Воскресенье, 29 11 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Журботна-светлыя песні на ідыш

  • Пятница, 20 ноября 2020 10:25

Іх аўтар, выдатны яўрэйскі паэт-лірык Лейб Найдус (1890—1918), вырас у беларуска-яўрэйска-польскім асяродку — у маёнтку Кусцін на Беласточчыне (непадалёк ад цяперашняй беларуска-польскай мяжы), дзе бацька працаваў арандатарам. І характэрнае для беларускага народнага меласу спалучэнне самотна-элегічнага і мажорнага ладу не магло не паўплываць на мастацкі свет паэта, на танальнасць яго лірыкі. Жыў пераважна ў Гродне, сяды-тады наведваючыся ў Кусцін. І краявіды прынёманскіх мясцін, будні, рытуалы, песні давалі матэрыял і натхненне для творчасці.

Лейб Найдус злева. Фота: grodnonews.by

Лейб Найдус злева. Фота: grodnonews.by

Бацька стараўся вывесці ў людзі, падрыхтаваць да жыцця ўсіх сваіх семярых дзяцей. Дочкам даваў гімназічную адукацыю, сыны павінны былі набыць практычную спецыяльнасць. Маладзейшага Лейба рыхтаваў да гандлёвай прафесіі. Ён скончыў у Гродне пачатковую школу. Далейшая вучоба пайшла скачкамі (у Радаме, Беластоку, Коўне, Вільні): яго то выключалі, то сам пакідаў сцены навучальнай установы. Школьная руціна ніяк не стасавалася са станам юнацкай душы, якую клікалі дзівосныя мары і таямніцы свету.

У 1907 годзе надрукаваў у адной з варшаўскіх газет першы верш. У 1911 годзе канчаткова кінуў вучобу, каб цалкам аддаць сябе літаратуры. Ён шмат піша, друкуецца ў яўрэйскай перыёдыцы Польшчы, Беларусі, Расіі. Вершы ўключаюцца ў яўрэйскія школьныя чытанкі, спеўнікі. Нямала ездзіць, паспяхова выступае ў Вільні, Беластоку, перад рознай местачковай аўдыторыяй.

Фота: Hrodna Life.

Фота: Hrodna Life.

Паэтычнае слова Л. Найдуса вельмі арганічна адгукалася на жыццё роднай прыроды, у якой адкрывалася хараство свету, яго загадкі, рухі закаханага сэрца, вечныя пытанні быцця. Вершы нараджаліся лірычна пранікнёныя, пачуццё ў іх трымаецца на эмацыянальным паўтоне. Мастацкая тэхніка паэта даволі высокая. Характэрная асаблівасць творчасці — захапленне сусветнай лірычнай класікай. Аб гэтым добра сведчаць яго пераклады П. Верлена, Т. Гацье, П. Шэллі, Ш. Бадлера, А. Мюсэ, І. Гётэ, Г. Гейнэ, А. Пушкіна, М. Лермантава. Пры жыцці выдаў два зборнікі вершаў — «Лірыка» (Вільня, 1915) і «Флейта Пана» (Гродна, 1918), а таксама пераклад паэмы А. Пушкіна «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» (Вільня, 1917). Падрыхтаваў да друку рускамоўны альманах «Нёман» (Гродна, 1916). Зборнік паэзіі «Інтымныя спевы» выйшаў у Гродне ў 1919 г.

Памёр Л. Найдус раптоўна, моцна прастудзіўшыся ў халодным вагоне цягніка. Магіла яго ў Гродне не захавалася. Адзіны след у горадзе, дзе, дарэчы, нарадзіўся паэт, — перайменаваная ў яго гонар былая вуліца Пясчаная, тут ён жыў. Архіў паэта, перададзены ў Вільню, страчаны падчас Другой сусветнай вайны. У 1927 г. у Варшаве выдадзены 5-томнік яго твораў.

Аляксей Пяткевіч

 

 

Лейб НАЙДУС

Восень

Восеньскі дожджык стамлёна,

самотна

Б’ецца у вокны без сілы.

Вецер на вуліцы плача галосна,

Носіцца ў змроку магільным.

Ноч анямелая сумным

паглядам

Хоча зірнуць у акно.

Высяцца чорныя цені

над садам

Прывіду шчасця,

што знікла даўно.

Дзе мае мары,

дзівосамі поўныя?

Дзе вы, вясновыя дні?

Зніклі надзеі ў цямрэчы

бяздоннай,

Ўмерлі жывыя агні.

Як жа самотна!

Сяджу ля акна я

З думай, што шчасце

апала лістком.

Вецер начны безнадзейна

рыдае,

Плача з мальбой за акном.

 

Вячорнае сонца

Вячорнае сонца

стамлёна знікала,

Над лугам сувоем

туман уздымаўся,

І песня дзяўчыны ледзь

чутна гучала

Над полем, дзе колас

ад ветру згінаўся.

У вечар, напоўнены водарам траваў,

Плыла адзінота малінавым звонам,

І рэха у звона пра штосьці пытала,

У росах знікала на полі зялёным.

Дзяўчына, што песню самотна

спявала,

Ішла па траве. Я сляды яе ўгледзеў.

Яны хвалявалі, з сабой заклікалі,

І, усхваляваны, пайшоў па тым

следзе.

Сцямнела. На голас той я усё крочыў.

На травы упала вільготная змора.

Знікалі сляды, і сціхаў спеў дзявочы,

Далёкая песня з пшанічнага мора.

З той песні самота ў душу мне

запала,

І думкі мае віравалі ў адчаі:

Дзе тая, што песню ў цямрэчы

спявала?..

А шлях да яе я заўсёды шукаю.

 

Я лес палюбіў

Я лес палюбіў, што пад ветрам

дрыжыць,

І ў неба імкнецца зялёнай сцяной;

Не лес, а сцяжыну, што змейкай

бяжыць,

Віхляе, гуляе ў гушчэчы лясной.

Люблю я сцяжыну, зарослую мхом,

І сінія вочкі пралескаў вясной;

Ды не, не сцяжыну люблю, а той дом,

Куды я імкнуся самотнай душой.

Гучыць там мелодыя, сцішаны блюз,

І яблыняў квет карагодам плыве;

О не, не сам дом я да болю люблю,

А тую, што ў доме далёкім жыве.

З ідыш. Пераклад Альжбеты Кеды

 

***

Я сэрцам сонца п’ю нектар.

Мой зрок у небе тоне.

Я — малады, прыгожы цар,

Хоць голаў не ў кароне.

З цудоўных мараў мой палац,

Да зораў ён сягае.

Ягоны чарадзейны бляск

Не знішчыць сіла злая.

Мне словы — слугі і сыны,

А вершы — мая світа.

Пакуль астатнім сняцца сны,

Бяссоннем я спавіты,

Бо ў сэрцы — сонечны пажар,

А дух мой — небам поўны.

Я ад калыскі самай цар,

Няхай і без кароны.

З ідыш. Пераклад Анатоля Брусевіча

 

Да майго народа

Дбай і пільнуй!

Часам спакусаў, нягодаў парою

ў рукі вазьмі заржавелую зброю:

Вочы заплюшчваць не варта герою.

Дбай і пільнуй!

Будзь як скала!

Той, хто няшчасце сваё разумее, —

Выстаяць можа, схіліцца не ўмее.

Хай небяспека шуміць як завея —

Будзь як скала!

Скарб захавай!

Будзь, гаспадар, захавальнікам

хаты,

Спадчыну ў куфар, за моцныя

краты,

Ды, як пярліну, ад ворагаў клятых

Скарб захавай!

Не, не прасі!

Годнасць пад небам, а не ў сутарэнні.

Боль тваю душу прыцісне каменнем,

Ты не прасі ні ў каго суцяшэння,

Не, не прасі!

Вер ў сваю моц!

Цела тваё змардавана быць можа —

Вера у будучыню дапаможа,

Час надыдзе твой, і ты пераможаш,

Вер ў сваю моц!

 

Іспаніі

О, краіна легендарна, і крывава,

і гітарна!

Вочы — поўначныя хмары,

гаснуць-блякнуць,

прагнуць марна

Пагуляцца ў таварыстве з бляскам

сталі

на кінжале,

Што, як срэбная піранья, шпарка

скочыць, хутка ўджаліць,

Правіца скіруе спраўна.

Месяц ноч асветліць, зменіць —

на калені!

Да Мадонны —

Малітоўна, манатонна,

Ды й да Бога, як дадому...

Спяць і дрэвы і святыні

і падоўжваюцца цені.

Вісусы ўваткнуць у грудзі

лёзы вострыя таемна —

Без сумневаў, падсвядома.

А пад кронамі ў алеі — архідэі,

тыя ж феі.

Ёсць прайдохі-прахіндзеі?

У полымя аўта-да-фе іх!

Грукат кастаньет — прынада;

млявасць гуку серэнады,

І крадзецца Тарквемады люты цень

ля балюстрады —

Падпільноўвае трафеі.

Край палаючых рубінаў

і суровых капуцынаў!

Разумовасць падмяняў ты

мігаценнем таямніц.

Шчодра спырснуты крывёю той

кінжал,

што ў грудзі цэліў —

Лепш старонкам кроў пасуе —

льецца з раны так духмяна, —

Чым струмень зялёнай пены,

абрамленне для званіц.

 

Serenade Melancolique

Змрок упаў на зелень лісця,

Фіялетавы, імглісты,

Гук заблытаўся ў галлі.

Шчасце побач, нібы ў раі,

Хтось у гэтай цішы грае

Serenade Melancolique.

Чуеш гэты гук цудоўны,

На дрыжанне струн падобны?

Заціхае, як праз шкло,

Мілагучны голас скрыпкі,

І плыве па садзе зыбка

Зораў цьмянае святло.

Пах нарцысаў, цёплы вечар,

Вуснаў з вуснамі сустрэча, —

Мы адныя на Зямлі,

Будзем разам, будзем побач...

Напаўняе гукам поўнач

Serenade Melancolique.

 

З ідыш. Пераклад Паўла Салаўёва

 

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Больш матэрыялаў чытайце на сайце, а таксама на старонцы газеты ў Facebook.

Атрымаць свежы нумар напярэдадні выхаду папяровага варыянта можна, аформіўшы падпіску на PDF версію выданння.

Прочитано 142 раз