Среда, 17 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

І свет, і сонца належаць нам

  • Суббота, 20 апреля 2019 15:40

Ці заўсёды чалавек адчувае сябе ўладаром свету? І як найпрасцей гэта зрабіць? У літаратуры на ўсё ёсць адказы. І яна сама па сабе — вялікая вандроўка на жыццё. Кніжны чалавек (даволі трывалая канструкцыя, як аказалася) ідзе па свеце з разуменнем, што ў яго ёсць з кім параіцца, таму што ўся мудрасць свету — у словах, што месцяцца на старонках, ужо надрукаваных, але і гэтай прасторы ім мала... Таму, калі ёсць кніжныя фестывалі, дзе словы можна набыць (разам з друкаванымі выданнямі), пачуць (з вуснаў саміх аўтараў), убачыць (калі намаляваная іх сутнасць), то гэта выдатная магчымасць павялічыць свае шанцы ператварэння ў інтэлектуала ці проста самазахавацца як асоба, якая мае ўласную думку. Размовы пра кнігі, імпрэзы вакол кніг, дыскусіі пра літаратуру — гэта тое, што здольна прыцягнуць моладзь. Ці не самая галоўная мара аўтараў, што пішуць сёння кнігі. 

Кніга як аб’ект разважанняў, спрэчак і дыскусій — і не толькі для тых, хто так ці інакш звязаны з ёю. І сярод безлічы кніг самых розных і разумных ёсць творы беларускіх аўтараў. Проза, паэзія, публіцыстыка, якія ствараюцца сёння, — пра нас і для нас. І нават калі людзі ў мітусні дзён забываюцца пра тое, што можна ў вольную хвіліну штосьці пачытаць, нашы пісьменнікі пішуць, ствараючы вобразы эпохі, фіксуючы яе энергетычныя выбухі, адлюстроўваючы характары людзей і іх светапогляд. «Што такое беларуская літаратура?» — задаліся пытаннем арганізатары фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». І яно не праслізнула ў паветры незаўважаным: зачапіла, уцягнула ў размову, прымусіла пайсці і слухаць, слухаць і разважаць. Тых, каго зачапіла, аказалася зусім не мала: патэнцыйныя чытачы ёсць. Што ім прапаноўваюць творцы?

— Што такое беларуская літаратура, лепш за ўсё ведаюць самі творы. Яны ведаюць нават больш, чым мы, якія знаходзімся ў стадыі «постлітаратура», — лічыць Алесь Разанаў, паэт, перакладчык, эсэіст. — Пра беларускую літаратуру казаць складана, таму што яна не вызначана да канца. Па-першае, з-за таго, што не ўсе творы напісаны і кожны яшчэ будзе дадаваць сваю фармулёўку, што такое айчынная літаратура. Па-другое, ёсць корпус твораў ненадрукаваных і неагучаных. Яны не дайшлі да чытача і нават да літаратараў, якія знаходзяцца ў пярэдадні. Мы ведаем, што ўмоўна наша літаратура пачынаецца з Багушэвіча. Але да яго хіба нічога не было? Ёсць пласт, які ствараўся на адмысловай старабеларускай мове. Ён поўны адкрыццяў, багатых і істотных. Ці адрозніваецца беларуская літаратура ад астатніх літаратур? Ёсць меркаванне літаратуразнаўцаў: калі паглядзець на Зямлю, у залежнасці ад тэрыторыі на кожнай яе частцы пануе своеасаблівы клімат. І ў залежнасці ад гэтага клімату вырастаюць своеасаблівыя кветкі. Адны больш любяць поўнач, другія — поўдзень… Гэта вонкавыя атэстацыі, але самая першая — чыннік «сваё», вельмі істотны, усёабдымны. Чыннік «сваё» быў спярша, потым свядомасць пачала пазнаваць і распазнаваць свет. Чалавеку не ў тым ліку, а ў першую чаргу належыць увесь свет і ўсё сонца. Распадабненні — гэта змаганні, вайна за ўсё. Людзі ваююць за частковасці і самі становяцца частковасцямі. І задача творцы — найперш давесці і зрабіць магчымым, каб увесь свет і ўсё сонца належалі чалавеку і ён іх меў як свае. Пісьменнік мае тварыць вялікія творы. Яго арыенцір — на найвышэйшае. Не можа быць малою літаратура, у якой ёсць вялікія творы. А ў беларускай літаратуры яны ёсць, нават калі шырокаму колу невядомыя. Нейкія ідалы — найбольшыя ворагі творчасці. Яны ўсталёўваюць штучныя правілы і каноны, твораць абмежаванні. Але, можа, самая вялікая перамога творчасці і творцаў — пераадоленне гэтага ідала ў сабе. Гэта яго эга.

Сёння, калі шмат што перажывае трансфармацыю, у тым ліку ў творчасці, вельмі актуальнае пытанне канона. Пісьменніца Марыя Мартысевіч, напрыклад, распавяла, як адзін з заняткаў са студэнтамі прысвяціла таму, каб па методыцы галасавання сабраць канон беларускай літаратуры. Былі дадзены адказы, складзены рэйтынг. А потым цікава было паглядзець, наколькі ён адрозніваецца ад таго, што тыя ж людзі вывучалі ў школах і ўніверсітэтах. Тады Адам Міцкевіч ужо фігураваў як беларускі аўтар. Ды і ўвогуле дзякуючы перакладам творы не на беларускай мове ўспрымаліся як свае. А зусім нядаўна давялося пабачыць падобную апытанку, толькі свае меркаванні выказвалі 50 экспертаў. Але ў адказах назіралася дзіўнае падабенства. Фігуравалі Міцкевіч і Багдановіч, нават Статут ВКЛ… Але ўсе адзначалі тое, што адрозніваецца ад савецкай традыцыі. Ці даходзяць тыя ж меркаванні экспертаў, напрыклад, да настаўнікаў школ? Таму што беларуская літаратура значна багацейшая за тое, пра што паспявае распавесці школьная праграма. І гэта ўсё таксама рэчы, якія датычацца канона. Ды ці не ўдакладняе наша ўяўленне пра канон той жа праект «(Не)расстраляная паэзія», што адкрывае забытыя імёны айчынных літаратараў, якія працавалі на ніве прыгожага пісьменства і зрабілі (і маглі б рабіць далей) яе больш урадлівай і ўразлівай.

Ёсць думка, што беларуская літаратура — гэта літаратура, аўтары якой абвяшчаюць сябе беларускімі пісьменнікамі, а моўная мяжа — нешта састарэлае і даўно пройдзенае... Але ёсць галоўная задача літаратуры — казаць тое, пра што іншыя казаць не могуць, і даказваць, што чараўніцтва існуе, што можна зачароўваць людзей словам. У нейкай ступені гэта змаганне з хаосам, упарадкаванне важных рэчаў і стварэнне новых сэнсаў. Прынамсі, свае разбуральнікі канонаў у нас ёсць — у гэтым адкрыта прызнаецца Альгерд Бахарэвіч. Часта гавораць, што наша літаратура існуе ў нейкай унікальнай сітуацыі, маўляў, што мы адметныя і маем свой шлях. Але перад нашай літаратурай стаяць тыя самыя выклікі, што і перад усімі астатнімі. Таму на яе варта глядзець у кантэксце сусветнай ці еўрапейскай літаратуры.

Тым не менш выклікі мы ўсе назіраем на свае вочы. Перш-наперш існаванне ў эпоху інтэрнэту. І зніжэнне цікавасці да чытання. Але калі гаворка ідзе пра папулярызацыю, то мала хто задумваецца: кепская літаратура можа папулярызавацца таксама даволі паспяхова.

— Мне вельмі падабаецца метафара, якая параўноўвае літаратуру з канарэйкамі, якіх шахцёры бралі ў шахты. Калі туды пачынае паступаць атрутны газ, то чалавек гэтага не ўспрымае, а птушка адчувае. Яна першая і загіне, калі што. Але менавіта вось гэта адчувальнасць павінна вызначаць сапраўднага творцу, — лічыць Людміла Рублеўская, пісьменніца, паэтэса, літаратурны крытык. — Калі ў прасторы ўзнікаюць ментальныя крызісы, натуральна, літаратура іх адлюстроўвае. Таму, калі ў нашай прасторы ўвесь час паўстае пытанне самаідэнтыфікацыі, захавання культурнай самабытнасці, літаратура на гэта адгукаецца. Гэта не ёсць выключная ўласцівасць айчыннай, гэта ўласцівасць сапраўднай літаратуры. Таму я працягваю гаварыць пра неабходнасць работы над стварэннем прымальнага адэкватнага беларускага міфа як складанай сінхрадыяхранічнай структуры, у аснове якой пазнавальны і запамінальны архетыповы вобраз нацыянальнага героя і асяродка яго існавання. Я вырасла ў горадзе і вучылася ў школе, дзе не чула беларускай мовы. Тым не менш я неяк прыйшла да беларушчыны. Відаць, у кожнай нацыянальнай літаратуры закладзены нейкі імунітэт самазахавання. У свой час, не маючы ніякіх арыенціраў і канонаў у літаратуры, я прыйшла да гэтага. Але, што датычыцца канона, заўсёды побач з рэвізіяй павінна быць стваральніцтва. Каб можна было раскідваць, трэба спачатку сабраць. А збіральніцтва яшчэ толькі-толькі пачынаецца. У нас столькі белых плямаў у гісторыі ўвогуле, што выпадаюць цэлыя перыяды. Але не бывае такога, каб народ быў настолькі бяздарны, што ў нейкае дзесяцігоддзе не з’яўлялася паэтаў і пісьменнікаў.

Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» сёлета здолеў паказаць беларускую літаратуру не толькі ў сталіцы — ён пабываў у Полацку, Гродне, Гомелі, Брэсце, а пасля Мінска яго маршрут завершыцца ў Бабруйску. І ўсё дзеля таго, каб прадэманстраваць, што свята — там, дзе кніга.

Яўгенія Шыцька

Фота Кастуся Дробава

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 1146 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии