Воскресенье, 29 11 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Той, хто ў сэрцы...

  • Понедельник, 16 ноября 2020 22:03

У памяці беражліва захоўваю вобраз мудрага земляка Андрэя Ягоравіча Макаёнка. У душы ёсць цёплае месцейка для настаўніка-пісьменніка Макаёнка. У спісе сяброў сэрца ёсць яго імя. Прызнаюся, гэты «сардэчны» спіс складаю для сябе даўно. Заношу ў яго людзей не проста мне вядомых і паважаных, не тых, з кім бываў у застоллях, у камандзіроўках, на творчых вечарынках, не тых, з кім абменьваліся аўтографамі на кнігах, і нават не тых, хто хваліў мяне, паважліва здароўкаўся, прыязна ставіўся да майго творчага слова. Своеасаблівай кардыяграмай запісваю ў раздзел «Яны ў маім сэрцы» людзей, якія сваім зямным жыццём, творчасцю, інтэлігентнасцю, сціплай сумленнасцю і любоўю да сваёй зямелькі давалі мне ўрокі жыцця.

З такімі людзьмі неабавязкова бачыцца, гаманіць, сядзець побач. Даволі таго, што ты з імі знаешся, жывеш у адным часе, дыхаеш адным паветрам. Яны — твая вышыня, узор чалавечнасці, прыклад паводзін. Такімі былі і застаюцца для мяне Максім Танк, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў, Васіль Вітка, тры Іваны — Навуменка, Чыгрынаў, Пташнікаў, два Анатолі — Кудравец, Грачанікаў...

І, безумоўна, праз гады праношу, дужа светла і беражліва, вобраз незабыўнага Андрэя Ягоравіча Макаёнка. Яго можна ацаніць адным словам — жыццялюб. Кожным разам, калі згадваю яго, бачу перад сабой чалавека энергічнага, прывабнага, у адвечна бадзёрым настроі, з добрай усмешкай, іскрыстымі вачыма. Адкуль жа ён чэрпаў магутную энергію, што падсілкоўвала любоў да жыцця? Я ж ведаў: крывавымі дарогамі прайшоў Андрэй Ягоравіч па гадах вайны, не курортнымі былі шпітальныя месяцы пасля ранення, не малінай сталася пасляваенная праца з вучнямі, моладдзю, не лёгкім шпацырам па буднях была праца ў часопісах «Вожык» і «Нёман». А напісанне п’ес — гэта ж бяссонне, калі ў муках творчасці пераціраюцца ў муку нервы, мазгі, супакой, час. Пот драматурга гледачам і чытачам невядомы.

Схадзіць у тэатр на Макаёнка лічылася і прэстыжным, і ганаровым, і дужа павучальным. Садзішся ў мяккае крэсла і вачыма драматурга пазіраеш на жыццё, якое вакол цябе, а ты яго, аказваецца, і не зусім бачыш, разумееш. Пісьменнік і час Глядзі, і да цябе дойдзе, глыбока кране твае пачуцці і «Зацюканы апостал», і «Трыбунал», і «Святая прастата». А ўзяўшы «Таблетку пад язык», табе абавязкова захочацца даведацца пра «Лявоніху на арбіце», «Кашмар», «Верачку», «Пагарэльцаў»...

Цяпер, калі бачу Макаёнка здаля гадоў, калі самому ўжо начэкала шмат шаноўных юбілеяў, глыбока разумею адвечны аптымізм і весялосць Андрэя Ягоравіча. Ён, відаць, вельмі рана ўсвядоміў, да яго чуллівай душы дайшла мудрасць яго бацькоў, аднавяскоўцаў Борхава: цані кожны дзень зямнога гасцявання, разгарні крылы сваіх генных здольнасцей, знайдзі сябе сярод людзей, і ты станеш чалавекам. А калі адчуеш сябе адказным за Айчыну, то і яна абавязкова прызнае цябе сваім Сынам. Гэта ўсё шчасліва адбылося з народным пісьменнікам Беларусі Андрэем Ягоравічам Макаёнкам.

Мне пашчасціла ведаць яго зблізку, бачыць яго, слухаць, бываць разам на творчых вечарах, на спектаклях. Меў гонар некалькі разоў бываць у яго на дачы, у акружэнні слынных асоб. Аднойчы наведаў яго дачу, неўзабаве пасля пажару на ёй. І быў страшэнна здзіўлены, што нават у тыя смутныя дні трагедыі драматург заставаўся вясёлы і бадзёры. Нам з Шамякіным даводзіў сваё жыццялюбнае крэда: «Абы мы былі жывыя!.. Усё страчанае набудзем!..»

Быў сведкам, як Андрэй Ягоравіч сустракаўся з артыстамі Купалаўскага тэатра. Здаецца, ён служыў ім не толькі як пісьменнік, драматург, бацька п’есы, а бяры вышэй — як рэжысёр, пастаноўшчык, мастацкі кіраўнік, а то і прафесійны артыст. Дужа лоўка чытаў сваё, напісанае чулым сэрцам, вострым розумам. Кожнае слова як бы даставаў не з рукапісу, а з душы, з таямніцы сваіх думак, з глыбіні памяці. Артысты любілі яго за гэта. А яшчэ, здаецца, за яго бязмежную шчодрасць. Гатоў быў аддаць на пачастунак апошні свой рубель.

Калі я пісаў дакументальную аповесць «Нарачанская Чайка» пра народную артыстку Беларусі Марыю Захарэвіч, то яна згадвала багата драматургаў, якія паўплывалі на яе ўзвышэнне на сцэне. З асаблівай прыязнасцю гаварыла пра Андрэя Макаёнка:

— У яго п’есе «Пагарэльцы» я мела нібыта пабочную ролю пажылой душэўнай жанчыны Наталлі Мікалаеўны. Але яе словамі адкрываўся і закрываўся спектакль. І ў гэтым знакавасць ролі. Яна спачатку п’есы агучвае нібыта простыя словы: «Рая! Ну што ты? Нельга ж так! Супакойся...» Але якраз такой прачуласці і разумення не хапае ўсім нам. Андрэй Ягоравіч на рэпетыцыях сам прамаўляў гэтыя словы, паказваў, як іх трэба агучваць душэўна. І ў яго гэта атрымлівалася дужа вобразна!.. А ў эпілогу зноў я на сцэне ў вобразе Наталлі Мікалаеўны і агучваю запавет свайго мужа для сябе, для ўсіх сквапных, хцівых чыноўнікаў, для ўсіх гледачоў тэатра: «Што ты зрабіў сёння? Дрэва пасадзіў? Проса пасеяў? Прыласкаў каго? Пасаду даў — уладу над людзьмі ўручыў? Каму? Дастойнаму? Справядліва? Чым гэта павернецца для цябе, для людзей заўтра? Праз год? Праз дзесяць гадоў? А праз дваццаць? Успомніць пра гэта не сорамна будзе табе? Перад сабой? Перад сынам? І перад унукамі...» Гэтыя словы гераіні, вучыў Андрэй Ягоравіч, трэба прамаўляць выразна, як на высокім судзе Сумлення. У гэтых словах-запаветах — апошні шанц любога зямляніна застацца Чалавекам...

Марыя Захарэвіч дужа душэўна, з вялікай павагай згадвала класіка беларускай драматургіі Андрэя Макаёнка. Думаю, з такой душэўнай цеплынёй ставіўся да яго багата хто з творчай эліты, ды не толькі ў Беларусі, а ва ўсім тагачасным Савецкім Саюзе.

Была эпоха Макаёнка, гэта трэба прызнаць. Мы, беларусы, ганарыліся, што п’есы нашага таленавітага драматурга ставілі больш чым дзвесце тэатраў на вялікай зямной прасторы. І горка ўсведамляць, што сучасныя тэатральныя рэжысёры нібы забыліся пра творчы ўнёсак Макаёнка, а створанае ім, лічу, сёння не менш актуальна. Напісанае застаецца, гэта ўжо наша гісторыя. А гісторыю перарабляць, перапісваць рызыкоўна. Яна такая, якой была, якой бачыў і ўспрымаў яе народны пісьменнік Макаёнак. А гісторыя, трэба прызнаць, — заўсёды жывы ўрок для новых пакаленняў.

Хочацца згадаць з досведу маёй працы на пасадзе адказнага сакратара пісьменніцкай суполкі пра сяброўства двух народных пісьменнікаў — Шамякіна і Макаёнка. Іван Пятровіч быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў, а Андрэй Ягоравіч — галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». Яны амаль штодня сустракаліся. Звычайна ў кабінет да Шамякіна заходзіў Макаёнак. Як жа я любіў уваходзіць у гэты час да свайго шэфа Івана Пятровіча! Ён дазваляў гэта рабіць без стуку-груку, без папярэдняй дамоўленасці, бо заўсёды паўтараў: «Справы дзелавыя — наш найпершы клопат!..» А мне сапраўды часта патрэбны быў кіраўнік, ці то паперы падпісаць, ці параіцца, ці дакласці пра выкананне даручэнняў, ці перадаць пра нечыя званкі, просьбы.

Вось аднойчы заходжу з паперамі. Сябры паважліва кіўнулі мне, маўляў, пачакай хвілінку. І я стаў сведкам цікавага дыялогу. Іван Пятровіч пытаецца:

— Скажы мне, Андрэй, вось я сёння чытаў раніцай Дзюму-бацьку. Зайздрошчу пладавітасці гэтага таленту. Колькі раманаў напісаў! А колькі ў яго баб было! Як яму так лоўка ўдавалася жыць і тварыць?..

Макаёнак шчыра ўсміхаецца і кажа:

— Ваня, хіба ж Дзюма столькі сядзеў у прэзідыумах, як ты!..

Смехам напаўняецца кабінет Івана Пятровіча. Як жа ім, Шамякіну і Макаёнку, хораша ад сустрэчы, ад гамонкі! Саюз пісьменнікаў тады быў агульным маёнткам сапраўдных творцаў, дзе хацелася бываць, куды самі ногі ішлі.

Не забудуся, праношу па жыцці мудры аповед Андрэя Ягоравіча пра рабую свінню. Ён любіў яго даводзіць у розных аўдыторыях. Было гэта ў яго маленстве. Сеў ён першы раз верхам на каня ды адразу і заганарыўся. Яго равеснікі ўнізе, маленькімі сталі. А ён — на кані, на вышыні. І толькі ехаць, як з падваротні выскачыла рабая свіння. Конь спудзіўся, стаў на дыбкі. А малы Андрэйка зваліўся з каня.

— Дык вось што, хлопцы, ніколі не ўздумайце ганарыцца, што вы — на вышыні, некага ці нешта асядлалі. Рабая свіння з падваротні можа выскачыць у любы момант...

Як жа нам цяпер не хапае такіх мудрацоў, як Макаёнак, Шамякін, Танк! З кім параіцца, да каго прыгарнуцца? Хто пачытае напісанае, хто скажа праўду пра твой твор? Спусціцеся з нябёсаў, шаноўны, дарагі Андрэй Ягоравіч Макаёнак, Вас чакаюць хвалюючыя, цікавыя тэмы для драм, трагедый і камедый.

Уладзімір Ліпскі

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 247 раз