Понедельник, 17 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

"Прывет прымі ты мой”: Якуб Колас і Узбекістан

  • Понедельник, 26 февраля 2018 08:22

24 чэрвеня 1941 года, праз два дні пасля нападу на нашу краіну гітлераўскіх войск, Якуб Колас з сям’ёй пакідае Мінск. Спачатку спыняецца ў Ляўках, у Янкі Купалы, потым жыве ў Клязьме пад Масквою ў сваякоў жонкі.

14 жніўня 1941 года прыязджае з сям’ёй у Ташкент, куды была пераведзена Акадэмія Навук БССР. Пачала новая старонка ў біяграфія класіка беларускай літаратуры.

Некалькі дзён жыве паэт са сваімі блізкімі ў гасцініцы “Узбекістан”. З 17 жніўня да 8 кастрычніка жыве ў невялікім пакойчыке на ускраіне Ташкента па вул. Фаменка, 5, у пенсіянераў Андрэевых. Жылі нязручна, у цеснаце, адсутнічала мэбля. Стол, простую шафу і некалькі крэслаў даў рэктар Сярэднеазіяцкага ўніверсітэта С.Д.Муравейскі. Сяргей Дзмітрыевіч Муравейскі нарадзіўся ў 1894 годзе ў Ліфляндскай губерні, у Вальмары. У сям’і святара. Закончыў гімназію ў Рызе. Пасля – прыродазнаўчае аддзяленне Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта. З кастрычніка 1916 года – актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху. У 1920 – начальнік Палітупраўлення Туркестанскага фронта. У 1922 – 1924 – рэктар Сярэднеазіяцкага камуністычнага універсітэта, створанага па яга ініцыятыве. З 1924 – у Маскве. Працаваў у Манголіі. У 1936 годзе вярнуўся ў ТашкентУ першыя дні Вялікай Айчыннай вайны аказаў вялікую дапамогу ў арганізацыі работы і вучобы Маскоўскага універсітэта, які эвакуіраваўся ў Сярэднюю Азію. У 1943 годзе Муравейскі пераехаў у Ташкент.

… У лісце да жонкі П.Броўкі піша: “ Я живу очень неважно. Тесная комнатушка на окраине. Никаких средств не имею. Моя сберегательная книжка и все облигации займов остались в Минске. Кое-что прирабатываю в местной прессе...”

Урадам Узбекскай ССР Я.Коласу з 1 кастрычніка 1941 года адноўлена персанальная пенсія.

8 кастрычніка Якуб Колас атрымлівае кватэру па вул. Пушкінскі праезд, дом № 13 у Русаўскіх (прасторны пакой і прыхожая). Некалькі дзён на кватэры Коласа жыў тэатральны крытык, былы сакратар партыйнай арганізацыі Саюза аісьменнікаў Беларусі М.Модэль з сям’ёй, які апынуўся ў Ташкенце ў цяжкім становішчы. Пазней М.Модэль стаў намеснікам дырэктара Рускага драматычнага тэатра ў Ташкенце і ў знак удзячнасці часта запрашаў членаў сям’і Я.Коласа ў тэатр на спектаклі.

Якуб Колас актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці горада, выступае на мітынгах, сустрэчах, так 6 лістапада 1941 выступае на вечары на хімічным факультэце Ташкенцкага педінстытута, 2 снежня прымае ўдзел у вечары разам з А.Ахматавай, С.Гарадзецкім, С.Кірсанавым, узбекскімі пісьменнікамі Х.Алімджанам, Г.Гулямам і інш. Відаць, спрыянне тут мог аказаць і Сцяпан Ліхадзіеўскі, які з 1937 года жыў у Ташкенце. Пакінуўшы Беларусь па прымусу, паэт, перакладчык, літаратуразнавец Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі, атрымаўшы магчымасць, назаўсёды звязаў свой лёс з Ташкентам, Узбекістанам. Закончыў аспірантуру Ташкенцкага педінстытута. У 1948 годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Узбекістана. Доктар філалагічных навук. Рэдагаваў кнігі ўзбекскіх паэтаў. Уваходзіў у рэдакцыйную калегію часопіса “Звезда Востока”. Пісаў на беларускай, рускай, узбекскай мовах. У Ташкенце выдаў кнігу вершаў і перакладаў “Поиски сердолика” (1973). Памёр наш зямляк ( а нарадзіўся Ліхадзіеўскі ў вёсцы Баславічы Слуцкага раёна ў 1911 годзе) у Ташкенце 13 лютага 1979 года.

У Ташкенце Якубам Коласам у 1941 годзе напісана шмат вершаў: “Сваім бліжнім”, “Над магілай партызана”, “На восі Рым – Берлін”, “Абаронцам роднай зямлі”, “Эзэль”, ”Народу-барацьбіту”, “Майму другу”, “Маскве”, “Засада”, “Крумкачы”, “На звера”, “У цяжкую часіну”, “Дуб”, “Нямецкі бінокль”, “Фюрэр і Дучэ”, “Сорак другі”, “Голас зямлі” і інш., а таксама апавяданні: “Сустрэча з ворагам”, “Санітарка Таня”, “У разведцы”.

У другой палове 1941 года ў перакладзе на ўзбекскую мову выйшлі “Выбраныя вершы”, зборнік вершаў 1941 года ў перакладзе на рускую мову выйшаў у Маскве.

У канцы года матэрыяльнае становішча сям’і Коласа істотна палепшылася за кошт выплаты дэпутатскіх (500 рублёў у месяц).

У 1942 годзе сям’я пераехала ў чатырохпавярховы дом на вул. Пушкінская, 84 (пакой № 39, трэці паверх). Месца жыхарства знаходзілася блізка ад Саюза Пісьменнікаў Узбекістана і ад рэдакцый газет “Фрунзевец” (друкаваны орган Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі) і рэспубліканскай “Правды Востока”, з якімі супрацоўнічаў Якуб Колас. У доме жылі вядомыя вучоныя Масквы, Ленінграда, Беларусі, дзеячы культуры, грамадска-палітычныя дзеячы, эвакуіраваныя ў час вайны: гісторыкі С.Б Весялоўскі, Р.Ю.Віппер, В.В.Струве, У.І Пічэта, А.Д Удальцоў, літаратуразнаўца У.Ф.Шышмароў, А.І. Дэйч, акадэмікі С.М.Ліпатаў, М.Ф.Ярмоленка, фізік-хімік І.А Казарноўскі, піяніст і педагог А.Б Гальдэнвейзер, акцер і рэжысер С.М.Міхоэлс, артысты І.В.Яршоў, Е.К.Акунеўская, В.Пазнанская, галоўны архітэктар Масквы С.Я.Чарнышоў, гідролаг М.А.Веліканаў, паэт і перакладчык Л.М.Пянькоўскі і інш. З многімі Якуб Колас меў непасрэдныя стасункі, сяброўскія адносіны, якія працягваліся і надалей : дачка Шышмарова Таццяна напісала партрэт Якуба Коласа, А.Дэйч напісаў успаміны пра народнага паэта, Л.М.Пянькоўскі пераклаў на рускую мову некалькі вершаў Якуба Коласа. Добрыя адносіны склаліся з узбекскімі пісьменнікамі: Хамідам Алімджанам, Зульфіёй, Гафурам Гулямам, Уйгунам, Міртэмірам.

Пра Леаніда Мінаевіча Пянькоўскага сказаць хацелася б крышачку асобна. Нарадзіўся ён у 1894 годзе. У Крэмянчугу. Шмат зрабіў дзеля таго, каб пазнаёміць рускага чытача з народным эпасам і паэтычнай класікай Сярэдняй Азіі. Першым пераклаў кіргізскі народны эпас “Манас”, узбекскі – “Алпамыш”, казахскі – “Кыз-Жыбек” і інш. Пераклады Пянькоўскага – і гэта падкрэслівалі як тэарэтыкі, так і практыкі, - адрозніваліся высокай мастацкай культурай. Зварот Пянькоўскага да перакладаў вершаў Якуба Коласа патрабуе ўважлівага разгляду.

У студзені 1942 г. разам з акадэмікамі С.М.Ліпатавым, А.К.Кедравым-Зіхманам, А.Р.Жэбракам, В.М.Любякам удзельнічае ў першым пасля эвакуацыі з Мінска пасяджэнні Прэзідыума АН БССР. Было вырашана аднавіць работу Акадэміі Навук у Ташкенце ў сувязі з тым, што большасць членаў Прэзідыума знаходзіцца на тэрыторыі Узбекскай ССР.

У канцы студзеня выязджае ў Маскву па выкліку Першага сакратара ЦК КП(б) Беларусі П.К.Панамарэнкі. Сям’я застаёцца ў Ташкенце. У красавіку 1942 вяртаецца ў Ташкент.

Папаўняецца сшытак вершаў “Ташкенцкая торба”: напісаны верш “Песня пілота” з прысвячэннем байцам-узбекам, вершы “Вясною”, “Песня партызан”, “Ім няма месца ў грамадзе”, “Родны шлях”, “Рыцар Шыкльгрубер”, “На Захад”, “Да Германіі”і іншыя. У Маскве выходзіць зборік вершаў Я.Коласа “Адпомсцім” (М., 1942).

У Ташкенце выдадзены кнігі вершаў паэта на рускай мове “Голас зямлі” (Ташкент, 1942) і “Избранные стихи” (Ташкент, 1942) і ў перакладзе на узбекскую мову “Выбраныя вершы” [Таланган шерлар] (Ташкент, 1942, ўступны артыкул Хаміда Алімджана, перакл. Гафуг Гулям, Уйгун, М.Шэйх-задэ, Міртэмір, Хамід Гулям, Зульфія, Тураб Тула). У газеце “Фрунзевец” надрукаваны артыкул Я.Коласа “Воинам Красной Армии”.

Балюча перажываў Якуб Колас смерць Янкі Купалы. Ён пісаў: “У асобе Янкі Купалы я страціў не толькі вялікага паэта і чалавека, але і шчырага блізкага друга, з якім плячо ў плячо мы прайшлі наш жыццёвы і літаратурны шлях, дзелячы папалам і радасць і смутак...”. Якуб Колас піша верш “Над магілаю друга: памяці Янкі Купалы”, і дасылае на адрас ТАСС водгук на смерць Я.Купалы. У Ташкенце Я.Колас наладжвае вечар памяці Я.Купалы (7 ліпеня, 1942), на якім прысутнічалі беларусы, рускія і ўзбекскія пісьменнікі. У Ташкенце адбылося пасяджэнне Акадэміі Навук БССР, прысвечанае памяці Янкі Купалы. Я.Колас выступіў з дакладам “Янка Купала і яго паэзія”.

Я.Колас піша вершы “Нямецкаму звяр’ю”, “Сяргею Гарадзецкаму”, “Мае Мары”, “Калі спакой”, “Фрыцы”, “Ціша і бура”, “Бацьку Мінаю”, “Невядомы хлопчык”, “Што трэба?” і інш. Некаторыя вершы друкуюцца ў газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Напісаў паэт і аб партызанах для мясцовай узбекскай газеты, здаў у Саюз пісьменнікаў Узбекістана артыкул “Белоруссия под гитлеровской оккупацией” для зборніка, прысвечанага 25-й гадавіне Кастрычніка, па просьбе А.Фадзеева напісаў артыкул для інтэрнацыянальнага антыфашысцкага часопіса, піша ўступны артыкул для аднатомніка твораў Янкі Купалы.

У верасні 1942 г. разам з Прэзідэнтам АН БССР К.В.Горавым, віцэ-прэзідэнтам С.М.Ліпатавым, Наркамам асветы БССР Е.І.Уралавай Якуб Колас быў на прыёме ў Першага сакратара ЦК КП(б) Узбекскай ССР У.Ю Юсупава. У той жа дзень ЦК Узбекістана вынес рашэнне аб размяшчэнні Акадэміі навук БССР у Ташкенце. 90 супрацоўнікаў АН БССР прынялі ўдзел у зборы сродкаў на танкавую калону.

У кастрычніку 1942 г. скончыў працу над паэмай “Суд у лесе”, якая прысвечана беларускім партызанам. Апублікавана асобным выданнем (Масква, 1943).

3 лістапада 1942 г. ў Ташкенце, у Доме Чырвонай Арміі адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 60-годдзю з дня нараджэння Я Коласа. З дакладам аб жыцці і творчасці юбіляра выступіў К.Крапіва. З прывітальным словам выступілі сакратар ЦК КП(б) Узбекістана Юлдашбаева, паэты І.Сяльвінскі, Г.Гулям, Х.Алімджан і інш. Радыёкамітэт наладзіў вялікую літаратурную перадачу “Народны паэт Беларускай ССР”. Ташкенцкая кінастудыя ў дні юбілея здымала Я.Коласа на кінастужку і запісала яго выступленне. Матэрыялы, прысвечаныя юбілею друкуюцца ў газетах “Правда”, “Савецкая Беларусь”, “Правда Востока”. Каміль Яшэн успамінаў : “ Якуб Колас выклікаў да сябе ўвагу і сімпатыю ўзбекскіх пісьменнікаў і ўсіх, хто меў да яго дачыненне, не толькі як вялікі мастак слова, але і як шчыры і адкрыты чалавек. Духоўныя кантакты з ім прыносілі людзям радасць. Яго дружба з узбекскім паэтам Хамідам Алімджанам стала тэмай для кнігі паэтэсы Святланы Сомавай “Паэма пра паэта”.

Святлана Сомава нарадзілася ў Пецярбургу ў 1911 годзе. Памерла ў Маскве ў 1990-м… Паэтэса, перакладчыца. Шмат перакладала з узбекскай паэзіі. Першую кнігу вершаў – “Ташкент”, якая пабачыла свет у час Вялікай Айчыннай вайны, - прысвяціла ташкентцам, узбекістанацам у тыле ворага і на фронце. Аўтар зборнікаў вершаў “Вершы і пераклады”, “На палях Мірзачуля”, “Сімург”, “Агонь у вакне” і інш. Пераклала на рускую мову ўзбекскія эпасы “Тахір і Зухра”, “Кунтугмыш”.

Газета “Правда Востока” за 6 лістапада паведамляе, што рашэннем гарсавета адна з цэнтральных вуліц Ташкента (Асакінская) перайменавана ў вуліцу імя Якуба Коласа.

У снежні 1942 г. Я.Колас удзельнічае ў пасяджэнні пленума Праўлення Саюза Пісьменнікаў Узбекістана.

У лютым 1943 выязджае ў Маскву. Здымаецца ў кінахроніцы разам з легендарным дзедам Талашом. У пачатку сакавіка Я.Колас прынімаецца кандыдатам у члены ВКП(б). Вяртаецца ў Ташкент 21 сакавіка. 22 сакавіка пачынае весці дзённік – “Кнігу Ташкенцкага быція”.

9 красавіка 1943 г. у Ташкенцкім педагагічным інстытуце прайшоў літаратурны вечар, прысвечаны Я.Коласу. Асноўны даклад зрабіў С.Ліхадзіеўскі. Чыталіся творы паэта на беларускай, рускай і ўзбекскай мовах. У красавіку Я.Колас разам з акадэмікам Ліпатавым быў на прыёме ў намесніка старшыні СНК Узбекістана Родзічава.

Я.Колас пачаў працу над новай паэмай “Адплата” (упершыню надрукавана ў “Полымі” за 1945 г.).

У канцы красавіка выязджае ў Маскву на Усеславянскі мітынг. (на мітынгу выступілі А.Талстой, А.Фадзееў, Я.Колас, А.Даўжэнка, В.Васілеўская). У маі вяртаецца ў Ташкент. У чэрвені 1943 г. у Ташкенце выйшаў зборнік “Памяці Янкі Купалы” пад рэдакцыяй Я.Коласа.

У чэрвені 1943 г. адкрывае вечар памяці Я.Купалы на пасяджэнні АН БССР, СП Узбекістана і філалагічнага факультэта Сярэднеазіяцкага ўніверсітэта. У ліпені прысутнічае на вечарыне памяці вядомага ўзбекскага паэта Мукімі (Мухамед Амін-хаджа). Выступае з прамовай на вечары выпускнікоў 47-й школы г.Ташкента.

Піша вершы: “Хваля”, “Калі вернецца радасць”, “Чую голас”, “Крынічка”, “Адступілася радасць мая ад мяне”, “У змярканне”, “Салар”,”Мая просьба”, “Зорка”, “Саюзнікі”.

У жніўні 1943 выступае на мітынгу у Саюзе пісьменнікаў Узбекістана , з прычыны вызвалення Чырвонай Арміяй г.Харкава.

Разам з жонкай і сынам Міхасём адпачывае ў дачнай мясцовасці на гары Чымган. Жыве на дачы старшыні СНК Узбекістана А.Абдурахманава. Працуе над паэмай “Адплата”, піша верш “Чымган” , “Узбекістану” і інш.

У верасні 1943 г. за асобыя заслугі ў развіцці партызанскага руху указам Прэзідыума ВС СССР Я.Колас узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцягя.

1 лістапада 1943 г. разам з сям’ёй пакідае Узбекістан, перад гэтым наносіць развітальныя візіты да старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Узбекістана і Першага сакратара ЦК КП(б) Узбекістана.

Пастановай Савета Міністраў Саюза ССР за выдатныя творы, напісаныя ў час Вялікай Айчыннай вайны Якубу Коласу прысуджана Дзяржаўная прэмія першай ступені.

Узбекістану

Прыйшоў мой час. Я пакідаю

Цябе, мой братні край,

І цяжка, ведай, ясны краю,

Сказаць табе –бывай!

Другое неба нада мною

Развесіць свой шацер.

Ты ж на мяне зірнеш вясною

Вачамі яркіх зор.

Я ўсім нутром, душой адчую

Тваіх яснот цяплынь.

Я промень сонца пацалую

З узбекскіх далячынь.

Успомню горад, шумны, звонкі,

І паркі, і сады,

Салар, узор арыкаў тонкі,

І топаляў рады.

Куточкі ўспомню зацішныя

І велічны Чымган,

І па табе душа заные,

Край-друг Узбекістан.

У цяжкі час вайны суровай

Ты даў прытулак мне,

З узбекам песню адной мовай

Складалі аб вайне.

І меч адзін мы з ім кавалі

На злы варожы стан.

Няхай жа ўзносяць вышай хвалі

Цябе, Узбекістан!

Павеяў вецер, бы ў прадвесне,

Над нашаю зямлёй.

На развітанне – з гэтай песняй

 Прывет прымі ты мой.

23.10.1943 г.

 … Якуб Колас у Ташкенце пакінуў аб сабе прыкметны след. Прайшло шмат часу з падзей 1940-х гадоў. Але, як нам падаецца, след гэты не павінен згубіцца. Ташкенцкі этап у жыцці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа патрабуе мемарыялізацыі, ушанавання. Магчыма – праз помнік, мемарыяльныя дошкі па некаторых коласаўскіх адрасах у Ташкенце. Магчыма – праз выданне кніг беларускага класіка на ўзбекскай мове. Магчыма – праз стварэнне дакументальнага ці мастацкага фільма, прысвечанага жыццю Якуба Коласа ў Ташкенце.

Алесь Карлюкевіч.

Васіліна Міцкевіч.

 

 

 

Прочитано 369 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии