – Алесь Марціновіч выявіў сябе як гістарычны пісьменнік, аўтар нарысаў, эсэ пра знакамітых персанажаў айчыннай гісторыі. Пра тых, хто, будучы ўраджэнцам Беларусі, праявіў сябе ў іншых краінах свету. І таксама – пра тыя славутасці, што нешта вартае, годнае памяці нашчадкаў, здзейснілі ў межах нашай Айчыны. Ужо першая кніга з гэтай сапраўды гістарычнай бібліятэкі, аўтарам якой з’яўляецца ўсяго адзін пісьменнік, –  «Зерне да зерня» была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Алеся Марціновіча заўважыла, падтрымала выдавецтва «Беларуская навука». «Гісторыя праз лёсы» – так называецца цыкл, грунтоўны творчы праект, у якім пабачылі свет некалькі тамоў нарысаў пісьменніка, прысвечаных гістарычным постацям нашай Айчыны. Шкада, што сучасная крытыка вельмі рэдка згадвае гэтыя здабыткі Алеся Марціновіча. Па кнігах адмысловай аўтарскай серыі можна вывучаць гісторыю Беларусі, ды і суседніх краін, дзе сябе праявілі нашы суайчыннікі, –  таксама.

…Калі даводзіцца выступаць у раённых і сельскіх бібліятэках, школах, то стараешся знайсці колькі хвілін, каб без чыіхсьці каментарыяў прагледзець, што ж ёсць на паліцах, каб зазірнуць у саму кнігу і ўбачыць, наколькі частыя адзнакі пра знаёмства чытача з кнігай. Зборнікі гістарычных нарысаў, эсэ, апавяданняў Алеся Марціновіча чытаюць. Відаць, у Беларусі, як нідзе ў славянскім свеце, адчуваецца смага да гістарычных вышукаў. Таму, пэўна, і нарадзіла наша краіна такога пісьменніка, як Уладзімір Караткевіч. Таму і карыстаюцца пастаяннай увагай творы Леаніда Дайнекі, Кастуся Тарасава, Вітаўта Чаропкі, Уладзіміра Арлова, Людмілы Рублеўскай… Гістарычная дзялянка, на якой праяўляе сваю рупнасць Алесь Марціновіч, яшчэ доўга будзе апрацоўвацца мастакамі слова. І несумненна тое, што ў гэтых клопатах празаікі, паэты будуць перш-наперш звяртаць увагу на асобы, іх ролю ў фарміравані тых ці іншых грамадскіх, сацыяльных, палітычных тэндэнцый. Алесь Андрэевіч вылучыў гэтыя асобы. Святло свайго даследчыцкага ліхтарыка скіраваў увагу на галоўныя персанажы, без якіх нельга уявіць многія стагоддзі ў лёсе Беларусі.

Адкрываеш кнігі «Хто мы, адкуль мы…» , «У часе прасветленыя твары», «Элегіі забытых дарог», «Сполахі далёкіх зарніц», «Маладзік над заснежаным шляхам», «Птушкі з пакінутых гнёздаў», «Свечка на золкім полі» і спасцігаеш новыя імёны альбо знаёмішся з жыццём тых, хто раней быў знаёмы толькі па прозвішчу, па радку-двум з энцыклапедыі ці нейкага даведніка. Расказваючы пра сваіх герояў, Алесь Марціновіч стварае пантэон айчыннай славы, падказвае неабходную для цывілізаванага грамадства работу па ўшанаванню памяці сваіх сыноў і дачок. Даўно заўважана – і рэцэнзентамі, і поста настаўнікамі агульнаадукацыйнай школы: кнігі Алеся Марціновіча – сапраўдныя дапаможнікі ў вывучэнні гісторыі. Здзіўляе, уражвае абсяг таго матэрыялу, што адкрыўся пісьменніку, якім ён авалодаў, перш чым пазнаёміць чытача з дзяржаўнымі дзячамі, ваеначальнікамі, асветнікамі, падарожнікамі, мастакамі, акцёрамі, паэтамі… Нават нейкае шкадаванне ёсць ад таго, што бібліятэка аднаго аўтара не з’явілася раней. Мо тады не былі б такімі сухімі, казённымі многія гісторыка-дакументальныя хронікі «Памяць», прысвечаныя асобным раёнам краіны. Піша ж Алесь Андрэевіч пра ўраджэнцаў розных старонак, і, відавочна, іншыя нарысы маглі б якраз быць уключанымі ў іншыя хронікі.

Яшчэ не сказаў пра адзін клопат гістарычнага пісьменніка, літаратурнага крытыка і дзіцячага празаіка. У выдавецтвах «Юнацтва», «Мастацкая літаратура» і «Беларусь» у 1999 – 2008 гг. пабачылі свет кнігі А. Марціновіча пра Е. Полацкую, К. Тураўскага, С. Полацкага, А. Гурку. Ізноў пісьменнік паказаў прыклад таго, як, з якой праніклівасцю, наколькі эмацыйна, трэба расказваць дзецям пра славутых землякоў. Дарэчы, для юнага чытача напісана Алесем Марціновічам і кніга пра Максіма Багдановіча.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 149 раз