Вторник, 20 08 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ажывіць паэта для ўсіх

Лекцыя Ганны Севярынец, прысвечаная 115-годдзю Паўлюка Труса, адбылася 13 мая ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Адбылася яна ў межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця». Ініцыіраваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, падхоплены названым музеем, падтрыманы Беларускім дзяржаўным музеем-архівам літаратуры і мастацтва і прыняты як каштоўная ідэя рэдакцыяй часопіса «Маладосць», праект гэты набірае ход відавочна і досыць годна, аздабляючы кожны пісьменніцкі юбілей вечарынай у сценах музея і спецыяльна падрыхтаванай выставай з выкарыстаннем фондаў устаноў-арганізатараў, а таксама публікацыямі ў часопісе і на сайтах. Сэрцам праекта і яго стрыжнем з’яўляецца той віртуальны складнік, які прадстаўлены на партале Нацыянальнай бібліятэкі. Тут (https://nlb.by/by/infarmatsyynyya-resursy/elektronnyya-infarmatsyynyya-resursy/resursy-natsyyanalnay-bibliyateki-belarusi/virtualnyya-praekty-vysta-ki-i-kalektsyi/virtualnyya-praekty-bibliyateki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/) можна літаральна здабыць, спампаваўшы і прачытаўшы, любую перлінку з паэзіі тых, хто называўся “маладнякоўцам”, ацаніць і старанні, і промахі, пазнаёміцца з акалічнасцямі творчасці і жыцця праз публікацыі, якія да гэтай пары былі амаль недасяжнымі. Для сапраўдных даследчыкаў і сапраўдных аматараў гэта знаходкі-знаходкі.

Што да лекцыі пра жыццё і творчасць Паўлюка Труса, то прайшла яна так, як праходзяць заўсёды лекцыі Ганны Севярынец: інфармацыйна і эмацыйна насычана, пакідаючы па сабе адчуванне далучанасці да вечнага, ніякім зменам непадуладнага і пры ўсіх уладах нязменна свабоднага лёту думкі,  інтэлектуальнага шчасця, радасці ад набытку душы. Госці вечара дакладна на свае вушы чулі фірменны, «паўлюкоў» смех і смяяліся самі з тых досціпаў, якімі перамяжоўваліся сур’ёзныя факты. Яны на свае вочы бачылі (тут ужо дзякуючы не толькі ўяўленню, але і відэароліку з фотаздымкамі таго часу) мінскія вуліцы 1920-х, і нельга не дапусціць, што нехта, і мо такі не адзін, застаўшыся сядзець у сваім крэсле, адначасова нябачна шпацыраваў па іх з Паўлюком у кампаніі. «Здароў, Паўлюк» — назвала сваю лекцыю спадарыня Ганна, спрабуючы ажывіць паэта для ўсіх. І атрымалася!

Лекцыя адбылася ў суправаджэнні выставы, экспанаты якой стварылі прамоўленаму яшчэ адно, дадатковае візуальнае аздабленне. Прадстаўленыя на ўсеагульны агляд часопісныя публікацыі першай чвэрці ХХ стагоддзя, кнігі, членскі білет Асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, фотаздымкі і — асабліва! — квіткі на атрыманне ганарараў цікава было разглядаць, атрымаўшы папярэдне вычарпальныя факты для роздумаў.

 

P.S. Амаль аднаіменны артыкул Ганны Севярынец — «Здароў, Паўлюк!» — змешчаны ў майскім нумары «Маладосці».

 

Святлана Воцінава, «М»

 

***

«Ідзіце, гляньце, што там на падваконні Паўлюк робіць!» — крычаў Кузьма Чорны да рэдакцыі, калі ўжо зусім не мог працаваць ў гэтым шуме, гаме, папяросах і дыме, не заўважыўшы, што той Паўлюк Трус тут як тут і гэты гармідар таму і адбываецца вакол... Распавядае жарт пра Паўлюка Труса шаноўная даследчыца Ганна Севярынец у Музеі гісторыі беларускай літаратуры 13 мая. А я сяджу не як слухачка на адкрытай лекцыі, а як вучаніца на неверагодна цікавым уроку, разявіўшы рот, ды слухаю, лаўлю кожнае слова настаўніцы, кожны яе жэст і мімічныя змены, каб толькі нечага не ўпусціць, не правароніць, асабліва як у яе аповедзе аж смяецца, ды дзе там смяецца — рагоча той Паўлюк Трус. І, здаецца, і я чую той задорны, поўны жыцця, поўны радасці, простасці і моцы рогат, бо смех — занадта далікатна сказана — рогат «маладнякоўца» Труса, першага паэта педвучылішча, дзе рыхтавалі сапраўдных ваяроў беларушчыны. І так мне не хочацца верыць, што жыццё гэтага неверагодна таленавітага паэта скосіць страшэнны тыф у яго 25 гадоў, што гэта на яго абрынецца вір палітычных спрэчак, што гэта яго сябры назавуць здраднікам, што гэта яго будуць прасіць напісаць пра тое, пра што не будзе ляжаць пісаць сэрца, але ў простасці сваёй ён і гэта спрабаваць будзе...

Не буду апавядаць шмат цікавостак і думак, якія прыйшлі да мяне падчас аповеду пра шлях выбітнага «маладнякоўца». Чаму? Бо ўсе шматадценнні лекцыі, прачытанай у межах праекту «На хвалі часу, у плыні жыцця» да 100-годдзя літаб'яднання «Маладняк» пра Паўлюка Труса ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, можна будзе прачытаць у майскім нумары часопіса «Маладосць». Не прапусціце! Можа, і вы пачуеце Паўлюкоў абуджальны смех, мо і вас заварожыць яго верш, дзе, як Ганна Севярынец заўважыла, вельмі па-мастацку пераклікаюцца зіма і вясна:

 

Падаюць сняжынкі —

дыяменты росы,

Падаюць бялюткі

за маім акном...

Расчасалі вішні

шоўкавыя косы

І ўранілі долу

снегавы вянок...

 

Аксана Ючкавіч, «М»

 

Прочитано 123 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии