Понедельник, 25 01 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Аўтарскі погляд» з «нацыяналкі». Чаму кнігі такой формы (не, усё не так проста)

  • Среда, 02 декабря 2020 14:08

Прызнаемся шчыра: мы ў захапленні ад кніг. Але ці задумваліся вы хоць раз, чаму яны выглядаюць менавіта так? І кішэнныя кніжкі памерам з кляновы лісток, і велізарныя слоўнікі, якія вы ледзь утрымліваеце ў руках, амаль заўсёды маюць адну і тую ж форму – прамавугольнік, прычым амаль адных і тых жа прапорцый. Дык у чым справа? У сучасным друку ці ж у нас саміх? Пачынаем расследаванне!

Маленькія і вялікія кнігі, у мяккіх і цвёрдых вокладках, з ілюстрацыямі і без – чароўная магія слоў працуе ўсюды, таму непазбежна на нашых паліцах аказваюцца выданні ўсіх відаў і катэгорый. Але варта паспрабаваць арганізаваць іх на гэтых самых паліцах, як пачынаецца існае пекла – бо ўсе яны розныя! Нават у межах адной катэгорыі кнігі адрозніваюцца памерам. Але адна рэч іх усё ж аб’ядноўвае – форма. Амаль заўсёды гэта прамавугольнік, дзе суадносіны шырыні і вышыні прыкладна 5:8. Думаеце, гэта асаблівасць сучаснага друку? Як бы не так! Нават самыя старыя кнігі ў свеце прыкладна такой жа прапорцыі – хіба што крыху больш вузкія.

Дык чаму ж? Так, трохкутныя і круглыя кнігі падаюцца дрэннай ідэяй і застаюцца прэрагатывай літаратуры для дашкольнікаў. Але што наконт квадратных? І чаму кнігі ў форме гарызантальных прамавугольнікаў сустракаюцца значна радзей? Занадта шмат сышлося ў ідэальнай форме сучаснай кнігі, таму зірнём на яе з трох бакоў – анатоміі чытача, гісторыі публікацыі і, нарэшце, сапраўднай магіі лічбаў.

Дык чаму кнігі прамавугольныя?

Таму што мы так уладкаваныя

Як мы можам меркаваць, мэтавая аўдыторыя кніг – амаль на 100 % людзі (ці вельмі добра імі прыкідваюцца). Падчас чытання мы, недасканалыя стварэнні, бегаем поглядам па тэксце і можам апрацаваць толькі пэўную даўжыню радка. Занадта доўгая – і мы забываем, з чаго ўсё пачыналася. Занадта кароткая – і мы лёгка пераключаем увагу, пераскокваючы па радках. Роберт Брынгхерст у сваёй кнізе «Основы стиля в типографике» ўсталёўвае аптымальны памер радка – ад 45 да 75 знакаў. Ідэальны варыянт – 66 знакаў у радку. Вы калі-небудзь задумваліся, чаму ў такіх шырокафарматных выданнях, як газеты, тэкст разбіваецца на слупкі? Вось таму. Для захавання аптымальнай даўжыні радкоў і вашага чытацкага камфорту.

Але не толькі вочы маюць важную ролю ў працэсе чытання. Яшчэ адзін элемент – гэта рукі. Першыя кнігі чыталіся са спецыяльных пастаментаў, але сёння мы чытаем у метро, на бягу, ва ўтульных крэслах і заўсёды пры гэтым трымаем кнігу ў руках. Так што цалкам лагічна, што прапорцыі кніг падстроены пад памеры нашых канечнасцей. Наўрад ці вузкую доўгую кнігу будзе зручна чытаць па дарозе на працу! Таму цяпер, калі нам даводзіцца трымаць кнігі падчас чытання, яны сталі значна меншымі – і карацейшымі.

Таму што так склалася гісторыя кнігі

Вядома, кнігі не заўсёды мелі сучасны выгляд. Да іх былі скруткі: занадта тонкі папірус рассыпаўся пры спробе скласці яго, так што падобная форма была адзіным варыянтам. Пры гэтым ужо на антычных скрутках тэкст запісваўся слупкамі.

Гісторыя ж больш-менш сучаснай формы кнігі пачынаецца з вынаходства пергаменту. Яго рабілі з казіных і авечых скур, якія па біялагічных прычынах вельмі зручна абрэзаць у прамавугольнікі. Гэтыя самыя прамавугольнікі добра складваліся ў некалькі разоў і спісваліся з абодвух бакоў – плоць да плоці, шэрсць да шэрсці (гучыць непрыемна, але такая суровая рэальнасць кнігадрукавання). Лісты ж атрымліваліся розных памераў, і гэта залежала ад колькасці складання самога ліста, а яшчэ ад памераў чана, дзе вымочваюць скуру, рамкі, дзе яна сушыцца, і яшчэ ад мноства фактараў. У Балонні к 1389 году нават завялі спецыяльны камень, на якім былі выразаны стандартныя памеры старонак. Ці дапамагло гэта? На самой справе, так.

Большасць кніг, апублікаваных да 1500 года, былі ў фармаце in folio – памерам у палову друкарскага ліста. На сучасны лад, гэта памер А3 – не надта кампактнае чытво. Усё змяняе італьянскі кнігадрукар Альда Мануцый: яму мы павінны быць удзячныя за кропку, коску, курсіў і, нарэшце, маленькія кнігі. Мануцый здзейсніў рэвалюцыю ў галіне кнігадрукавання і пачаў выпускаць кнігі ў фармаце in octavo – сучасны памер А5. Вось так, пачынаючы з італьянскіх пераносных “даведнікаў”, кнігі наблізіліся да сучаснага фармату не толькі па сваіх прапорцыях, але і па памеры.

Таму што так кажа матэматыка

Так, вы ўсё правільна пачулі. Ёсць сур’ёзнае матэматычнае тлумачэнне, чаму кнігі менавіта такога фармату і не могуць стаць іншымі.

Калі коратка: існуюць прапорцыі, якія матэматычна вылічаны як ідэальна прыдатныя для старонкі кнігі і пры гэтым цудоўныя эстэтычна. У сваёй кнізе “Divina Proporción Tipográfica” Рауль Разарыва прыводзіць памеры мноства кніг эпохі Рэнесансу і прыходзіць да высновы: усе яны ствараліся паводле вызначанага канона. У гэту эпоху для ўсяго існаваў “залаты канон” і пабудова старонкі не стала выключэннем – тады, праўда, ідэальнай прапорцыяй лічылася 2:3. Дзякуючы такой прапорцыі старонкі дзяліліся на дзявятыя долі, а ўнізе нарэшце з’явіліся шырокія палі – кнігу можна было трымаць знізу, не перакрываючы пальцамі тэкст.

Але на гэтым матэматыка не заканчваецца! Хоць “залатая лічба Разарыва” – гэта 1,5; “залатое сячэнне” ўсё ж каля 1,618. Яно і да гэтага часу выкарыстоўваецца ў кніжным дызайне – ад Бібліі да бестселераў. І паводле гэтага сячэння кніга ўсё яшчэ прамавугольнік, прыкладна 5:8. Ідэальна.

Навука рухаецца наперад, з кожным годам у наша жыццё ўваходзіць усё больш неверагодных вынаходак, але некаторыя рэчы ўжо ідэальныя і не патрабуюць паляпшэнняў. Напрыклад, форма кнігі. Да таго часу, пакуль у нас ёсць вочы, рукі, гісторыя і ўменне лічыць, кнігі застануцца пераважна прамавугольнымі – і гэта цудоўна!

Дарэчы, электронныя кніжкі – таксама прамавугольнікі.

Аўтар: Паліна Доля

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Прочитано 351 раз