16 лютага 2021 года ў межах Тыдня роднай мовы ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі адбылася прэзентацыя выдання «Г. З. Шкляр. Выбраныя працы. Моўная спадчына» , якое было падрыхтавана Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа ў супрацы з Кастрамскім дзяржаўным універсітэтам (укладальнікі В. М. Курцова, І. Л. Капылоў, Н. С. Ганцоўская, Г. Д. Няганава).
Кніга змяшчае выбраныя працы Герцаля Залманавіча Шкляра – вучонага-лінгвіста, які зрабіў вялікі ўнёсак у беларускае мовазнаўства і гебраістыку ў 1930-я гады (калі працаваў у Акадэміі навук), а таксама ў расійскую лінгвістыку ў 1940–1950-я гады.
Вераніка Курцова
Аўтар выдання, а таксама вядучая і мадэратар прэзентацыі, кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Вераніка Курцова распавяла гісторыю знаёмства з асобай і спадчынай Герцаля Шкляра, падзялілася досведам навуковых росшукаў і працы з Кастрамскім дзяржаўным ўніверсітэтам (паміж установамі Беларусі і Расіі была заключана дамова). Дарэчы, расійскія калегі падтрымалі размову праз Zoom: госці мерапрыемства пачулі рэктара А. Р. Навумава, выкладчыкаў і суаўтараў кнігі Н. С. Ганцоўскай і Г. Д. Няганавай.
У рэалізацыі праекта бралі ўдзел Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, выдавецтва «Беларуская навука».
Вераніка Курцова перадае асобнік кнігі для музея Якуба Коласа
Дарэчы: супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа адшукалі сярод дакуметаў ліст, напісаны ў траўні 1943 года Якубу Коласу (тады віцэ-прэзідэнту АН БССР), у якім Герцаль Шкляр распавядаў пра свае навуковыя справы і зацікаўленні.
Варта адзначыць, што дагэтуль імя Герцаля Шкляра было ўпісана ў гісторыю мовазнаўства, дзякуючы выдадзенаму сумесна з Соф’яй Рохкінд «Яўрэйска-рускаму слоўніку». У літаратуры вельмі сціплыя звесткі па біяграфіі даследчыка, згадваюцца пераважна публікацыі па гебраістыцы.
Вераніка Курцова адзначыла, што імя Г. Шкляра несправядліва забытае ў Беларусі, хаця лінгвіст працяглы час працаваў у Беларускай акадэміі навук (пазней АН БССР), дзе спрычыніўся да стварэння такіх падручнікаў як «Сінтаксіс беларускай мовы» і «Курс сучаснай беларускай мовы», актыўна публікаваўся, напрыклад, у часопісе «Лінгвістычны зборнік», выкладаў па сумяшчальніцтве ў Мінскім педагагічным інстытуце (1934–1936), БДУ (1934–1941). Ужо ў «кастрамскі» перыяд стварыў дысертацыйнае даследаванне «Польские элементы в современном белорусском языке». Г. Шкляр зрабіў істотны ўнёсак у стварэнне Дыялекталагічнага атласа рускай мовы (ДАРМ) у Кастраме, удзельнічаў у чатырох дыялекталагічных экспедыцыях, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю.
Фрагмент выставы, прымеркаванай да прэзентацыі
Вераніка Курцова падзякавала прысутным і ўсім, хто спрычыніўся да росшукаў, адкрыцця і захавання спадчыны Герцаля Шкляра, выказала спадзеў, што выданне, якое прайшло няпросты шлях, абавязкова знойдзе свайго ўдзячнага чытача, а можа быць, і наступнага дасціпнага даследчыка.
Марына Варабей
Фота аўтара