Пятница, 19 10 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Самыя вострыя пытанні пісьменнікі з 21-й краіны абмеркавалі ў Мінску

  • Суббота, 03 марта 2018 07:46

Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час» ужо чацвёрты раз сабраў творцаў з розных краін у межах агульнай дыскусіі, якая адбывалася за круглым сталом падчас ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Кожны гаварыў пра найбольш актуальныя падзеі і працэсы, убачаныя праз прызму нацыянальнай культуры і ўласнага светаўспрымання. Ці можна ўсур'ёз ставіцца да забаўляльнай літаратуры? Што рабіць, каб павысіць ганарары пісьменніка? Ці варта ствараць уласныя творы на розных мовах?.. Адказы на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту «Звязды» ўдалося запісаць падчас міжнароднага сімпозіума.

Па словах міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, сімпозіум стаў не толькі значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі, але і атрымаў вядомасць за яе межамі. Мерапрыемства набыло статус пляцоўкі, дзе абмяркоўваюць важныя і актуальныя пытанні пісьменнікі з розных краін. У сёлетнім форуме прынялі ўдзел літаратары з 21-й краіны. За наладжванне літаратурных сувязяў Аляксандр Карлюкевіч адзначыў спецыяльнымі дыпломамі народнага паэта Татарстана і перакладчыка беларускай паэзіі на татарскую мову Роберта Мінуліна, пісьменніка, публіцыста і старшыню Астраханскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Юрыя Шчарбакова, народнага паэта і заслужанага работніка культуры Чувашскай Рэспублікі Валерыя Тургая.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец адзначыў, што ёсць пераклады беларускіх аўтараў на турэцкую, іспанскую, літоўскую мовы. Актыўна і плённа беларускія пісьменнікі працуюць з калегамі па творчым цэху з Расіі. У цэлым жа Саюз пісьменнікаў Беларусі мае пагадненні з аб'яднаннямі літаратараў 30 краін. Разам з тым пытанне мастацкага перакладу застаецца ў ліку тых, якія не губляюць сваёй актуальнасці і важнасці для далейшага прасоўвання літаратуры за межы краіны.

Звяртаючыся да тэм, якія сёння хвалююць літаратурную супольнасць, Мікалай Чаргінец узняў праблему нізкіх пісьменніцкіх ганарараў. Акрамя таго застаецца нявызначанасць у разуменні прафесійнага статусу пісьменніка. Пісьменніцтва не лічыцца прафесіяй, літаратар павінен працаваць, часам у сферы, якая не мае прамога дачынення да яго занятку. Заставацца ж верным толькі пісьменніцкай справе літаратару складана, паколькі ганарары за кнігі вымушаюць жадаць лепшага. Мікалай Чаргінец таксама нагадаў пра фактары, якія стрымліваюць развіццё кніжнай справы. Гаворка ішла, у прыватнасці, пра высокую надбаўку на кнігі пры рэалізацыі іх у гандлёвых сетках. Яшчэ адной тэмай для абмеркавання і работы з'яўляецца абарона аўтарскага права.

Пісьменнік з Італіі Матэа Нучы паразважаў пра складанасць мыслення аўтара і тыя пасылы, якія можа атрымаць чытач ад пэўнага твора:

— Сёння мы сутыкаемся з тым, што для літаратуры занадта лёгка шукаць інфармацыю. Вынікам гэтага з'яўляецца стварэнне вялікай колькасці забаўляльных тэкстаў. Аднак, на маю думку, за чытаннем забаўляльных тэкстаў толькі губляецца час. Сапраўдная ж творчасць кідае выклік чытачу, задае нязручныя пытанні, прымушае разважаць. Такім чынам, якой бы ні была літаратура, пра што б яна ні распавядала, праз яе чытач трапляе ў сітуацыю крызісу і вучыцца думаць глыбей. Я лічу, што крытычнае мысленне — галоўнае дасягненне нашага часу. Да ўсяго ставіцца крыху скептычна, не ўспрымаць на веру — гэта правільна. На жаль, сучасная літаратура вымушана прыбягае да прастаты атрымання інфармацыі, рэкламы. Але ж калі мы будзем змагацца з гэтай хуткасцю, то прайграем... Кожны пісьменнік вырашае для сябе, аднак я мяркую, што літаратура павінна прадстаўляць чытачу гэту складанасць поглядаў.

Доктар гістарычных навук, член Саюза пісьменнікаў Расіі Лола Званарова мяркуе, што літаратурнаму сяброўству паміж краінамі яшчэ ёсць куды расці:

— У 1980-х гадах мне давялося шмат пісаць пра беларускую літаратуру і мастацтва. Магу засведчыць, што творы вашых аўтараў былі добра вядомыя маскоўскім літаратарам. Памятаю, як выйшаў у расійскай сталіцы зборнік беларускіх чарадзейных казак, і я была адным з перакладчыкаў. У многіх расійскіх тэатрах ішла п'еса адоранага беларускага драматурга Алеся Дударава «Радавыя», адзначаная многімі ўзнагародамі. Гарадская проза Вольгі Іпатавай была выпушчана выдавецтвам «Молодая гвардия», і гэты твор заслужана быў узнагароджаны ўсесаюзнай прэміяй імя Максіма Горкага — за найлепшую дэбютную кнігу. У хуткім часе выйшла кніга апавяданняў Хрысціны Лялько, якая працягвала традыцыі вясковай лірычнай прозы. Вядомая маскоўская паэтка Рыма Казакова пераклала кнігу таленавітай беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц, незадоўга да яе трагічнай смерці... На жаль, сёння беларуска-расійскія літаратурныя стасункі крыху аслаблі. Сумна, што перастаў выходзіць дадатак да «Литературной газеты» пад назвай «Лад», які паслядоўна знаёміў расіян з творамі беларускіх аўтараў.

Літаратуразнавец, прафесар Казахскага жаночага ўніверсітэта Клара Мынжасарава падзялілася сваімі ўспамінамі, як калісьці разам са сваім мужам, вядомым казахскім пісьменнікам Адзі Шарыпавым наведвала Беларусь. Яна адзначыла, што Шарыпаў шмат пісаў пра партызанскі рух і што наша краіна, па сутнасці, стала яго другой радзімай.

— Паміж Беларуссю і Татарстанам вельмі добрыя сувязі, як у эканамічным плане, так і ў культурным. Зусім хутка, у красавіку ў беларускай сталіцы пройдуць дні культуры Татарстана. Мы мяркуем, што адбудзецца вялікае свята, — працягнуў размову народны паэт Татарстана Роберт Мінулін. — Я вельмі шчаслівы ўдзельнічаць у гэтым форуме. Татарскіх пісьменнікаў не надта часта кудысьці запрашаюць, нават у межах Расіі. Пэўна, гэта адбываецца таму, што мы амаль сто гадоў жылі як аўтаномная рэспубліка ў межах велізарнай шматнацыянальнай краіны... Цяпер іншыя часы, аднак адносіны часам застаюцца такімі ж самымі. Ёсць розныя прычыны, і адна з іх у тым, што Саюз пісьменнікаў Татарстана ў свой час аддзяліўся ад Саюза пісьменнікаў Расіі і дагэтуль з'яўляецца аўтаномным. Паміж двума саюзамі, натуральна ж, ёсць кантакты і некаторыя агульныя праекты, аднак іх яўна недастаткова. Нягледзячы на некаторыя праблемы, татарскія пісьменнікі самадастатковыя, пакуль што ў нас ёсць свае чытачы. Кнігі выдаюцца тыражамі ад 2 да 7 тысяч асобнікаў. Гэта сённяшняя сітуацыя, а што будзе заўтра, сказаць складана... Востра стаіць моўная праблема, скарачаецца колькасць нацыянальных школ, таксама вымушана памяншаецца колькасць выкладання татарскай мовы і літаратуры. Гэта бяда не толькі наша — такая ж сітуацыя назіраецца і ў многіх суседніх народаў. Некаторыя пісьменнікі робяцца двухмоўнымі. Калі пісьменнік пачынае пісаць па-руску (ці на нейкай іншай мове) ён аўтаматычна робіцца рускім пісьменнікам. Добра гэта ці дрэнна, я не ведаю. Для іншых літаратур гэта добра, а для нас — не вельмі.

***

Упэўнена, што гэты творчы форум далёка не апошні. Бо менавіта літаратура найлепш адлюстроўвае тыя працэсы, якія адбываюцца ў наш няпросты час. Пісьменніцкае сяброўства — той мост, што паказвае шлях да разумення культур, традыцый, менталітэтаў. Менавіта праз бачанне пісьменніка, адлюстраванае ў яго творах і выступленнях у прэсе, расстаўляюцца пэўныя акцэнты. Незразумелае робіцца больш простым, прыхаванае — відавочным, абсурднае — ганебным. Сапраўдная літаратура будуе час, стварае тую тканку, у якой далей разгортваюцца падзеі. Каб, у сваю чаргу, быць занатаванымі іншымі, маладымі пакаленнямі літаратараў.

Ніна Шчарбачэвіч

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Тканка літаратурнага працэсу

Прочитано 263 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии