Четверг, 03 12 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Добрае сэрца Івана Навуменкі

  • Четверг, 01 марта 2018 08:25

У Мінску прэзентавалі 10-томны збор твораў вядомага пісьменніка і кнігу ўспамінаў пра яго

Такіх людзей, як Іван Навуменка (1925-2006), называюць: чалавек-эпоха. І сапраўды, шмат усяго ўмясціла ягонае жыццё. Івану Якаўлевічу 16 лютага споўнілася б 93 гады, і напярэдадні ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі быў прэзентаваны 10-томны збор твораў пісьменніка і кніга “Летуценнасць і вялікія здзяйсненні: Успаміны пра І. Я. Навуменку”. Ён атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі ў 1995-м, і з таго часу ніводзін ягоны калега ў краіне больш не ўдастойваўся такога высокага статусу. На імпрэзе ў бібліятэцы казалі: то быў чалавек яркі, таленавіты, неверагодна пазітыўны і душэўны. І што ён зрабіў вельмі шмат для развіцця беларускай літаратуры.

Іван Навуменка

Першыя вершы яго змясціла райгазета ў 1946 годзе. Аднак ён тое не лічыў пачаткам творчай кар’еры, бо найбольш поўна рэалізаваў талент як празаік. А вось у 55-м у часопісе “Маладосць” выйшлі яго першыя апавяданні “Сідар і Гараська” і “Эх, махорачка”, у 57-м — першы зборнік “Сямнаццатай вясной”. Іван, хлопец з палескіх Васілевічаў, 17-гадовым сустрэў вайну, быў падпольшчыкам, партызаніў на Гомельшчыне, а закончыў вайну байцом Чырвонай арміі. Вайна ж і стала галоўнай тэмай ягонай творчасці. Без усялякага пафасу, простай моваю пісаў ён пра лёсы людзей, пераважна трагічныя. У яго выйшла 12 зборнікаў апавяданняў і аповесцяў, 6 раманаў і амаль 200 навуковых артыкулаў і манаграфій па праблемах станаўлення беларускай літаратуры. Многія з твораў перакладзены на рускую, латышскую, літоўскую мовы.

Беларусь памятае свайго слаўнага сына. “Выданне 10-томнага збору твораў Івана Навуменкі — гэта даніна памяці пісьменніку, вучонаму, майму земляку і проста цікаваму чалавеку”, — адзначыў на прэзентацыі галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы й літаратуры НАН Беларусі Сцяпан Лаўшук. Гэта пад яго кіраўніцтвам творчы калектыў Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы працаваў над выданнем. Вучоны нагадаў, што 10 тамоў не толькі максімальна поўна ўтрымліваюць творчую спадчыну пісьменніка, але й фіксуюць усё багацце беларускай мовы, уводзяць чытача ў яе свет і могуць быць моўнай крыніцай для сучаснікаў: “Гэта золатавалютны рэзерв нашай літаратуры. Лепшага помніка пісьменніку, чым такі збор твораў, няма”.

Сцяпан Лаўшук распавёў, як ішла праца з рукапісным архівам, які прадаставіла сям’я пісьменніка. Уражаннямі пра сустрэчы з землякамі Івана Навуменкі ў Васілевічах, пра атмасферу таго гарадка падзяліўся Ігар Шаладонаў, старшы навуковы супрацоўнік згаданага Цэнтра, кандыдат філалагічных навук. Ён параўнаў Навуменку з зубрам, і тое падабенства, на яго думку, тычыцца “не толькі волатаўскіх фізічных дадзеных, але й яго грамадскага, навуковага і сацыяльнага статусу”.

Пра знакамітага бацьку расказвала дачка пісьменніка Валерыя, якую ў сям’і ўсё называлі Валяй: “Нас, дзяцей, было трое ў сям’і. Вясёлая была пара! Мы жылі па вуліцы Карла Маркса, 36. А суседзямі былі Караткевіч, Брыль, Гілевіч, Шамякін, Глебка, Вітка. З усімі склаліся ў нас вельмі добрыя стасункі: і з дзецьмі, і з бацькамі. Усе мы дома гаварылі толькі па-беларуску, нават тыя, у каго бацькі былі з Расіі. Потым, так склалася, ва ўсіх пісьменнікаў паміралі першымі жонкі. У Брыля і ў майго бацькі жонкі памерлі ў адзін год, Потым — у Шамякіна, Віткі... А ім, ужо не маладым, тое трэба было перажыць. У нашым пад’ездзе, як і ў гэтым жыцці, няма ўжо Караткевіча, Брыля, Шамякіна, Глебкі, Віткі. Пад’езд апусцеў. Яны сышлі, а разам з імі сышла цэлая эпоха. Я засталася апошняю, хто памятае, дзе чыя была кватэра, хто за кім сяліўся, якія стасункі былі між пісьменнікамі ды іх жонкамі”.

Кніга ўспамінаў пра Івана Навуменку — таксама важная для ўшанавання яго памяці. Сабраны ўспаміны вучоных, пісьменнікаў, землякоў, якія ў розны час перасякаліся з ім на жыццёвых дарогах. Тэксты напісалі, у прыватнасці, Серафім Андраюк, Раіса Баравікова, Алесь Жук, Ніна Загорская, Анатоль Вярцінскі, Васіль Якавенка ды іншыя — каля 50 чалавек.

А між тым, падаецца мне, у кнігі можа быць і працяг. І хочацца распавесці пра свае сустрэчы з Іванам Якаўлевічам. То былі 80-я гады. У будынку Прэзідыума Акадэміі навук пачаўся рамонт. І некаторых супрацоўнікаў адтуль перамясцілі ў суседні будынак: дзе цяпер Інстытут гісторыі. Там жа была лабараторыя Інстытута заалогіі, у якой я ставіла доследы. І ў калідорах я не раз сутыкалася з высокім чубатым мужчынам. І ён са мною заўсёды вітаўся. Што гэта віцэ-прэзідэнт АН БССР я й не ведала. Больш блізкае знаёмства з ім здарылася, калі я была цяжарнаю. Давялося тады пахвалявацца. Мне тэрміны падыходзяць — а жылля ў нашай маладой аспіранцкай сям’і няма. Вось і напісала гнеўны ліст у Прэзідыум: як жа так? Дзе той клопат пра навуковыя кадры, пра які часта кажуць з высокіх трыбун?

Праз нейкі час, помню, мяне запрасілі “на выхаваўчую гутарку” да віцэ-прэзідэнта Навуменкі. Добра накруціўшы нервы, я ўварвалася ў кабінет (іду ж на штурм!) і... проста ўваткнулася сваім жыватом — як самым галоўным аргументам... — у велізарнае цела Івана Якаўлевіча. Потым доўга падымала галаву, вочы ўверх. І нарэшце ўбачыла твар віцэ-прэзідэнта, якому належала мяне, гнеўную свавольніцу, выхоўваць. Гэта быў... той самы чубаты навуковец, з якім мы амаль год віталіся ў калідорах. Іван Якаўлевіч уважліва глядзеў на мяне зблізку. Магу ўявіць сабе, якім быў мой твар. Прычым, падалося мне, што яшчэ трохі, і ён ад такой хітрасці маёй рассмяецца. Ён жа ўстрымаўся, і ціха, неяк так па-бацькоўску кажа: “І што ж вы такія злосныя? Нараджаць хутка, а вы нервы сабе так дзераце... Абяцаю: да нараджэння дзіцяці будзеце жыць у маласямейцы. ... Ідзіце — і надта не нярвуйцеся”.

Так я без лішніх слоў упэўнілася, што высокія званні, пасады не змаглі знішчыць у вялікім і прыгожым чалавеку чалавечнасць. Сёння ж такія вось простыя, на першы погляд, якасці ў людзей, абцяжараных уладай і вялікімі грашыма, дамінуюць, як мне падаецца, рэдка. Прынамсі, мне чамусьці радзей такія асобы сустракаюцца. Але я ўжо ведаю на ўласным досведзе: бескарысліва рабіць дабро іншым — гэта, магчыма, і ёсць найвышэйшая ў жыцці асалода.

А сын мой, як і абяцаў віцэ-прэзідэнт, з роддома ўжо ўсяляўся ў маласямейку: яе нам далі! Так што вялікі дзякуй Івану Якаўлевічу за гэта.

Іна Ганчаровіч

Крыніца: Голас Радзімы № 9 (3561), чацвер, 1 сакавіка

Прочитано 6018 раз