Вторник, 15 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў "Маладосцi": Рэаліі фантастыкі

  • Вторник, 17 октября 2017 00:37

Сяргей Слюсарэнка пра паглыбленне ў фантастычныя светы, Гары Гарысана на ўласнай кухні і «сонечных» беларусаў.

Заўсёды прыемна размаўляць з чалавекам, які шмат чытаў, шмат ездзіў і шмат ведае. А з чалавекам, які пачынае знаёмства з таго, што прапануе вам мадагаскарскіх тараканаў, якія жывуць у яго дома, яшчэ і цікава. Святлана Курганава сустрэлася з фантастам Сяргеем Слюсарэнкам, каб паразмаўляць пра літаратуру, таму што літаратура бывае розная, пра сяброў, якія таксама бываюць розныя, і — пра Мінск.

 

Біяграфічная даведка

Сяргей Слюсарэнка нарадзіўся 16 мая 1955 года ў Мінску. Вучыўся на фізічным факультэце БДУ і ХНУ (Харкаўскі нацыянальны універсітэт), пасля заканчэння ў 1977 годзе працаваў на радыёфізічным факультэце ХНУ.

З 1981 года працаваў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук у Кіеве. У 1990 годзе атрымаў ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук. Аўтар шматлікіх публікацый і міжнародных патэнтаў у галіне аптычнай галаграфіі, лазернай фізікі, фізікі вадкіх крышталяў. Працаваў па запрашэнні ва універсітэтах Італіі, ЗША, Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы. Цяпер выкладае ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце.

 

Пра пісьменніцтва

 

— Вось вы — фізік па прафесіі. А як пачалі пісаць?

— …я тады год працаваў у Амерыцы. Было сумна, самотна, сям’я знаходзілася на Радзіме. І я знайшоў у інтэрнэце ICQ старога свайго прыяцеля — харкаўскага барда Уладзіміра Васільева. І — напісаў. А гэта аказаўся маскоўскі пісьменнік-фантаст Васільеў. Так атрымалася, што мы з ім цяпер сябры — з таго часу.

Потым я пазнаёміўся з многімі іншымі пісьменнікамі. І сам напісаў апавяданне. Яго адразу ўзялі друкаваць. Якраз з’явіўся новы фантастычны часопіс ва Украіне — «Рэальнасць фантастыкі», там надрукавалі адно апавяданне, другое. А потым вырашыў напісаць штось большае па памеры. І так яно неяк пайшло.

Такім чынам, штуршком да напісання літаратуры былі зносіны з людзьмі, якія самі пішуць.

 

— Як сумяшчаеце асноўную працу і літаратурную дзейнасць?

— Абсалютна ніяк. Раней было шмат працяглых замежных паездак, і вечарамі не было чым заняцца. Апошнія гады ў Кіеве праца таксама не займала шмат месца ў жыцці. Тут цяжэй — новая праца, я ж зусім профіль змяніў. Зараз я дацэнт у агратэхнічнай установе адукацыі. Выкладаю праграмаванне, проста інфарматыку, аўтаматызацыю, агратэхнічныя сістэмы кіравання. Я гэтаму вучыўся не спецыяльна, але я фізік-эксперыментатар — нармальна ўсё гэта самастойна вывучыў. Але гэта не проста: усё новае, у тым ліку і выкладчыцкая дзейнасць. Вось адпачынак будзе — дапішу кніжку.

 

— Праца неяк уплывае на тое, што вы пішаце?

— Праца — не, хутчэй уплывае спецыяльнасць. Я імкнуся не дапускаць парушэння законаў прыроды. Напрыклад, вось тое, што я цяпер адправіў Злотнікаву, — гэта чыстая навуковая фантастыка блізкага прыцэлу. Там сучасныя рэальныя фізічныя ідэі — парушэнне гравітацыі, напрыклад. Тое, што трэба для космаоперы.

Або ўзяць «Сінтэз»[1]. Канцэпцыя ўсяго серыяла навуковая. Тут разглядаецца тое, што называецца мульціверсумам — існаванне паралельных светаў адначасова, магчымасць пераходу з аднаго ў другі — цяпер гэта папулярная тэма ў фізіцы. І гэта навуковая канцэпцыя, якая ў кніжках нідзе не адлюстроўваецца, але яе трымалі ў галаве, калі пісалі.

 

Пра літпраекты

 

— Калі зайшла гаворка пра міжаўтарскія праекты: давайце пагаворым, чаму вам гэта цікава. Як вы трапілі туды?

— Калі «Сталкер» быў на ўздыме, гэта быў шанец для невядомага пісьменніка стаць папулярным. Натуральна, хацелася і зарабіць. І я свайму літагенту кажу: давай я напішу «Сталкера»[2]. У іх была чарга з аўтараў, але я ўсё роўна напісаў. Пасля аказалася, што адзін аўтар не даслаў сваю працу своечасова, і так удалося мой тэкст уставіць. І пайшло: «Давай яшчэ, давай яшчэ, давай яшчэ».

У той час літагент, калі зразумеў, што я згодны пісаць для «Сталкера», спытаў: «Ты чытаў «Хронікі капітана Блада»? Тут праект закручваецца: трэба дакладна такое ж, як «Хронікі Капітана Блада», толькі іншае і лепш». Гэта серыя «Карсары»[3]. Але, на жаль, праект гэты памёр, і «Сябры бога» выйшлі нейкім смешным накладам.

Са «Сталкерам» было проста: вось табе мапа гульні, вось табе кнігі, напісаныя да гэтага, — давай рухайся. Галоўнае: ты павінен укладвацца ў сэт гульні і не пярэчыць таму, што было дагэтуль. А я зрабіў трошкі хітрэй. Можна сказаць, што я да Чарнобыля меў дачыненне. Сам я там не быў. Кіеўскім фізікам з пэўнага часу забаранілі працаваць у зоне. Вось і мяне ў дзень адпраўкі ў Чарнобыль проста знялі з аўтобуса. Але ведаў шмат людзей з Чарнобыля і зрабіў кніжку з прывязкай да гульні, але значна больш сур’ёзна прапрацаваў прывязку да рэальнага Чарнобыля.

Потым «Крэмль-2222»[4]. У праекце «Крамля» трэба было азнаёміцца са светам і пачытаць кнігі... І я не адолеў папярэднія. Я ў асноўным перапісваўся з Сілавым — куратарам і асноўным аўтарам. Але далей пісаць я не захацеў: мая канцэпцыя працягу не падыходзіла выдавецтву. Цяжка пісаць, таму што ўзровень сюжэтных патрабаванняў ўсё горшы, горшы і горшы. Там абы пішы. І часта мяне лаялі за тое, што я адхіляюся ад сэта. Я напісаў наступны сінопсіс так, як я хачу. «Не, так не падыходзіць, трэба больш строга да свету праекта». А мне — не падыходзіць таксама.

З «Сінтэзам»[5] усё было крыху па-іншаму. Серыял памёр. А яго задумалі як? Разам з Лук’яненкам абмяркоўвалі ўсе ідэі. Мы сустрэліся ў Італіі, тады ў яго нарадзілася ідэя мастацкага свету. Доўга абмяркоўвалі. А потым сталі пісаць, але выдавецтва змяніла погляды — змяніўся і парадак выхаду. Мая кніжка мусіла быць першай пасля рамана Лук'яненкі, але выйшла пятай. Ну, добра. Галоўнае, кніжка выйшла. Цяпер вось новую чакаю. І зноў серыял.

 

Поўны тэкст чытайце ў кастрычніцкім нумары часопіса “Маладосць”.

 

[1] «Сінтэз» — кніга Сяргея Слюсарэнкі, напісаная для праекта Сяргея Лук’яненкі «Памежжа».

[2] Міжаўтарскі праект, створаны па аднайменнай камп’ютарнай гульні, якая, у сваю чаргу, запазычыла некаторыя ідэі і назвы з рамана Стругацкіх «Пікнік на абочыне». Удзельнічаюць як прафесійныя аўтары, так і непрафесійныя.

[3] Міжаўтарскі праект, у аснову якога пакладзена аднайменная гульня.

[4] Міжаўтарскі праект, ідэя якога належыць Дзмітрыю Сілаву, які дагэтуль пісаў для «S.T.A.L.K.E.R.».

[5] Раман, які ўваходзіць у міжаўтарскі цыкл «Памежжа», канцепцыяй якога кіруе Сяргей Лук’яненка.

Прочитано 510 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии