Вторник, 24 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Нечаканыя думкі пра Янку Купалу

  • Вторник, 26 сентября 2017 08:38

Краязнавец, літаратуразнавец, бібліяфіл з Маладзечна Міхась Казлоўскі творы свайго земляка — Янкі Купалы — можа чытаць на памяць некалькі гадзін... І ў любы зручны момант дзеліцца з прысутнымі сваімі даследаваннямі пра песняра. Можа, гэта і ёсць сапраўдная любоў да класіка — прапушчаная праз сваё сэрца: калі адчуваецца і боль, і радасць таго, хто тварыў амаль стагоддзе таму. Краязнавец выказаў цікавую думку, што Купала — геніяльны паэт, але яго вялікая трагедыя ў тым, што ён не прачытаны... Тое ж меркаванне (што не ведаем мы належным чынам твораў свайго песняра) рэфрэнам гучала і на паэтычным пленэры памяці Таццяны Сапач у Маркаве. Менавіта там удалося запісаць некалькі арыгінальных і нечаканых тэзісаў Міхася Казлоўскага пра Янку Купалу.

Вацлаў Ластоўскі на авансцэне

«Асабіста для мяне самы нецікавы перыяд творчасці Янкі Купалы — 1906—1910 гады, калі выходзілі яго зборнікі «Жалейка» і «Гусляр», — заўважае Казлоўскі. — Бо Купала, як і большасць беларускіх пісьменнікаў, арыентаваўся тады на сялянскую тэматыку. Увесь зборнік — сацыяльнай скіраванасці — гэта адвечны плач, енк. У лепшым выпадку ён падымаецца на ўзровень роднай мовы. Акурат гэтыя творы і вывучаюць у школе.

Аднак у 1910-м годзе адбываецца рэзкае ператварэнне Купалы з паэта сацыяльнага ў нацыянальнага трыбуна. Пра гэта вельмі трапна сказаў Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» 1920 года. Ён сказаў, што Колас — гэта глыбокасацыяльны, народны пісьменнік ад зямлі, а Купала — нацыянальны паэт, які кліча на барыкады.

Калі ж адбыўся ў яго жыцці той самы пераломны момант?.. Нават адзін чалавек, які з'яўляецца на авансцэне гісторыі, можа змяніць ход падзей. У 1910 годзе ў Вільню з Рыгі вяртаецца малады чалавек, які робіцца сакратаром «Нашай Нівы». Гэта быў Вацлаў Ластоўскі — асоба, якой мы не аддалі належнага, нават на 10—20% ад таго, што яна заслугоўвае. Ластоўскі ўсё разумеў, некаторыя рэчы адчуваў інтуітыўна. І пачаў рабіць так, як ніхто іншы з нашаніўцаў.

Ластоўскі задумаўся, з чаго пачынаюць адраджэнне ў любой краіне? Калі нараджаецца пэўная нацыя, найперш выходзіць слоўнік, ствараюцца граматыкі, пішацца гісторыя, пачынае працаваць нацыянальны тэатр і г. д. Ён убачыў, што новая беларуская літаратура ўжо існуе каторы год (Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч). Але напісаных гісторыі, граматыкі няма! А што такое народ без гісторыі? Гэта народ без крылаў.

Вацлаў Ластоўскі ўзяўся пісаць гісторыю, хоць, як ён сам некалькі разоў пісаў, яна з'яўлялася кампіляцыйнай — асаблівых даследаванняў не рабіў, проста сабраў разам тое, што ўжо было вывучана. Але гэта гісторыя была напісана беларусам, па-беларуску і пра Беларусь. Гэта была першая такая праца. І Купалу падмянілі: ён прысвячае Ластоўскаму некалькі вершаў, напрыклад «Песню званара» (хаця пазней гэтыя прысвячэнні будуць знятыя). Купала дыяметральна змяняе напрамак сваёй паэзіі. Сацыяльная тэма цікавіць яго ўсё менш і менш. Варта чытаць Купалу з 1910 па 1926 год — гэта зусім іншы паэт. Тады пясняр напісаў «Прарока», з'явіўся этапны ў яго творчасці зборнік «Шляхам жыцця». У гэтых творах ужо іншая тэматыка. Гэта гістарычнае, слаўнае мінулае Беларусі. Любоў да сваёй зямлі, прыроды, жанчын. Ён піша геніяльныя паэмы — «Курган», «На куццю». У апошняй закладзена жыццёвае крэда пісьменніка, якое вызначыць і яго далейшую творчасць.

Палітра беларускіх тыпажоў

Кожны паэт піша пра сваю нацыю і пра свой народ. І робіць гэта ўласным адметным голасам. Купала ў сваёй асаблівай стылістыцы сказаў пра беларусаў усё — і плюсы нашы, і мінусы раскрыў. Напрыклад, негатыўныя якасці яскрава вымалёўваюцца ў купалаўскім «Прароку». У гэтым творы прарок хадзіў па краінах і заклікаў усіх да святла, да праўды, да сонца, да светлай будучыні. Многія народы прыслухоўваліся, ішлі следам, дапамагалі яму, да нечага імкнуліся. Прыйшоў прарок «у край забраны», дзе людзі нават імя свайго не памятаюць, і пачаў рабіць тыя ж заклікі. А народ яму адказаў: «Па колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой?..»

У «Тутэйшых» таксама створана надзвычай яскравая палітра нашых тыпажоў. Многія рысы выразна відаць у Янку Здольніку. Усходні і Заходні вучоныя там дарэчы. І ўсе мы ў Купалы ёсць... У «Паўлінцы» асаблівасці мясцовага характару таксама прапісаны. «Раскіданае гняздо» ўвогуле не прачыталі: нам крытыкі калісьці ўклалі ў галаву, што гэта сацыяльная драма, дзе паніч згвалціў Зоську, дзе ідзе барацьба за зямлю... Праўда, ніхто не акцэнтуе ўвагу на апошніх радках, у якіх на пытанне «Куды яны ідуць?» даецца адказ «Па Бацькаўшчыну». Трэба ўспрымаць гэта як алегарычную паэму. І вобраз Зоські — не што іншае як вобраз Беларусі, а паніч не хто іншы як нашы суседзі.

Адным словам, Купалу мы не прачыталі. Ні паэмы яго, ні публіцыстыку. Трэба чытаць яго публіцыстыку нашаніўскай пары і 1918—1920 гадоў — часоў станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Ён усё прадбачыў і разумеў.

Унутраная эміграцыя

Многія носяцца з купалаўскай спадчынай. Часам можна пачуць, маўляў, нельга яго чытаць, ён кан'юнктуршчык... Але каб усе, хто так кажа, самі трапілі ў тую сітуацыю, у самыя страшныя 1930-я гады... У той змрочны час Купала і Колас нікуды не з'ехалі, а засталіся тут, са сваімі сем'ямі.

Наконт купалаўскай творчасці сталінскіх часоў вядуцца спрэчкі, сам ён пісаў ці не? Я мяркую, што сам. Аднак калі паглядзець на якасць твораў і, самае галоўнае, на колькасць... З 1930 па 1942 год ён стварыў мізэр у параўнанні з тым, што напісаў да таго. У каго Купала перакваліфікаваўся і чым пачаў займацца? Перакладамі. Ён, па сутнасці, пайшоў ва ўнутраную эміграцыю. Паэт перакладаў Пушкіна, Шаўчэнку. А свайго пісаў мала ці зусім нічога. А пра тое, як Купала і Колас самі думалі пра сваю тагачасную творчасць, можна прачытаць у рамане-эсэ Алега Лойкі пра Янку Купалу «Агонь як вада». Абодва класікі разумелі, што гэта дрэнныя творы, і адкрыта казалі пра тое адно аднаму».

* * *

Пасля такой сур'ёзнай размовы з Міхасём Казлоўскім ёсць над чым задумацца. Недаацэненая спадчына самага важнага класіка — гэта нібы скарб, які застаецца за зачыненымі дзвярыма. Адразу захацелася перачытаць Купалу... усяго — а найперш тое, што было створана з 1910 па 1926 год. Разгарнула паэму «На куццю», напісаную ў 1911 годзе:

«...Ня ўмруць,

ня ўмруць ужо яны,

Раз хочуць сонца,

славы, песьні;

Заб'юць ім зычныя званы

Прабудным

звонам напрадвесьні...

На дзеле —

кожны йшчэ слугой,

У думках —

вольныя ўжо людзі;

Над сэрцам іх, над іх душой

Наш дух лунаці

вечна будзе».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Крынiца: Звязда

Прочитано 99 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии