Вторник, 24 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

З малітвай аб міры

  • Понедельник, 09 октября 2017 09:49

«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея, прысвечанага творчасці Алеся Адамовіча.


Наталля Адамовіч на фотавыставе, прысвечанай здымкам фільма «Ідзі і глядзі», у Магілёўскай абласной бібліятэцы, 2016 год.

Наталля Адамовіч на фотавыставе, прысвечанай здымкам фільма «Ідзі і глядзі», у Магілёўскай абласной бібліятэцы, 2016 год.

Напэўна, шмат хто з нас зведваў пачуццё гонару, калі на нядаўнім прэстыжным Венецыянскім кінафестывалі пераможна прагучала імя нашага славутага земляка. Адрэстаўраваная на «Масфільме» кінастужка па сцэнарыі Алеся Адамовіча і Элема Клімава «Ідзі і глядзі» стала лепшай у конкурсе «Венецыянская класіка», вытрымаўшы канкурэнцыю сярод твораў сусветна вядомых мэтраў кіно Бернарда Берталучы і Стывена Спілберга.

Упершыню фільм выйшаў на экраны ў 1985 годзе і хутка абышоў увесь свет, выклікаўшы вялікі рэзананс. Стужка атрымала першую прэмію і «Залаты прыз» на XІV Маскоўскім кінафестывалі. Яе праглядзелі дзясяткі мільёнаў гледачоў. Такое пра вайну тады яшчэ ніхто не казаў. Цяпер фільм зноў нагадаў пра крохкасць свету. Пра трагедыю мірных жыхароў, у тым ліку з вёскі Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Аповесць «Карнікі», дзе Адамовіч пра гэта напісаў, лягла ў аснову экранізаванай ваеннай драмы. Таленавіты расійскі рэжысёр з шырокай душой і вялікім сэрцам Элем Клімаў моцна прасякнуўся творчасцю Адамовіча. Здымкі фільма «Ідзі і глядзі» ішлі цяжка і марудна, карціна атрымлівалася занадта жорсткай, і Клімаў неяк песімістычна выказаўся, што яе, напэўна, ніхто і глядзець не будзе. На што Адамовіч адказаў: «Хай не глядзяць. Але мы павінны пакінуць гэтую інфармацыю перад тым, як сыдзем на той свет. Пакінуць яе як сведчанне вайны, як маленне аб міры»...

У пачатку верасня мы адзначылі 90-годдзе пісьменніка. Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Бабруйскага раёна на працягу года правяла шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных яго творчасці, сумесна з супрацоўнікамі «Бабруйсккіно» знаёміла школьнікаў з літаратурнай спадчынай Адамовіча. У верасні сельскія бібліятэкі раёна запрасілі чытачоў на літаратурныя часы ў гонар юбіляра.

Душэўнай і цёплай атрымалася сустрэча дачкі пісьменніка Наталлі з мясцовым насельніцтвам 3 верасня ў Бабруйскай раённай бібліятэцы. Гучалі ўспаміны, дэманстраваліся ўрыўкі з «адамовіцкіх» кінастужак — дзве з паловай гадзіны праляцелі як адна хвіліна.

А перад гэтым было святкаванне юбілею ў Глушы, наведванне магілы Адамовіча з ускладаннем кветак, памятны вечар у пасялковым Доме культуры. Прыемнай нечаканасцю для Наталлі стала навіна пра тое, што жыхарка пасёлка Валянціна
Філіповіч перадала ў сельсавет кніжку Алеся Адамовіча «Шлях да майстэрства: Станаўленне мастацкага стылю Кузьмы Чорнага» з дароўным надпісам — цудоўны экспанат для будучага музея. «Сябру дзяцінства Івану Стэфанавічу «Рыжаму» на добрую памяць», — напісана рукой Адамовіча на форзацы кнігі і пазначана дата — 4.10.58. Той, каму ён яе падарыў, вучыўся з будучым пісьменнікам у школе і нават сядзеў з ім за адной партай. На жаль, мужчына нядаўна памёр. А жонка вырашыла, што кніга зможа папоўніць экспазіцыю будучага музея. Наталля вельмі перажывала, што не паспела сустрэцца з сябрам бацькі і нават нічога не ведала пра яго.

Вядома, што лепшым сведчаннем нашай удзячнасці пісьменніку быў бы музей у Глушы, пра які «Звязда» піша ўжо не першы год. За гэты час быў адкрыты разліковы рахунак для дабрачынных ахвяраванняў пры Бабруйскім райвыканкаме, пры гэтай жа ўстанове сёлета створана Назіральная рада пад старшынствам намесніка старшыні Бабруйскага райвыканкама Таццяны Варанко. Падчас першага яе пасяджэння было прынятае рашэнне аб перадачы грошай на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі. Пакуль агульнымі намаганнямі сабрана 11 800 рублёў, сума недастатковая для распрацоўкі праекта. Але абласны Цэнтр рэстаўрацыі пагаджаўся зрабіць яго на ўмовах спонсарства. На жаль, з верасня Цэнтр па рэстаўрацыі як самастойная арганізацыя ўжо не існуе, і пытанне з дакументацыяй зноў завісла.

У Бабруйскім райвыканкаме бачаць выйсце ў працягу збору грошай. Аднак рахунак з пачатку года, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Галіны Чарновай, не папаўняецца. І гэта, як запэўніла яна, нягледзячы на няспынную працу па папулярызацыі імя пісьменніка ўстановамі культуры раёна.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і член Назіральнай рады Антон Астаповіч, між тым, нагадвае, што без праектна-каштарыснай дакументацыі нельга разлічваць на сур'ёзныя спонсарскія грошы:

— Ёсць сістэма еўрапейскага фінансавання менавіта на рэстаўрацыю, стварэнне музеяў, але ж любыя еўрапейскія гранты можна ўзяць толькі тады, калі распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, якая прайшла экспертызу.

Збор сродкаў працягваецца. А заадно і папулярызацыя твораў пісьменніка. Нядаўна ў магілёўскім кінатэатры «Космас» двойчы прайшлі кінапаказы фільма «Ідзі і глядзі». А Магілёўская гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы распрацавала і ўжо абкатала экскурсійны маршрут з наведваннем адамовіцкіх мясцін у Глушы: Магілёў—Багушоўка—Глуша—Завалочыцы—Старыя Дарогі—Слуцк. Больш як 20 чалавек пабывалі ў перадапошнія вераснёўскія дні ў Глушы, потым наведалі магілу пісьменніка. «Нязручна было толькі тое, што прыйшлося шукаць будынак аптэкі, на рэканструкцыю якога збіраюцца грошы, — паведаміў старшыня арганізацыі Алег Дзьячкоў. — Было б прасцей, калі б насупраць дома і на павароце на могілкі стаялі паказальнікі».

Арганізацыя збіраецца распрацаваць буклет і раздаць яго па магілёўскіх турфірмах. Трэба, каб людзі ведалі, што ў іх ёсць яшчэ адна нагода для гонару за сваю Радзіму.


Нагадваем, што дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музей Алеся Адамовіча адкрыты пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама:

р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», код 760 г. Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Увага! Указанне назначэння плацяжу прынцыповае! Гэты доўгі сказ абавязкова павінен быць пазначаны на банкаўскім дакуменце.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Крынiца: Звязда

Прочитано 44 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии