Среда, 23 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Анар, старшыня Саюза пісьменнікаў Азербайджана: “Высока цаню грамадзянскую пазіцыю Васіля Быкава…”

  • Воскресенье, 08 апреля 2018 08:02

 

У сакавіку 2018 года азербайджанскі пісьменнік Анар (Анар Расул аглы Рзаеў) адзначыў сваё 80-годдзе.

Вядомы на постсавецкай прасторы празаік, драматург, публіцыст, кінасцэнарыст, ён многія гады — пачынаючы з 1987 — ўзначальвае пісьменніцкую арганізацыю Азербайджана. Аўтар 50 кніг, выдадзеных на розных мовах народаў свету. У лютым 2014 года Анар абраны старшынёю Саюза пісьменнікаў цюркамоўных дзяржаў. Наша гутарка з юбілярам, народным пісьменнікам Азербайджана — і пра яго творчасць, і пра беларуска-азербайджанскія літаратурныя стасункі.

— Анар-муалім, як адзначылі 80-годдзе?

— У коле сям’і і самых блізкіх сяброў.

— Што б вы сказалі 20-гадоваму Анару з вышыні вашага сённяшняга жыццёвага вопыту?

— Пацвердзіў бы, наколькі шмат складанасцяў у нашай пісьменніцкай прафесіі.

— Вы неяк адзначалі, што творчасць павінен ацэньваць не сам пісьменнік, а хутчэй – Яго Вялікасць Час. Ці высока, наколькі вартасна ацаніў час творчасць пісьменніка Анара?

— Мне грэх скардзіцца на няўвагу да маёй працы з боку літаратурнай крытыкі і прэсы. Пра мяне шмат пісалі і пішуць, як у Азербайджане, так і ў Расіі, Турцыі. Усё гэта, як і мая праца ўвогуле, будзе ацэнена ў кантэксце Часу, і пра гэта можна будзе меркаваць толькі ў будучыні.

— Вашы кнігі перакладзены на 30 моў народаў свету. Як успрымаюцца

вашы творы за мяжою?

— Я магу сказаць толькі пра тыя краіны, пра якія маю звесткі. Мае  кнігі мелі шырокую прэсу ў Расіі, краінах СНД, Турцыі, Венгрыі, ФРГ.

— А наколькі ўвогуле папулярная азербайджанская літаратура за межамі Азербайджана?

— З пісьменнікаў майго і наступнага пакаленняў, чые кнігі выдаюцца ў многіх замежных краінах, магу назваць Эльчына, братоў Ібрагімбекавых, Чынгіза Абдулаева, Камала Абдулу. Нашымі літаратурнымі сувязямі з шэрагам замежных краін займаецца Цэнтр па перакладу пры Саюзе пісьменнікаў Азербайджана. Цэнтр, а таксама альманах, які пры ім выдаецца, знаёмяць чытачоў з творамі замежных пісьменнікаў і ў той самы час наладжваюць стасункі з пісьменніцкімі арганізацыямі і выдавецтвамі некаторых іншых краін з мэтай выдання кніг азербайджанскіх літаратараў. Асабліва цеснымі ў гэтым плане з’яўляюцца нашы сувязі з пісьменнікамі Турцыі і Расіі. Ведаю, што і ў Беларусі пры падтрымцы Цэнтра пабачыла свет кніга вершаў Лейлы Аліевай у перакладзе на беларускую мову. А зараз ідзе праца над перакладам анталогіі сучаснай азербайджанскай паэзіі на мову Купалы.

— Ці адчувае Саюз пісьменнікаў Азербайджана падтрымку дзяржавы ў сваёй працы?

— Несумненна. Дзяржава ўсямерна падтрымлівае Саюз пісьменнікаў Азербайджана ў справе наладжвання творчых кантактаў з замежнымі пісьменніцкімі арганізацыямі і з асобнымі пісьменнікамі ў іншых краінах. Запрашаючы мноства літаратараў на з’езды пісьменнікаў ці на юбілеі класікаў нашай нацыянальнай літаратуры, мы знаходзім фінансавую і арганізацыйную падтрымку з боку дзяржаўных органаў.

—  Ці чытаеце вы сёння замежную літаратуру?

— Так, зразумела, чытаю. Тое, што мне даступна — на азербайджанскай, рускай і турэцкай мовах.

— Наколькі вам відаць з Баку сучасная беларуская літаратура? Ці помніце вы, ці помніць яшчэ, на ваш погляд, азербайджанскі чытач Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Івана Шамякіна?

— Я высока цаню творчасць і грамадзянскую пазіцыю Васіля Быкава. А з Алесем Адамовічам мы разам вучыліся ў Маскве, на Вышэйшых сцэнарных курсах. У мяне засталіся самыя цёплыя ўспаміны ад кантактавання з ім. Высока цаню яго дакументальныя кнігі.

— У савецкі час быў такі лозунг — “Дружба народаў — дружба літаратур”. Ці актуальны ён зараз? Ці можа мастацкая літааратура зблізіць народы?

— На мой погляд, толькі яна, мастацкая літаратура, як і мастацтва ўвогуле, могуць зблізіць народы, здольныя садзейнічаць таму, каб народы лепей пазналі адзін аднаго. Можа, нават гэта болей актуальна, чым у савецкія гады, калі такая “дружба народаў” афіцыйна дэкларавалася і рэгламентавалася. Сёння літаратура, як ніколі, можа зблізіць народы. Цяпер гэты працэс можа быць болей неабходным, арганічным, натуральным і, калі хочаце, шчырым.

— Не сакрэт, што мы жывём у век інавацый і тэхналогій. Як вы ставіцеся да таго, што моладзь усё меней наведвае бібліятэкі і ўсё болей звяртаецца да электроннай кнігі?

— Стаўлюся да гэтага з горыччу. І ў гэты ж час усведамляю гэта як непазбежныя павевы нашых дзён.

— Якія, на ваш погляд, тры кнігі павінен прачытаць кожны чалавек?

— Калі аднесціся да гэтага пытання з рэлігійнага пункту гледжання, то відавочна, што гэтыя дзве самыя важныя кнігі: Біблія – з Новым і Старым Запаветам і Каран. Але калі аднесці пытанне да мастацкай літаратуры, то выбраць толькі тры кнігі са скарбніцы сусветнай белетрыстыкі – усё ж невырашальная задача.

— А якую кнігу вы назвалі б галоўнай для азербайджанскага народа?

— На мой, магчыма, суб’ектыўны погляд, такой кнігай з’яўляецца несмяротны эпас нашага народа “Кітабі Дзедэ Гаргуда”, да якога я звяртаўся і звяртаюся ў самыя розныя часіны майго жыцця. Па матывах гэтага эпаса я напісаў аповесць і сцэнарый двухсерыйнага мастацкага фільма “Святло патухлых вогнішчаў”, а таксама эсэ “Свет Дзедэ Гаргуда”.

— Якая праблематыка сёння найболей актуальная, найболей папулярная ў азербайджанскіх пісьменнікаў?

— Відаць, адзінай характарыстыкі для ўсёй сучаснай літаратуры не выпрацуеш. Ёсць у сучаснай прозе творы без нейкага маральнага, духоўнага зместу, але ёсць і сапраўдныя ўзоры мастацтва Слова, у якіх маральны імператыў арганічна спалучаецца з эстэтычнымі вартасцямі. Чытачы таксама розныя — адных цікавіць голы сюжэт без усялякага маралізатарства, для другіх важнай падаецца філасофская глыбіня твора.

— Вы цікавіцеся крытычнымі выступленнямі ў дачыненні да вашых твораў?

— Канечне, удумлівая крытыка, калі яна нават суровая, для мяне важней за усялякія дыфірамбы. Але я не ўспрымаю злобнасць, замешаную на зайдрасці і нянавісці.

— Вы яшчэ і сцэнарыст і рэжысёр. Раскажыце пра свае самыя ўражлівыя, на ваш погляд, працы ў кінематографе?

— Наколькі яны ўражлівыя, яркія, меркаваць не мне. Па маіх сцэнарыях знята ці не пятнаццаць фільмаў, у трох з іх я выступаю і ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка. Фільмы “Узеір Гаджыбекаў. Акорды доўгага жыцця” і “Акно смутку” я зняў адзін, самастойна. А вось “Юбілей Дантэ” разам са светлай памяці Гюльбеніз Азімзадэ.

— Пытанне гіпатэтычнае… Калі хтосьці з замежных пісьменнікаў прыедзе ў Азербайджан на месяц-другі ці, можа быць, на паўгода, з мэтай напісаць кнігу пра Азербайджан, з чаго б вы яму параілі пачаць? Якую з’яву ён павінен апісаць?

— Я параіў бы гэтаму гіпатэтычнаму аўтару, перш-наперш, падрабязна азнаёміцца з гісторыяй нашага народа і ўнікліва падыйсці да самай цяжкай, самай складанай праблемы на сённяшні дзень — карабахскай бяды. Усвядоміць тую трагічную рэальнасць, што 20 працэнтаў нашай этнічнай тэрыторыі акупіравана суседняй дзяржавай. Здзейснена гэта было не без дапамогі трэціх сіл, у выніку мы маем мільён уцекачоў і вымушаных перасяленцаў.

 

Гутарыў Кастусь Ладуцька.

Баку – Мінск.

 

Прочитано 3486 раз