Среда, 14 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Паэты Львова — на беларускай мове

  • Четверг, 08 ноября 2018 11:15

Магчыма, і занадта гучна сказаць «анталогія» ў дачыненні да зборніка вершаў майстроў слова з Львова і Львоўшчыны ў перакладзе на беларускую мову. Але несумненна тое, што выхад кнігі «На арэлях натхнення» (Мінск, Мастацкая літаратура, 2018) — добрая падзея сяброўства і сапраўднай літаратурнай дружбы. 

Зборнік аб’яднаў пад адной вокладкай вершы паэтаў Івана Франко, БагданаНестара Лепкага, Антона Шмігельскага, Багдана-Ігара Антоніча, Міколы Пятрэнкі, Расціслава Братуня, Івана Гнацюка, Дмытра Паўлычкі, Уладзіміра Лучука, Рамана Лубкіўскага, Аксаны Сенатовіч, Рамана Кудлыка, Міколы Красюка, Яраславы Паўлычкі, Галіны Турэлік, Вольгі Кіс… Шаснаццаць паэтаў, якім дарогу да беларускага чытача дапамаглі адолець улюбёны ва ўкраінскую культуру, літаратуру выпускнік Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Караткевіч, Міхась Калачынскі, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Язэп Семяжон, Вячаслаў Рагойша, Уладзімір Марук, выпускнік аддзялення журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча Сяргей Панізнік.

У прадмове да выдання Сяргей Панізнік зазначае наступнае: «...Выдадзеная кніга яднае творчых асобаў, каб ускалыхнуць натхненнем мацярык нашай духоўнай еднасці».

Так, Сяргей Панізнік у 1963—1967 гадах вучыўся ў Львове на ваеннага журналіста. І разам з засваеннем вайсковай практыкі, вайсковых навук, разам з авалодваннем журналісцкай прафесіяй ён вырастаў у беларускага, чуйнага і да братняй украінскай мастацкай прасторы, паэта. З таго львоўскага часу — і яго, Сяргея Панізніка, уяўленні пра Івана Франко, пра Львоў у звязках з Беларуссю, з таго часу — знаёмствы з львоўскай літаратурнай, культурнай і, відавочна, нацыянальнай атмасферай.

А Львоў жа, яго блізкія і далёкія ваколіцы, Явараў, Ярэмча, Ужгарад, Івана-Франкоўск, Луцк, Астрог, Заходняя Украіна ўвогуле сапраўды пераплецены з Беларуссю самым цесным чынам. Возьмем хаця б, напрыклад, і такі факт. У 1909 годзе ў Львове выходзіць брашура тады маладога гісторыка і публіцыста Івана Крыпякевіча «Білоруси», у якой аўтар выказаў і такія праніклівыя, надзвычай цёплыя словы: «Сярод беларусаў знайшлі мы шчырых сяброў і суседзяў. А іначай не магло быць. Амаль усю мінуўшчыну пражылі мы разам з беларусамі; ніколі не было між двума народамі якой-небудзь нязгоды… У долі і нядолі ішлі мы ўсе разам». Дарэчы, на 2017 год прыпала 150-годдзе з дня нараджэння Івана Крыпякевіча, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, аднаго з найцікавейшых гісторыкаў Украіны. Мо новы зборнік і гэтай даце пазнака?..

Ёсць і другая дата, вылучаная ў эмацыянальнай прадмове Сяргея Панізніка, дата, памятная яму асабіста… У 1967 годзе ў Львове прайшоў вечар сучаснай беларускай паэзіі. Удзельнічала ў ім беларуская паэтэса, перакладчыца Валянціна Коўтун. А з украінскага боку — У. Маторны, К. Трафімовіч, І. Дзенісюк, М. Ільніцкі, Р. Лубкіўскі, У. Лучук, М. Пятрэнка, Я. Паўлычка… А яшчэ ў 1987 і 1992 гадах ладзіліся ў Львове вечарыны памяці Максіма Багдановіча… У іншыя гады — таксама. Я ўзяў у разлік толькі даты, якія можна прывязаць да юбілейнага характару. А ў Мінску ў 1997 годзе Купалаўскі музей правёў вечарыну ў знак 90-годдзя першага беларускага замежнага музея, створанага Іларыёнам Свянціцкім. У тым самым 1997 годзе Сяргей Панізнік выдаў сваю кнігу перакладаў. І былі ў ёй вершы львавян — Б. І. Антоніча, Р. Братуня, І. Гнацюка, В. Грабоўскага, Р. Качурыўскага, І. Франко…

Я дзіўны бачыў сон.

Перада мной нібыта

Ў пустэльнай дзікасці бязмежнае плато

І я, сталёвым ланцугом абвіты,

Стаю пад скальнай стромаю з граніту,

А далей тысячы такіх, як я, братоў.

Чало ва ўсіх журбой жыцця ўзарана,

І ў кожнага ў вачах гарыць любові жар,

І на руках ва ўсіх гадзюкамі кайданы,

І плечы кожнага дадолу пазгінаны,

Бо нейкі страшны ўсіх гняце цяжар.

У руках у кожнага цяжкі жалезны молат,

І зверху — кліч да нас, пярунам над зямлёй:

«Дзяўбіце гэты ўцёс! Няхай спякота й холад

Не спыняць вас! Выносьце працу, смагу й голад,

Бо ВАМ прызначана скрушыць у друз скаллё

— чытаем следам за Уладзімірам Караткевічам верш неўміручага класіка ўкраінскай нацыянальнай літаратуры Івана Франко «Каменяры».

Многія творы са зборніка ўкраінскіх паэтаў — вершы пра Беларусь, вершы, звязаныя з Беларуссю. Як, напрыклад, «Сонца над песняю М. Багдановіча» Міколы Пятрэнкі (пераклад Уладзіміра Марука). «Беларусь — высокая сінеча, / Беларусь — зялёны аксаміт. / Ды чаму здаецца — як на сечы, / Звоняць шаблі, звоняць шчыт аб шчыт?..» І далей: «Беларусь, разбі няволі крыгі, / Орды крывасмокаў прагані!.. / Бач, Скарына, падае нам кнігу / Вольнасці, любові, дабрыні»… Некалькі слоў пра аўтара верша. Мікола Пятрэнка нарадзіўся ў 1925 годзе на Палтаўшчыне. У час акупацыі Украіны нямецка-фашысцкімі захопнікамі быў вывезены ў Германію, тры гады прабыў у гітлераўскім канцлагеры. Пасля вайны працаваў на рыбных промыслах на Камчатцы, затым — у рэдакцыі раённай газеты на Львоўшчыне. Шмат гадоў аддаў журналістыцы. І ўвесь час пісаў вершы. Аўтар шматлікіх кніг паэзіі. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін сярод напісанага Расціславам Братунем (1927—1995) знайшоў верш «У Араў-парку»… Пра еднасць культур, народаў, еднасць сапраўднага паэтычнага веравызнання — гэты твор. Бо ў Араў-парку сышліся помнікі паэтам-класікам.

Не быць тут звадзе!

Бярыце прыклад, пакаленні:

Тарас бунтоўны на левадзе

Узняўся ў вогненным імкненні;

І Пушкін з маладым парывам

З Уітменам душу з’ядналі.

Паэты тым спрадвек шчаслівы,

Што іх не разлучаюць далі.

Звінела Беларусі мова,

Світаннем неба абдымала.

Ішоў здалёк раскутым словам

З вітаннем маладым Купала.

Іван Гнацюк (1929—2005) — паэт-лагернік, які адбываў пакаранне на Калыме. Пасля вызвалення быў выгнаны за межы Заходняй Украіны. Аўтар кніг «Каліна» (1966), «Смага» (1970), «Барэльефы памяці» (1977) і інш. У часопісах пасля смерці паэта былі надрукаваны яго вершы, напісаныя ў калымскіх сталінскіх канцлагерах. Іван Гнацюк перакладаў вершы польскіх, сербскіх і беларускіх паэтаў. Да верша Івана Гнацюка «Над сіняю затокаю надзеі» — эпіграф з Максіма Багдановіча. І верш, зразумела, прысвечаны Максіму… Падборка ўкраінскага паэта ў кнізе «На арэлях натхнення» складаецца з вершаў, якія былі перакладзены вялікім сябрам украінскай літаратуры Уладзімірам Караткевічам.

Ёмістай падборкай прадстаўлены Уладзімір Лучук (1934 — 1992). Адкрываецца яго раздзел вершам «Пачатак Якуба Коласа». «З народа вырас — гэтак паўстае / з палеткаў урадлівых чуйны колас… / І Слова, чары выдаўшы свае, / пацалавала і сказала ўголас: / — Адданае табе да скону я — / ты мне, паэт, не здрадзь у ачмурэнні, / у душы праўду сей — зямля твая / яшчэ ўзгадуе новыя карэнні!..» Перакладчык — Сяргей Панізнік. У сваёй перакладчыцкай дзейнасці Уладзімір Лучук асаблівую любоў праявіў да Беларусі (гэта відаць па зборніках «Важкасць», 1967, і «Сябры», 1987).

Нельга не сказаць пра повязь з Беларуссю паэта Рамана Лубкіўскага (1941—2015). Ён працяглы час узначальваў Львоўскую пісьменніцкую арганізацыю. З’яўляецца адным з заснавальнікаў Міжнароднага фонду Янкі Купалы. Укладальнік кніг «Максім Багдановіч. Страцім-Лебедзь» (2002) і «Шаўчэнкава дарога ў Беларусь» (2004). Як паэма вялікай любові да Беларусі чытаецца верш Рамана Лубкіўскага «Снягі Беларусі» з прысвячэннем: «Балгарскаму паэту Андрэю Германаву, аўтару верша “Беларускі снег”». «Андрэй, гэты снег шлях і мне перабег, / Забавіў, здзівіў, счараваў і мяне ён. / Палоніў і долы, і долю няўспех, / Праз пушчы праходзіў аленем завейным…».

«На арэлях натхнення» — толькі самы пачатак, усяго толькі подступы да вялікай напружанай працы, якая павінна выліцца ў беларускамоўную анталогію паэзіі Львоўшчыны, а мо і ўсяе Заходняй Украіны. Анталогію, якая складзецца з вершаў паэтаў розных пакаленняў, якія выпеставаны Львоўшчынай, Іванава-Франкоўшчынай, Ровеншчынай, Чарнавіцкай старонкай, Хмяльніччынай, Цярнопальшчынай, Закарпаццем, Валыншчынай… І тады беларускія перакладчыкі не забудуцца пра паэтаў Івана Андрусяка, Уладзіміра Барну, Андрэя Бондара, Рыгора Варабкевіча, Восіпа Макавея, Паўла Гірныка, Антона Паўлюка і шмат яшчэ каго іншага ўспомняць… Паэзія Заходняй Украіны, паэзія Львова і Львоўшчыны, класічная і сучасная, — сапраўдны неабсяжны прастор, уважлівае памкненне да даляглядаў якога ўзбагаціць і беларускую нацыянальную паэзію, беларускае мастацкае слова.

 Мікола Берлеж

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 24 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии