Среда, 23 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Не забыцца — будзе сніцца

Чалавека, які выбірае для сябе паэзію як спосаб камунікацыі, звычайна адрознівае назіральнасць, увага да таго, што атачае. Некаторыя аўтары пераводзяць свае ўражанні ў разважанні аб метафізічным, аб уладкаванні свету, метафарызуюць усё. Іншыя, наадварот, імкнуцца зрабіць рэальнасць у сваім творы фонам для думак і пачуццяў, але часам — і ўбачыць свет і сябе ў свеце такімі, якія ёсць.


Уладзіміра Цануніна, аўтара кніг «Страчанае рэха» і «Кліча бацькава хата», можна аднесці якраз да апошняй катэгорыі. Абедзве кнігі выйшлі ў выдавецтве «Каларград» у 2018 годзе і маюць падобны дызайн вокладак. Жаданне аўтара падзяліць сваю творчасць на дзве кніжкі тлумачыцца, хутчэй за ўсё, тэматычным складнікам. Рэч у тым, што зборнік «Страчанае рэха» ўтрымлівае толькі вершы пра прыроду, увогуле ўяўляе своеасаблівы дзённік назірання за лесам. Кніга падзеленая на чатыры раздзелы, па часах года.

У вясенніх вершах частыя вобразы раніцы, назіранні за рознымі ляснымі істотамі. У атмасферу абуджэння ледзь заўважна закрадаецца думка пра тое, што свята жыцця можа скончыцца (аўтар назірае за прыгожымі стракозамі, якія ў канцы нечакана становяцца здабычай рыб). У летнім раздзеле пяшчотнае і трапяткое стаўленне аўтара да прыроды раскрываецца напоўніцу. Настрой гэтых твораў прасякнуты сонечным спакоем. Прырода для аўтара — сапраўдны, непадроблены сусвет, магічная, боская сіла, нішто не адцягвае ўвагу ад засяроджанасці на яе таямніцах. А вось у асенніх вершах аўтар, акрамя іншага, пачынае звяртаць увагу і на ўласнае жыццё, пераасэнсоўваць падзеі свайго мінулага, настальгіраваць. Сюжэты з зімовага раздзела пераважна трагічныя, цалкам засяроджаныя на лясной тэме.

Нягледзячы на тое, што кожны з раздзелаў вытрыманы ў адпаведным настроі, моцнага кантрасту ва ўражаннях яны не выклікаюць. Прыёмы, якімі карыстаецца аўтар, вобразы, якія ён стварае, застаюцца аднастайнымі, даўно вядомымі і адпрацаванымі, як і тэхнічны складнік твораў.

Гэтая тэхнічная аднастайнасць пераносіцца і на другі зборнік — «Кліча бацькава хата», які адрозніваецца ад першай кнігі агульным тэматычным кірункам, нягледзячы на тое, што некалькі вершаў паўтараецца ў абедзвюх кнігах. Другі зборнік значна больш асабісты. У ім таксама заўважная частка адводзіцца апісанням прыроды, але тут гэта ўжо не абстрактныя краявіды, а родныя мясціны аўтара. У назіральныя вершы ўплятаюцца ўспаміны з дзяцінства, вобразы сваякоў. Некаторыя творы цалкам пабудаваны на гісторыях з маладых гадоў аўтара. Вершы пра яблыкі ў суседскім садзе і лабірынты ў снежных гурбах самыя жывыя і жыццярадасныя з твораў кнігі. У дачыненні да такіх гісторый больш верыцца ў некалькі разоў паўторанае аўтарам прызнанне «не забыцца — будзе сніцца», а яскравыя, але звыклыя прыродныя з’явы трохі стамляюць. Усё ж такі перажыць і ўбачыць — не заўсёды адно і тое ж.

Другі зборнік У. Цануніна — вялікая размова пра радзіму, розныя пытанні аб ёй. Асаблівае месца ў тэматычным радзе займае чарнобыльская трагедыя, ад якой пацярпела родная вёска аўтара. Вялікі раздзел у кнізе называецца «Радзіма талентаў». Верш з такой жа назвай  — пра канкрэтную вёску. Раздзел значна пашырае межы не толькі прасторавыя, але і часавыя: У.  Цанунін размаўляе праз свае вершы з класікамі беларускай літаратуры, з Францыскам Скарынам, прысвячае тэксты і гістарычным асобам, і сваім знаёмым творцам. Ставячы розных людзей у адзін шэраг, аўтар адзначае, што малая радзіма — заўсёды частка вялікай.

Але найбольшы гонар У. Цанунін адчувае менавіта ў дачыненні да свайго горада — Вілейкі. Самы буйны твор, які закрывае другі зборнік, — гэта рыфмаваны сцэнарый да кароткаметражнага дакументальнага фільма пра горад на Вяллі. Чытаючы яго, даволі лёгка ўявіць візуальныя элементы, таму, нягледзячы на своеасаблівую форму, можна лічыць, што сваю сцэнарную функцыю работа выконвае.

Творы У. Цануніна — канцэнтрат назіральнасці, засяроджанасці, любові аўтара да сусвету, прыроды і роднай зямлі, агорнуты ў паэтычную форму, якая, як часта бывае ў падобных выпадках, атрымліваецца другаснай, не загружанай дадатковымі сэнсамі і значэннямі. Аддзяленне сваёй асабістай гісторыі ад падгледжанага жыцця прыроды пацвярджае трапяткое стаўленне аўтара да таго, што ён абірае прадметам творчага асэнсавання. Але нават сваё жыццё аўтар разглядае на фоне краёў, якія яго выгадавалі і натхняюць цяпер. Паступовыя пераключэнні ад стрыманых, прыхаваных эмоцый да шчырага і шматслоўнага захаплення выяўляюць эмацыянальнасць і шчырую зацікаўленасць сусветам, якая магла б быць выяўлена так жа яскрава і ў любой іншай форме творчасці.

Дар’я СМІРНОВА

Крыніца: ЛіМ

Прочитано 100 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии