Среда, 23 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Выйшаў шосты том «Дзённікаў і запісаў» Рыгора Барадуліна

  • Воскресенье, 30 июня 2019 11:48

У «Кнігазборы» выйшаў шосты том «Дзённікаў і запісаў» народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. 

Перад чытачом разгортваюцца падзеі 1992—1993 гадоў, у якіх Рыгор Барадулін паўстае нераўнадушным творцам і чалавекам напружанага грамадскага жыцця. «...Новы час — і новы статус краіны прынёс і пэўныя цяжкасці...» — піша на самым пачатку прадмовы ўкладальніца Наталля Давыдзенка. У гэтыя гады пабачылі свет зборнік новых вершаў Барадуліна «Міласэрнасць плахі» (1992), кніга «Трэба дома бываць часцей...: Выбраныя старонкі лірыкі» (1993) і «Беларусь мяне збеларушвае» (1993) — зборнік вершаў 77 паэтаў свету пра Беларусь у перакладзе Рыгора Барадуліна. У гэты час паэт стварае вялікія і, несумненна, высокай узнёсласці цыклы вершаў — «Следам Эклезіяста», «Следам Прыпавесцяў Саламонавых», «Следам Апостала Паўла» і «Стане Віфлеемам сэрца...». Рыгор Барадулін таксама перакладае п'есы Мальера і Карла Гоццы для Купалаўскага тэатра. Піша сцэнарыі некалькіх запамінальных дакументальных фільмаў: «Белая вежа — цемра густая» (пра паляванні ў Белавежскай пушчы кіроўчых асоб розных часоў), «Ушацкія вяселлі», «Ой, ляцела шэра перапёлачка...» (пра родзічку Марыю Рыгораўну і народныя песні ў яе выкананні), «Ля берага човен чакае...» (пра Уладзіміра Дубоўку), «У чым жа існасць існавання», «Дзівосная Дзвіна», «Зялёны ўспамін» (пра Налібоцкую пушчу).

Напружаны творчы працэс і здзейсненыя мастацкія праекты не дужа мянялі песімістычны, цяжкі настрой. Як адбітак таго, што адбывалася вакол, як галоўны персанаж ён — у шостым томе... «Адно што засталося ў мяне — сон, куды хоць на ноч уцякаю ад усяго жахлівага й беспрасветнага. Але ж у запасе вечны сон, а цяпер трэба прачынацца. Жыць — даганяць прывід, пакуль сам не зробішся прывідам. Калі сам апынаешся ў пастцы нястачы, пачынаеш разумець болей, колькі свайго жыцця паклала мама, каб зрабіць цябе чалавекам. Рабіла ўсё гэтак, што сын не адчуваў горычы й адчаю мамы. Такое адчуванне, што мяне пасадзілі, як у казках і песнях, у бочку, бочку забілі й пусцілі з гары. Грукат і цемра. І грымакі. А калі бочка спыніцца, ні яна, ні я не ведаем. Скачам» (20 кастрычніка 1993 года).

У дзённікавых запісах Рыгора Іванавіча — шмат згадак пра народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, з якім Барадулін сябраваў праз многія гады жыцця, пра іншых пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, акцёраў. Літаральна кожная старонка, насычаная эмацыянальнасцю і шчырасцю, успрымаецца і як важкі дакумент таго далёкага і разам з тым надзвычай блізкага часу. У памяці чытацкай і тое, што творчая спадчына народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна пабачыла свет усяго ў чатырох тамах, а «Дзённікі і запісы» ўжо маюць шосты. Мо з часам выйдзе паўнакроўны збор твораў адной з самых адметных асоб у нацыянальнай літаратуры Беларусі?..

Мікола Берлеж

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: «Жыць — даганяць прывід...»

Прочитано 86 раз
Другие материалы в этой категории: « Мне сняцца сны аб Беларусі… «Даўгая дарога» »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии