Суббота, 20 04 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Збіранне і чытанне кніг — не самыя кепскія звычкі»

  • Четверг, 11 апреля 2019 15:24

Арганізатар мінскага фестывалю «Горад і Кнігі» Вольга Воўк расказвае пра няпросты шлях ад ідэі да выканання, сваю каманду, талісманы і гісторыю мерапрыемства, а таксама — трохі пра новы літаратурны конкурс ды новыя пачынанні. 

* * *

Сітуацыя з выбарам працоўнага шляху ў мяне ў свой час склалася досыць стандартная: я не паступіла туды, куды хацела. Аддала дакументы на бібліятэчны, скончыла. І штораз, калі наважвалася сысці з прафесіі, падварочвалася нейкая цікавая справа, якую трэба было давесці да канца.

І вось так дасюль і ёсць. Зашмат цікавых спраў.

Любоў да чытання, думаю, на сёння рэч зусім не рэдкая. А тыя, хто робяць фестываль, звычайна пра сябе кажуць, што мы — закончаныя кніжнікі. Гэтым, напэўна, усё сказана.

У мяне дома вялікая бібліятэка. Я збіраю старыя савецкія выданні. Сучасныя — тут, на рабоце: у кватэры не змяшчаюцца. Увогуле, на мой густ, чытанне ды збіранне кніг — не самыя кепскія звычкі.

* * *

Адна з нашых даўніх ідэй — зладзіць хэнд-мэйд выстаўку з літаратурнымі персанажамі. Увогуле, нас ніколі не спыняе той факт, што, можа, і ўяўлення не маем, як рабіць нешта. Мы проста бяром і робім. І вось тады зусім не разумелі. Так што проста хадзілі па выстаўках лялек і казалі: «Слухайце, ёсць у нас такая ідэя... Можа, вы хочаце паўдзельнічаць?»

Была на першай выстаўцы работа, якая падняла хвалю абмеркаванняў — кібарг з «Космаэпапеі» Вольгі Грамыкі. Па сюжэце нага ў яго адарваная, ну і сядзеў гэты кібарг-лялька на банцы згушчонкі, правады з яго вытыркалі. Я сама вельмі прыязна стаўлюся да Вольгі, асабліва люблю тую першую кнігу «Космаэпапеі», і таму не дзіўна, што, калі работа засталася нам, мы яе сталі выстаўляць на кожным фестывалі. Яшчэ запомнілася авечка з кнігі Рыгора Барадуліна «Сябрына», яна ў мяне дасюль на застаўцы на ноўтбуку стаіць.

Адным словам, першая выстаўка «Усмешлівыя цуды» атрымалася, хай і далася складана: тэма ўсё ж такі была для нас новая. Ну і наконт назвы толькі лянівы не прайшоўся, маўляў, што ж вы робіце з вялікай ды магутнай, так жа не скланяецца! Але мы ўпартыя і зладзілі па-свойму.

Кі­барг з «Кос­ма­э­па­пеі» Воль­гі Гра­мы­кі.

Кі­барг з «Кос­ма­э­па­пеі» Воль­гі Гра­мы­кі.

* * *

Да той выстаўкі рабілі некалькі суправаджальных пляцовак з лекцыямі, майстар-класамі. Ажыятаж там быў такі, што мы зразумелі: усё, павінна быць праграма падобнага кшталту, і вялікая.

Таму на наступны год, у 2015-м, вырас вакол той выстаўкі сам фестываль.

Увогуле, яго з'яўленне наспявала даўно. Мы вось штогод наведваемся на кніжны кірмаш «Nоn/fісtіоn» у Маскве. Мне сказалі нядаўна, што ўсе нармальныя людзі ездзяць на Міжнародную кніжную выстаўку ў першапрастольную, а ненармальныя — на «Nоn/fісtіоn». Я пасмяялася і кажу: «Ну так, туды мы і ездзім».

Кожны раз, калі бывалі там, зайздрасць разбірала: чаму ў іх ёсць, а ў нас няма. Уваход на «Nоn/fісtіоn», між іншым, платны, але кірмаш запатрабаваны: калі пад'язджаеш хвілін за дваццаць да пачатку — чарга стаіць аж да моста. І гэта зімою!

* * *

Цяжка, канешне. Асабліва з прафесіянальнай экспертнай пляцоўкай, якую мы ўпарта — упарта-упарта — працягваем трымаць. Спачатку яе разлічвалі на бібліятэкараў, пасля кінулі, сталі арыентаваць на ўсіх зацікаўленых. Народ туды не зганяюць, запрашэнні хіба што рассылаем — і ўсё. Пляцоўка тая, насамрэч, найменш папулярная на фестывалі, але з кожным годам усё болей людзей далучаецца. Мы яе з году ў год арыентуем на тое, пра што самі хацелі б даведацца.

Увогуле, мы разумелі, што будзе цяжка. Але не разумелі, наколькі. І ўсё роўна пачалі. Нам хацелася зрабіць нешта нефармальнае: маленькія выдавецтвы, маленькія ініцыятывы. Без пафасу, з вольным уваходам. І мы гэту сваю лінію вытрымліваем дасюль. То-бок, калі нам тэлефануюць класныя кіраўнікі і кажуць: «Дзяцей прывядзём, пакіньце месцы!» — заўжды адказваем: прыводзіць прыводзьце, але мы ім дазволім сысці, калі што. Адразу дзейнічаў прынцып добраахвотнасці: гэта мерапрыемства, на якое хочуць, а не павінны прыйсці.

Так і засталося.

На фес­ты­ва­лі 2018 го­да.

На фес­ты­ва­лі 2018 го­да.

* * *

Калі запускалі літаратурны конкурс «10+10», нічога не цямілі ў выдавецкай справе. Я, па шчырасці, апошнім часам веру ў непазбежнасць. У мяне і раней было падазрэнне, а цяпер гэта амаль упэўненасць, што фестываль існуе як ідэя і ён быццам бы сам прыцягвае да сябе патрэбных людзей. І мы не тое каб арганізатары, а такія ж складнікі той вялікай ідэі, якая нас да сябе прыцягнула.

І, скажам так, калі фестывалю захацелася мець свой зборнік прозы, знайшоўся і кіраўнік праекта, і выдавецтва, якое на тую авантуру пагадзілася, і фонд «Вяртанне» дапамог кнігам з'явіцца ў бібліятэках. Нешта такое ёсць кармічнае, адным словам.

Гэта быў першы раз — пасля «Усмешлівых цудаў», — калі ад фестывалю нешта рэчыўнае засталося. І проста гонар адчуваеш, калі дастаеш той зборнік і кажаш: а глядзіце! Для нас гэта — яшчэ адзін этап развіцця, сталення фестывалю.

* * *

Канцэпцыя «10+10» доўжыцца, адно гэтым разам маем не конкурс прозы, а вершаў і ілюстрацый да іх. Спачатку нас знайшла ідэя, досыць сырая, але пасля разам адпрацавалі механіку.

У выніку плануем зрабіць набор літаратурных картак з вершамі. То-бок, верш і ілюстрацыя да яго. У камплекце, атрымліваецца, 10 картак.

Сам конкурс будзе ў два этапы: спачатку вершаў, пасля — ілюстрацый да іх. Увогуле, адной з тэм сёлета будзе кніжная ілюстрацыя — нас вельмі ўразіла такая на кніжным фэсце ў Эдзінбургу. Таму хочам папрацаваць з беларускімі ілюстратарамі.

Увогуле, асабіста мне было б прыемна камусьці падарыць літаратурную картку. І я надта хачу, каб яны былі. Каб праект адбыўся.

* * *

Штогод фестываль змяняецца, факусуецца на розных тэмах. Гэта нармальна: немагчыма ахапіць усё і адразу.

Мерапрыемства будзе доўжыцца тры дні (замест звычайных двух) і пройдзе ў Навуковай бібліятэцы БНТУ — яна, калі задзейнічаць усе памяшканні, трошкі большая за Нацыянальную. Вопыт мінулага года з навальніцай і залевай нас напужаў і навучыў. Ну і раскідаем на тры дні мерапрыемствы — дзеля зручнасці.

Мы б хацелі задзейнічаць больш «чыстыя» фарматы, штосьці больш простае і літаратурнае. Сустрэчы з аўтарамі, напрыклад. Ад майстар-класаў і спектакляў, канешне, адмаўляцца не будзем.

Але фокус трохі зрушыцца на літаратуру як такую. Усё ж кніжны фестываль — гэта не толькі ўласна канцэнтрацыя кніг, але і кніжнікаў, аматараў чытання, літаратуры.

Вок­лад­ка кніж­кі пра­ек­та «10+10».

Вок­лад­ка кніж­кі пра­ек­та «10+10».

* * *

Традыцыя ў нашай фестывальнай камандзе, напэўна, адна. Чым больш неверагодная ідэя, тым з большым энтузіязмам усе кажуць: «Так-так, давайце, давайце зробім!»

Яшчэ, памятаю, як пасля першага фестывалю ў Нацыяналцы мы сабраліся ў кавярні абмеркаваць вынікі. Селі, пачалі казаць: вось тут было кепска, і тут, тут недапрацавалі, тут трэба іначай. І адна з нашых дзяўчат пытае:

— ...а што, хваліць мы сябе не будзем?..

Так што цяпер, збіраючыся, найперш кажам: «Усе малайцы, усе малайцы. А цяпер: вось тут было кепска, і тут, і больш так не робім!»

* * *

У камандзе, калі падлічыць, задзейнічана больш за 150 чалавек. Але гэта людзі на розных блоках, участках. Спачатку, калі фестываль толькі прыдумалі, нас было двое, а з іншымі мы дамаўляліся па правядзенні асобных мерапрыемстваў. Але кожны год дадаюцца ў каманду новыя людзі, якія надалей працуюць нароўні з астатнімі. Звяртаешся да іх, яны дапамагаюць. Хтосьці штогод вяртаецца. Ёсць гарадскія мінскія тэатры, якія робяць прэм'еры, прымеркаваныя да «ГіК». Пытаюць, што за тэма, загадзя абдумваюць, рыхтуюцца.

Штогод дадаецца нейкі спецпраект. У такіх, натуральна, з'яўляецца кіраўнік, які працуе разам з іншымі арганізатарамі. Ну і праўда, што ж гэта мы самі па паўгода весялімся, рыхтуючыся, трэба ж дзяліцца той весялосцю. І дужа прыемна, калі чалавек, адпрацаваўшы з намі адзін раз, на наступны год адказвае: так, канешне, буду зноў!

* * *

Ну і важна сказаць, напэўна, што фестываль дабрачынны, безбюджэтны. Грошай у нас няма, працуюць з намі — за ідэю — валанцёры. Мы штогод аб'яўляем, у чым патрэбна дапамога — і людзі адгукаюцца.

Так што калі ёсць жаданне далучыцца да «ГіК», зрабіць уласны, вялікі ці маленькі ўнёсак — калі ласка.

Бо з кожным новым чалавекам фестываль робіцца лепшы.

Маргарыта Латышкевіч

Крыніца: Звязда

Прочитано 83 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии