Понедельник, 10 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Рыгор Барадулін і Кыргызстан  

  • Суббота, 01 декабря 2018 18:22

 

Чытаю ў дзённіку народнага паэта Беларусі – 6 кастрычніка 1990 года: “Сямён Саламонавіч (Элькінд) здабыў мне білет у Кіргізію, лячу на юбілей класіка…” І яшчэ – запіс ад 11 кастрычніка: “У Ленінцы заказаў Асмонава, трэба ехаць на 75-годдзе ў Фрунзе…”.

Алыкул Асмонаў (1915 – 1950) – кыргызскі паэт, драматург, перакладчык, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Кіргізскай ССР (1950, узнагарода прысуджана пасмяротна). У Кыргызстане імя Алыкула Асмонава носіць Нацыянальная бібліятэка. У вёсцы Каптал-Арык заснаваны музей паэта. Дом-музей Алыкула Асмонава ёсць і ў Бішкеку. Школа-гімназія № 68 Бішкека носіць імя Алыкула Асмонава… Пра паэта і сёння пішуцца кнігі, здымаюцца фільмы…

18 кастрычніка Рыгор Іванавіч Барадулін запісвае: “Самалёт сеў у аэрапорце Манас. Адразу згадаўся рымскі Леанарда… ўладкаваўся ў саўмінаўскую гасцініцу “Ісык-Куль”… З Кенешам (Жусупавым) заходзілі ва ўтульную шатрападобную чайхану. Нацыянальныя стравы, зэдлічкі нізкія. Заходзяць маладыя, іхняя памяць продкавая нешта роднае ўспамінае”.

19 кастрычніка гасцей вязуць на могілкі… “Былі на магіле Алыкула Асмонава. Сціплы помнік добраму паэту, не аблашчанаму савецкай уладай. Як у Літве Кудзірку. Усклалі кветкі. Прамовы. Потым усе сядзелі на кукішках, адзін нехта прачытаў малітву…”

І яшчэ адзін запіс – відаць, з прамовы Рыгора Барадуліна на могілках: “На свой юбілей нас усіх запрасіў сваім вечным словам верны сын Кіргізіі Алыкул Асманаў. Так у Расію запрашае Пушкін, у Беларусь – Янка Купала. І гэтакае запрашэнне слова паэтаў болей аб’ядноўвае нас, чым заканадаўчыя акты і ўказы, падмацаваныя сілай арміі і міліцыі. Кожны народ вольны сам выбіраць, дзе яму жыць і з кім дружыць. Адзінае, што мусіць берагчы кожны народ і чалавек – сваю мову, сваё роднае, крэўнае, спрадвечнае”.

 

Кыз кумай,

                    кыз кумай,

                                        кыз кумай –

На кані дагані дзяўчыну.

Еш салому, фасон трымай.

Быць усё мусіць чын па чыну.

 

Кыз кумай –

                       як прыцмок бізуна.

Паскакала адна дзяўчына,

Як танюткая лазіна,

Быццам са смаляка лучына.

 

Выгінаецца ўся й гарыць

І назмаш бізуном сцябае.

Пацалункам яе скарыць

Цельпуку надзея слабая.

 

Кпіць па часе вясёлы час,

Бізуном перапсюрыўшы спіну,

І, кіруючы ў дамавіну,

Цвеліць палам кожнага з нас:

Дагані, дагані дзяўчыну…

 

Гэты верш Рыгор Барадулін дакладна “прывёз” з Кыргызстана. Чытаем у дзённікавых запісах – ад 20 кастрычніка: “Усё пераблытался, ноч з днём, дзень з ноччу. Сёння едзем на радзіму Алыкула Асмонава…” Мо і пісаліся, занатоўваліся радкі верша ў Кыргызстане?..

…Вёска Каптал-Арык. Музей у гонар “сонца кыргызскай паэзіі” (так называюць Алыкула Асмонава) заснавалі якраз тады, у дні святкавання 75-годдзя паэта. Слова – Рыгору Барадуліну: “На ўзвышэнні адкрыццё помніка, мітынг, адкрыццё музея Алыкулу. Далі запрашальныя білеты, дзе памечана, хто ў якой юрце. Мне далі 4-ую юрту, як нумар у гатэлі. Там папаска. Конныя скачкі. Дагані дзяўчыну. Схапі манету. На скаку трэба ўхапіць завязаную ў чырвоную анучку манету. Малыя хлапчукі – забег, хто першы разразае путы двухгадоваму хлапчуку, каб той бегаў. Сімвалічнае разняволенне. Па мацюгальніку выступаюць гумарысты. Імітуюць Гарбачова па-руску і свайго ішака з ЦК па-кіргізску. Гэта ўжо зрухі перабудовы…”

Тры дні правёў Рыгор Барадулін у Бішкеку, Кыргызстане. Адкрыў для сябе не толькі паэта, але і яго родныя мясціны разгледзеў, паспрабаваў унікнуць у сутнасць яго, Алыкула Асмонава, вялікіх і малых паэтычных адкрыццяў.

Рыгор Барадулін – вандроўнік па ўсіх цэнтральнаазіяцкіх краінах. Ён быў і ў Туркменістане, і ў Таджыкістане, Узбекістане… Яго нават помняць і зараз у тых далёкіх ад Беларусі куточках. Расказваў нядаўна Ганад Чарказян: “Прыехаў на міжнародную канферэнцыю ў Ташкент. На ўрачыстай вячэры, дзе поўна было не толькі прысмакаў, гасцінцаў, але і паэтычнае слова дзе панавала, патрапіў за адзін дастархан з трыма народнымі паэтамі Узбекістана адразу. Як даведаліся, што я -- курд беларускі, прыехаў з Мінска, адзін з іх адразу пра сваю дружбу з Барадуліным пачаў расказваць…” А ў Душанбэ заўжды беларусам пра свае пераклады паэзіі Рыгора Барадуліна расказвае народны паэт Таджыкістана Саідалі Мамур. У Кыргызстане пераклаў параўнальна нядаўна вершы Рыгора Барадуліна на рускую мову народны паэт Кыргызстана Вячаслаў Шапавалаў. І такія прыклады можна множыць.

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 27 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии