У Выдавецкім доме «Звязда» адбылася рабочася сустрэча з першым намеснікам старшыні Беларускага Саюза мастакоў мастацтвазнаўцам Наталляй Шаранговіч.
Размова ішла пра медыйнае і кнігавыдавецкае супрацоўніцтва ў асвятленні здабыткаў айчыннага мастацтва. Кіраўніцтва Выдавецкага дома зазначыла, што і ўрадавая і парламенцкая газета «Звязда», і газета «Літаратура і мастацтва», і іншыя перыядычныя выданні, якія ўваходзяць ва ўстанову, надзвычай уважлівыя да выяўленчага мастацтва, скульптуры, кніжнай графікі і іншых відаў беларускага мастацтва. У газетах і часопісах выступаюць мастацтвазнаўцы, крытыкі, мастакі.
Другая частка размовы была прысвечана магчымасцям у галіне сумеснай працы над альбомамі, мастацкімі выданнямі. Сярод ідэй, якія абмяркоўваліся ў Выдавецкім доме, ‒ кніга «Вогненная кераміка Беларусі», аўтарам якой з’яўляецца лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва, кіраўнік пленэраў па кераміцы «Арт-Жыжаль» у Бабруйску Валерый Калтыгін. Беларускі Саюз Мастакоў распрацоўвае і серыю альбомаў «Сучаснае беларускае мастацтва»: «Сучасная беларуская графіка», «Сучаснае беларускае манументальнае мастацтва», «Сучасны беларускі жывапіс» і інш. Ёсць таксама задума выдаць грунтоўную энцыклапедыю – альбом «Мастацкі андэграўнд 1980-х і новае беларускае мастацтва 2000-х».
Сяргей Шычко