Суббота, 21 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Львоўскія паэты – на беларускай мове

  • Воскресенье, 13 августа 2017 00:09

Падрыхтавана да выдання анталогія львоўскіх паэтаў на беларускай мове.

Магчыма, гэта і занадта гучна сказана: анталогія  – у дачыненні ўсяго толькі да зборніка паэзіі майстроў мастацкага слова з Львова і Львоўшчыны, блізкіх ваколіц старажытнага, багатага на гісторыю цэнтра украінскай, славянскай культуры.

“Калінаў мост” – так называецца зборнік, які падрыхтаваны да друку ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” і аб’яднаў пад адной вокладкай вершы паэтаў Івана Франка, Багдана-Нестара Лепкага, Антона Шмігельскага, Багдана-Ігара Антоніча, Міколы Пятрэнкі, Расціслава Братуня, Івана Гнацюка, Дмытра Паўлычкі, Уладзіміра Лучука, Рамана Лубкіўскага, Аксаны Сенатовіч, Рамана Кудлыка, Міколы Красюка, Яраславы Паўлычкі, Галіны Турэлік, Вольгі Кіс… Шаснаццаць паэтаў, якім дарогу да беларускага чытача дапамаглі адолець улюбёны ва украінскую культуру, літаратуру выпускнік Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта Уладзімір Караткевіч, Міхась Калачынскі, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Язэп Семяжон, Вячаслаў Рагойша, Уладзімір Марук, Сяргей Панізьнік.

У прадмове да выдання Сяргей Панізьнік зазначае наступнае: “… Уявім вось гэты зборнік перакладаў калінавым мастом між Львовам і Мінскам. Сястрыца Музы – Весталка падказала мне, што і ў нашай, і ва ўкраінскай міфалогіі згадваецца “калінавы мост”, які злучаў берагі межавай ракі, звязваў чалавечую айкумену з іншасветам. А выдадзеная кніга яднае творчых асобаў, каб ускалыхнуць натхненнем мацярык нашай духоўнай еднасці.

Вось ён, чаканы зборнік! Хай будзе новым літаратурным калінавым мастом між гарадамі –пабрацімамі. Калі ўчытаецеся ў пераклады вершаў са скарбаў ці не трох пакаленняў львоўскіх паэтаў, і вы на гэтым масту будзеце ступаць па мерыдыянах і паралелях нацыянальных параметраў двух народаў. Існасць творцаў, каларыт нашай векавой садружнасці-сутворчасці – не перакладаецца і рыфмаванымі радкамі, Патаема духоўных повязяў – у выдыху таленту. А гэтым інтэлектуальным выдыхам і з’яўляецца вось гэты зборнік.

Сястрыца Музы – Весталка падказвае, калі чуліся першыя крокі праходкі па калінавым масту між Львовам і Мінскам…”

Сяргей Панізьнік у 1963 – 1967 гады вучыўся ў Львове на ваеннага журналіста. І разам з засваеннем вайсковай практыкі, вайсковых навук, разам з авалодваннем журналісцкай прафесіяй ён вырастаў у беларускага, чуйнага і да братняй украінскай мастацкай прасторы, паэта. З таго львоўскага часу – і яго, Сяргея Панізьніка, уяўленні пра Івана Франка, пра Львоў у звязках з Беларуссю, з таго часу – знаёмствы з львоўскай літаратурнай, культурнай і, відавочна, нацыянальнай атмасферай.

А Львоў жа, яго блізкія і далёкія ваколіцы, Явараў, Ярэмча, Ужгарад, Івана-Франкоўск, Луцк, Астрог, Заходняя Украіна ўвогуле сапраўды пераплецены з Беларуссю самым цесным чынам. Возьмем хаця б, да прыкладу, і такі факт. У 1909 годзе ў Львове выходзіць брашура тады маладога гісторыка і публіцыста Івана Крыпякевіча “Білоруси“, у якой аўтар выказаў і такія праніклівыя, надзвычай цёплыя словы: “Сярод беларусаў знайшлі мы шчырых сяброў і суседзяў. А іначай не магло быць. Амаль усю мінуўшчыну пражылі мы разам з беларусамі; ніколі не было між двума народамі якой-небудзь нязгоды… У долі і нядолі ішлі мы ўсе разам”.  Дарэчы, сёлета, у 2017 годзе,  – 150 гадоў з дня нараджэння Івана Крыпякевіча, акадэміка Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны, аднаго з найцікавейшых гісторыкаў Украіны. Мо “Калінавы мост” і гэтай даце пазнака..?

Ёсць і другая дата, пазначаная ў эмацыйнай прадмове Сяргея Панізьніка, дата, памятная яму асабіста… У 1967 годзе ў Львове прайшоў вечар сучаснай беларускай паэзіі. Удзельнічала ў ім беларуская паэтэса, перакладчыца Валянціна Коўтун. А з украінскага боку – У. Маторны, К. Трафімовіч, І. Дзенісюк, М. Ільніцкі, Р. Лубкіўскі, У. Лучук, М. Пятрэнка, Я. Паўлычка… А яшчэ ў 1987 і 1992 гадах праходзілі ў Львове вечары памяці Максіма Багдановіча… Праходзілі яны і ў іншыя гады. Я ўзяў у разлік толькі даты, якія можна прывязаць да юбілейнага характару. А ў Мінску ў 1997 годзе Купалаўскі музей правёў вечар у знак 90-годдзя першага беларускага замежнага музея, створанага Іларыёнам Свянціцкім. У тым самым 1997  годзе Сяргей Панізьнік выдаў сваю кнігу перакладаў. І былі ў ёй вершы львавян – Б. І. Антоніча, Р. Братуня, І. Гнацюка, В. Грабоўскага, Р. Качурыўскага, І. Франка… Так што, сёлета новая кніга перакладаў, кніга дружбы проста абавязана пабачыць свет. Усе юбілейныя падставы на тое ёсць. Што ўжо казаць пра 500-годдзе беларускага кнігадрукавання – не чужое і украінцам свята.

Я дзіўны бачыў сон. Перада мной нібыта

Ў пустэльнай дзікасці бязмежнае плато

І я, сталёвым ланцугом абвіты,

Стаю пад скальнай стромаю з граніту,

А далей тысячы такіх, як я, братоў.

 

Чало ва ўсіх журбой жыцця ўзарана,

І ў кожнага ў вачах гарыць любові жар,

І на руках ва ўсіх гадзюкамі кайданы,

І плечы кожнага дадолу пазгінаны,

Бо нейкі страшны ўсіх гняце цяжар.

У руках у кожнага цяжкі жалезны молат,

І зверху – кліч да нас, пярунам над зямлёй:

“Дзяўбіце гэты ўцёс! Няхай спякота й холад

Не спыняць вас! Выносьце працу, смагу й голад,

Бо ВАМ прызначана скрушыць у друз скаллё!” –,

прачытваем мы следам за Уладзімірам Караткевічам верш неўміручага класіка ўкраінскай нацыянальнай літаратуры Івана Франка “Каменяры”.

Многія творы са зборніка украінскіх паэтаў – вершы пра Беларусь, вершы, звязаныя з Беларуссю. Як, напрыклад, “Сонца над песняю М. Багдановіча” Міколы Пятрэнкі (пераклад Уладзіміра Марука). “Беларусь – высокая сінеча,/ Беларусь – зялёны аксаміт./ Ды чаму здаецца – як на сечы,/ Звоняць шаблі, звоняць шчыт аб шчыт?..” І далей: “Беларусь, разбі няволі крыгі,/ Орды крывасмокаў прагані!../Бач, Скарына, падае нам кнігу/ Вольнасці, любові, дабрыні”… Некалькі слоў пра аўтара верша. Мікола Пятрэнка нарадзіўся ў 1925 годзе. На Палтаўшчыне. У час акупацыі Украіны нямецка-фашысцкімі захопнікамі быў вывезены ў Германію, тры гады прабыў у гітлераўскім канцлагеры. Пасля вайны працаваў на рыбных промыслах на Камчатцы. Затым – у рэдакцыі раённай газеты на Львоўшчыне. Шмат гадоў аддаў журналістыцы. І ўвесь час пісаў вершы. Аўтар кніг паэзіі “Дні юнацтва” (1957), “Сэрцам палаючым” (1959), “Вясновы засеў” (1961), “Крутыя берагі” (1962), “Гранатавыя вехі” (1964), “Расяная рунь” (1964) і іншых.

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін сярод напісанага Расціславам Братунем  (1927 – 1995) знайшоў верш “У Араў-парку”… Пра еднасць культур, народаў, еднасць сапраўднага паэтычнага веравызнання – гэты твор. Бо ў Араў –парку сыйшліся помнікі паэтам-класікам.

Не быць тут звадзе!

Бярыце прыклад, пакаленні:

Тарас бунтоўны на левадзе

Узняўся ў вогненным імкненні;

І Пушкін з маладым парывам

З Уітменам душу з’ядналі.

Паэты тым спрадвек шчаслівы,

Што іх не разлучаюць далі.

Звінела Беларусі мова,

Світаннем неба абдымала.

Ішоў здалёк раскутым словам

З вітаннем маладым Купала.

Іван Гнацюк (1929 – 2005) – паэт-лагернік, адбываў пакаранне на Калыме. Пасля вызвалення быў выгнаны за межы Заходняй Украіны. Аўтар кніг “Каліна” (1966), “Смага” (1970), “Барэльефы памяці” (1977) і інш. У часопісах ужо пасля смерці паэта былі надрукаваны яго вершы, напісаныя ў калымскіх сталінскіх канцлагерах. Іван Гнацюк перакладаў вершы польскіх, сербскіх і беларускіх паэтаў. Да верша Івана Гнацюка “Над сіняю затокаю надзеі” – эпіграф з Максіма Багдановіча. І верш, канешне ж, прысвечаны Максіму… Падборка украінскага паэта ў кнізе “Калінавы мост” складаецца з вершаў, якія былі перакладзены вялікім сябрам украінскай літаратуры Уладзімірам Караткевічам.

Ёмістай падборкай прадстаўлены Уладзімір Лучук (1934 – 1992). Адкрываецца яго раздзел вершам “ Пачатак Якуба Коласа”. “З народа вырас – гэтак паўстае/ з палеткаў урадлівых чуйны колас…/ І Слова, чары выдаўшы свае,/ пацалавала, і сказала ўголас:/ – Адданае табе да скону я – / ты мне, паэт, не здрадзь у ачмурэнні,/ у душы праўду сей – зямля твая/ яшчэ ўзгадуе новыя карэнні!.."Перакладчык – Сяргей Панізьнік. У сваёй перакладчыцкай дзейнасці Уладзімір Лучук асаблівую любоў праявіў да Беларусі (гэта відаць па зборніках “Важкасць”, 1967, і “Сябры”, 1987).

Нельга не сказаць пра повязь з Беларуссю паэта Рамана Лубкіўскага (1941 – 2015). Ён працяглы час узначальваў Львоўскую пісьменніцкую арганізацыю. З’яўляецца адным з заснаальнікаў Міжнароднага фонду Янкі Купалы. Укладальнік кніг “Максім Багдановіч. Страцім-Лебедзь” (2002) і “Шаўчэнкава дарога ў Беларусь” (2004). Як паэма вялікай любові да Беларусі чытаецца верш Рамана Лубкіўскага “Снягі Беларусі” з прысвячэннем: “Балгарскаму паэту Андрэю Германаву, аўтару верша “Беларускі снег”. “Андрэй, гэты снег шлях і мне перабег,/ Забавіў, здзівіў, счараваў і мяне ён./ Палоніў і долы, і долю няўспех,/ Праз пушчы праходзіў аленем завейным…”.

“Калінавы мост” – толькі самы пачатак, усяго толькі подступы да вялікай напружанай работы, якая павінна выліцца ў беларускамоўную анталогію паэзіі Львоўшчыны, а мо і ўсяе Заходняй Украіны. Анталогію, якая складзецца з вершаў паэтаў розных пакаленняў, якія выпеставаны Львоўшчынай, Іванава-Франкоўшчынай, Ровеншчынай, Чарнавіцкай старонкай, Хмяльніччынай, Цярнопальшчынай, Закарпаццем, Валыншчынай… І тады беларускія перакладчыкі не забудуцца пра паэтаў Івана Андрусяка, Уладзіміра Барну, Андрэя Бондара, Рыгора Варабкевіча, Восіпа Макавея, Паўла Гірныка, Міхайлы Грыгорыва, Антона Паўлюка і шмат яшчэ каго іншага ўспомняць… Паэзія Заходняй Украіны, класічная і сучасная, – сапраўдны неабсяжны прастор, уважлівае памкненне да даляглядаў якога ўзбагаціць і беларускую нацыянальную паэзію, беларускае мастацкае слова.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 237 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии