Валерыя Казакова, намесніка старшыні ФНКА “Беларусы Расіі”, Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў адзначыў званнем ганаровага грамадзяніна горада Магілёў.
На свяце горада 29 чэрвеня расійскаму і беларускаму пісьменніку, які нарадзіўся ў Чавускім раёне, не толькі ўручаць пасведчанне, але яшчэ і адкрыюць імянную зорку ў гонар пісьменніка і мецэната на Плошчы Зорак.
Валерый Мікалаевіч Казакоў зрабіў нямала добрых спраў дзеля захавання гісторыка-асветніцкіх традыцый, прыняў асабісты ўдзел у збіранні і набыцці для Магілёўскага абласнога гістарычнага музея многіх беларускіх артэфактаў. Шукальнік гістарычнай памяці беларусаў, з’яўляецца і аўтарам многіх кніг мастацкай прозы, паэзіі, выдадзеных на рускай і іншых мовах. Асаблівы розгалас займеў нядаўна выдадзены раман “Чорны кот”, у якім спалучыліся гісторыя і сучаснасць.
Яшчэ раней за пісьменніцкую і грамадскую дзейнасць Валерый Казакоў быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Кнігі нашага земляка на рускай і беларускай, у перакладзе на іншыя мовы выдадзены ў Беларусі і Расіі, Польшчы і Чарнагорыі, Сербіі і іншых краінах свету.
Сяргей Шычко