Суббота, 17 04 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Агляд літаратурных часопісаў № 3/2021

  • Пятница, 02 апреля 2021 15:46

Прапануем вам агляд нашых выданняў, сакавіцкіх нумароў часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман». 

«Рух адвечны, дзея, магія шляхоў…»

Лірычнай падборкай Віктара Гардзея «На перасячэнні зорных пуцявін» пачынаецца сакавіцкае «Полымя». Аўтар застаецца верным сабе і сваёй паэтычнай манеры: за перапляценнямі «зямных» рэалій айчыннага ментальнага поля (дуб, валун, лес, балота, «жыта з бульбай», «чабор, верасы», «над сцішанай вёскай, над жытам // буслы наразаюць кругі», «і жарства, і пясок, // вербаў схілены кроны») расчытваецца магутнае парыванне чалавечага духу ў нязведанае, туды, куды няма адзінай для ўсіх дарогі:

На перасячэнні

Зорных пуцявін

Крыж у спалучэнні

Казак і былін.

Ёсць яшчэ надзея,

Вера і любоў,

Рух адвечны, дзея,

Магія шляхоў…

Імпануе аўтарскі спосаб рыфмавання, які робіць вершы В. Гардзея пазнавальнымі сярод іншых, хай і напісаных на падобную тэматыку:

І ніякай бяды.

Свет ажыў бы, калі б

Ручаі пацяклі

Векавымі шляхамі,

Па дарогах вады —

Так было і тады,

Як ішлі леднікі.

Несучы за плячамі

Плоймы снегу мяхамі.

Што растаў за вякі

І паплыў ручаямі.

Да паэзіі Віктара Гардзея хочацца вяртацца, няспешна перачытваць — і штораз адкрываюцца новыя, нечаканыя сэнсы і філасофскія глыбіні…

Цалкам у звыклым рэчышчы традыцыйных тэм і сродкаў іх выяўлення бачыцца паэзія Галіны Загурскай: аўтарка прамаўляе добра вядомыя ўсім ісціны, зарыфмаваўшы іх (і рыфмы часта — дзеяслоўныя), дае бліжняму парады на ўсе выпадкі жыцця:

Чытай Псалтыр: сябе ачысці:

І гнеў, і лютасць прагані —

адчыніш да нябёсаў выйсце,

Грааля ўбачыш там агні.

Яны твой шлях зямны асвецяць,

Навучаць бліжняга любіць

І прыгажосць у гэтым свеце.

Інакш нашто табе ў ім быць?

Акрамя таго, падаецца спрэчным сцвярджэнне, што любіць бліжняга можна навучыцца. Любоў да бліжняга — гэта, хутчэй, тое, што ўкладаецца ў чалавека яшчэ з немаўлячага ўзросту і не залежыць ад ступені яго адукаванасці і навучанасці.

Ёсць у падборцы некалькі вершаў, дзе пачатак абяцае нейкае адкрыццё, нечаканасць, напрыклад:

Ружавеў-мяняўся

Над зямлёй шацёр

І затым распаўся

Мірыядам зор.

Але ў завяршэнні твора мы бачым усё тыя ж прапісныя ісціны:

І яны нам сведчаць:

Ў свеце вечнасць ёсць.

Мы ў жыцці — на вечы:

Кожны — толькі госць.

Думаецца, што паэтэсе, не абмежаванай у магчымасці бачыць і чуць сэрцам, не стае смеласці адпусціць сваю фантазію за далягляд: не туды, дзе яна шмат разоў бывала і ўсё ведае, а ў нязведанае…

«Удыхнуць — і не задыхнуцца» спрабуе ў творчасці маладая паэтэса Al. Runweard (Алёна Болсун), што зразумела з яе падборкі з аднайменнай назвай. І вершы пераконваюць: поспех магчымы, толькі калі свядома ідзеш на рызыку, не трымаючыся за звыклыя сэнсы і вобразы:

…А ты маўчыш… Мой голас хутка ціхне,

Разбіўшыся аб холад цішыні.

Я крок зраблю. Насустрач.

                                         Толькі лішні…

І я на дне — шукаю вышыні.

Інтрыгоўны пачатак мае аповесць Юры Несцярэнкі «А дзе Джагер?». Чытач знаёміцца з героямі расповеду, сярод якіх — Мік Д., Эмір К., Томі Э., Роберт П. Звяртаюць на сябе ўвагу імёны, якія так і просяцца, каб іх расшыфравалі… Завяршэнне аповесці, як і пачатак, — фантасмагарычна-містычнае. Але сюжэт твора рэалістычны, спецыфічныя аўтарскія хады напачатку і ў канцы спатрэбіліся, толькі каб «зацэментаваць» галоўную частку. Жорсткая рэальнасць шоу-бізнесу — вось пра што распавядае пісьменнік. Да яго слоў асаблівы давер, таму што ён сам з’яўляецца музыкантам і ведае тое, аб чым гаворыць, на ўласным досведзе. Дарэчы, аповесць Юры Несцярэнкі можна назваць працягам адной з папярэдніх яго кніг — «Звычайны шоу-бізнес».

Акрамя адметнага сюжэта, ёсць і іншая сэнсавая лінія, што працінае твор ад пачатку да завяршэння, — чысты якасны гук. Гэтая субстанцыя прысутнічае ў аповесці як эквівалент шчырасці і сапраўднасці. Як квітэсэнцыя духоўнай чысціні, што дапамагае зразумець складаную сітуацыю.

Не расчаруюць чытача і іншыя празаічныя творы ў нумары — два апавяданні Кірыла Стаселькі — «Малус» і «Фракцыі. Адна з лекцый гісторыі Палія» — і апавяданне «Аўхім» Зміцера Крэса.

У рубрыцы «Галасы свету» — завяршэнне рамана Тадэвуша Даленгі-Мастовіча «Кар’ера Нікадыма Дызмы», які перастварыў з польскай мовы Алесь Емяльянаў-Шыловіч.

Тадора Шпілька

З музычнымі адступленнямі

Паэзія ў сакавіцкім нумары «Маладосці» (калі не ўлічваць працытаваны Дзмітрыем Шулюком у сваёй калонцы ўрывак з песні DEEP-EX-SENS’а) пачынаецца з тэкстаў Зміцера Крэса. Спалучэнне хрысціянскіх і містычных матываў вельмі хутка губляе сваю прывабнасць, калі пачынаеш бачыць хаця б тую ж бедную рыфмоўку на адзіную націскную галосную. Але галоўны біч — поўная глухата да голасу сучаснасці: кожны з вершаў падборкі быццам бы ўключаецца ў нябачную палеміку з беларускай паэзіяй пачатку мінулага стагоддзя — і чамусьці сам вяшчае адтуль жа. Нават досыць традыцыйны ў сваёй паэтыцы Анатоль Сыс, які таксама быў паслядоўным правадніком беларускага паганства, гучаў не ў прыклад больш прагрэсіўна (а часы яго творчасці прыходзяцца на канец мінулага стагоддзя — самы пачатак гэтага).

У вершах Яны Нікіфаравай у першую чаргу абнадзейвае тое, што ў яе плэйлісце нарэшце апынулася нешта акрамя папсовага джой дзівіжану, які, бы мушыны лятучы галандзец, назойлівым прывідам-паўміфам прагудзеў вушы ўсім тым, хто нешта чуў пра гэтую паэтку. Але нават постаць прагрэсіўшчыкаў King Crimson не ратуе аўтарку ад мядовай самарэфлексіі, інтэртэкстаў па-хадановіцку і ўвогуле падлеткавай эджы-эстэтыкі. Ва ўсялякім разе стала істотна менш тыповага дэкадансу і, што цікава, верлібры пачалі разбаўляцца рыфмаванымі вершамі — дзякуй і за тое. Увогуле, калі вяртацца да музычнага пытання, даволі дзіўна, што дзяўчына не была заўважана за знаёмствам з роднымі беларускімі гуртамі, якія знаходзяцца ў тым жа жанравым спектры: гэта і постпанкавая «Петля пристрастия», і апошні, ньювэйвавы, праект Сяргея Міхалка Drezden, і гурты Уладзя Лянкевіча, прагрэсіўны Tonqixod і колдвэйвавы luty sakavik — ёсць чым натхніцца!

Як ні было б прыемна заўзець за шчырасць, крыштальна-дзявоцкую мову і верлібры, усё ж чыстым пачуццём пісаць атрымліваецца далёка не ў кожнага, таму і вершам Яўгеніі Кабяк моцна не хапае ці то нейкіх цікавых думак, ці то наўпрост уласнага выразнага светапогляду: сэнсастваральнага, а не назіральнага тыпу.

Сярод гучных імёнаў у рубрыцы «Пераклады» ёсць французскі паэт-рамантык, якому Бадлер прысвяціў «Кветкі зла», — Тэафіль Гацье са сваёй аповесцю «Гаспадыня кафэ» («La Cafetière»), а таксама паэтка-набелістка Луіза Глюк з невялікім эсэ «Пра рэалізм».

У віры медыйнай ненасытнасці з паэтычных старонак у інтэрв’ю перабралася чорная панна постпанка Яна Нікіфарава. Тут вы даведаецеся, як аўтарка ў свае 15 прыйшла да дэбютнай паэтычнай кніжкі і як «баялася, каб гэта (спасылкі на імёны музыкаў і музычныя гурты. — Заўв. аўт.не ператварылася ў стэрэатып» (спойлер са зломам чацвёртай сцяны: марна). Зразумееце, што інтэрв’юерка Ганна Варонка анічога не сячэ за музычныя густы моладзі («любоў да такой музыкі (постпанк. — Заўв. аўт.), не самай папулярнай сярод падлеткаў»). І самае галоўнае — прачытаеце, што фінансава ў зборнікі паэткі такі збольшага ўкладаўся Зміцер Вішнёў і толькі пасля бацькі.

Данііл Лысенка

Сон у вясновую ноч

Ці зможаце вы знайсці чалавека, які б сумаваў па сыходзе ўпартай і свавольнай зімы і не ўскладваў надзеі, няхай і празмерныя, на імклівую вясну з яе лёгкім цеплаватым ветрыкам, першай навальніцай, а пазней — з водарам півоняў і бэзу? Вы скажаце: хіба толькі алергікі. Дадам: ці меланхалічныя аўтары «Нёмана». Але нават яны гэтым разам настроены больш аптымістычна, чым звыйчайна.

Малая проза на любы густ — у першым вясновым нумары часопіса. Апавяданне «Душа твая светлая» (у перакладзе на рускую мову Алега Пушкіна) прадстаўляе Алесь Бадак. «Са сваімі снамі трэба развітвацца гэтак жа лёгка, як з вясеннім снегам», — гаварыла гераіня твора Фядора свайму праўнуку Андрэю, які прагнуў расказаць ёй сон, але па дарозе яго забываў. З гэтай фразы і пачынаецца апавяданне, што ўмоўна складаецца з трох пластоў: дзяцінства, сталасці і сну. На працягу кожнага з іх чытач знаходзіць як знаёмыя любому развагі (напрыклад, пра тое, што веды ва ўсіх аднолькавыя, а вера ў кожнага свая, ці пра тое, што чалавек за некалькі тысячагоддзяў падпарадкаваў сабе планету, але не змяніў ні яе, ні сябе да лепшага), так і даволі арыгінальныя (накшталт таго, што душы блізкіх людзей перастаюць размаўляць, калі іх спасцігае гора). Жыццё і смерць, вера і бязвер’е — пра гэта, здаецца, размаўляе з чытачом Алесь Бадак, звяртаючы ўвагу на такія рэчы, як повязь пакаленняў, увага і любоў да ўсяго жывога…

Максім Іваноў, аўтар трох апавяданняў пад агульнай назвай «Запрашэнне ў хор», прапануе пазнаёміцца з даволі тыповым, але ў нечым новым героем. Ілья, чые ўчынкі быццам здаюцца зразумелымі, павінен выклікаць нейкія пачуцці, але, як і іншыя героі, застаецца далёкім і чужым (магчыма, тут усё залежыць ад вопыту і ўзросту чытача). Усё яго жыццё можна апісаць як чаргаванне доўгіх перыядаў сну і кароткіх — няспання (сюды ж дадаецца расстройства сну). На жаль, у лік першых увайшлі вучоба, жаніцьба, нараджэнне дзяцей, развод. Да другіх умоўна можна аднесці даволі непрацяглыя захапленні — прыродай і час ад часу жанчынамі. «Калі Ілья чуў пераклічку птушак на досвітку, глядзеў на мора, на снег, які павольна падае, блукаў па вуліцах старажытных гарадоў, слухаў Баха, Брукнера або царкоўныя хоры (апошнім часам ён усё часцей слухаў такую музыку), яму здавалася, што яшчэ трохі — і ён адчуе тое, чаго чакае ад яго гэтае новае, што пачалося паўтара гады таму, жыццё, убачыць млын, на колы якога яму трэба будзе цяпер ліць ваду, і зажыве так, як устаноўлена было для яго нейкім найвышэйшым, разлічаным для ўсіх людзей законам». Ці не ў гэтым самнамбулічным пошуку салодкага чакання, знаёмага з дзяцінства, праходзіць жыццё многіх людзей? Ці не блізкасць смерці, чужой ці сваёй, прымушае некаторых прачнуцца і паглядзець з боку на той сон, які пабудавала не толькі падсвядомасць? Апошняя частка «Запрашэння ў хор» — яскравае пацвярджэнне таго небяспечнага адчування, што жыццё ёсць не сёння, жыццё — надзея на заўтра.

Аляксандр Він у апавяданні «Гэта быў анёл…» выступае імпрэсіяністам, які нешматлікімі дробнымі мазкамі стварае не столькі сюжэт, колькі ўражанне ад гэтага сюжэта, калі можна такім назваць апісанне некалькіх дзеянняў чатырох герояў: жанчыны, мужчыны, валацугі, ветру. Без пачатку і без фіналу, твор цікавы адлюстраваннем моманту, які часам так складана перадаць і не менш складана разгадаць.

Лірычную, напоўненую тонкім адчуваннем прыроды, нізку вершаў Уладзіміра Мазго «На тым далёкім беразе» (пераклад Міхаіла Куляша) настраёва працягвае Валянцін Барысевіч (падборка «І досвітак ужо за акном»), хоць апошні твор «Гены бюракрата» выбіваецца з гэтай «праграмы»: «Чтоб не плодить бумажной волокиты — // Не создавать чтоб видимость труда, // Всех их в село бы, всех в избушки, скиты, // Чтоб хлеб растили где-то у пруда». Празмерна драматычную паэтычную падборку Ірыны Карэнінай «Зямное з нябесным» ураўнаважвае спакоем і лагоднасцю Генадзь Аўласенка з нізкай вершаў «І раптам пачуеш, як жывуць словы…» Менавіта яго творы хацелася б убачыць у нумары ў большай колькасці, але падборка атрымалася ледзь не самай дробнай.

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 123 раз