Воскресенье, 21 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ціхі смутак зеленагаловы...

100 вершаў ваеннай тэматыкі пабачылі свет пад вокладкай кнігі «Памяці Вечны агонь» (Мінск, Мастацкая літаратура), прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Больш ад чатырох дзясяткаў паэтаў, творы якіх сабраныя ў выданні, аб’яднаны тэмай вайны не толькі ў мастацтве, але і ў лёсе: адны з іх загінулі на фронце (Алесь Жаўрук (1910— 1942)), іншыя прайшлі праз пекла вайны, змагаліся ў армейскіх шэрагах, былі ваеннымі карэспандэнтамі, падпольшчыкамі, разведчыкамі, але ім пашанцавала сустрэць перамогу (Паўлюк Прануза, Пімен Панчанка, Максім Танк, Анатоль Астрэйка, Валянцін Таўлай, Міхась Калачынскі), трэціх вайна пазбавіла дзяцінства (Мікола Федзюковіч, Сцяпан Гаўрусёў, Пятрусь Макаль)... Менавіта таму пафас твораў не выклікае недаверу і непрыняцця, гучыць натуральна, а тое, што занатавана ў вобразах, з’яўляецца перажытым, убачаным, пераасэнсаваным на прыкладзе ўласных страт і трагедый.

І плыве, як грэчкі пах мядовы,

І плыве, як васільковы пах,

Ціхі смутак зеленагаловы

Па вачах любімых, па губах.

Што паспелі ў жыцці хлопцы, меўшы лёс, падобны як у аўтара прыведзеных радкоў, Леаніда Гаўрылава (1918— 1941), чый верш адкрывае зборнік? Нарадзіліся ў вёсках у сялянскіх сем’ях, скончыўшы сямігодку, адвучыліся ў тэхнікумах альбо (і) у інстытутах, былі прызваныя ў Чырвоную Армію. Першыя вершы друкавалі ў раёнках, мала хто паспеў выдаць зборнік. Л. Гаўрылаў служыў у танкавых войсках механікамвадзіцелем. З першых дзён Вялікай Айчыннай — на фронце.

Самым для іх істотным, напэўна, была вера — нават не столькі ў непераможную моц усёй вялікай краіны, колькі ў тое, што канкрэтна іх недзе далёка хтосьці чакае: маці, каханая, сяброўка:

Калі змаўкаюць мінамёты

І цішыня атуліць лог,

Я дастаю паштоўку, што ты

Прыслала з бацькаўскіх дарог.

Ці не радкі, напісаныя дарагой рукой у такім чаканым пасланні (паштоўцы), якая паслужыла вобразам для верша, ахіналі цяплом і давалі сілы ў самыя змрочныя гадзіны Міколу Сурначову (1917—1945)? Ён у Савецкай Арміі таксама з 1941-га, удзельнічаў у абароне Каўказа, у вызваленні Беларусі, Украіны, Румыніі, Польшчы. Загінуў пад Берлінам у апошнія дні вайны ў начной рукапашнай бітве...

Ты мне патрэбна, як глебе вада,

Як мараку пах салёнага мора.

Клікнуць? —

Не змогуць вятры перадаць.

Плакаць наўзрыд? —

Прад бярозкамі сорам.

Звышчалавечая напруга, пастаянная рызыка, жорсткасць баёў не заміналі пяшчотным пачуццям, а можа, і абвастралі патрэбу ў іх — бо ў перапынках на прывалах байцы згадвалі бацькоўскую хату, родныя твары, размаўлялі ў думках, як М. Сурначоў, з каханымі... Узоры інтымнай лірыкі, дзе ваенныя падзеі выступаюць фонам, належаць і пяру Аляксея Коршака (1920—1945), Анатоля Астрэйкі, Аляксея Русецкага, Кастуся Кірэенкі.

Тыповай рысай ваеннай лірыкі (і пазнакай якасці твораў) з’яўляецца ўменне перадаць трагедыю народа і роднага краю праз прыродныя вобразы. Удзельнік баёў на сталінградскім фронце, Анатоль Вялюгін нібы “падгледзеў” жахлівую ў сваёй бесчалавечнасці і бессэнсоўнасці карцінку і ўвасобіў мастацкімі сродкамі:

Жоўты стэп...

Мартэны...

Краю любы,

ты гарыш у памяці жывой,

як сланечнік па-над стромай згубы

з сонечнай прабітай галавой.

 Нельга не згадаць у гэтай плыні і «Сінія касачы» Пімена Панчанкі, і «Нашы бярозы» Уладзіміра Караткевіча.

У іншых творах трагедыя раскрываецца не ў грымотах баёў, а ў цішыні спустошаных вёсак («Жнівень сорак пятага года», Анатоль Грачанікаў):

Праз папялішчы,

Па колкім ржышчы

Да нашай вёскі ішоў нясмела

Спраўляць зажынкі

Жнівень зжаўцелы.

З галадухі і ён спатыкаўся,

Сляпы.

Лісты-пахаванкі нёс,

Нёс і снапы. —

Гэта табе, цётка Арына,

За сына...

 Блізкія па эмацыянальным уздзеянні вершы Рыгора Барадуліна «Бацьку», Сцяпана Гаўрусёва «25 чэрвеня 1944 г.», Міколы Аўрамчыка «Трое», «Балада пра галубінае пер’е» Уладзіміра Караткевіча, «Бязбацькавічы» Генадзя Бураўкіна, «Балада пра камбата» Аляксея Пысіна. Творы гэтыя чытаць надзвычай цяжка, бо іх «поле» паглыбляе ў балючыя перажыванні. Але ж гэта — частка нашай гісторыі. А гісторыя паўтараецца, калі памяць пра яе слабее... Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў.

Яна БУДОВІЧ

Крыніца: ЛіМ

Прочитано 44 раз
Другие материалы в этой категории: « «Даўгая дарога» Не забыцца — будзе сніцца »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии