У невялікай астраўной дзяржаве ў Міжземным моры з 6 па 10 лістапада 2019 года пройдзе Мальційскі міжнародны кніжны фестываль. Сярод запрошаных – і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Некалькі слоў пра маштаб фестываля ў краіне, насельніцтва якой усяго меней за паўмільёна чалавек. Удзел у свяце кнігі прымуць удзел госці з 8 краін свету. Свае кніжныя здабыткі пакажуць болей як 40 экспанентаў. Адкрыецца фестываль канферэнцыяй «Дзіўныя новыя сусветы», прысвечанай літаратурным жанрам навуковай фантастыкі і фэнтэзі. Удзел у канферэнцыі прымаюць пісьменнікі Мальты, Бельгіі, ЗША, Вялікабрытаніі.
На працягу 5 дзён наведвальнікаў выстаўкі чакаюць сустрэчы з паэтамі, празаікамі, публіцыстамі, прэзентацыі кніжных навінак, рознага характару кнігавыдавецкія і кнігагандлёвыя семінары. Усяго запланавана болей 80 мерапрыемстваў на розных пляцоўках. Асаблівая ўвага нададзена школьнікам, студэнтам, пытанням выдання адукацыйнай, асветніцкай літаратуры. Дзеля гэтага распрацавана спецыяльная праграма, якая ўключае ў сябе тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы, чытанні, дыскусіі.
Таксама будуць падведзены вынікі Нацыянальнай літаратурнай прэміі Мальты і дзіцячай прэміі Terramaxka Prize.
Сяргей Шычко