Понедельник, 19 02 2018
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Сёлета пачне выходзіць збор твораў Янкі Брыля

  • Среда, 07 февраля 2018 10:09

Для найбуйнейшага айчыннага выдавецтва «Мастацкая літаратура» падрыхтоўка збораў твораў пісьменнікаў-класікаў ХХ стагоддзя — адзін з галоўных і адметных кірункаў у працы. Ужо скончана 10-томнае выданне збору твораў народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі. Ажыццяўляецца выданне Уладзіміра Караткевіча. А сёлета выдавецтва пачне працу над зборам твораў Янкі Брыля.

Пра гэта паведаміў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, падкрэсліўшы:

— На маю думку, зборы твораў — «золатавалютны рэзерв» нашай літаратуры. Можна часам пачуць, што такія выданні ўжо не модныя, іх не чытаюць. Але гэта далёка не так, мы гэта бачым па цікавасці да збораў твораў, што выдаюцца ў «Мастацкай літаратуры»: яшчэ толькі падрыхтаваны том, а чытачы ўжо цікавяцца, дзе можна яго набыць. Падрыхтоўка збораў твора — вялікая і адказная праца. Гэта ўнікальныя выданні літаратуры з пункту гледжання моўнага багацця. Не бяруся казаць, колькі слоў ужывае кожны з нас у сваім ужытку. І нам здаецца, што мы добра ведаем мову. Але варта пачытаць класікаў, і будзе зразумела, што нам ёсць у чым удасканальвацца. Творы нашых цудоўных пісьменнікаў — выдатная дапамога ў гэтым.

Таксама зборы твораў даюць магчымасць для асэнсавання спадчыны пісьменнікаў, адкрыцця іх як творчых асоб з нечаканага боку. Напрыклад, у апошні, 10-ты, том збору твораў Івана Навуменкі ўвайшлі вершы, п’есы, пісьмы, інтэрв’ю, выступленні, літаратуразнаўчыя артыкулы. Праца над гэтым выданнем пачалася яшчэ летам 2008 года — тады ў першую чаргу звярнуліся да сям’і пісьменніка, дзе захоўваўся яго архіў.

— Лепшага помніка пісьменніку, чым збор твораў, няма, — адзначыў галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сцяпан Лаўшук, які рупіўся аб захаванні памяці пра свайго земляка Івана Навуменку.

— Увесь свой архіў мой бацька неабачліва звёз у гараж Акадэміі навук, дзе ён захоўваўся ў не лепшых умовах і адсырэў. Архіў аператыўна за свой кошт адрэстаўраваў мой брат Павел, — растлумачыла старэйшая дачка пісьменніка Валерыя. — Бацька быў сціплы чалавек, хоць і вельмі прыкметны, таму што высокі. Але найлепшы помнік чалавеку, на мой погляд, — яго дзеці. Мы ў спадчыну ад бацькі ўзялі беларускую мову, іншай мовы ў нашай сям’і доўга не было.

Вялікай чытацкай увагай адзначаны і выхад кожнай новай кнігі з 25-томнага выдання Уладзіміра Караткевіча: ужо ўбачыў свет 16-ы том збору аднаго з самых папулярных пісьменнікаў Беларусі.

— У гэты том увайшлі сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, лібрэта, створаныя Караткевічам, — распавёў кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Верабей. — Збор твораў у 25 тамах — асаблівае выданне: акадэмічнага тыпу, але разлічанае на масавага чытача. У аснову пакладзены жанрава-храналагічны прынцып. У яго ўключаны творы, якія пры жыцці пісьменніка не друкаваліся, пераклады. Раману «Нельга забыць» вярнулі першасную назву «Леаніды не вернуцца да зямлі». Для публікацыі «Каласоў пад сярпом тваім» за аснову ўзялі тэкст машынапісу з аўтарскімі праўкамі. У зборы твораў выкарыстоўваюцца матэрыялы з прыватных архіваў, якія захоўваюць сябры Караткевіча з розных краін. Адзін з тамоў будзе прысвечаны малюнкам пісьменніка. Адметнае выданне і тым, што ў дадатак да кніг рыхтуюцца два кампакт-дыскі: вершы і песні ў выкананні самога Караткевіча (у яго быў цудоўны голас) і яго выступленні па радыё.

Сёлета выдавецтва «Мастацкая літаратура» распачынае яшчэ адзін вялікі праект — збор твораў Янкі Брыля. Пры жыцці народнага пісьменніка Беларусі выйшлі тры зборы твораў, у падрыхтоўцы якіх ён удзельнічаў сам. Але яны не былі навукова каментаванымі выданнямі ў адрозненне ад таго, што пачнецца цяпер згодна з апошняй воляй творцы.

— Янка Брыль пакінуў літаратурны завяшчанне, што наогул унікальная з’ява ў сусветнай літаратуры, — адзначыла загадчыца аддзела выданняў і тэксталогіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена Васілевіч. — Яно будзе змешчана ў першым томе і пакажа, што ўсю канцэпцыю свайго збору твораў Янка Брыль прадумаў сам, што прасіў друкаваць ці не друкаваць некаторыя рэчы.

 Першыя дзве кнігі з 10-томнага выдання пабачаць свет ужо ў 2018 годзе.

Усе гэтыя выданні максімальна поўна змяшчаюць творчую спадчыну пісьменнікаў. Ці зразумеем, якая цудоўная мова Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча і Янкі Брыля?

Ларыса Цімошык

 Крыніца: газета "Літаратура і мастацтва"

Прочитано 68 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии