Четверг, 22 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«WriteBox»: Пішы! Чытай!

З 21 па 24 чэрвеня ў Мінску прайшоў заключны этап конкурсу-фестывалю сучаснай беларускай драматургіі «WriteBox». У фармаце сцэнічных чытанняў прагучалі сем найноўшых беларускіх п’ес. Адвечнае пытанне недасканаласці свету гэтым разам асэнсоўвалася драматургамі ў жанры тэатральнага трылера ды эксперыментах з драматургіяй для дзяцей, у разважаннях пра варыяцыі гвалту ды пра непарыўную сувязь вяскоўцаў і гараджан...

Сёлета конкурс-фестываль «WriteBox» — незалежная ініцыятыва тэатразнаўцы і тэатральнага менеджара Вікторыі Беляковай — прайшоў трэці раз. Яго мэты застаюцца нязменныя: пошук лепшых найноўшых тэкстаў, выяўленне тэндэнцый і асаблівасцей сучаснай беларускай драматургіі, стварэнне прафесійнага поля для развіцця аўтараў. А парадкавы нумар ІІІ сведчыць адначасова і пра сур’ёзнасць намераў арганізатараў, і пра неабходнасць конкурсу-фестывалю айчыннаму тэатральнаму працэсу. Калі прызнаваць лічбы лепшым сведкам паспяховасці, то варта згадаць, што ў гэтым годзе на «WriteBox» было даслана 36 п’ес, створаных беларускімі драматургамі на працягу 2017-га. Каманда рыдараў абрала з гэтай колькасці 6 тэкстаў, якія былі ўвасоблены ў сцэнічных чытаннях. Па-за конкурсам прачыталі новую п’есу Дзмітрыя Багаслаўскага «Нічыпар. Сказ пра бязмытныя часы і шлях далёкі, але заўсёды канечны, як заведзена, так, і не намі тое прыдумана».

Якія ж тэндэнцыі выявіў «WriteBox-2018»? Найперш, канечне, заўважныя абнаўленні ў тэматычнай разнастайнасці. Гэтым разам акцэнтавала на сабе ўвагу гендарная тэма. П’есы Алёны Іванюшанкі «Шкура» і Кацярыны Чэкатоўскай «Мастэктамія», галоўныя гераіні якіх падвяргаюцца гвалту ў розных праявах, выклікалі найбольш бурныя дыскусіі на абмеркаваннях пасля чытанняў. Нечакана для досыць урбаністычнага кантэксту сучаснай беларускай драматургіі паўстала вясковая тэма. Аўтар п’есы «І лісце вернецца да каранёў...» Аляксандр Савуха стварыў адметнае выказванне пра тое, што такое вёска для моладзі. Яшчэ адной характэрнай рысай праграмы гэтага года стала праблемная драматургія для дзяцей і падлеткаў. Гэта ўжо згаданая «Шкура» — няпростая гісторыя духоўнага і цялеснага сталення; а таксама п’еса Андрэя Іванова «Жнівень-6» пра хлопчыка, які перажывае смерць блізкага чалавека ва ўяўных касмічных вандроўках.

Праграма конкурсу-фестывалю зрабіла заўважным і тое, як дакументальная эстэтычная мадэль страчвае свой артадаксальны падыход да рэчаіснасці і аздабляецца метафарычнасцю. Напрыклад, у п’есе «Мастэктамія», дзе галоўная гераіня распавядае пра свой досвед выдалення малочных залоз праз дамаганні мужчынаў, фактычна легітымізаваных нашым грамадствам. Большасць распаведзеных у «Мастэктаміі» гісторый, дзе жанчына становіцца ахвярай, выглядаюць дакументальнымі, а вось сам акт пазбаўлення грудзей выглядае у большай ступені сімвалічным, чым сапраўдным. Гэта хутчэй метафара пазбаўлення жаноцкасці, чаго вымагае існаванне ў навакольным свеце. Ці п’еса «Саманаводны бог» Канстанціна Сцешыка, дзе гісторыя дзетдомаўцаў, на якіх палюе свет, становіцца то трылерам, то страшнай казкай, то камедыяй абсурду.

Што ж датычыцца рэжысёрскіх рашэнняў, то адметнасцю «WriteBox-2018» стаў аўдыявізуальны кірунак. Так, для п’есы Аляксея Макейчыка «Абжываючы бетон» — гісторыі ўзаемаадносін сучасных маладых людзей і іх спроб пераадолець крызіс — рэжысёр Антон Макуха прапанаваў фармат відэачыткі (ці тэлечыткі, па аналогіі з тэлеспектаклем, як трапна заўважыў на абмеркаванні адзін з гледачоў). Тэкст п’есы быў прачытаны акцёрамі ў бетонных лакацыях прасторы Ok16 ды наваколля, запісаны на відэа і ў запісе прадэманстраваны гледачам. Сярод вартасцяў спалучэння моў тэатра і кіно — разнастайнасць і метафарычнасць лакацый, калі рэальны бетонны «заднік» штокадр вяртае нас да назвы п’есы і яе звышідэі; буйныя планы, якія дазваляюць у большай ступені засяродзіцца на героях і іх пачуццях; спалучэнне тэатральнага спосабу існавання і кінапрэзентацыі мастацкага выказвання, што нараджае спецыфічны эфект глядацкага ўспрымання — тэатральнае суіснаванне залы і сцэны на экраннай адлегласці.

Гледачам, што прыйшлі на чытку п’есы «Саманаводны бог», рэжысёр Юра Дзівакоў прапанаваў напачатку знайсці сваё месца ў хаатычна арганізаванай прасторы залы, а потым паслухаць у поўнай цемры аўдыязапіс страшнай гісторыі пра брата і сястру, якія намагаюцца выжыць у апакаліптычным свеце, дзе мясцовы канібал яшчэ не самы горшы чалавек. Такое рашэнне, па-першае, падтрымлівае адзін з галоўных тэзісаў сучаснага тэатральнага працэсу: спектакль адбываецца ў галаве гледача. Па-другое, стварае патрэбную дыстанцыю, на якой кожны сам абірае, як візуалізаваць жорсткія сцэны гэтага тэксту-гіньёлю. Па-трэцяе, стварае патрэбную атмасферу суцэльнай цемры, што ахутала свет, і адначасова падабенствам да жахліўчыкаў з дзяцінства (памятаеце: у чорным-чорным горадзе, на чорнай-чорнай вуліцы...) адкрывае абсурдны чорны гумар гэтага тэксту.

Увогуле ж «WriteBox» адлюстроўвае тую станоўчую дынаміку, што паступова ўтвараецца вакол з’явыбрэнду «сучасная беларуская драматургія». Мы ўжо не аддаём выключна на водкуп блізкага замежжа рэагаванне на стварэнне тэкстаў, а здольныя самі адсачыць з’яўленне новых п’ес і выбраць з іх лепшыя. Таму, відаць, можна спадзявацца і на тое, што з цягам часу ініцыятыва «WriteBox» надасць імпульс і для наступнага кроку ўдзельнікаў тэатральнага працэсу — з’яўлення больш трывалых сувязей паміж сучаснымі драматургамі і тэатральным рэпертуарам.

Алена Мальчэўская

Фота прадастаўлена «WriteBox»

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 192 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии