Четверг, 23 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

У будучага музея «Вайна пад стрэхамі» паявіцца апякунскі савет

  • Понедельник, 29 мая 2017 19:31

«Звязда» ўжо паведамляла пра тое, што ініцыятывай стварэння музея ў Глушы зацікавіліся супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Як раней адзначаў у тэлефоннай гутарцы кіраўнік гэтай установы Зміцер Яцкевіч, нельга, каб такая справа праходзіла стыхійна, трэба яе каардынаваць. Нядаўна члены экспертнай групы, куды ўвайшлі гісторыкі, дачка пісьменніка Наталля Адамовіч, прадстаўнікі музея гісторыі беларускай літаратуры на чале са Зміцерам Яцкевічам, пабывалі ў Бабруйскім раёне, дзе сустрэліся з кіраўніцтвам мясцовай улады, з'ездзілі ў Глушу на месца знаходжання будынка, які плануецца рэканструяваць.

— На сёння ёсць грошы, ёсць установа, якая можа зрабіць праектна-каштарысную дакументацыю. І яе трэба рабіць, — адзначыў Зміцер Яцкевіч. — Далей будзем думаць, як стварыць музей, паралельна працаваць над канцэпцыяй, распрацоўваць экспазіцыйны план. Мы бачылі паразуменне з боку кіраўніцтва Бабруйскага райвыканкама, і гэта галоўнае.

Ён таксама адзначыў, што будынак у здавальняючым стане, але яго трэба «лячыць». Што датычыцца статусу будучага музея, быць яму раённым або філіялам дзяржаўнага, то тут Зміцер Яцкевіч параіў не спяшацца. Пакуль гаспадар будынка Бабруйскі райвыканкам, тут адкрыты рахунак, і надышоў час пачынаць працу, станавіцца заказчыкам работ па выратаванні будынка. Гэта дапаможа пазбегнуць далейшых страт.

Па выніках нарады, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, былі распрацаваны канкрэтныя крокі. Па-першае, трэба зрабіць схему функцыянальнага прызначэння памяшканняў для тэхнічнага задання і далейшага праектавання, па-другое — распрацаваць праект Палажэння аб апякунскім савеце, куды павінны ўвайсці прадстаўнікі мясцовых улад як з вобласці, так і з раёна, а таксама прадстаўнікі грамадскасці.

— Сустрэча была пазітыўная, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Галіна Чарнова. — Будзем вырашаць пытанні з праектна-каштарыснай дакументацыяй і рэканструкцыяй будынка. У першай палове чэрвеня мы чакаем праект Палажэння аб апякунскім савеце і яго складзе, які плануецца зацвердзіць. Мэта — каардынацыя дзейнасці, залучэнне спонсараў і гэтак далей.

Калі не будзе губляцца пэўны тэмп, ініцыятыва кожнага з бакоў, то раён, вобласць, музей, грамадскасць гэтую справу зробяць, лічаць эксперты. Музей рана або позна паявіцца.

— Мы павінны рабіць канкрэтныя крокі, але быць рэалістамі, — кажа Зміцер Яцкевіч. — Трэба актыўна папулярызаваць ідэю, думаць, як яшчэ прыцягнуць грошы, мецэнатаў. Аднаго грамадскага савета мала. Патрэбны цесны каардынацыйны кантакт з уладамі і сродкамі масавай інфармацыі. Тады ўсё атрымаецца.

Між тым папулярызацыяй творчасці Алеся Адамовіча ў Магілёве займаецца грамадска-назіральны савет, створаны пры абласным аддзяленні ТБМ. У яго склад уваходзяць вядомыя ў вобласці журналісты, гісторыкі, прадстаўнікі абласной улады, абласной бібліятэкі імя Леніна. Дзякуючы дзеянню савета, дасягнута дамоўленасць з кінавідэапракатам аб паказе ў кінатэатрах Магілёва напярэдадні даты пачатку Вялікай Айчыннай вайны і на працягу ўсяго лета фільма «Ідзі і глядзі», пастаўленага па творах беларускага класіка. Акрамя гэтага вядуцца перагаворы аб наданні адной са школ Магілёва імя Алеся Адамовіча. На жаль, сёння ў асноўнай школьнай праграме па літаратуры няма твораў Алеся Адамовіча. Не дзіўна, што падлеткі амаль нічога не ведаюць пра свайго знакамітага земляка. А значыць, не ведаюць і пра тое, што героі яго асноўных твораў іх аднагодкі, якія мужна змагалася на акупаванай тэрыторыі ў гады вайны, што тыя жахлівыя карныя аперацыі, ад якіх кроў стыне ў жылах, праходзілі таксама і на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, у прыватнасці на тэрыторыі Кіраўскага раёна. Гэта літаратура нічым не ўпрыгожаная, яна, як аголены нерв, балючая і бязлітасная па сваім ўздзеянні. На сённяшні дзень таксама ёсць некалькі варыянтаў таго, якім павінен быць музей у Глушы. Адну з канцэпцый распрацавалі сумеснымі намаганнямі Наталля Адамовіч і Сяргей Бяспанскі, гісторык-музейшчык, на рахунку якога стварэнне Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Але гэта канцэпцыя таксама пакуль разглядаецца. Спецыялісты лічаць, што зараз першачарговая задача зрабіць дакументацыю і знайсці грошы на рэканструкцыю будынка. Усе астатнія пытанні будуць вырашацца па ходзе работы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Крынiца: Звязда

Прочитано 316 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии