Пятница, 23 10 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Выстава мастака Георгія Скрыпнічэнкі адкрылася ў замкавым комплексе «Мір»

  • Четверг, 01 октября 2020 23:12

Жывапісец, графік Георгій Скрыпнічэнка... Творца без вышэйшай мастацкай адукацыі... Нераскрытая таямніца беларускага выяўленчага мастацтва. У гэтым можна было яшчэ раз пераканацца на адкрыцці яго невялікай выстаўкі ў музеі «Замкавы комплекс “Мір”». Як і ў дачыненні да іншых імпрэз, прэзентацый, выставак, так і тут сваю пячатку скаванасці прасторы наклала эпідэміялагічная сітуацыя, звязаная з COVID19. Экспазіцыя «Сімвалы часу. Боскае і зямное ў творах Георгія Скрыпнічэнкі. Выстаўка жывапісу і графікі» адкрылася з удзелам зусім невялікага складу гасцей і арганізатараў.

Мастак Георгій Скрыпнічэнка.

Мастак Георгій Скрыпнічэнка.

Праўда, усе яны — і музейныя работнікі, і ініцыятары такога вось мастацкага свята ў гонар вялікага мастака сучаснасці — былі салідарныя ў выключнай цікавасці да творчасці Георгія Скрыпнічэнкі. Гэта было відавочным і па выступленнях на ўрачыстым адкрыцці, і па размовах у кулуарах, і па той агульнай атмасферы, што гаспадарыла ў спецыфічнай зале старажытнага палаца. Спецыфічнай па той прычыне, што, на першы погляд, яна, складзеная з двух калідораў, здавалася б, і не для выставак зусім. Але ішлі хвіліны, гадзіны прагляду — і гледачы ды гаспадары музея адкрывалі новага для Мірскага замка мастака натуральна, як быццам яго работы і віселі тут як мінімум некалькі месяцаў ці нават год. Такі настрой мо яшчэ таму выяўляўся, што куратар выстаўкі арт-дырэктар Культурнага праекта Art librum, дасведчаны мастацтвазнаўца Ала Зміёва здолела знайсці аптымальныя суадносіны колькасці работ мастака, здолела выбраць тыя з іх, якія і сваімі памерамі, і мо нават зместам лаканічна ўвайшлі ў гэтыя «калідоры» ці нават проста «калідор»…

Работа Георгія Скрыпнічэнкі «Барбара», 1969—1992 г.

Работа Георгія Скрыпнічэнкі «Барбара», 1969—1992 г.

На адкрыцці выстаўкі дырэктар музея «Замкавы комплекс “Мір”» Аляксандр Лойка заўважыў, што сучаснае выяўленчае мастацтва нечакана ўрываецца ў музейную прастору, у атмасферу, якая так ці іначай носіць, павінна насіць характар далучанасці да старажытнасці, даўняй гісторыі. Але ж, падкрэсліў Аляксандр Часлававіч, выбар настолькі ўдалы, што ўсё дзейства падаецца натуральным. І вось з гэтай нагоды падумалася, што, магчыма, сам мастак, ведаючы Мір і яго ваколіцы ў іншыя дзесяцігоддзі, спраектаваў і сённяшнюю выстаўку, яе фармат, і здолеў закласці пэўны настрой, што аб’яднаў невялікую купку энтузіястаў, зрабіў іх салідарнымі ў спробах прачытаць яго, Георгія Скрыпнічэнкі, мастацкія запаветы менавіта ў гэтым месцы. Чаму б і не?! Гаварыў жа на адкрыцці выстаўкі сын творцы Сяргей Скрыпнічэнка пра даўніх гадоў вандроўкі з бацькам да Міра, які яшчэ і не набліжаўся да рэстаўрацыі.

Работа Георгія Скрыпнічэнкі «Блудны сын», 1969—1992 г.

Работа Георгія Скрыпнічэнкі «Блудны сын», 1969—1992 г.

Традыцыйна жывапісца і графіка, чый шлях у вялікае мастацтва пачаўся са Слуцка, залічваюць у кагорту сюррэалістаў. І абавязковым пры гэтым з’яўляецца згадка пра Сальвадора Далі. Вядомы ў Беларусі дыпламат, амбасадар, у нядаўнім мінулым — міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Мартынаў нагадаў, што пачатак, вытокі беларускай мастацкай з’явы «Георгій Скрыпнічэнка» распачыналіся, закладваліся яшчэ ў тыя часы, калі мала хто ведаў пра Сальвадора Далі, мастакоў яго шэрагу. І ўвогуле «сюррэалістычныя» характарыстыкі ў дачыненні да беларускага мастака — гэта ў нейкай ступені абмежаванні. Насамрэч усё падаецца болей шырокім і шматаблічным. Тады ці трэба вось гэтая зноска (яна ж можа выканаць і функцыю «пячаткі» і надалей!) пра сюррэалізм Скрыпнічэнкі?! Дык што ж падштурхнула Георгія Скрпынічэнку, «мастака Жорыка», на тое, каб празорліва зазірнуць у сёння ці нават хутчэй у заўтра, каб спалучыць уласныя асэнсаванні навакольнага жыцця з філасофскім асэнсаваннем часу і прасторы?! Малюючы Барбару Радзівіл, робячы, здавалася б, бясконцы цыкл, праз варыянты шукаючы найболей выразнае вырашэнне тэмы «выкрадання Еўропы» (работ на гэтую тэму ў мастака некалькі), ён у выніку паўстае перад намі мысляром, здольным разважаць пра сённяшнюю рэчаіснасць. Хаця — і пра гэта асабліва трапна сказаў на адкрыцці выстаўкі Сяргей Мартынаў — час Георгія Скрыпнічэнкі яшчэ не надышоў. Заўтра, праз дзесяцігоддзі, а мо яшчэ і праз больш доўгі прамежак часу, красамоўнасць вялікага таленту праявіцца болей рэльефна. І Сяргей Мартынаў, і мастацтвазнаўца Юрый Абдурахманаў гаварылі на адкрыцці пра скрыпнічэнкаўскі Слуцк, пра гарадок, кажучы колішнім, не такім і даўнім вымярэннем — пра старажытнае мястэчка Слуцк, дзе школьніку, падлетку дапамагаў уваходзіць у новы свет, напоўнены яркімі краскамі, графік і жывапісец Уладзімір Садзін.

Цяжка зараз сказаць, ці была «школа Садзіна» вызначальнай, галоўным кірункам, які нешта зварухнуў у душы і сэрцы зусім маладога чалавека… А дадумваць не хацелася б. Нагадаем хіба, што праз «урокі Садзіна» прайшла не проста купка таленавітых дзяцей, а захапіліся выяўленчым мастацтвам не дзясяткі нават, а сотні творцаў, для якіх жывапіс, графіка, скульптура сталі прафесіяй. Сяргей Мартынаў згадаў такую лічбу: шэсцьсот(!) ці каля гэтага вучняў Садзіна ў розных краінах свету з’яўляюцца членамі прафесійных саюзаў мастакоў. Юрый Абдурахманаў, згадваючы іншых мастакоў — ураджэнцаў Слуцка і вучняў Садзіна (братоў Басалыгаў, Цэслера і шмат яшчэ каго), назваў усіх іх «слуцкімі хлопчыкамі». Што ж, ёсць парыжане, якія ў вялікае мастацтва выйшлі з беларускіх мястэчак на пачатку XX стагоддзя… Пэўна ж, варта і іншыя з’явы, якія не за адзін год акрэсліліся, ахарактарызаваць, аформіць, калі можна так сказаць.

Георгій Скрыпнічэнка (1940—2015), творчасць якога да шырокага кола аматараў выяўленчага мастацтва даходзіць і праз выдадзеныя ўжо два альбомы (адзін — пры спрыянні аднаго з банкаў; другі — альбом графічных работ — дзякуючы падтрымцы, спрыянню Сяргея Мартынава), настойліва грукаецца ў дзверы сучаснасці. Яго міфалагемы з сюррэалістычным прачытаннем беларускага вопыту жыцця, заснаваныя ў значнай ступені і на ўроках рускага сімвалізму, патрабуюць прачытання. Мастак нешта хацеў нам сказаць. Сказаць прама, ясна, зазіраючы ў нашы ўнутраныя перажыванні… Ці пачулі мы яго? Ці паспеем яшчэ пачуць?

Слова мае Сяргей Мартынаў

Слова мае Сяргей Мартынаў

Ужо развітваючыся з музеем «Замкавы комплекс “Мір”», я спытаўся ў дырэктара Аляксандра Лойкі, калі чакаць наступнай сустрэчы з мастацтвам у сценах старажытнага палаца. «Выстаўкі з жывапіснымі, графічнымі работамі, камернай скульптурай, несумненна, будуць праводзіцца і на-далей, — зазначыў Аляксандр Часлававіч. — Хацелася б праз іх паяднаць гісторыю і сучаснасць, наладзіць своеасаблівы дыялог вечнасці і сучаснасці. Музей — не проста “пляцоўка інфармацыйных адкрыццяў пра старажытнасць, мінулае”, а хутчэй — прастора для разваг, для насычэння рознымі думкамі. І, як мне падаецца, у нас удала складваецца супрацоўніцтва з вопытным арганізатарам мастацкіх выставак, імпрэз Алай Зміёвай. Так што чакайце новых сустрэч з сучасным мастацтвам».

Максім ВЕЯНІС

Фота Кастуся ДРОБАВА і Яўгена КОЛЧАВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Крыніца: Звязда

Прочитано 348 раз