Суббота, 20 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў “Маладосцi”. Кэтрын Мэнсфілд. Пераклады з англійскай

  • Воскресенье, 15 октября 2017 09:02

Кэтрын Мэнсфілд

 

Зморанасць Розабэль

 

На рагу Оксфард-стрыт Розабэль купіла букет фіялак — і менавіта з-за гэтага яна не змагла выпіць досыць гарбаты, а булачкі і варанага яйка з кубачкам какавы ў Лайанз наўрад ці хопіць, каб наесціся пасля цяжкага працоўнага дня ў майстэрні жаночых капелюшоў. Розабэль ускочыла на прыступку аўтобуса, прыўзняўшы спадніцу адной рукой, а другой схапіўшыся за поручань. Яна падумала, што душу аддала б за смачную вячэру: смажаная качка з зялёным гарошкам і начынкай з каштанаў, пудынг пад соусам з брэндзі — нешта гарачае, смачнае і сытнае. Яна села насупраць дзяўчыны прыкладна свайго ўзросту: тая чытала таннае выданне «Ганна Ламбард» у мяккай вокладцы, старонкі якой, быццам слязьмі, былі запырсканы дажджом. Розабэль паглядзела ў акно. Вуліца была размыта, бы ў смузе, але святло, якое бегала па шкле, аздабляла шэрасць вуліц срэбрам і апаламі, і ювелірныя майстэрні праз шкло здаваліся казачнымі палацамі. Яе ногі страшна намоклі, і яна магла не гледзячы сказаць, што спод яе верхняй і ніжняй спадніц пакрыты чорным, слізкім брудам.

Паветра ў аўтобусе поўнілася пахам цёплых чалавечых цел: ён, павалася, сачыўся з кожнага пасажыра, і ў кожнага быў такі ж самы выраз твару, той жа нерухомы позірк, утароплены проста наперад. Колькі разоў яна чытала гэтыя аб’явы: «Мыла “Саполіа” беражэ час, беражэ сілы», «Таматны соус Хайнц» і бязглуздая, прыкрая размова паміж урачом і суддзёй пра «Гарачкапаніжальны раствор солі ад ламоты». Розабэль зірнула на кніжку, якая відавочна захапіла дзяўчыну, бо тая бязгучна варушыла вуснамі, як і кожны раз аблізвала ўказальны і вялікі пальцы, каб перагарнуць старонку — менавіта тон, што Розабэль не выносіла. Розабэль не магла разгледзець усе словы. Нешта пра цёплую ноч, поўную пачуццяў, гукі аркестра і дзяўчыну з прыгожымі бледнымі плячыма. О Божухна! Розабэль расшпіліла два верхнія гузікі паліто… ёй здавалася, што яна зараз задыхнецца. Праз напаўпрыкрытыя вейкі твары ўсіх людзей на сядзеннях насупраць зліліся ў адзін твар з пустым позіркам…

Аўтобус пад’ехаў да яе прыпынку. Розабэль крыху спатыкнулася, калі выходзіла, і хістнулася да дзяўчыны насупраць.

— Выбачайце, калі ласка, — вымавіла Розабэль, але дзяўчына нават не адарвалася ад кнігі. Розабэль заўважыла: на яе твары блукала ўсмешка.

Вуліца Уэстбарн Гроўв выглядала такой, якой Розабэль заўсёды ўяўляла Венецыю ўначы — загадкавай і цёмнай, і нават двухколкі былі падобныя да гандол, што сноўдалі ў абодва бакі вуліцы, а іх цьмяныя ліхтарыкі — усяго толькі язычкі полымя, якія лізалі вільготныя камяні — да чароўных рыб у Гранд-канале. Яна адчувала неверагодную радасць дайсці да Рычманд-роўд, але ад самага рага вуліцы да дома нумар 26 яна магла думаць толькі пра тыя чатыры лесвічныя пралёты. О, ну навошта яны патрэбны, тыя чатыры пралёты! Гэта сапраўднае злачынства — вымушаць людзей жыць так высока. У кожным доме павінен быць пад’ёмнік, хаця б нешта простае і недарагое, ці замест яго электрычная лесвіца, як на станцыі Эрлс Корт. Але чатыры лесвічныя пралёты! Розабэль ледзь не заплакала, калі ўвайшла ў вестыбюль і ўбачыла першы пралёт і галаву чучала альбатроса на пляцоўцы, прывідную ў святле невялічкага газавага ражка. Аднак іх трэба было пераадолець. Караскацца па гэтых прыступках — гэта быццам узбірацца на ровары ўверх па стромкім узгорку, толькі без захапляльнага спуску з другога боку…

Урэшце — яе пакой! Яна зачыніла за сабой дзверы, запаліла газавы каганец, зняла капялюш і паліто, спадніцу і блузку, узяла з кручка за дзвярыма дамашні халат, апранула яго, расшнуравала чаравікі. Калі падумаць, яе панчохі былі не настолькі вільготныя — можна і не пераапранаць. Розабэль падышла да ўмывальніка. Сёння ў збане зноў амаль не было вады — ледзьве хапіла, каб намачыць губку. Эмаль на ўмывальніку патрэскалася і пачала абвальвацца — сёння Розабэль ўжо ў другі раз абадрала падбародак.

Было ўсяго сем гадзін вечара. Калі адхінуць фіранку і патушыць святло, будзе спакайней і яна зможа адпачыць. Розабэль не хацелася чытаць. Таму яна апусцілася на калені каля акна і склала рукі на падаконніку… Толькі падумаць, усяго толькі танюткі ліст шкла аддзяляе яе ад велізарнага вільготнага свету!

Яна думала пра ўсё, што здарылася з ёй у гэты дзень. Немагчыма забыць тую непрыемную жанчыну ў непрамакальным плашчы, якая шукала шапку з брылём: «нешта ліловае, аздобленае ружовым з абодвух бакоў». І дзяўчыну, якая перамерала ўсе капелюшы ў краме, а потым сказала, што «зойдзе заўтра, каб канчаткова вырашыць». Розабэль не магла схаваць усмешку: апраўданне старое, як свет…

Але сярод наведвальнікаў быў і нехта іншы — дзяўчына з прыгожымі рудымі валасамі, бялюткай скурай і вачыма колеру зялёных стужак з залатой ніткай, якія яны атрымалі з Парыжа на мінулым тыдні. Розабэль змагла разгледзець яе двухмесны механічны экіпаж ля дзвярэй. З дзяўчынай зайшоў даволі малады мужчына, вельмі добра апрануты.

— А што менавіта мне трэба, Гары? — спытала ў яго дзяўчына, пакуль Розабэль вынімала шпількі з яе капелюша, развязвала вуаль і падавала ёй люстэрка.

— Табе патрэбны чорны капялюш, — адказаў ён, — чорны капялюш з пяром, якое б ішло ўздоўж усяго капелюша, потым спускалася па тваёй шыі і завязвалася б банцікам пад падбародкам, а канец яго можна было б засунуць за пояс — сапраўды доўгае пяро.

Дзяўчына з усмешкай павярнулася да Розабэль.

— Ці ёсць у вас такія?

Ім было вельмі цяжка дагадзіць. Гары прасіў немагчымага — і Розабэль была ўжо амаль ў роспачы, але тут яна ўспомніла пра вялікую некранутую каробку наверсе.

— О, мадам, пачакайце хвілінку, — сказала яна. — Мне здаецца, я магу прапанаваць нешта, што вас задаволіць.

Яна, запыхаўшыся, узбегла наверх, разрэзала вяроўкі, раскідала абгортачную паперу і — так, вось ён, той самы капялюш. Даволі вялікі, мяккі, з доўгім закручаным пяром і чорнай аксамітавай ружай — нічога больш. Яны былі задаволены. Дзяўчына надзела яго, а потым аддала Розабэль.

— Давайце паглядзім, як ён выглядае на вас, — сур’ёзным тонам прапанавала яна, крыху нахмурыўшыся.

Розабэль падышла да люстэрка і надзела капялюш на свае цёмныя валасы, а потым павярнулася да іх.

— Ах, Гары, ну ці не цудоўны? — усклікнула дзяўчына. — Я проста мушу яго ўзяць!

Яна ўсміхаючыся зноў звярнулася да Розабэль:

— Ён так Вам пасуе!

Нечакана недарэчнае пачуццё злосці ахапіла Розабэль. Ёй захацелася шпурнуць гэтую мілую нетрывалую рэч дзяўчыне ў твар, і яна, паружавеўшы, схілілася над капелюшом.

— Ён вельмі вытанчана зроблены знутры, мадам, — сказала яна.

Дзяўчына выпырхнула з крамы, пакінуўшы Гары аплату і каробку з капелюшом.

— Трэба вярнуцца дадому і надзець яго на абед з табой, — данесліся да Розабэль яе словы.

Мужчына схіліўся над Розабэль, пакуль яна выпісвала рахунак; затым, калі ён адлічваў ёй грошы, спытаў:

— Цябе калі-небудзь малявалі?

— Не, — проста адказала Розабэль, неспадзявана ўлавіўшы лёгкую змену ў яго голасе — адценне дзёрзкасці, вольнасці.

— А павінны былі! — прамовіў Гары. — У цябе чартоўскі прывабная мініяцюрная постаць!

Розабэль зусім не слухала яго. Які ж ён прыгожы! Яна не магла думаць ні пра каго іншага ўвесь дзень: яго твар зачараваў яе. Яна і цяпер магла яскрава ўявіць яго ладныя прамыя бровы, валасы, якія крыху віліся толькі ад самага лба, яго вусны з ганарыстай усмешкай. Яна зноў бачыла, як яго зграбныя рукі адлічвалі грошы… Розабэль раптам адкінула валасы з твару, яе лоб гарэў… каб толькі тыя зграбныя рукі на імгненне датыкнуліся… Як жа пашэнціла той дзяўчыне!

А што, калі б Розабэль была на яе месцы? Яна б паехала з ім дадому; канешне, яны кахалі б адно аднаго, і хаця былі б яшчэ не заручаны, доўга чакаць гэтай падзеі не давялося б. Яна б сказала яму: «Я толькі на хвілінку». Ён застаўся бы чакаць яе ў экіпажы, пакуль яна паднімалася наверх са служанкай, якая несла каробку з капелюшом. Яны б увайшлі ў яе прасторную бела-ружовую спальню з ружамі ў простых срэбраных вазах. Яна б села перад люстрам, і невысокая служанка-францужанка завязала б стужкі на капелюшы і знайшла б ёй прыгожую тонкую вуаль і іншую пару белых замшавых пальчатак — ад той пары, што яна насіла раніцай, адарваўся гузік. Яна надушыла свае футры, і пальчаткі, і насоўку, потым схапіла вялікую муфту і збегла ўніз. Дварэцкі адчыніў дзверы: Гары чакаў яе, яны разам ад’ехалі ад дома… Вось гэта жыццё, падумала Розабэль! На шляху да раскошнага рэстарана яны спыніліся ля кветкавай крамы Джэрарда, дзе Гары набыў для яе мілы букецік фіялак і ўклаў яго ў яе рукі.

— Ох, яны чароўныя! — сказала яна, прытуліўшы кветкі да твару.

— Так мусіць быць заўсёды, — прамовіў Гары, — ты — з фіялкамі ў руках.

(Розабэль адчула, што яе калені здранцвелі. Яна села на падлогу і прыхілілася галавой да сцяны.) Гэта быў незабыўны абед! Стол, усыпаны кветкамі, аркестр, схаваны за пальмамі, музыка, якая, бы віно, разагравала яе кроў. Суп, і вустрыцы, і галубы, і лёгкае пюрэ, і, канешне, шампанскае, а потым кава і цыгарэты. Абапёршыся на стол, яна пагульвала з келіхам і гаварыла нешта з абаяльнай весялосцю, што так любіць Гары. Потым дзённы спектакль, які захапіў бы іх дваіх, і нарэшце гарбата ў «Катэджы».

— Цукар? Малако? Вяршкі?

Гэтыя дамашнія кароткія пытанні навявалі адчуванне прыемнай блізкасці. А прыцемкам зноў дадому, і фіялкі, здавалася, насычалі ўсё паветра сваім салодкім пахам.

— Я зайду за табой а дзявятай, — паабяцаў ён на развітанне.

Полымя гарэла ў каміне яе будуара, шторы былі завешаны, на століку чакаў стос лістоў — запрашэнні ў оперу, на вячэры, балы, выходныя ля ракі, аўтамабільны тур. Яна абыякава прагледзела іх, пакуль паднімалася наверх. У спальні таксама быў запалены камін, а на ложку ляжала яе раскошная бліскучая сукенка — белы цюль на серабрыстым, серабрыстыя чаравікі, серабрысты шалік і маленькі серабрысты веер. Розабэль ведала, што была самай прыкметнай жанчынай на балі тым вечарам. Мужчыны падыходзілі да яе з кампліментамі, замежны прынц таксама пажадаў пазнаёміцца з гэтым англійскім цудам. Так, гэта была ноч, поўная пачуццяў, і гукі аркестра, і яе прыгожыя бледныя плечы…

Але яна так стамілася! Гары адвёз яе дадому і на хвілінку затрымаўся. Камін у гасцёўні патух, але ў будуары яе яшчэ чакала сонная служанка. Розабэль зняла плашч, адпусціла служанку і стала ля каміна, сцягваючы пальчаткі. Святло ад агню зіхацела ў яе валасах. Гары падышоў да яе і схапіў ў абдымкі.

— Розабэль, Розабэль, Розабэль…

О, як спакойна ў гэтых руках, і яна так стамілася!

(Сапраўдная Розабэль, якая сядзела на падлозе ў цемры, засмяялася і прыціснула да гарачых вуснаў руку.)

Безумоўна, назаўтра яны паехалі ў парк, пра іх заручыны абвясцілі ў Прыдворным цыркуляры, і ўвесь сусвет ведаў, і ўвесь сусвет віншаваў яе…

Хутка яны ажаніліся ў саборы Святога Георга на плошчы Хановар і паехалі ў стары радавы маёнтак Гары на мядовы месяц. Сяляне віталі іх паклонамі і рэверансамі, калі яны праязджалі праз вёску. Ён сутаргава сціскаў яе далоні пад пледам. А ўвечары яна зноў апранула белую і серабрыстую сукенку. Яна вельмі стамілася пасля падарожжа і пайшла спаць… даволі рана…

Сапраўдная Розабэль паднялася з падлогі і павольна распранулася, павесіўшы адзенне на спінку крэсла. Яна накінула праз галаву сваю грубую паркалёвую начную кашулю і выняла з валасоў шпількі. Мяккія цёмныя валасы цёплымі хвалямі рассыпаліся па яе плячах. Яна задула свечку і навобмацак дайшла да ложка, скурчылася ў цемры, падцягнуўшы да самай шыі сваю коўдру і запэцканае пікейнае пакрывала…

І яна спала, і бачыла сны, і усміхалася ў сне, і адзін раз выцягнула руку, быццам намагалася намацаць нешта, чаго там не было, — усё яшчэ ў сне.

Ноч скончылася. Халодныя пальцы світання абхапілі яе выцягнутую руку, цьмяны пакой напоўніўся шэрым святлом. Розабэль уздрыгнула, перарывіста ўздыхнула і села. І, бо яна атрымала ў спадчыну той трагічны аптымізм, які часта і ёсць адзіная спадчына маладосці, яна ўсміхнулася усё яшчэ напалову ў сне, і яе вусны крыху нервова задрыжалі.

(1908)

 

Пераклад з англійскай Кацярыны Балаш

Падрыхтоўка да друку Вольгі Марозавай

Крыніца: http://www.katherinemansfieldsociety.org/assets/KM-Stories/THE-TIREDNESS-OF-ROSABELL1908.pdf

 

Кэтрын Мэнсфілд. Крынiца: ru.wikipedia.org

 

Прыгарадная казка

 

Містар і місіс Б. утульна сядзелі за снеданнем у чырвоным сталовым пакоі сваёй «зацішнай маленькай калыскі за паўгадзіны шляху ад Сіці».

У каміне палала добрае вогнішча, бо сталовая была адначасова гасцёўняй; вялікія вокны, якія выходзілі ў халодны пусты сад, былі зачынены, і паветра было напоўнена прыемным пахам смажаных яек з беконам, тостаў і кавы. Цяпер, калі нарміраванне прадуктаў нарэшце скасавалі, містар Б. лічыў асабліва істотным грунтоўна паесці перад надзвычай сур’ёзнымі дзённымі справамі. Яму было ўсё роўна, хто што думае: у дачыненні да снедання ён быў сапраўдным англічанінам — ранкам яму проста неабходна было паесці. Без снедання ён хутка проста зваліўся б, і калі нехта казаў яму, што на кантыненце могуць зрабіць палову яго ранішняй працы, паснедаўшы толькі булачкай і кубачкам кавы… то гэты чалавек проста не ведаў, пра што кажа.

Містар Б. быў мажным маладжавым мужчынам, які не змог, на няшчасце, кінуць працу і ўступіць ў армію. На працягу чатырох гадоў ён намагаўся знайсці кагосьці іншага на сваю пасаду, але безвынікова. Ён сядзеў на чале стала і чытаў газету «Дэйлі Мэйл». Місіс Б. была маладжавай маленькай і пухлай жанчынай, падобнай да галубкі. Яна сядзела насупраць мужа і паглядала то на свой адбітак у кафейным сервізе, то са строгасцю, але і з любоўю на захутанага ў сурвэтку маленькага Б., які масціўся ў крэсле паміж імі і тыкаў лыжкай у зваранае ўсмятку яйка.

На жаль! Маленькі Б. быў зусім не тым дзіцём, якога маюць права чакаць такія бацькі. Ён не быў ні тоўсценькім карапузікам, ні пампушкай, ні салодкім пухлянём. Ён быў маленькі для свайго ўзросту, з танюткімі, як макароніны, нагамі, маленечкімі ручкамі з пальчыкамі, падобнымі да кіпцюроў, мяккімі-мяккімі валасамі, на дотык быццам мышыная шэрсць, і вялікімі, шырока расплюшчанымі вачыма. Па нейкай незразумелай прычыне ўсё ў жыцці, здавалася, не падыходзіла маленькаму Б., было надта вялікім і надта страшным. Усё збівала яго з ног, нібы выбівала вецер з-пад яго слабых крылаў — і ён спужана затыхаўся. Містар і місіс Б. ніяк не маглі прадухіліць гэта, ім заставалася толькі падняць яго пасля таго, як бяда здарылася, і запусціць зноў. І місіс Б. любіла яго так, як любяць толькі слабых дзяцей, а калі містар Б. думаў, якім цудоўным хлопчыкам быў яго сын, думаў пра рашучасць гэтага маленькага чалавека, ён… ну, ён… далібог, ён…

— Чаму яйкі ўсе аднолькавыя? — загаварыў маленькі Б. — Чаму няма асобных маленькіх яек для дзяцей і вялікіх яек для дарослых?

— Шатландскія зайцы, — прамовіў містар Б. — Добрыя шатландскія зайцы за пяць шылінгаў і тры пенсы. Давай купім, дарагая?

— Было б няблага, для разнастайнасці, праўда? — адказала ісіс Б. — Патушым.

І яны паглядзелі адно на аднаго праз стол, і паміж імі праплыў шатландскі заяц: з начынкай і ў тлустай падліўцы, а да яго — жэле з чырвоных парэчак ў белым гаршку.

— Можна было б на выходных, — працягвала місіс Б. — Але мяснік абяцаў мне файны кавалак паляндвіцы, і было б шкада…

Так, шкада, але ўсё ж… Божа, як жа цяжка было вырашыць. Зайца ў іх меню даўно не было, але з іншага боку, што можа быць лепшым за сапраўды файную паляндвіцу?

— Вараць яшчэ суп з зайца, — сказаў містар Б., пастукваючы пальцамі па стале. — Лепшы суп у свеце!

— Ого-о-о! — выгукнуў маленькі Б., ды так нечакана і рэзка, што бацькі ўздрыгнулі. — Паглядзіце! Цэлая чарада вараб’ёў зляцелася на наш лужок! — ён памахаў лыжкай. — Паглядзіце на іх! — усклікнуў ён. — Глядзіце!

І пакуль ён гаварыў, нават праз зачыненыя вокны яны пачулі з саду гучны прарэзлівы піск і шчэбет.

— Будзь добрым хлопчыкам, не круціся, калі ласка, — сказала яго маці, а бацька дадаў:

— Не адрывайся ад яйка, хлопча.

— Ды паглядзіце на іх, паглядзіце, як яны скачуць! — закрычаў хлопчык. — Яны ж ні на імгненне не спыняюцца! Думаеш, яны галодныя, тата?

«Чык-чырык-чырык», — шчабяталі вераб’і.

— Можа, лепш на наступным тыдні, — заўважыла місіс Б. — Спадзяюся, зайцы яшчэ застануцца.

— Так. Можа, і лепш, — сказаў містар Б.

Ён знайшоў у газеце яшчэ адну «смачную» аб’яву.

— Ты яшчэ не набывала тыя фінікі з абмежаванай партыі?

— Учора набыла два фунты, — адказала місіс Б.

— Ну, дык фінікавы пудынг таксама добрая рэч, — прамовіў містар Б. І яны паглядзелі адно на аднаго праз стол, і паміж імі праплыў цёмны круглы пудынг, пакрыты сметанковым соусам.

— Было б няблага, для разнастайнасці, праўда? — адказала місіс Б.

Знадворку, на шэрай змёрзлай траве смешныя прагныя вераб’і ўсё скакалі і лапаталі. Яны не спыняліся ні на імгненне. Яны крычалі і білі нязграбнымі крыламі. Маленькі Б., скончыўшы есці яйка, злез са стула і ўзяў хлеб з джэмам, каб з’есці яго ля акна.

— Ну, давайце дамо ім крыху крошак, — папрасіў ён. — Адчыні акно, тата, і кінь ім што-небудзь. Тата, калі ласка!

— Ой, не дакучай, дзіцё, — сказала місіс Б., а бацька дадаў:

— Нельга адчыняць вокны, хлопча. Яшчэ адкусяць табе галаву.

— Але ж яны галодныя, — ледзь не плачучы, закрычаў маленькі Б., і ціўканне вераб’ёў зрабілася падобным да звону маленькіх ножыкаў падчас вастрэння. «Чык-чырык-чырык!» — крычалі яны.

Маленькі Б. кінуў свой кавалак хлеба з джэмам у фарфоравы вазон на падаконніку. Ён шмыгнуў за тоўстыя шторы, каб лепей бачыць, а містар і місіс Б. вярнуліся да абвестак пра продаж тавараў без купонаў: з мая скасавалі харчовыя кнігі. Нялішняй была б цэлая галоўка сыра — для разнастайнасці — і кавалкі сыроў узніклі ў паветры паміж імі, як нябесныя целы.

Нечакана проста на вачах у маленькага Б. вераб’і на шэрай змёрзлай траве сталі расці, змяняцца, не пакідаючы лапатаць і шчабятаць. Яны пераўтварыліся ў хударлявых маленькіх хлопчыкаў у карычневых куртачках, яны танцавалі і бегалі па надворку, скакалі ўверх-уніз і пішчалі: «Хочам есці, хочам есці!»

Маленькі Б. трымаўся абедзвюма рукамі за штору.

— Тата, — прашаптаў ён. — Тата! Гэта не вераб’і. Гэта маленькія хлопчыкі. Паслухай, тата!

Але містар і місіс Б. не слухалі. Ён паспрабаваў яшчэ раз.

— Мама, — прашаптаў ён. — Паглядзі на маленькіх хлопчыкаў. Яны не вераб’і, мама!

Але ніхто не звярнуў увагі на яго дзівацтва.

— Усе гавораць пра голад, — усклікнуў містар Б. — Усё падман! Усё лухта!

Іх белыя твары быццам свяціліся, іх рукі нязграбна боўталіся ў вялікіх куртках, і маленькія хлопчыкі танцавалі.

«Хочам есці! Хочам есці!»

— Тата, — прамармытаў маленькі Б. — Паслухай, тата! Мама, паслухай, калі ласка!

— Сапраўды! — сказала місіс Б. — Якія шумныя птушкі! Ніколі такога не чула.

— Прынясі мне мае пантофлі, дружа, — прамовіў містар Б.

«Чык-чырык-чырык!» — шчабяталі вераб’і.

Куды ж дзелася гэта дзіця?

— Вярніся і дапі сваю смачную какаву, мілы, — паклікала місіс Б.

Містар Б. падняў цяжкі абрус і ціха паклікаў:

— Сюды, пёсік, — але маленькага сабачкі там не было.

— Ён за шторамі, — сказала місіс Б.

— Ён не выходзіў з пакоя, — сказаў містар Б.

Місіс, а пасля і містар Б. падышлі да акна. І яны выглянулі на падворак. Там, на шэрай змёрзлай траве з белым-белым тварыкам, з танюткімі рукамі, якія боўталіся і білі, як крылы, сярод іншых хлопчыкаў скакаў самы маленькі, самы кволы — маленькі Б. Містар і місіс Б. пачулі яго голас над усімі астатнімі: «Хачу есці! Хачу есці!»

Неяк яны адчынілі акно.

— Мы цябе накормім! Усіх вас накормім! Ідзіце хутчэй да нас! Хлопча! Маленькі наш!

Але было занадта позна. Маленькія хлопчыкі зноў сталіся вераб’ямі і паляцелі прэч. І хутка іх было ўжо не ўбачыць, не пачуць.

(1917)

 

Пераклад з англійскай Кацярыны Балаш

Падрыхтоўка да друку Вольгі Марозавай

Крыніца: http://www.katherinemansfieldsociety.org/assets/KM-Stories/A-SUBURBAN-FAIRY-TALE1919.pdf

 

 

Першы баль

 

Наўрад ці Лэйла ўспомніла б, калі для яе пачаўся гэты баль. Магчыма, можна нават сказаць, што яе першым сапраўдным партнёрам быў наняты экіпаж, дзе яна сядзела разам с сёстрамі Шэрыдан і іхнім братам. Але ёй не было ніякай справы да іх. Яна сядзела ў кутку экіпажа, і падлакотнік, на якім ляжала яе рука, здаваўся ёй плячом невядомага юнака. Дзяўчыне мроілася, што яны разам кружацца ў вальсе міма ліхтарных слупоў, дамоў, загарадзяў і дрэў.

— Няўжо ты ніколі не была на балі, Лэйла? Дзіця маё, такога проста не можа быць! — усклікалі сёстры Шэрыдан.

— Наш бліжэйшы сусед жыў у пятнаццаці мілях ад нас, — ціха адказвала Лэйла, мякка адкрываючы і закрываючы свой веер.

Божа мой, так цяжка заставацца такой абыякавай, як іншыя! Лэйла імкнулася рабіць выгляд, быццам зусім не хочацца ўсміхацца, быццам яна не хвалюецца. Але дзяўчыну ўзрушала кожная дробязь:усё было такое новае і захапляльнае. Туберозы Мэг, бурштынавыя каралі Джозі, маленькая цёмная галоўка Лаўры ў абрамленні белага футра, нібы першая веснавая кветка, якая прабілася скрозь снег. Лэйла ніколі не забудзе гэтую паездку. Яна нават крыху пашкадавала, што яе стрыечны брат Лоры выкідвае кавалачкі паперы, выцягнутыя ім з зашпілек новых пальчатак. Яна захавала б іх як памятны сувенір, як напамін. Лоры нахіліўся наперад і дакрануўся да калена Лаўры.

— Ну што, як заўсёды трэці і дзявяты? — спытаў ён.

Ах, як выдатна мець брата! Лэйла была так уражана, што калі б быў час і калі б гэта было можна, яна б расплакалася. Лэйла была адзіным дзіцём у сям’і, і ніколі ў яе жыцці не здаралася такога, каб да яе так звярталіся або хвалілі яе прычоску, як Мэг пахваліла прычоску Джозі.

Але, зразумела, часу не было: яны ўжо прыехалі. Перад імі і за імі стаяла чарада экіпажаў. Дарога была з абодвух бакоў яскрава падсвечана паходнямі, якія нібыта рухаліся. Здавалася, вясёлыя пары на тратуары плаваюць ў паветры, а ножкі Лэйлы ў атласных туфлях замест таго, каб проста ісці, перапырхваюць з месца на месца, нібы птушкі.

— Лейла, трымайся за мяне, а то згубішся, — папярэдзіла Лаўра.

— Хутчэй, даражэнькія, хутчэй, — сказаў Лоры.

Лэйла паклала два пальцы на ружовы аксамітны плашч Лаўры, і іх неяк пранесла міма вялікага залацістага ліхтара ўздоўж праходу і штурхнула спачатку ў калідор, а потым у дамскі пакойчык. Тут натоўп быў такі вялікі, што амаль не было месца, дзе распрануцца; стаяў аглушальны шум. І кожная імкнулася праціснуцца ўперад, каб трапіць да маленькага туалетнага століка і люстэрка ў процілеглым канцы пакоя. Дзве лавы з абодвух бакоў былі завалены вопраткай. Дзве пажылыя жанчыны ў белых фартухах бегалі туды-сюды, ледзь паспяваючы разносіць яе.

Тут свяціў дрыготкі газавы агеньчык. Ён не мог чакаць і ўжо танчыў. Калі дзверы зноў адчыніліся, з залі пачуўся выбух музыкі — і агеньчык скокнуў амаль да столі.

Цёмненькія і светленькія дзяўчаты папраўлялі валасы, зноў падвязвалі іх стужкамі, запраўлялі хусткі ў гарсэты, разгладжвалі мармуровыя белыя пальчаткі. І ўсе яны здаваліся Лэйле бездакорнымі, таму што яны ўсе смяяліся.

— Няўжо ні ў каго няма невідзімак? — прамовіў усхваляваны голас. — Такога проста не можа быць! Не магу знайсці ніводнай!

— Даражэнькая, папудры мне спіну, — пачулася ад кагосьці яшчэ.

— Дайце мне іголку і нітку! Я парвала фальбону!— крычаў трэці голас.

— Перадайце сюды, перадайце сюды! — сказаў хтосьці. Саламяны кошык з праграмкамі пераходзіў з адных рук у другія. Чароўныя маленькія ружова-серабрыстыя праграмкі з ружовымі алоўкамі і пухнатымі кутасікамі. Пальцы Лэйлы дрыжалі, калі яна ўзяла праграмку з кошыка. Яна хацела спытаць у каго-небудзь: «Ці можна мне ўзяць яшчэ адну?» Але ў яе хапіла часу толькі для таго, каб прачытаць: «Вальс 3. Удваіх, удваіх у каноэ. Полька 4. Няхай крылы ляцяць».Тут дзяўчына пачула ўсклік Мэг: «Ты гатова, Лэйла?» — і яны рушылі праз натоўп да вялікіх падвойных дзвярэй бальнай залі.

Танцы яшчэ не пачаліся, але аркестр ужо наладзіў інструменты, і здавалася, што калі б ён пачаў іграць, то яго б ніхто не пачуў з-за гоману. Лэйла, прыціскаючыся да Мэг, глядзела цераз плячо сваёй кампаньёнкі. Ёй здавалася, што нават размаўляюць нацягнутыя пад столлю дрыготкія каляровыя флагі. Яна крыху перастала саромецца і забылася, як, напаўапранутая, сядзела на ложку ў адным туфлі і маліла маці патэлефанаваць стрыечнаму брату і сказаць: яна не зможа паехаць на баль. І нуда, якую яна адчувала, седзячы на верандзе свайго дома і слухаючы, як маленькія савяты просяць есці пад святлом месяца, змянілася на радасць. Яна была такой салодкай, што ёй карцела з кімсьці ёй падзяліцца. Лэйла сціскала веер, і, гледзячы на бліскучую залатую падлогу, азаліі, ліхтары, сцэну з чырвоным дываном і пазалочанымі крэсламі ў куце, падумала, стаіўшы дыханне: «Гэта рай, гэта проста рай!»

Дзяўчаты стаялі ўсе разам па адзін бок дзвярэй, мужчыны — па іншы бок, а сталыя дамы ў цёмных сукенках ішлі невялікімі асцярожнымі крокамі па гладкай падлозе да сцэны, бязглузда ўсміхаючыся.

— Гэта мая малодшая стрыечная сястра Лэйла, яна жыве за горадам. Не крыўдзіце яе. Знайдзіце ёй партнёраў, сёння яна пад маёй апекай, — гаварыла Мэг, падыходзячы то да адной дзяўчыны, то да другой.

Незнаёмыя дзяўчаты ўсміхаліся Лэйле то ласкава, то абыякава; незнаёмыя галасы адказвалі: «Вядома, мая дарагая». Але Лэйла адчувала, што яе не заўважаюць. Дзяўчаты глядзелі на мужчын. Чаму яны не падыходзяць першымі, чаго яны чакаюць? Яны стаялі ў залі, разгладжвалі пальчаткі, затымсвае бліскучыя валасы і ўсміхаліся адна адной. Затым зусім нечакана, як быццам яны толькі што вырашылі: самы час танчыць, мужчыны выйшлі на бліскучы паркет. Дзяўчын ахапіла радаснае ўзбуджэнне.

Высокі прыгожы хлопец падляцеў да Мэг, схапіў яе праграмку і нешта ў ёй напісаў. Мэг перадала праграмку Лэйле, і тая прачытала: «Ці магу я мець асалоду?» Ён пакланіўся і ўсміхнуўся.

Потым з'явіўся цёмнавалосы мужчына з маноклем, далей падышоў стрыечны брат Лоры з сябрам і Лаўра з нізкім мужчынам з вяснянкамі.

Тут да Лэйлы падышоў даволі стары тоўсты чалавек з вялікай лысінай, які ўзяў яе праграмку і прамармытаў: «Дайце мне паглядзець, дайце мне паглядзець». І ён доўгі час параўноўваў сваю чорную ад імён праграмку з яе. Здавалася, гэта прыносіла яму столькі клопату, што Лэйле стала сорамна.

— Калі ласка, не турбуйцеся, — сказала яна з запалам.

Але замест адказу гэты таўстун нешта напісаў і зноў зірнуў на яе.

— Я не памятаю гэты маленькі светлы тварык, — мякка сказаў ён. — Ці сустракаўся ён мне раней?

У гэты момант аркестр пачаў іграць — і мужчына знік. Ён быў выкінуты хваляй музыкі, якая ляцела над бліскучай падлогай, разбіваючы групы на пары, раскідваючы іх, прымушаючы іх круціцца…

Танчыць Лэйла вучылася ў сваім пансіёне. Кожную суботу пасля абеду інтэрнатак запрашалі ў маленькую царкоўную залу з рыфлёнага жалеза, дзе міс Эклс (яна адмыслова прыязджала з Лондана) праводзіла заняткі для «выбраных». Але розніца паміж тым пыльным пакоем, дзе сцены былі абіты бавоўнай з габеленамі, дзе на халодным піяніна грала бледная, маленькая, напалоханая жанчына з вялікімі вушамі і ў капелюшы без палёў і дзе міс Эклс торкала дзяўчын у ногі сваёй доўгай белай палкай — розніца паміж тым пыльным пакоем і гэтай заляй была такая велізарная, што Лэйла ведала: калі партнёр для яе не знойдзецца і ёй давядзецца проста слухаць цудоўную музыку і глядзець, як па залацістай падлозе плывуць іншыя, яна дакладна памрэ, ці страціць прытомнасць, ці ўзніме рукі і выляціць у тыя цёмныя вокны, праз якія былі відаць зоры.

— Мне здаецца, наша чарга, — сказаў нехта, пакланіўшыся і працягнуўшы ёй руку. Усё ж такі паміраць не прыйдзецца. Невядомы партнёр узяў яе за стан, і яна пачала кружыцца, як кветка ў паветры.

— Тут добра танцаваць, вы згодны? — ціха прашаптаў ёй млявы голас каля самага вуха.

— Цудоўна. І падлога такая бліскучая, — адказала Лэйла.

— Прабачце? — са здзіўленнем прамовіў ледзь чутны голас. Лэйла паўтарыла. Пасля маленькай паўзы з ёй згадзіліся і яе зноў закружылі.

Ён вельмі добра вёў у танцы. Лэйла адзначыла: ёсць вялікая розніца ў танцах з мужчынамі і з дзяўчатамі. Дзяўчаты ўвесь час сутыкаліся і наступалі на ногі адна адной, а дзяўчына, што танцавала за джэнтльмэна, заўсёды занадта моцна цябе сціскала.

Кветкі азалій зліліся ў ружова-белыя сцягі, якія праносіліся міма.

— Ці былі вы на тым тыдні ў Бэлаў? — зноў пачуўся голас. Ён прагучаў стомлена. Лэйла падумала, ці не варта ёй прапанаваць спыніцца.

— Не, гэта мой першы баль, — адказала яна.

Партнёр хмыкнуў, ловячы ротам паветра.

— Не можа быць, — не паверыў ён.

— Праўда, я першы раз на балі. — Лэйла амаль што не магла стрымаць пачуцці. Цяпер, калі яна некаму ўсё ж такі расказала гэта, яна адчула вялікую палёгку. — Разумееце, дагэтуль я ўсё жыццё жыла далёка ад горада...

У гэты момант музыка спынілася — і яны прыселі ў крэслы каля сцяны. Лэйла падсунула свае ножкі ў ружовых атласных туфлях пад крэсла і стала абмахвацца веерам, з асалодай назіраючы, як міма праходзяць іншыя пары і знікаюць за падвойнымі дзвярыма.

— Усё добра, Лэйла? — запыталася Джозі, ківаючы залатой галавой.

Тут прайшла Лаўра і ледзь заўважна ёй падміргнула. Лэйла нават падумала, што гэта не вельмі па-даросламу.

Яе партнёр гаварыў мала. Ён пакашляў, схаваў хустачку, паправіў камізэльку, зняў з рукава нейкую нітку. Але ўсё было няважна. Музыкі пачалі граць зноў, і каля Лэйлы невядома адкуль апынуўся новы партнёр.

— Падлога нядрэнная, — сказаў новы голас. Ці заўсёды размова пачынаецца з падлогі? І потым: — Ці былі вы ў Ніўзаў у аўторак?

І зноў Лэйла патлумачыла: ніколі не была на балі. Магчыма, было крыху дзіўна, што яе партнёры не звярталі ўвагі на яе словы. Але гэта ўсё было так захапляльна! Яе першы баль! Для яе ўсё толькі пачыналася. Ёй здавалася: яна ніколі да гэтага моманту не ведала, што такое ноч. Да гэтага часу ночы былі цёмныя, ціхія, вельмі часта прыгожыя, але нейкія сумныя. Урачыстыя. Аднак цяпер усё змянілася: ноч адкрыла ёй таксама і сваю асляпляльна яркую сутнасць.

— Ці не хочаце марозіва? — спытаў Лэйлу партнёр. І яны прайшлі праз двухстворкавыя дзверы па калідоры да сталовай. Шчокі гарэлі, Лэйле страшна хацелася піць. Як салодка выглядала марозіва на маленькіх шкляных талерачках і якая халодная была маленькая лыжачка! І калі яны вярнуліся ў залю, там зноў стаяў гэты тоўсты мужчына і чакаў яе каля дзвярэй. Дзяўчына зноў здзівілася, які ён стары. Чаму ён не з астатнімі бацькамі? У параўнанні з іншымі партнёрамі ён выглядаў неахайна: змятая камізэлька, на пальчатцы не хапала гузіка, паліто бруднае, быццам хтосьці пасыпаў яго кравецкай крэйдай.

— Хадзем, маленькая лэдзі, — сказаў таўстун. Ён ледзь дакрануўся, каб абняць яе, і яны рухаліся так далікатна, што здавалася, быццам яны на шпацыры, а не на балі. Але ён ні слова не сказаў пра падлогу: — Гэта ваш першы баль, ці не так? — прамармытаў ён.

— Як вы здагадаліся?

— Ах, вось што значыць быць старым!— сказаў таўстун. Ён прасапеў, калі правёў дзяўчыну міма нейкай нязграбнай пары. — Я бываю ў такіх месцах ужо на працягу трыццаці гадоў.

— Трыццаці гадоў? — усклікнула Лэйла. Гэта ж ён пачаў танцаваць за дванаццаць гадоў да яе нараджэння!

— Вам гэта цяжка сабе ўявіць, праўда? — змрочна сказаў таўстун. Лэйла паглядзела на яго лысую галаву, і ёй стала шкада гэтага старога.

— Я думаю, выдатна, што вы ўсё яшчэ наведваеце такія месцы, — ласкава сказала яна.

— Якая добрая маленькая лэдзі,— сказаў таўстун, прыціснуўшы яе крыху бліжэй і напяваючы мелодыю вальса. — Вядома, вы не зможаце так доўга пратрымацца. Зусім не. Пройдзе няшмат часу, як вы ўжо будзеце сядзець у сваёй прыгожай аксамітнай сукенцы на тым узвышэнні. І гэтыя мілыя ручкі стануць кароткімі і тоўстымі, а такт вы будзеце адбіваць ужо іншым веерам— чорным, з эбенавага дрэва. — Здалося, што таўстун здрыгануўся. — Вы будзеце ўсміхацца, як тыя старыя жанчыны, паказваючы на сваю дачку і расказваючы такім жа старым, як і вы, як нейкі нахабнік паспрабаваў пацалаваць яе на балі. А сэрца ваша будзе балець, бо ўжо ніхто не захоча цяпер пацалаваць вас. — Таўстун яшчэ мацней прыціснуў яе за стан, нібы сапраўды шкадаваў гэта беднае сэрца. — Вы будзеце казаць, што гэтыя паліраваныя падлогі напрыемныя і небяспечныя. Ці няпраўда, мадэмуазэль Хутканожка? — мякка сказаў таўстун.

Лэйла коратка засмяялася, але смяяцца ёй не хацелася. Ці магло тое, што ён гаварыў, быць праўдай? Жах, ёй здавалася, што так. Няўжо яе першы баль усё ж такі быў нічым іншым, як пачаткам апошняга? Музыка тут быццам змянілася, загучала вельмі сумна, нібы цяжкія ўздыхі. Як жа хутка ўсё змяняецца! Чаму шчасце не можа доўжыцца вечна? Нават вечнасць — гэта занадта кароткі час.

— Давайце спынімся, — цяжка дыхаючы, папрасіла яна. Таўстун правёў яе да дзвярэй.

— Не, — прамовіла яна. — Я не хачу выходзіць. І сядзець не хачу. Я проста тут пастаю, дзякуй вам.

Яна прыхінулася да сцяны, пастукваючы па падлозе ножкай і папраўляючы пальчаткі. Лэйла спрабавала ўсміхацца, але маленькая дзяўчынка ўнутры яе схавала твар у тканіне сукенкі і плакала. Навошта гэты таўстун усё сапсаваў?

— Ведаеце што, маленькая лэдзі, — сказаў мужчына, — не трэба прымаць мае словы так сур'ёзна.

— Я і не збіралася! — адказала Лэйла, ускідваючы сваю маленькую цёмненькую галаву і прыкусваючы губу...

Пары зноў пачалі выходзіць. Дзверы адчыняліся і зачыняліся. Аркестр пачаў новую мелодыю. Але Лэйле больш не хацелася танцаваць. Яна хацела вярнуцца дадому або сядзець на верандзе і слухаць савят. Калі яна паглядзела праз цёмныя вокны на зоры, яны былі размазаны, быццам з крыламі...

Але вось загучала мяккая, плаўная, чароўная мелодыя, і перад ёй схіліўся малады мужчына з кучаравымі валасамі. Каб быць ветлівай, ёй давядзецца танцаваць, пакуль яна не знойдзе Мэг. Яна вельмі скавана выйшла на падлогу. З вялікай пагардай паклала руку яму на рукаў. Але праз хвілінку, праз адзін круг па зале яе ножкі пачалі лётаць. Агеньчыкі, азаліі, сукенкі, ружовыя твары, аскамітавыя крэслы — усё злілося ў прыгожае няспыннае кола. А калі падчас наступнага танца яна сутыкнулася з таўстуном і той сказаў: «Прабачце», яна прамяніста ўсміхнулася яму. Яна яго нават не пазнала.

 

Пераклад з англійскай Маргарыты Цішуцінай, Марыі Марозавай

Падрыхтоўка да друку Вольгі Марозавай

Крыніца: http://www.katherinemansfieldsociety.org/assets/KM-Stories/HER-FIRST-BALL1921.pdf

 

 

Урок спеваў

 

З адчаем — халодным, вострым адчаем, пахаваным глыбока ў сэрцы, нібы злы нож, — міс Мэдаўс у каптуры і сукенцы і з невялікай дырыжорскай палачкай ішла па халодных калідорах, што вялі ў музычную залу. Міма яе спяшаючыся прабягалі дзяўчынкі розных узростаў з ружовымі ад паветра тварамі. Яны шчабяталі з радаснай узрушанасцю, якая з'яўляецца ад бегу да школы прыемнай восеньскай раніцай. З гулкіх класаў даносіўся дробат галасоў. Празвінеў званок. Голас, падобны да птушынага, усклікнуў: «Мюрыел», а потым з лесвіцы пачулася моцнае «стук-стук-стук». Нейкая дзяўчынка выпусціла званочкі на падлогу.

Настаўніца прыродазнаўства спыніла міс Мэдаўс.

— Добрай раніцы! — прывіталася яна манерна радасна і няспешна. — Холадна, праўда? Нібы зімой.

Міс Мэдаўс, трымаючыся за нож у сэрцы, паглядзела на настаўніцу прыродазнаўства з нянавісцю. Тая ўся была саладжавая і бледная, нібы мёд. Міс Мэдаўс нават не здзівілася б, калі б убачыла, што у капе яе бялявых валасоў заблыталася пчала.

— Сапраўды працінае, — хмурна адказала міс Мэдаўс.

Яе суразмоўніца лісліва ўсміхнулася.

— Вы змерзлі, — сказала яна. Яе блакітныя вочы шырока раскрыліся і насмешліва заблішчалі.

Ці заўважыла яна што-небудзь?

— Не, амаль што не, — адзначыла міс Мэдаўс і пайшла далей, адказаўшы грымасай на ўсмешку настаўніцы прыродазнаўства.

У музычнай залі сабраўся чацвёрты, пяты і шосты класы. Стаяў аглушальны шум. На сцэне побач з піяніна стаяла Мэры Бізлі — любімая вучаніца міс Мэдаўс, гатовая акампаніраваць. Яна круціла музычны табурэт і, убачыўшы міс Мэдаўс, стала гучна шыкаць на дзяўчат. Міс Mэдаўс, схаваўшы рукі ў рукавах і трымаючы дырыжорскую палачку пад пахай, пакрочыла па цэнтральным праходзе, паднялася па прыступках, рэзка павярнулася, схапіла латуневы пюпітр, паставіла яго перад сабою і моцна стукнула два разы сваёй палачкай — і ў залі запанавала маўчанне.

— Цішыня, калі ласка! Зараз жа! — І, ні на каго асабіста не гледзячы, яна прабегла поглядам па моры каляровых фланелевых блузак, па ружовых тварах і руках, якія хісталіся па дзявочых бантах, падобных да дрыготкіх матылёў, і па разгорнутых музычных кнігах. Яна выдатна ведала, пра што яны думаюць: Мэдаўс раз'юшана. Ну, няхай думаюць, што хочуць! Яе павекі задрыжалі, яна з выклікам ўскінула галаву. Якое значэнне маюць думкі гэтых істот для той, што стаіць тут, сцякаючы крывёю, і чыё сэрца было працята, нібы дзідай, такім лістом:

«Я ўсё больш і больш упэўніваюся ў тым, што наш шлюб будзе памылкай. Справа не ў тым, што я не кахаю цябе. Я кахаю цябе так моцна, як толькі магу кахаць жанчыну, але, праўду кажучы, я прыйшоў да высновы, што сямейнае жыццё не для мяне, і ідэя пасталець не напаўняе мяне нічым, акрамя…» — і закрэсленае слова «агіда» было відаць з-пад слова «шкадаванне», напісанага зверху.

Базыль! Міс Мэдаўс з гонарам падышла да піяніна. І Мэры Бізлі, якая чакала гэтага моманту, нахілілася ўперад, і валасы ўпалі ёй на твар. Яна ледзь чутно вымавіла: «Добрай раніцы, міс Мэдаўс», — і нават не працягнула, а сунула настаўніцы прыгожую жоўтую хрызантэму.

Гэты кветкавы рытуал пачаўся паўтары чвэрці таму і ператварыўся ў такую ж неад’емную частку ўрока, як адкрыццё піяніна. Але сёння раніцай, што аказалася для Мэры вялікім жахам, замест таго, каб прыняць кветку, прымацаваць яе да пояса, нахіліцца над Мэры і сказаць: «Дзякуй, Мэры. Як гэта міла! Адкрыйце старонку трыццаць два», — настаўніца цалкам праігнаравала хрызантэму, не адказала на прывітанне дзяўчыны і прамовіла ледзяным тонам:

— Старонка чатырнаццаць, і, калі ласка, уважлівей з акцэнтаваннем.

Жудасны момант! Мэры пачырванела, у яе вачах з'явіліся слёзы, але міс Мэдаўс вярнулася на сцэну, і ў музычнай залі прагучаў яе голас:

— Старонка чатырнаццатая. Пачнём з «Плача» на чатырнаццатай старонцы. Словы вы павінны ўжо да гэтага часу ведаць, даражэнькія. Мы возьмем усе куплеты разам, а не паасобку, усе разам. І без экспрэсіі: спявайце проста, адбіваючы такт левай рукой.

Міс Мэдаўс узняла дырыжорскую палачку і двойчы пастукала па музычнай стойцы. Пад хвалю левых рук, якія збівалі паветра, Мэры пачала граць, і зазвінелі маладыя журботныя галасы:

 

Ружы задавальнення вянуць хутка,

Саступае восень зімоваму смутку.

І музыкі толькі пачуеш подых,

Як знікне ён у іншых гуках прыроды.

Хутка, ах, занадта хутка!

 

Божа мой, што можа быць трагічней за той плач! Кожная нота была ўздыхам, галашэннем і стогнам жудаснага смутку. Міс Мэдаўс узняла рукі і пачала дырыжыраваць абедзвюма. «Я ўсё больш і больш упэўніваюся ў тым, што наш шлюб будзе памылкай». Узмах палачкай — і галасы крыкнулі: «Вянуць ху-утка-а». Што магло прымусіць яго напісаць такі ліст? Што магло падштурхнуць яго? Гэты ліст стаў для міс Мэдаўс поўнай нечаканасцю, бо ў папярэднім лісце ён распавядаў толькі пра чорную дубовую шафу, якую ён набыў для «іх» кніг, і пра вытанчаную невялікую вешалку на круанштэйне ў пярэднім пакоі з акуратнай разьбяной савой, якая трымала ў кіпцюрах тры шчоткі для капелюшоў. Як яна смяялася з гэтага! Падумаць толькі: чалавеку патрэбныя тры шчоткі! «…знікне ён у іншых гуках прыроды», — спявалі галасы.

— Яшчэ раз, — сказала міс Мэдаўс, — але на гэты раз па частках. І таксама без экспрэсіі.

«Хутка, ах, занадта хутка…». Як толькі да плыні хору дадаліся змрочныя кантральта, ужо амаль ніхто не мог заставацца спакойным. «Ружы задавальнення вянуць хутка»… Апошні раз, калі Базыль прыйшоў да яе, у яго пятліцы была ружа. Які ж прыгожы ён быў у ярка-сінім гарнітуры з гэтай цёмна-чырвонай ружай! І ён гэта таксама ведаў. Не мог не ведаць. Спачатку ён прыгладзіў валасы, а потым вусы. Яго зубы бліснулі, калі ён усміхнуўся.

«Жонка дырэктара ўсё запрашае мяне на вячэру. Нікуды мне ад гэтага. Мне тут ніводы вечар не даводзіцца правесці аднаму».

«А ты не можаш адмовіцца?»

«Не, мужчыне ў маім становішчы трэба бываць у свеце».

«Пачуеш подых», — лямантавалі галасы. Вецер гайдаў галінкі вярбы -за высокімі вузкімі вокнамі. Гэтыя тоненькія галінкі, якія ўжо страцілі палову свайго лісця, чапляліся і віравалі, нібы злоўленая рыба. «…Я мужчына, не здольны да сямейнага жыцця…» Галасы змоўклі, піяніна чакала.

— Даволі добра, — зазначыла міс Мэдаўс, але гэта было сказана такім дзіўным каменным голасам, што малодшыя дзяўчаты напалохаліся. — А цяпер, калі мы ведаем гэтую песню, мы павінны спець яе выразна. Так натхнёна, як вы толькі можаце. Думайце пра словы, даражэнькія. Выкарыстоўвайце свою фантазію. «Ружы задавальнення вянуць хутка!» — усклікнула міс Мэдаўс. — Павінен атрымацца гучны, моцны плач. А затым, у другім радку, на словах «зімовы смутак» зрабіце гэты гук змрочным, як быццам дзьме халодны вецер. «Сму-утак», — яе голос выбухнуў так жудасна, што спіна Мэры Бізлі, якая сядзела на музычным табурэце, здрыганулася. — Трэці радок неабходна спяваць так, нібыта ён ідзе ўгару: «І музыкі толькі пачуеш подых»; абрываючы на першых словах апошняга радка «як знікне», вы павінны пачаць паміраць, згасаць… А словы «гуках прыроды» не больш, чым слабы шэпт… На апошнім радку вы можаце запаволіцца настолькі, наколькі вам падабаецца. Цяпер, калі ласка.

Яна зноў два разы стукнула і ўзняла рукі. «Ружы…».

«…І ідэя пасталець не напаўняе мяне нічым акрамя агіды…» Так ён і напісаў — «агіды». Па сутнасці, гэта значыла канец іх заручын. Канец! Іх заручын! І так шмат хто быў здзіўлены тым, што яна з кімсьці заручылася. Настаўніца прыродазнаўства спачатку і не паверыла. Але сама яна была больш здзіўлена, чым хто-небудзь іншы. Ёй трыццаць. Базылю дваццаць пяць. Цудам, проста цудам для яе сталі тыя яго слова, калі яны ішлі цёмным вечарам з царквы: «Ведаеце, неяк вы мне спадабаліся», — і узяўся за край яе гаржэткі са страусавымі пёрамі.

«Як знікне ён у іншых гуках прыроды. Хутка, ах, занадта хутка!»

— Яшчэ раз паўтор! Яшчэ! — сказала міс Мэдаўс. — Больш экспрэсіі, даражэнькія! Яшчэ раз!

«…ах, занадта хутка…» Старэйшыя дзяўчынкі былі чырвоныя, некаторыя з малодшых заплакалі. Вялікія кроплі дажджу барабанілі ў акно, і быў чуваць шэпт вярбы: «Справа не ў тым, што я не кахаю цябе».

«Але, мой дарагі, калі ты кахаеш мяне, — падумала міс Мэдаўс, — то мне ўсё роўна наколькі. Можаш кахаць мяне і зусім крышачку». Але яна ведала, што ён не кахае яе зусім. Ён нават не падумаў закрэсліць слова «агіда» так, каб яна не змагла прачытаць яго! «Неўзабаве восень саступае зімоваму смутку…» Ёй і школу давядзецца пакінуць. Яна не вытрымае больш бачыць настаўніцу прыродазнаўства і дзяўчынак, калі пра ўсё стане вядома. Ёй трэба будзе кудысьці знікнуць. «Знікне…» Галасы пачалі заціхаць, гаснуць, шаптаць… і нарэшце зніклі зусім…

Раптам адчыніліся дзверы, і па праходзе мітусліва прайшла маленькая дзяўчынка ў сінім. Апусціўшы галаву, закусіўшы вусны і круцячы срэбраны бранзалет на маленькім чырвоным запясці, яна падышла да прыступак і спынілася перад міс Мэдаўс.

— У чым справа, Моніка?

— Калі вам зручна, міс Мэдаўс, — сказала дзяўчынка, аддыхваючыся, — міс Уайат хоча бачыць вас у сваім кабінеце.

— Добра, — адказала міс Мэдаўс і павярнулася да дзяўчынак: — Я спадзяюся на ваша выхаванне, якое не дазволіць вам шумець, пакуль я не вярнуся.

Але тыя і не змаглі б, бо былі вельмі засмучаны. Большасць дастала насавыя хустачкі.

Калідоры былі ціхія і халодныя, і крокі міс Мэдаўс аддаваліся ў іх рэхам. Дырэктарка сядзела за сталом. Спачатку яна не паднімала вачэй, а, як заўсёды, распутвала свае акуляры, што зачапіліся за карункі яе каўнерыка.

— Сядайце, міс Мэдаўс, — сказала яна вельмі ветліва. А потым выцягнула ружовы канверт са свайго блакнота з прамакальнай паперай: — Я адразу паслала за вамі, таму што вам прыйшла тэлеграма.

— Мне тэлеграма, міс Уайат?

Базыль! Ён скончыў жыццё самагубствам, вырашыла міс Мэдаўс. Яе рука пацягнулася да тэлеграмы, але міс Уайат аддала ліст не адразу.

— Я спадзяюся, што гэта нядрэнная навіна, — больш чым добразычліва сказала яна. І міс Мэдаўс разарвала канверт.

«Не звяртай ўвагі на ліст, дакладна звар’яцеў, сёння купіў вешалку для паліто і капелюшоў, Базыль», — прачытала яна. Яна не магла адарваць вачэй ад тэлеграмы.

— Спадзяюся, што нічога вельмі сур'ёзнага, — сказала міс Уайат, нахіліўшыся наперад.

— Не, дзякуй за турботы, міс Уайат, — пачырванела міс Мэдаўс. — У гэтай тэлеграме наогул няма нічога дрэннага. Гэта тэлеграма, — і тут яна вінавата ўсміхнулася, — ад майго жаніха, які сказаў… які сказаў… — Атрымалася паўза.

— Разумею, — сказала міс Уайат. І яшчэ адна паўза. — У вас засталося яшчэ пятнаццаць хвілін урока, так, міс Мэдаўс?

— Так, міс Уайат, — міс Мэдаўс устала і хутка пайшла да дзвярэй.

— Яшчэ адну хвілінку, міс Мэдаўс, — прагаварыла міс Уайат. — Я павінна сказаць вам, што не ўхваляю, калі мае настаўніцы атрымліваюць тэлеграмы ў час заняткаў, хіба што толькі гэта вельмі кепскія навіны, напрыклад, смерць, — патлумачыла міс Уайат, — або вельмі сур'ёзны няшчасны выпадак, або яшчэ штосьці падобнае. Разумееце, міс Мэдаўс, добрыя навіны заўсёды могуць пачакаць.

Акрыленая надзеяй, каханнем і радасцю міс Мэдаўс паімчала назад у музычную залу.

— Мэры, трыццаць другая старонка, — сказала яна, — старонка трыццаць два! — І, узяўшы ў рукі жоўтую хрызантэму, паднесла яе да вуснаў, каб схаваць усмешку. Потым міс Мэдаўс павярнулася да дзяўчат і стукнула дырыжорскай палачкай:

— Трыццаць другая старонка, даражэнькія. Трыццаць два!

Мы прыйдзем сёння з кветкамі,

Ды з фруктамі, ды стужкамі,

Каб святкаваць…

— Стоп! Стоп! — ускрыкнула міс Мэдаўс. — Дрэнна. Жахліва. — І яна ўсміхнулася дзяўчынкам. — Што з вамі ўсімі такое? Даражэнькія, думайце пра тое, пра што спяваеце. Выкарыстоўвайце фантазію. «З кветкамі, ды з фруктамі, ды стужкамі». І «святкаваць». — Міс Мэдаўс асеклася. — Даражэнькія, чаму вы такія панурыя? Гэтая песня павінна гучаць цёпла, радасна і заўзята. «Святкаваць». Яшчэ раз. Хуценька. Усе разам. Пачалі!

І на гэты раз голас міс Мэдаўс гучаў грамчэй за ўсе іншыя — поўна, глыбока і з экспрэсіяй.

 

 

Пераклад з англійскай Маргарыты Цішуцінай, Марыі Марозавай

Падрыхтоўка да друку Вольгі Марозавай

Крыніца: http://www.katherinemansfieldsociety.org/assets/KM-Stories/THE-SINGING-LESSON1920.pdf

Прочитано 599 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии