Вторник, 22 08 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Некалькі прычын п(е)рачытаць Янку Брыля

  • Четверг, 03 августа 2017 09:46

Прызнайцеся шчыра, хто ў студэнцкія гады агораў «Птушкі і гнёзды», а ў школе — з задавальненнем чытаў гісторыю Даніка Мальца з аповесці «Сірочы хлеб»? Хто раз-пораз вяртаецца да дакументальнай аповесці «Я з вогненнай вёскі...», і хто хоць крыху ўяўляе адметнасці беларускай лірычнай мініяцюры? Калі вы на ўсе гэтыя пытанні адказалі «так, я», то тэкст, прыведзены ніжэй, можна прагартаць. А проста для сябе адзначыць, што заўтра спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля і, магчыма, такі перачытаць адну з яго мініяцюр. Проста для настрою. А вось калі адказы на «тэставыя пытанні» былі накшталт: «ну не», «а чаму адразу я?» ці (у самым горшым выпадку) «а хто такі Брыль?», «а я думаў, што «Сірочы хлеб» напісаў Шамякін», то паспрабую вас пераканаць, чаму варта хоць бы разгарнуць кнігу з прозвішчам Брыль на вокладцы і...

Трапіць у «плынь свядомасці»

Творы Янкі Брыля многія назавуць напісанымі «не для ўсіх», маўляў, гэта не просценькая белетрыстыка з захапляльным сюжэтам, але грунтоўныя тэксты, што засяроджваюць увагу найперш на ўнутраным свеце, псіхалагічным стане героя, развагах самога аўтара. Так, сапраўды, падчас складана, як па вузенькай сцежачцы, ісці следам за аўтарам, адгукацца на яго думкі і перажыванні. Але ў гэтым і цымус эсэістыкі, майстрам якой быў Янка Брыль.

Літаратуразнаўцы даўно напісалі, што галоўнае ў эсэістыцы — не знешнія, даволі размытыя, няўлоўныя прыкметы, а ўнутраная канцэпцыя чалавека, дзе індывідуальнасць узведзена ў звышкаштоўнасць. Таму эсэ і лірычная мініяцюра становяцца жанрамі, залежнымі ад знешніх абставін, часу. У беларускай літаратуры ў яе гістарычнай перспектыве эсэістыка перажывала перыяды росквіту і заняпаду, што былі абумоўленыя перадусім падзеямі ў сацыяльным, палітычным, эканамічным жыцці краіны. І тут, натуральна, усё працуе па правіле «ад адваротнага»: чым больш крытычнай, складанай становіцца сітуацыя ў грамадстве, тым актыўней развіваецца жанр. Таму і Янка Брыль найперш звяртаецца да складаных момантаў, падзей жыцця Беларусі, разглядае часы, калі Заходняя Беларусь адносілася да Польшчы, асэнсоўвае стан чалавека ў гады Вялікай Айчыннай вайны...

Жанры эсэ, лірычнай мініяцюры разам з мастацкім прыёмам «плыні свядомасці» (распрацаваным Джэймсам Джойсам і Вірджыніяй Вульф) у нашай літаратурнай прасторы чамусьці адпачатку ўспрымаліся як «еўрапейскія», не зусім характэрныя для беларускіх творцаў. Магчыма, уся справа у свабодзе выяўлення думак, разваг, выбары формы і зместу расказу. Пры гэтым расказу не пра знешнія падзеі, з'явы, а пра ўнутраныя перажыванні, змены настрою і стану душы.

Даследчыца Ганна Кісліцына слушна падкрэслівае, што Янку Брыля ў свой час называлі еўрапейцам найперш таму, што ён умела выкарыстоўваў жанры і метады, больш характэрныя для еўрапейскай традыцыі пісьма, валодаў свабодай самавыяўлення, а таксама скіроўваў уласную творчасць у філасофскае рэчышча, умеў суадносіць сцісласць формы з маштабнасцю ахопу рэчаіснасці. Так, яго папярэднікам быў Кузьма Чорны з глыбокай псіхалагічнасцю прозы, цэласным паказам герояў і іх думак, сапраўды раманным, глабальным мысленнем. Але Янка Брыль пайшоў далей найперш ва ўменні змясціць гэты чорнаўскі «цэлы свет» чалавека ў адну асобу і, галоўнае, паказаць яго.

Перанесціся ў часе

Тут я зноў прапаную нашым чытачам вярнуцца ў школу і згадаць урокі літаратуры, на якіх мы вывучалі аповесць Брыля «Сірочы хлеб». Не ведаю чаму, але гэты твор — па сутнасці, шэры па колеравай эмацыйнай гаме — помніцца надзвычай ярка. Магчыма, уся справа ў тыпах герояў, майстэрстве іх паказу, эмацыйнасці і ўменні аўтара трапіць «у яблычак» і не пакінуць чытача раўнадушным. Асабліва моцна твор адбіваецца на псіхіцы школьніка, нібыта рэзануе з яго ўнутраным станам. Ці, прынамсі, мне так помніцца з тых ужо досыць далёкіх гадоў. Але ён пакідае след і ў свядомасці дарослых. Да ўсяго яшчэ дадаецца і актуальнасць моўнага пытання, адметнасці маўленчых партрэтаў герояў і накладванне сацыяльных роляў на характары дзеючых асоб.

Гэта я да таго, што Янка Брыль выдатна ўмее не проста паказваць думкі і стан героя, але і адлюстроўвае іх у кантэксце часу, умоў, у якіх герой існуе. Праз адну аповесць мы бачым і эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі, і культурнае асяроддзе сялянства, і сістэму адукацыі. А галоўнае — разумеем, як сябе адчувалі людзі ў той час, можам спраецыраваць іх пачуцці на сябе і прынамсі гіпатэтычна адчуць самі. Абурыцца. Прыняць бок пратаганіста ці антаганіста. Ці хоць бы зрабіць допіс на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» і абмеркаваць уражанні з «фрэндамі».

Адзначыцца ў прасторы

Не, гаворка не пра лакалізаванасць тэксту, яго суаднесенасць з пэўнай кропкай на карце (гэтыя ўласцівасці таксама характэрныя для творчасці Янкі Брыля), але ва ўменні празаіка паказаць чытачу: ты знаходзішся тут і цяпер, у рэчаіснасці герояў, якіх я стварыў, намаляваў ці падгледзеў.

Так, гаворка ідзе пра знакамітыя брылёўскія «Ніжнія Байдуны», шматгалосыя, шматвектарныя, але, як ужо адзначаў у эсэ Альгерд Бахарэвіч (і тут я цалкам з ім згодная), у сваім змесце яны адлюстроўваюць абсалют. Існавання беларускай вёскі з яе нават некаторай абсурднасцю. Нашага народнага гумару. Народнай філасофіі. Умення смяяцца з сябе і кпіць з суседзяў. Выяўляць характары і бачыць у гэтым калейдаскопе сябе і сваё месца.

Убачыць майстэрства перакладчыка

Вышэйшым пілатажам перастварэння замежнага твора на роднай мове лічыцца такая праца, па якой складана зразумець, што гэты тэкст быў спачатку напісаны на чужой мове, у адпаведнасці з іншымі літаратурнымі традыцыямі. Калі казаць прасцей, то замежны тэкст, напрыклад, Шэкспіра, мусіць чытацца па-беларуску так, нібыта сам спадар Уільям нарадзіўся недзе пад Стоўбцамі і ўсё жыццё там пражыў. Таму задача перакладчыка — не толькі пераносіць сэнсы, але і нібыта адаптаваць іх пад вока, вуха, стыль мыслення і ўспрымання айчыннага чытача.

Дык вось, перакладчыцкая праца Янкі Брыля — а ён па-беларуску перастварыў прозу Канстанціна Паустоўскага, Элізы Ажэшкі, Баляслава Пруса — прыклад якраз такога стылёва і метадалагічна бездакорнага майстэрства. І справа не толькі ў тым, што перакладаў ён з рускай і польскай моў, паказваў нацыянальныя характары, блізкія да беларусаў, але ў адметнасцях валодання словам, стылем, пабудове сказаў.

Пераканацца, што талент можа перадавацца ў спадчыну

Ведаю, што сам унук выдатнага пісьменніка, таксама ўжо досыць вядомы ў нашых літаратурных колах празаік і перакладчык, Антон Францішак Брыль будзе, прынамсі, крыху незадаволены такім маім выказваннем. Але нямногія з нашых слынных творцаў могуць пахваліцца дынастычнымі традыцыямі. Так, дзеці, унукі вядомых літаратараў часта выбіраюць творчыя прафесіі: становяцца мастакамі, музыкантамі, дызайнерамі, але рэдка працягваюць менавіта слоўную творчасць. І тут сям'я Янкі Брыля — выдатны прыклад пераемнасці таленту ад дзеда да ўнука.

Параўнанне творчасці Янкі Брыля і Антона Францішка Брыля ў літаратуразнаўчым метадалагічным аспекце стала б маветонам, ды я і не збіраюся гэтага рабіць. Але адзначу толькі адну, напэўна, самую відавочную рысу, што яднае дзеда і ўнука, — гэта найперш удумлівасць, грунтоўнасць, вернасць сабе і свайму слову, абранаму шляху ў творчасці.

Спадзяюся, што нас яшчэ чакаюць новыя гарызонты, новыя літаратурныя адкрыцці: ці ў перачытаных творах дзядулі Брыля, ці ў новых перакладах, аўтарскай гістарычнай прозе яго ўнука.

Марына ВЕСЯЛУХА

Крынiца: Звязда

Прочитано 59 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии