Воскресенье, 20 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Жыццё маё — ці васілёк, ці ружа…»

  • Четверг, 20 августа 2020 14:48

Адзін з заснавальнікаў «Маладняка» і «Узвышша», прадаўжальнік традыцый паэзіі «чыстай красы» Максіма Багдановіча і ў той жа час паэт-наватар, смелы ў авангардысцкіх эксперыментах і выказваннях, трапны і дакладны ў слове, Уладзімір Дубоўка пражыў доўгае жыццё, у якім былі і ўзлёты, і падзенні, і шчасце, і адчай, бязмежнасць і нястрымнасць творчага выяўлення і пакаранне за бясстрашша.


Мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніка на фасадзе Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі.

Мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніка на фасадзе Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі.

Менавіта Уладзімір Дубоўка быў адным з першых абвінавачаных па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі» на падставе апублікаванага ў 1926 годзе ў віленскім часопісе «Беларуская культура» вострага палітычнага верша «За ўсе краі, за ўсе народы свету»: Прыціх наш край: ад гутарак аскома… // Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць. // Свабодай карыстаюцца сачкомы, // каб тых, хто мысліць, у астрог саджаць...

Выдатна раскрывае асобу паэта віртуальная выстаўка «На ўзвышэнні жыцця і літаратуры: да 120-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі», прадстаўленая на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця», прымеркаванага да 100  — годдзя «Маладняка». Фотагалерэя, падрыхтаваная пры ўдзеле партнёраў праекта, знаёміць са здымкамі родных і сяброў паэта, яго пісьмамі, рукапісамі, асабістымі рэчамі. На сайце змешчаны і дакументы Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі, Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя Уладзіміра Дубоўкі, якія далучыліся да праекта. Дарэчы, доўгі час не было сумненняў у даце нараджэння У. Дубоўкі (1900), але летась архівіст і даследчык Наталля Казапалянская адшукала хросную метрыку пісьменніка, дзе значыцца, што ён нарадзіўся на год пазней — у 1901 - м. Гэта, аднак, не перакрэслівае папярэдняй даты, зафіксаванай ва ўсіх дакументах, а спараджае новыя загадкі і падказвае накірунак для далейшых росшукаў.

Асобна на партале Нацыянальнай бібліятэкі прадстаўлены матэрыял, дзе распавядаецца аб захаванні памяці пра паэта і ўвасабленні яго вобраза ў мастацтве. На старонцы праекта можна азнаёміцца з кнігамі Дубоўкі, у тым ліку зборнікамі паэзіі, з яго перакладамі. У хуткім часе будзе размешчаны і электронны варыянт «Збору твораў у 2 т.», які пабачыў свет у 2017 годзе.

Уладзімір Дубоўка з сынам Альгердам і маці. Г. Яранск (Кіраўская вобл.), 1932. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Уладзімір Дубоўка з сынам Альгердам і маці. Г. Яранск (Кіраўская вобл.), 1932. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Нікога не пакіне абыякавым і містычны дэтэктыў «Чорны чалавек Уладзіміра Дубоўкі» з серыі гістарычных дакументальных фільмаў «Лабірынты», дзе на падставе шматлікіх сведчанняў і ўспамінаў вядучы праекта Васіль Дранько-Майсюк прапануе свае версіі разумення некаторых акалічнасцей жыцця пісьменніка.

Адсвяткавалі ўгодкі Уладзіміра Дубоўкі і на яго малой радзіме. Так, супрацоўнікі Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі арганізавалі веласпрынт па родных мясцінах пісьменніка, ваколіцах вёскі Манькавічы. За аснову ў распрацоўцы маршрута была ўзятая яго кніжка ўспамінаў «Пялёсткі». Велапрабег суправаджаўся расповедамі пра жыццё і творчасць знакамітага паэта. «Жыццё маё  — ці васілёк, ці ружа»  — радком з твора названая і выстаўка, што была арганізавана ў кніжніцы. Дарэчы, тут захоўваюцца аўтографы Уладзіміра Дубоўкі, яго пісьмы з канвертамі да настаўніцы Манькавіцкай школы Ніны Сцяпанаўны Храпавіцкай. У сталым веку пісьменнік не раз прыязджаў у Манькавічы ў госці да брата, у вёсцы і пазнаёміўся з настаўніцай. Пасля Ніна Храпавіцкая напісала ўспаміны пра паэта. Сустракаўся ён і з дзецьмі, шмат ім распавядаў. Кранальна тое, што дзеці вельмі яго палюбілі, збіралі бруснічнік і пасылкамі адпраўлялі ў Маскву (Уладзімір Дубоўка хварэў на ныркі).

На малой радзіме У. Дубоўкі захоўваюць памяць пра славутага земляка і ў школьным музеі ў вёсцы Юнькі Пастаўскага раёна, і ў Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Танка.

«Калі ў сакавіку 1976 года ў Маскве ціха і нешматлюдна развітваліся з Уладзімірам Дубоўкам, прысутныя шкадавалі ўголас: нябожчык не паспеў напісаць сваю галоўную кнігу  — кнігу пра сябе»,  — зазначыла даследчык творчасці пісьменніка Ганна Севярынец у выданні «Уладзімір Дубоўка: Ён і пра яго» (Мінск, «Лімарыус», 2017). І ўсё ж «кнігай», якая найлепей сведчыць пра творцу, можна лічыць тое, што ён пакінуў: вобразы, ідэалы, перакананні. І, вядома ж, вершы.

Яна БУДОВІЧ

Фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Крыніца: ЛіМ

Прочитано 596 раз