Вторник, 25 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Дзеля дружбы

  • Воскресенье, 18 Февраль 2018 12:36
Роберт Мінулін Роберт Мінулін

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” падрыхтавана да друку кніга вершаў народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна ў перакладзе на беларускую мову.

Такая падзея па сённяшнім часе рэдкая – параўнальна за кароткі адрэзак часу ў Беларусі выходзіць другая перакладная кніга паэта з Татарстана. Так, сяброўства ў беларускіх і татарскіх пісьменнікаў ў ранейшыя, савецкія, дзесяцігоддзі было на добрай вышыні. Памятаю, што выйшлі па-беларуску кнігі Мусы Джаліля, Закі Нуры (старшыня Саюза пісьменнікаў Татарскай АССР партызаніў у Беларусі, пасля вызвалення нашай старонкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працаваў у Оршы старшынёю гарсавета). Але гэта было раней, калі і кантактаваць было прасцей, і калі дружба літаратур, дружба нацыянальных культур была часткай ідэалагічнай стратэгіі. Мяркуючы па сённяшнім часе, і зараз мы імкнёмся дружыць культурамі. Толькі вось літаратура, як правіла, выпадае з гэтага камунікату дружбы…

Затое ёсць розныя творчыя, выдавецкія ініцыятывы. Як правіла, яны пачынаюцца з малога. У свой час выдавецтва “Літаратура і Мастацтва” вылучыла ініцыятыву штогод у межах Дня беларускага пісьменства праводзіць міжнародны круглы стол беларуксіх і замежных пісьменнікаў пад агульнай ідэяй “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. І Міністэрства інфармацыі краіны падтрымала такую інціыятыву. Варта зазначыць, што шмат у чым праект атрымаўся дзякуючы пазіцыі тады першага намесніка міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. Штогадовы круглы стол даў магчымасць запрашаць у Беларусь літаратараў з розных куткоў свету. У 2007 годзе прыехалі пісьменнікі з Сербіі, Чарнагорыі, Расіі, Балгарыі… Так пачалі адраджацца міжнародныя літаратурныя стасункі на дзяржаўным узроўні.

У 2009 годзе сярод гасцей Дня беларускага пісьменства і ўдзельнікаў ужо трэцяга па ліку круглага стала аказаўся і народны паэт Татарстана Роберт Мінулін. Яго імя для кантактаў падказаў наш калега з Удмурціі – паэт, перакладчык, празаік, кінасцэнарыст Вячаслаў Ар-Сяргі. Чалавек надзвычай сціплы, інтэлігентны, Роберт Мугалімавіч паказаўся засяроджаным у сабе, мо нават замкнутым і не вельмі настроеным на стасункі. Але гэта было толькі першым уражаннем. І ў Мінску, і пасля ў Смаргоні, Кушлянах, дзе праходзіў Дзень беларускага пісьменства, Роберт Мугалімавіч цікавіўся нашай нацыянальнай культурай, гісторыяй, лёсам Францішка Багушэвіча, у Залессі ўслухоўваўся ў расповяд экскурсавода пра легендарнага Міхаіла Клеафаса Агінскага і яго паланэз “Развітанне з Радзімай”. І словам нават не абмовіўся пра тое, што даўным-даўно захоплены гэтым творам. І нават верш напісаў пра паланэз:

Агінскага

Даўнейшы паланэз

Іграе хтосьці

Так натхнёна.

У нотах

Горкую тугу

Ён адкрывае зноў

Здзіўлёна.

А чалавека

Нудзіць ростань.

Сум зразумець яго

Так проста…

Ў Айчыны просіць

Даравання…

І ведае:

Ніколі болей

Не вернецца.

І сумам, болем

Развітваецца з ёй

Ў час ранні…

Душа хвалюецца,

А думы –

Пра сэнс жыцця,

Пра вечнасць суму…

… А пасля яшчэ высветлілася, што і адна з стрыечных сясцёр татарскага паэта замужам за беларусам – вядомым фотакарэспандэнтам-“звяздоўцам” Мікалаем Амельчанка. Адным словам, Беларусь аказалася для Роберта Мугалімавіча не чужая.

Паэт пасябраваў з нашымі пісьменнікамі, пачаў актыўна ліставацца з беларускім бокам. І з часам у Беларусі выйшла адрасаваная дзецям яго вершаваная кніга. Перакладчыца – маладая таленавітая паэтка Яна Явіч. Роберт Мінулін напісаў некалькі вершаў на беларускую тэму. У тым ліку – і пра Скарыну. Цяпер паэт з Казані заахвоціўся перакладамі беларускіх класікаў. А цяпер вось да беларускага чытача ў перакладзе лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага, слыннага беларускага перакладчыка, прыходзіць кніга лірычнай паэзіі Роберта Мінуліна. Так і атрымалася, што гэта другая беларуская кніга нашага сучасніка – татарскага паэта.

Хацелася б крышачку ўсё ж пазнаёміць чытача з біяграфіяй Роберта Мугалімавіча. Нарадзіўся ён 1 жніўня 1948 года. У вёсцы Назядэ Ілішэўскага раёна Башкірскай АССР. Так, менавіта ў Башкартастане. А ў 1973 годзе закончыў Казанскі дзяржаўны універсітэт. Працаваў карэспандэнтам дзіцячай газеты “Яш ленінчы”. Пасля – у 1986 – 1995 гадах – яе галоўны рэдактар. З 1990 года газета, праўда, носіць іншую назву -- “Сабантуй”. У 1990 годзе паэта абралі народным дэпутатам Рэспублікі Татарстан. У 1995 – 2000 гг. Роберт Мугалімавіч узначальваў пастаянную Камісію Дзяржсавета Рэспублікі Татарстан па культуры і нацыянальных пытаннях. У 2000 годзе быў абраны намеснкіам Старшыні Дзяржасавета Татарстана. Заслужаны дзеяч мастацтваў Татарстана, заслужаны работнік культуры Башкартастана. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Татарстан імя Габдулы Тукая. Аўтар каля 50 кніг. Вершы Роберта Мінуліна перакладзены на многія мовы народаў свету.

Прыемна, што новая кніга Р. Мінуліна выходзіць у серыі “Сябрына: паэзія народаў Расіі”. Запачаткаваны гэты праект быў зборнікам вершаў народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі. Аглядаючы беларускую літаратурна-мастацкую перыёдыку, нельга не заўважыць, што шмат на яе старонках друкуецца чачэнская паэтэса Лула Куні. Не адстае ад яе і другі чачэнскі паэт – Адам Ахматукаеў. Друкуюцца ў перакладах на беларускую мову і паэты з Марый Эл, Чувашыі, Башкартастана, іншых рэгіёнаў Расіі. Якраз гэта выклікае спадзяванне, што нядаўна заснаваная паэтычная серыя будзе развівацца і рухацца наперад. Найперш – дзеля таго, каб мацавалася дружба між народамі і літаратурамі.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 250 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии