Воскресенье, 19 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Госць — чалавек невыпадковы: з гісторыі літаратурных сувязяў

Даследаванне кожнай асобнай старонкі міжнацыянальных культурных сувязяў патрабуе свайго даследчыка. Акрамя дасканалага ведання гісторыі літаратуры, біяграфій пісьменнікаў, творчых саюзаў, структура і формы працы якіх вельмі моцна змяніліся ў параўнанні з савецкім часам, патрэбна яшчэ і валоданне інфармацыяй пра спецыфіку перакладчыцкай працы і развіццё кнігаабмену. На шчасце зацікаўленага даследчыка, своеасаблівай «машынай часу», якая можа вярнуць у атмасферу сярэдзіны ХХ стагоддзя, перанесці ў любую краіну альбо кабінет беларускага класіка, каб заспець яго за напісаннем ліста далёкаму сябру, з’яўляецца Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Па дакументах асобных пісьменнікаў і творчых арганізацый, якія захоўваюцца ў архіве-музеі, можна аднавіць і гісторыю развіцця беларуска-таджыкскіх літаратурна-кніжных сувязяў.

***

Датай, якой можна адзначыць пачатак сталага культурнага супрацоўніцтва, варта лічыць лістапад 1965 года: у Таджыкістане ўрачыста і маштабна праходзіла Дэкада беларускай літаратуры. Адказаць узаемнасцю беларускія калегі змаглі праз год: у 1966-м ужо ў Мінску адбываўся Тыдзень таджыкскай літаратуры.

Менавіта падчас падрыхтоўкі да гэтых мерапрыемстваў вялася актыўная перакладчыцкая праца. У 1965 годзе на таджыкскай мове выйшлі анталогіі беларускай паэзіі «Падарунак дружбы», прозы — «Бурлі, Дзвіна!», зборнікі вершаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка. У Мінску выйшлі зборнік апавяданняў А. Бахары «Абавязак таварыша» (1965), анталогія «Паэты Таджыкістана» (1966).

У сувязі з гэтым асаблівай увагі заслугоўвае «Стэнаграма творчай канферэнцыі па пытаннях перакладу беларускай мастацкай літаратуры», якая адбывалася ў Мінску 15—16 лістапада 1965 года (БДАМЛМ, 78, вопіс 1, справа 133). Гэта было маштабнае мерапрыемства, куды былі запрошаныя пісьменнікі і перакладычыкі з усіх саюзных рэспублік. І, як сведчыць стэнаграма, даклады і выступленні былі не дзяжурна-пафаснымі, агучваліся сур’ёзныя праблемы розных аспектаў пера-кладчыцкай працы: ад моўна-стылёвых да ганарарна-фінансавых. На гэтую канферэнцыю быў запрошаны і Эмануіл Мулакандаў, які вітаў беларускіх калег ад імя таджыкскіх літаратараў. Ён адзначыў, што «хаця і адчувае сябе госцем на беларускай зямлі, аднак чалавек не выпадковы, не старонні», бо ў 1944 годзе ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі пад Жлобінам і Рагачовам (л. 184).

Яго выступленне было ў значнай ступені больш прысвечана агульным тэарэтычна-лексічным пытанням перакладу мастацкіх тэкстаў з рускай мовы на шэраг нацыянальных моў СССР. У прыватнасці, звяртаў увагу на тое, што мова не проста інструмент камунікацыі, яна адлюстроўвае мысленне і лад жыцця народа. І калі ў побыце аднаго народа адсутнічае нейкая з’ява альбо прадмет, то і ў лексічнай скарбніцы папросту адсутнічае адпаведнае слова: людзі не даюць назву таму, чаго няма. Як жа ў такіх выпадках быць перакладчыкам? Асабліва калі гаворка вядзецца пра народы з вялікімі адрозненнямі ў культурным укладзе. І асабліва пры падрыхтоўцы перакладу класічнай спадчыны, дзе сюжэт грунтуецца на спрадвечным. Думаецца, гэтыя пытанні, нават нягледзячы на працэсы глабалізацыі і ўніверсалізацыі ладу жыцця ва ўсіх кутках планеты, застаюцца актуальнымі і ў наш час.

Янка Брыль сярод пісьменнікаў падчас Дэкады беларускай літаратуры ў Таджыкістане, 1965 г.

Янка Брыль сярод пісьменнікаў падчас Дэкады беларускай літаратуры ў Таджыкістане, 1965 г.

Што ж датычыць асвятлення беларускатаджыкскіх перакладчыцкіх сувязяў, то ў гэтым дакладзе Э. Мулакандаў адзначаў: «...літаратурныя кантакты паміж нашымі народамі толькі-толькі зараджаюцца. Першыя кнігі беларускіх паэтаў і празаікаў на таджыкскай мове з’явіліся зусім нядаўна, і разбіраць плюсы і мінусы гэтых твораў, рабіць нейкія высновы тэарэтычнага і практычнага характару пра гэтыя пераклады проста не было часу...» (л. 184). Такім чынам, менавіта дзякуючы выступленню Э. Малакандава мы маем пэўную канкрэтыку ў вызначэнні пачатку літаратурна-перакладчыцкіх сувязяў паміж двума народамі.

Вядома, мастацкія пераклады выходзілі і раней. Так, у 1954 годзе пабачыла свет на таджыкскай мове аповесць Паўла Кавалёва «Андрэйка», у 1955-м — зборнік вершаў Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык», у 1956-м — «Дрыгва» Якуба Коласа, у 1958-м — раман Івана Шамякіна «Глыбокая плынь». У перакладзе на беларускую мову выйшлі аповесць С. Улуг-задэ «Раніца нашага жыцця» (1961 г.), а пазней — і яго раман «Абноўленая зямля» (1973).

Вылучаецца праблемным пафасам і выступленне Ніла Гілевіча. Ён закранаў вялікае кола пытанняў неабходнасці перакладу сусветнай класікі на беларускую мову, адзначаў поспехі, акцэнтаваў увагу на агульных складаных момантах функцыянавання роднай мовы ў грамадстве. У шэрагу майстроў мастацкага перакладу называў Язэпа Семяжона, Юрку Гаўрука, Максіма Танка, Максіма Лужаніна, Уладзіміра Дубоўку. Аднак у сувязі з нашай тэмай цікавы яго даклад найперш тым, што ў ім згадваецца падрыхтоўка да Дэкады беларускай літаратуры ў Душанбэ: «Неўзабаве паедзем у Таджыкістан. Павязём ім адзін зборнік таджыкскай паэзіі, перакладзены на беларускую мову, а таджыкі выдалі 7 кніжак беларускіх аўтараў. Як жа наш кнігагандль, наш Камітэт па друку на гэта глядзяць?» (л. 157). У гэтых вострых пытаннях — павага да калег-пісьменнікаў, адказнае стаўленне да перакладчыцкай працы. Магчыма, у якасці своеасаблівага выбачэння за адсутнасць выдадзеных кніг перакладаў таджыкскіх аўтараў у нашым перыядычным друку змяшчаліся творы Айні, Ф. Ансары, А. Васіт-задэ, Джамі, А. Кахары, Кірома, Лахуці, Б. Сабіра, Г. Сулейманавай, М. Хакімавай і іншых.

***

Не перарываліся сувязі і ў пазнейшыя часы. Так, у красавіку 1978 года беларускі паэт, драматург, перакладчык Пятрусь Макаль (як старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратра») быў запрошаны на святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння заснавальніка таджыкскай савецкай літаратуры Садрыдзіна Айні, які прахо-дзіў у Душанбэ. Садрыдзін Айні (1878—1954) — знакавая фігура ў гісторыі таджыкскай культуры. Ён быў не толькі пісьменнікам, але і грамадскім дзеячам, вучоным, аўтарам прац па гісторыі і літаратуры народаў Сярэдняй Азіі. З дакументаў — імянное запрашэнне, гатэльная картка, праграма навуковай канферэнцыі і ўрачыстых мерапрыемстваў, якія захоўваюцца ў БДАМЛМ (фонд 417, вопіс 1, справа 126), можна зрабіць выснову, што П. Макаль ад удзелу не адмовіўся і выправіўся ў творчую камандзіроўку.

Народны паэт Таджыкскай ССР Мірзо Турсун-задэ і беларускі пісьменнік Кастусь Кірэенка, 1965 г.

Народны паэт Таджыкскай ССР Мірзо Турсун-задэ і беларускі пісьменнік Кастусь Кірэенка, 1965 г.

 

***

У БДАМЛМ у асабістым фондзе знакамітага перакладчыка Паўла Кабзарэўскага (фонд 31, вопіс 2, адз.зах. 515) захоўваецца ліставанне з вядомым таджыкскім паэтам, журналістам, перакладчыкам Бабаджанам Хаджы (1928—2016). Павел Кабзарэўскі, які нарадзіўся ў Магілёве, але з 1925 года жыў і працаваў у СанктПецярбургу, — адзін з самых плённых перакладчыкаў беларускай літаратуры на рускую мову. Яго пераклады найбольш дакладана перадаюць сюжэт і сэнс, захоўваюць мастацкую форму і аўтарскія інтанацыі. Асаблівую павагу і давер заслугоўваў ён тым, што не меў патрэбы ў падрадкоўніку, перакладаў з беларускай на рускую паводле арыгінала. Вядома, з таджыкскай мовай было інакш. Адзін з лістоў Б. Хаджы пачынаўся так: «Павел Семёнович азиз! Салом аз Точикистон. Я уверен, что Вы уже можете читать эти строки, так как вооружены таджикским словарём и имеете очень много друзей в Таджикистане» (л. 8).

З ліставання з Б. Хаджы паўстае карціна не толькі плённага літаратурнага супрацоўніцтва, але і мужчынскага сяброўства. У гэтых лістах, акрамя прыватных момантаў і агульных літаратурных тэм, згадваюцца і беларускія пісьменнікі, і візіты ў Мінск.

***

Актыўнае развіццё міжнацыянальных літаратурных, кніжных, перакладчыцкіх сувязяў немагчымае без асабістых сустрэч, узаемных візітаў. Плён творчых і дзелавых кантактаў паміж пісьменнікамі і кнігавыдаўцамі немагчыма пераацаніць. Думаецца, сучаснасць (з мноствам спосабаў і формаў камунікавання праз адлегласць) абавязкова створыць у гэтай галіне сваю годную старонку.

Жана Капуста

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Дакументы і фота прадастаўлены Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва

Прочитано 76 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии