Вторник, 21 05 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Агляд літаратурных часопісаў

  • Четверг, 14 февраля 2019 00:55

Рэальнае і фантасмагарычнае

З першых старонак студзеньскі нумар «Полымя» прапануе чытачу маштабны па змесце і форме твор «Праўда жыве пасярэдзіне», — першую частку рамана Уладзіміра Гніламёдава. Назва заклікае настроіцца на сур’ёзны лад. У цэнтры расповедаў — юнак, які скончыў вясковую школу і едзе паступаць у інстытут. Перад ім адкрыты ўсе дарогі, бо ён — медаліст, без іспытаў можа быць залічаны ў любую ВНУ. І вось тут у творы прыхавана маральна-этычная падтэмка (бо асабліва ўвага на ёй не засяроджваецца). Валодзя выхоўваўся ў бабулі з дзядулем, — з маркотай у сэрцы развітваецца з імі, выпраўляючыся да бацькоў, якія жылі ў горадзе. Ён нясе выпеставаную мару — стаць геолагам-даследчыкам. Для таго, каб падчас сямейнай вячэры развітацца з тым, пра што марылася доўгімі вечарамі...

«— Куды ехаць, сынок, калі мы ўсе гэтак цябе любім! — дадала, нібы напомніла, маці.

— Маўчанне — знак згоды, — азваўся бацька.

Сын нічога не адказаў. Прыроджаная мяккасць характару і яшчэ не вытраўленая жыццём далікатнасць схілілі яго саступіць волі бацькоў, згадзіцца на іхнюю прапанову».

Пакуль невядома, чым абернецца для Валодзі яго мяккасць, — пойдзе на карысць ці, наадварот, ён будзе шкадаваць потым усё жыццё, але сам факт гэткага шантажу любоўю, на маю думку, прымушае задумацца пра сямейныя каштоўнасці...

Два наступныя празаічныя творы — лёгкія, напісаныя сучаснай мовай, з дынамічным дзеяннем і жывымі дыялогамі. Аўтар першага з іх — Сяргей Календа. У апавяданні з інтрыгоўнай назвай «Джустус, вялікі і непакорлівы» маленькі хлопчык Флорыян, які з’яўляецца ўвасабленнем чыстага, непасрэднага, у чымсьці наіўнага розуму, у экстрэмальных умовах небяспекі не губляецца і нават ратуе загіпнатызаваных сусветным злом бацькоў, знаёмых, сяброў... Чытаючы твор, напачатку здаецца, што сюррэалістычныя праявы, якія назіраеш, — гэта свет, трансфармаваны ў свядомасці герояў. Але ў канцы высвятляецца, што сюжэт і насамрэч задумваўся як фантасмагарычны. Хаця ўсё атрымалася вельмі падобна на сапраўднасць: бацькі занятыя выключна сабой, ніхто нікога не чуе, чалавек па сваёй сутнасці слабы, і таму ім вельмі лёгка кіраваць...

Парадавала Валерыя Радунь фантастычным апавяданнем «Неперспектыўная планета». Увесь час трымаешся ў напружанні — да апошняга радка: немагчыма прадбачыць, што будзе ў фінале.

З паэзіяй выступаюць Віктар Вабішчэвіч і Мікола Адам. Калі першы аўтар аддаецца сузіранню зімовых краявідаў і маляўнічых ваколіц роднага краю, успамінам чэрвеньскай ночы і позняй восені (нізка вершаў «За бурамі людское мітусні»), то другі, М. Адам, з большай цікавасцю даследуе ўласны ўнутраны свет (падборка «Халодна-гарачыя вочы»). Адметна, што ён здолеў сказаць пра сумныя рэчы, не выклікаючы пры гэтым адчування маркоты, — то-бок аўтара разумееш, спачуваеш, суперажываеш, але не знікае жаданне далей жыць і вывучаць гэты свет, поўны загадак, таямніц і нечаканых паваротаў. Вось якія словы ён укладае ў маналог уласнай адзіноты: «Падабаюся? Не? Глядзі ўважна! / Я амаль што, але ідэал. / Вывучала цябе. Не заўважыў, / Мой крылата-бяскрылы Дэдал?» А магчыма, як і любому сапраўднаму паэту, лірычнаму герою ўтульна ў сваёй адзіноце. Таму і гаворыць пра яе без надрыву. Ды і ніякая гэта не адзінота, бо магчыма і такое: «Калі я, прыгнечаны нечым, / Забываўся на ўласны голас, — / Мне расправіць прыходзіў плечы, / Па-бацькоўску, Якубе Колас».

Жаночую паэзію прадстаўляюць тры лаўрэаты конкурсу «Віцебскі лістапад — 2018»: Кацярына Мяшкова, Наталля Літвінава і Алёна Папко. Найбольш складанымі па вобразнасці падаюцца вершы К. Мяшковай, якая заварожвае чытача маляўнічымі апісаннямі краявідаў далёкіх вандровак. Але паглыбленне ў свет лірычнай гераіні дае разуменне: не істотна, дзе ты, — істотна тое, хто побач...

Яна Будовіч

 

Калі і ёсць нешта вечнае…

Вечныя пытанні... Ці трэба пра іх думаць? Ці патрэбна ўздымаць іх у творах? Няўжо не ўсё сказана папярэднікамі? Розныя погляды ў аўтараў першага нумара «Нёмана».

Нізка вершаў Міколы Шабовіча «Я думаў, што ўсё забудзецца» (пераклад Таццяны Лейкі) — увасабленне традыцыйнай формы і матываў, сярод якіх — успаміны, жаль і пошукі. Часта аўтар выкарыстоўвае паўторы цэлых радкоў, быццам жадае запэўніць чытача ў сваіх ідэях: «Родной земле я написал стихи, / Чтобы она за мной их повторила, / Чтоб в бурю — укрывали от стихий, / В жару — прохладой освежали силы?.. / Родной земле я написал стихи?».

Ізяслаў Катляроў у падборцы «Хай забірае кесарава кесар…» разважае пра сутнасць паўсядзённага жыцця, якое мы не заўсёды прыкмячаем, пра вечнасць, непадуладную нам. Акалічнасці, якія аналізуюцца, натхняюць на роздумы, хоць аўтар і дае ўсяму сваю ацэнку. Па вершах І. Катлярова нельга прабегчыся вачыма — у іх цэлая неразгаданая філасофія, якая можа ўспрымацца кожны раз па-рознаму. А некаторыя радкі варта запомніць многім творцам: «Ищи в себе взыскующего зова. / Скажи лишь то, что скажешь ты один. / Здесь раб тебе — несказанное слово, / а сказанное слово — господин».

Фёдар Конеў прадстаўляе апавяданні «Шчодры дар», адмысловыя «развагі каля камп’ютара». Ад першай асобы вядуцца ўспаміны ўжо сталай асобы, што можа паглядзець на сутнасць існавання з вышыні пражытых дзён. «Жаль, что природа не дала человеку возможности на закате потолковать со своей судьбой, высказать, что накипело, да послушать ее доводы, отчего так поступала», — разважае герой. Міжволі хочацца задаць сабе пытанне: ды калі шчаслівы, ці ўзнікнуць такія разважанні? Кожнае апавяданне невялічкае, але ахоплівае значны пласт пытанняў, што хвалююць і часта застаюцца без адказаў. Бог стварыў чалавека па сваім падабенстве, дык чаму атрымаўся забойца і эгаіст, які амаль заўсёды ваюе? Чаму чалавек жыве спажывальніцтвам? Навошта нічым не павіннаму чалавеку столькі несправядлівасці, у тым ліку ў выглядзе заганаў? Чаму чалавек не любіць жыццё, увесь час ад яго нечага патрабуючы? Фёдар Конеў прапаноўвае свае адказы.

У рубрыцы «Сябрына» публікуюцца творы аўтараў казахскага часопіса «Прастор». Дулат Ісабекаў прадстаўляе апавяданне «Вартавы спакою» (пераклаў з казахскай Вячаслаў Карпенка). Галоўны герой — адзінокі дзівак, які ў дзяцінстве згубіў бацькоў і сам іх пахаваў. Падчас вайны, адчуваючы настрой людзей, яму бачыліся фашысты, таму ён без анікай просьбы стаў вартавым па начах. Але герой няпросты: яго псіхічны стан дыктаваў яму здзяйсняць учынкі, якія бянтэжылі. Праз такі цікавы вобраз аўтар даносіць ідэю «нестандартнасці» дабра, якое б яно ні было.

Нізка вершаў «Лёс Паэтаў» Улыкбека Есдаўлетава — гэта прага да прыгажосці, тонкае пачуццё прыроды, усхваленне і бясконцая любоў да радзімы (пераклады М. Кабакова, Е. Амедзі, Н. Чарнавой, Л. Сцяпанавай, Д. Новікава). Прызначэнне паэта, на думку аўтара, немаленькае — ратаванне цэлага свету, якога б без паэзіі не было.

Вольга Грыгор’ева пасміхаецца з абывацельскіх роздумаў, высокага і вечнага, прамаўляючы:

Если есть на свете что-то вечное,

Было и останется вовек —

Это снег на станции Овечкино,

Тихий, мерно падающий снег.

З нізкай вершаў «Там, дзе Рака» аўтар прымушае павандраваць па знаёмых для кожнага вобразах і ўспамінах: старыя цацкі, з якімі і не ведаеш, што рабіць, бацька, які чытае маршала Жукава, маці, што гатуе аладкі, сад на захадзе сонца, родны дом, дзе жывуць чужыя людзі, краіна, за якую ваявалі продкі і якой больш не існуе.

Яўгенія Шыцька

 

Непадобныя і арыгінальныя

Першы сёлетні нумар «Маладосці» — скарбонка тэкстаў непадобных і аўтараў з розных краін.

Варта пачаць з найцікавейшых старонак, дзе паказана творчасць паэтаў і празаікаў Чачэнскай Рэспублікі. Ваха Дакаеў прадстаўляе «Кнігу люстэркаў» — нізку кароценькіх вершаў, поўную адчуванняў сэрца, пошукаў душы і скарбаў памяці (пераклад Таццяны Сівец). «Словы, як ноты, складаюцца ў боскую песню. / Хіба што сэрца пачуе, калі мае слых адпаведны…» — асноўная ідэя паэзіі аўтара. Яго творы не адрозніваюцца гучнасцю, яны ціхмяныя, мяккія і пяшчотныя, крыху сумныя, і толькі ў адным вершы аўтар прамаўляе выразна — «Імя Жыццю — Раптоўнасць!». Вершы Мадзіны Ясаевай (пераклад Т. Сівец) напоўнены скепсісам, творца быццам аналізуе сучаснае грамадства ў плыні стагоддзяў, разважаючы над вечнымі пытаннямі чалавечага шляху. «Спрабаваць “Быць”, / Трымацца прынцыпу / “Шляхам дзядоў” / І падстаўляць шчаку / (Шляхам прарокаў!). / А ў галаве заўсёды: / “Каб толькі вульгарным / Не падалося!”». Лула Куні (у перакладзе Т. Сівец і Марыі Кобец) заклікае да адчування жыцця — зямнога і вечнага, Сайд-Магамед Галагаеў — да разважанняў пра вытокі існавання (пераклад Бажэны Мацюк), Райком Дадашаў — да аналізу над памылкамі лёсу (пераклад Б. Мацюк), Сулім Магамедаў — да роздумаў над хуткабежнасцю часу (пераклад Б. Мацюк), а Пецімат Пецірава (пераклад Віктара Шніпа) засяроджвае ўвагу на жаночых пачуццях. Апавяданне «Жонка-бландзінка» (пераклад Т. Сівец) прадстаўляе Мурад Магамадаў. У даволі гумарыстычным творы аўтар раскрывае шматлікія бакі ўзаемаадносінаў двух людзей, якія за 10 гадоў сталіся адно аднаму чужымі і прыйшлі да разводу. Маленькі твор «Кавярня» Фаізы Халімавай (пераклад Б. Мацюк) — дзіўная плынь думак гераіні на працягу некалькіх хвілін, які прымушае задумацца пра пачуцці жанчыны.

Пакістанскі паэт Аюб Хавар у адзіным надрукаваным вершы «Дрэва, альбо Цень Хрыста» (пераклад М. Кобец) разважае на тэмы рэлігіі і гуманістычнага пачатку. Якім бы мог быць дотык параненага Хрыста да дрэва, да якога звяртаецца паэт?

Паэзію Украіны прадстаўляе Багдан Кірста — смелымі, недзе правакайцыйнымі і пратэснымі радкамі. Ён звяртаецца да гераіні ўсіх вершаў: ты, цябе, табе... «Быць удвох» — падаецца, добрая мэта кахання, якая прачытваецца і ў вершах маладога паэта, але ці будзе гэта паэзія цікавая, калі мэта дасягнецца... (пераклад Міколы Адама).

У перакладзе Андрэя Касцюкевіча з нямецкай мовы надрукаваны вершы Фрыдрыха Ніцшэ — розныя па настроі і па тэматыцы, але ўсе натхняюць убачыць незямное ў зямным. З паэзіяй Македоніі можна пазнаёміцца дзякуючы вершам Звонка Танескі (пераклад Ганны Глобы). У кожным творы няпросты ўнутраны свет лірычнага героя — апантанага, усхваляванага і ў той самы час прыгнечанага і самотнага.

Паэзія Кітая прадстаўлена знакамітым вершам старажытнакітайскага паэта Су Шы «Песня вады» (пераклад Мікіты Крыцука), а проза — апавяданнем пісьменніка Цзінь Жэньшунь «Узаемнасць» (пераклад Алены Бурдзель), што распавядае пра ўсю горыч здрады, да якой можа дайсці чалавек, здаецца, добрасумленны і ўважлівы да пачуццяў іншых.

Паэзія Давіны Пасас з Эквадора напоўнена адчуваннем страты, бяссілля і горычы і перагукаецца з творамі паэта з Бангладэш Анупама Гоша. Яго вершы — водгук на недасяжнае каханне, якое лірычны герой бачыць ва ўсім наваколлі (пераклад М. Кобец).

ЗША ў нумары прадстаўляюць апавяданні Говарда Лаўкрафта «Па той бок», «Злы святар», «Гіпнас», «Холад», «Жахлівы стары» ў перакладзе Ірыны Галухінай. Настрой захапляе на працягу чытання твораў аўтара, галоўная ідэя якіх — неспасцігальнасць жыцця для чалавечага розуму.

Выклікаюць цікавасць і часткі з рамана ў вершаваных маналогах «Анталогія Спун Рывер» Эдгара Лі Мастэрса (пераклад Андрэя Вылінскага). Напоўнены высокімі пачуццямі і пафасам, нібы творы Шэкспіра, вершы Сары Тысдэйл (пераствораныя па-беларуску Ганнай Янкутай). Нават асобы, да якіх у апісаннях звяртаецца паэтэса, гэта пацвярджаюць: Алена Траянская і Беатрычэ.

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 92 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии