У Беларусі пабачыла свет некалькі кніг лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Рабіндраната Тагора. На беларускай, рускай і англійскай мовах. Новы праект, які выйшаў дзякуючы руплівасці такога значнага паліграфічнага і выдавецкага цэнтра, як Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа, істотна адрозніваецца ад папярэдніх. Пра гэта засведчыла і падзея, якая адбылася ў беларускай сталіцы.
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сабраў на прэзентацыю кнігі аднаго верша Рабіндраната Тагора “Мая залатая Бенгалія” на мовах свету” прадстаўнікоў самых розных краін.
У госці ў аўтарытэтную асветніцкую ўстанову прыйшлі дыпламаты Індыі, Казахстана, Украіны, Грузіі, Польшчы, прадстаўнікі беларускага ўрада – міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, начальнік Галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі Міністэрства замежных спраў Віктар Рыбак, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, старшыня Дзіцячага Фонда ААН ЮНІСЭФ у Рэспубліцы Беларусь Рашэд Мустафа Сарвар, намеснік старшыні ФНКА “Беларусы Расіі” паэт і празаік Валерый Казакоў, паэтэса Таццяна Сівец, перакладчыкі Навум Гальпяровіч, Марыя Кобец і шмат хто яшчэ.
Усіх сабрала адна нагода – творчы праект, які можна лічыць ці не першым складнікам у падмурак беларуска-бангладэшскіх гуманітарных стасункаў. І хаця ў нашых краінах няма дыпламатычных місій, адносіны існуюць у самых розных галінах. У Беларусі навучаецца болей 20 студэнтаў з Бангладэш. Знешнегандлёвыя адносіны паміж Беларуссю і Бангалдэш у 2018 годзе роўныя 144 міліёнам даляраў.
Верш “Мая залатая Бенгалія”, напісаны на пачатку XX стагоддзя, з’яўляецца яшчэ і Гімнам Бангладэш. Дарэчы, у Індыі таксама Гімнам з’яўляецца верш Рабіндраната Тагора. Пра гэта нагадала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь спадарыня Сангіта Багадур, якая прачытала “Маю залатую Бенгалію” на мове хіндзі. У кнізе, выдадзенай Паліграфічным камбінатам імя Якуба Коласа, між іншым, змешчаны пераклады на 50 моў свету. Бенгальская, мова арыгінала, – 51-я. Зборнік “Мая залатая Бенгалія” на мовах свету” ужо атрымаў два выданні.
Унікальнай назваў падзею прадстаўлення кнігі класіка бенгальскай літаратуры спадар Рашэд Мустафа Сарвар, які нарадзіўся і доўгі час жыў у Бангладэш. “Я выпеставаны з імем Тагора, падлеткам я адкрыў яго кнігі, юнаком я захапіўся яго песнямі, музыкай,” – заўважыў Рашэд Сарвар і прачытаў легендарны твор на роднай бенгальскай мове. Гучалі словы Тагора і на ўкраінскай, грузінскай, казахскай мовах. І, канешне ж, на беларускай. У зборнік увайшлі пяць розных варыянтаў пераўвасаблення верша на беларускую мову. Іх перакладчыкі – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, паэты Марыя Кобец, Надзея Салодкая, Навум Гальпяровіч, Сяргей Панізьнік. Трое з перакладчыкаў – і Мятліцкі, і Кобец, і Гальпяровіч, – прысутнічалі ў зале Нацыянальнага гістарычнага і прачыталі свае пераклады “Маёй залатой Бенгаліі”.
Кранальным было выступленне аднаго з укладальнікаў кнігі – бангладэшскага перакладчыка Музахідула Іслама, які жыве і працуе ў Беларусі. Вельмі грунтоўны экскурс да жыцця і творчасці Рабіндраната Тагора, які імкнуўся паяднаць культуры Усходу і Захада, зрабіў прафесар, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк. Унікальным аздабленнем музейнай прэзентацыі сталі і рэпрадукцыі работ вядомага мастака Бангладэш Зейнала Абедзіна. Яго серыя малюнкаў “Голад у Бенгаліі”, створаная ў 1940-я гады, стала ілюстрацыйным матэрыялам да кнігі аднаго верша на мовах свету. На сустрэчы ішла размова і пра тое, што выданне спадчыны Рабіндраната Тагора ў Беларусі будзе мець працяг.
– Зараз мы збіраем кнігу перакладаў Гімна Індыі на мовы народаў свету, – заўважыў прыхільнік таленту вялікага паэта Музахідул Іслам.
Кастусь Хадыка