Суббота, 17 04 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

…Я буду вяртацца да цябе, Нёман

Кніга беларускага літаратуразнаўцы, краязнаўцы Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча «Водгулле з маёй дарогі. Успаміны» выйшла ў Гродна ў выдавецтве «ЮрСаПрынт», якраз да юбілею аўтара – дзевяноста гадоў!

Звычайна крытыкі пішуць пра творчасць іншых, а тут вучоны-філолаг А. М. Пяткевіч адважыўся расказаць аб сваім часе, літаратурным асяроддзі, якое фарміравала яго на працягу ўсяго прафесійнага жыцця, аб калегах і аб сабе. Цяжкое і нязвыклае рашэнне. На мой погляд, гарадзенскае літаратурнае асяроддзе прывыкла да прысутнасці Аляксея Міхайлавіча ў культурным жыцці, яно абавязковае і такое ж натуральнае, як прыродныя з'явы або змена сезонаў. Немагчыма ўявіць наш сучасны літаратурны ландшафт без узважанай ацэнкі тых жа кніжных навінак мясцовых аўтараў, аўтарытэтных выступленняў майстра на прэзентацыях і іншых культурных пляцоўках горада.

Сталіца заўсёды была цэнтрам літаратурнага працэсу, як і даўніх літаратурных традыцый. А як жа справы ідуць у рэгіёне? І дасведчаныя пісьменнікі, і пачаткоўцы заўсёды маюць патрэбу як у аўтарытэтнай падтрымцы, так і ў добрасумленнай крытыцы.

У Гродна ў пасляваенны час літаратура таксама адраджалася, жыла сваім жыццём, аб'ядноўвала таленты. У археолагаў ёсць такое паняцце – культурны пласт глебы – пласт, які змяшчае сляды дзейнасці чалавека: рэшткі старажытных умацаванняў, жылых і гаспадарчых пабудоў, рамесных майстэрняў, пахаванняў, скарбы і г.д. Узрост кожнага метра –100 гадоў. Аляксей Міхайлавіч сваім талентам і працай не адзін дзясятак гадоў назапашваў такія культурныя пласты, якія фарміравалі асаблівасці гродзенскіх літаратараў і твар нашай мясцовай літаратуры.

За вялікае жыццё ў беларускім прыгожым пісьменстве літаратуразнаўцу, пісьменніку ёсць што распавесці, чым падзяліцца з чытачамі. Кніга «Водгулле з маёй дарогі. Успаміны» атрымалася сумленнай, хочацца спадзявацца, без персанальных крыўдаў. Першая частка «Рухі жыцця» ўключае ў сябе ўспаміны пра сям’ю, бацькоў, дзяцінства, вайну вачыма вясковага хлопчыка, студэнцкія гады ў БДУ, пра калег па ўніверсітэце (педінстытуце) за больш, чым шэсцьдзесят гадоў.

Другая частка кнігі «Асобы» прысвечана блізкім па духу пісьменнікам, сябрам-таварышам – усяго дзевяць нарысаў. Гэта – Зоська Верас, Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Юльян Пшыркоў, Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Фёдар Макаранка, Апанас Цыхун, Рыгор Барадулін.

Колькі ў аўтара захавалася цяпла і ціхай любові да родных месцін, душа яго адгукаецца ўспамінамі аб мінулым часе, блізкіх людзях, родных, сваяках, паэтычна і светла гучаць словы з першых старонак: «Маё мястэчка, бацькі і я» – «Заўсёды, калі кіруюся да роднага парога, калі машына, ідучы са Стоўбцаў, перевальвае цераз чыгуначны пераезд, і вачам адкрываецца шырокая панарама майго мястэчка Новы Свержань, зведваю раптоўны прыліў радаснай узбуджанасці, да якой аднак прымешваецца пачуццё гаркоты і жалю – нібы шкадаванне сябе: як жа доўно ты не быў тут, як ты так мог? Нібы мой гэта голас, а можа мае роднае мясціны. А па сутнасці, мы зліліся тут у нешта адно. Бо гэта мой выток (нар. 30. 03. 1931 г.).

Я еду доўгай цэнтральнай вуліцаю міма лесазавода, мінаю дом доктара Енчыка, які лячыў мяне зусім малога ( у гэтым доме пасля вайны была мая школа-сямігодка), мінаю мураванку мясцовага настаўніка Шчорса, у якога любіў гасцяваць малады Якуб Колас, пераязджаю мосцік цераз Жацераўку і трапляю на местачковую плошчу, што даўно страціла сваё значэнне, бо вуліца, якую выраўнялі, перарэзала яе пасярэдзіне. Еду каля высокай мураванай сцяны касцельнай агароджы, затым паўз каменны двухпавярховы старажытны млын, перароблены нядаўна на кафэ-гатэль. Затым машына рэзка паварочвае ўлева, каля былой кузні старога Нохіма і спускаецца ўніз да рэчкі, плынь якой круціла калісьці вялікае драўлянае кола млына. Вось я і дома. Тут усё ў мяне пачыналася».

Перажытае хлопчыкам падчас вайны адбілася назаўсёды. З часткі «Хлапчукі ваенных гадоў». Наколькі важныя для сучаснага чытача такія асабістыя, шчырыя ўражанні сведкі-падлетка: «Гета з’явілася ў мястэчку даволі хутка. Яно палохала таямнічасцю свайго высокага плоту з двума радамі калючага дроту наверсе... Помню, немец прывёў у наш двор дзяўчыну. Я выбег з хаты і застыў на месцы, не могучы ўжо адарваць ад яе вачэй: дзяўчына была незвычайна прыгожай. Запомнілася яе белая, старанна адпрасаваная блузка, на якой былі прымацаваныя мініяцюрнымі шпількамі спераду і ззаду дзве жоўтыя латы, якія павінны былі насіць яўрэі. Можа дзякуючы гэтым элегантным шпількам, латы не псавалі далікатнага аблічча дзяўчыны. Мама паспела ўжо зрабіць традыцыйны абмен, і дзяўчына трымала ў руках нейкія скрутачкі і торбачку фасолі. Запала ў памяці тая торбачка ў дробную каляровую клетку. Але найбольш тое, што дзяўчына, яшчэ аб нечым размаўляючы з мамай перад адыходам, даставала фасоліны і адну за другой кідала ў рот. «Дзіўная нейкая, – падумаў я, – есць сырую фасолю». Няўцям было тады хлапчуку, што маладая інтэлігентная яўрэйка не магла стрымаць голаду».

Хлопцы збіралі і пасля вайны патроны, колькі было няшчасных выпадкаў, заставаліся параненымі, сляпымі, без канечнасцяў рук і ног. «Пра свае баявыя магчымасці апошні раз мы нагадалі ўзрывам у велікодную ноч 45-га года. Вінтовак у нас ужо не было, але ўзрыўчатку яшчэ захоўвалі. Аднекуль даведаліся, што згодна з паганскімі традыцыямі нашы продкі ноччу на Вялікдзень палілі вогнішчы і стралялі, праганяючы злых духаў… Сваё вогнішча мы размясцілі ў кутку цвінтара свяржэнскай царквы. З таго боку царквы, дзе не было паркана, на агародах паклалі трохкілаграмовую шашку толу, прыладзілі апошні з нашых запасаў кавалак бікфордавага шнура. Па сігналу з цвінтара запалілі і кінулся як мага далей. Выбух быў такой сілы, што людзей літаральна страсянула ўзрыўной хваляй, а ў бліжэйшых хатах вылецелі ў некаторых вокнах шыбы. Пра гэта пасля шмат гаварылі. Казалі, што заведзена крымінальная справа, што нас пачнуць выклікаць на допыты. Але… Усё абышлося».

Лёс захоўваў малога тады яшчэ Аляксея. Ён рана навучыўся чытаць, у 4-5 гадоў ужо мог чытаць на беларускай, рускай і польскай мовах, бо бацька прыносіў польскія дзіцячыя часопісы «Płomyczek», «Mały płomyczek», ведаў на памяць шмат вершаў Я. Коласа і знаёміў з імі дзяцей. Месцы гэтыя звязаны з радзімай знакамітага беларускага песняра, таму з дзяцінства ў хлопчыка захавалася моцная духоўная знітаванасць, яна прарастала праз сям’ю і злучала з паэзіяй вялікага земляка.

У 1946 годзе Аляксей Пяткевіч скончыў сямігодку, потым руская школа ў Стоўбцах: «Дарага да школы туды і назад – 10 км. Правяраў па тэлеграфных слупах», ‒ можа быць, пераадоленне цяжкасцяў заклалася тады, як і моцны характар – з тых юнацкіх гадоў звыклая цягавітасць, лёгкая хада, цярпенне.

У асабістым пантэоне вядомых беларускіх імёнаў ёсць у літаратуразнаўцы адзін сумны нарыс «Падбіты на ўзлёце». Аўтар захаваў памяць пра свайго таленавітага аднакурсніка Фёдара Макаранку (1928-1983), які быў арыштаваны на першым курсе, несправядліва асуджаны на шэсць гадоў зняволення. Ён падаваў надзеі, як малады паэт свайго пакалення, але развіцца далей і адбыцца да сапраўднага паэта яму не давялося. Аляксей Міхайлавіч так мне і сказаў: «А хто пра яго напіша акрамя мяне».

У частцы «Гады мае вучобы» драматычныя і вясёлыя старонкі перамяшаны, чаго толькі ў маладосці ня здараецца, на тое яна і маладосць, каб рабіць памылкі, сталець, набірацца сіл! «Нягледзячы на розныя зігзагі, студэнцкае жыццё ішло сваім ходам. Вучыцца на філфаку было цікава і таму, што скрозь – маладыя пісьменнікі. У адзін час са мной тут жылі Навум Кіслік, Уладзімір Мехаў, Лідзія Арабей, Алег Лойка, Уладзімір Дамашэвіч, Міхась Ярош, Мікола Арочка, Яраслаў Пархута, Ніл Гілевіч, Уладзіслаў Нядзведзкі, Генадзь Кляўко, Іван Чыгрын, Павел Місько, Анатоль Вярцінскі, Вячаслаў Адамчык (выключаны на V курсе за нацыяналізм), Арсень Ліс, Адам Мальдзіс, Валянцін Тарас, Леанід Яўменаў, Давід Сімановіч, Юля Канэ, Уладзімір Жыжэнка, Міхась Мушынскі…».

У кнізе аўтар дазволіў сабе злучыць у адну тканіну тэксту вельмі асабістыя, амаль інтымныя старонкі адкрыццяў: успаміны пра сям’ю, жонку, дачку Марыну, унукаў, праўнукаў – і ўсё, што непарыўна звязана з літаратурай, як часткай яго вялікага жыцця. Атрымалася гарманічна, натуральна і далікатна, таму кніга чытаецца не толькі, як хронікі чыйгосьці асобнага прыватнага жыцця, але і складовай арганічнай часткі беларускага літаратурнага працэсу, бо гэта плыні вялікай ракі яго асабістага лёсу.

Удзячны аўтар успамінае дзясяткі беларускіх пісьменнікаў, з якімі яму пашчасціла ісці па адной дарозе, сярод іх былі не толькі аднадумцы, але і людзі з дыяметральна рознымі поглядамі, А. М. Пяткевіч мудра глядзіць на такія супярэчнасці: «Лічу, што пісьменніка трэба прымаць такім, як ён ёсць. І калі гэта сапраўдны мастак слова, то не мае істотнага значэння, у якім ён Саюзе».

Акрамя самога аўтара, на працягу ўсяго жыцця у кнізе застаецца яшчэ адзін персанаж – гэта рака Нёман – вечны спадарожнік А. М. Пяткевіча. Кніга завяршаецца пяшчотным і мудрым прызнаннем аўтара ў любові да роднага Нёмана, што няспынна працякае праз яго сэрца. «Рэфлексіі. Мой Нёман»: «…Я буду вяртацца да цябе, Нёман. Спачатку пастаю каля сваёй свяржэнскай хаты, каля маленькае свае рэчкі. А затым вулачкаю, якая моцна разбудувалась, выйду на твой бераг і доўга буду глядзець на спакойную плынь вады. Мне падасца, што Нёман нячутна мяне прывітаў».

У межах артыкула немагчыма расказаць усё і пра ўсіх, што напісана на 300 старонках у цікавай, шматтэмнай кнізе. Адзначу яшчэ жывую, сакавітую беларускую мову, па-сапраўднаму матчыну, родную для аўтара, якой так віртуозна ён валодае. Мая задача іншая – абудзіць цікавасць у шырокай аўдыторыі чытача.

Варта згадаць амаль бясконцы спіс імёнаў настаўнікаў, сяброў, калегаў, аднадумцаў, аўтар можа сабе дазволіць назваць многіх на сваім шляху жыцця: «Увогуле ж на маёй доўгай дарозе было шмат людзей, з якімі ішоў поплеч, хоць нярэдка і на адлегласці ў прасторы, чыё пачуццё глыбокай прыязнасці зведаў. Гэтым цешуся і ганаруся. І не магу тут не згадаць іх, у першую чаргу тых, хто ўжо адышоў у лепшы свет. Гэта Генадзь Каханоўскі, Яўген Камароўскі, Барыс Хіневіч, Зоська Верас, Ларыса Геніюш, Алесь Белакоз, Уладзімір Урбановіч, Віктар Каваленка, Мікола Грынчык, Мікола Прашковіч, Арсень Ліс, Ніл Гілевіч, Мікалай Паўленка, Алег Лойка, Міхась Ткачоў, Сакрат Яновіч, Віктар Швед, Рыгор Барадулін, Іван Цішчанка, Мікола Ермаловіч, Аляксей Слесарэнка, Міхась Чарняўскі, Янка Саламевіч, Віталь Скалабан, Мікола Грышан, Аляксандра Бергман, Павел Місько, гродзенцы паводле жыхарства: Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Юрка Голуб, Апанас Цыхун, Аляксандр Шыдлоўскі, Аляксандр Кіркевіч, Ігар Жук, Павел Сцяцко, Яўген Петрашэвіч, Мікола Янкоўскі, Браніслаў Ржэўскі, Сяргей Кліманскі, Уладзімір Нядзелька, Тамаш Тамашэвіч, Аляксандр Талерчык, Сяргей Дрозд. Тыя, што сёння жывуць на адлегласці: Аляксей Каўка, Мікола Нікалаеў, Вольга Іпатава, Леанарда Юргілевіч, Адам Мальдзіс, Вячаслаў Чамярыцкі, Вячаслаў Рагойша, Анатоль Сідарэвіч, Аляксей Рагуля, Сяргей Панізнік, Алесь Карлюкевіч, Вячка Целеш, Святлана Кошур, Сяргей Чыгрын, Алег Латышонак, Яўген Адамовіч, Міхась Вераціла. Урэшце тыя дарагія сябры, каго сёння рады бачыць на гродзенскіх вуліцах, творчых пляцоўках: Альбіна і Генадзь Семенчукі, Ала Петрушкевіч, Андрэй Майсяёнак, Янка Трацяк, Мікола Даніловіч, Ірына Шатыронак, Вітольд Іваноўскі, Людміла Кебіч, Сяргей Зылькоў, Аляксандр Крой, Іван Буднік…».

У літаратуры трэба жыць доўга, каб убачыць плён сваёй працы. Мы ж павінны памятаць і быць вельмі удзячныя Аляксею Міхайлавічу, нашаму сучасніку, а мне яшчэ пашанцавала быць шматгадовай яго суседкай па дому, чалавеку з клапатлівым сэрцам, за яго дзейсную працу на ніве беларускай літаратуры. Напрацаваныя ім культурныя пласты ў галіне гродзенскай культуры, застануцца нам, з намі і наступным удзячным пакаленням.

 

Ірына Шатыронак

Прочитано 355 раз