Воскресенье, 15 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Агляд літаратурных часопісаў

Таямніцы, міражы і драмы...

Тэматычна разнапланавая, багатая на метафары і вобразы, лірычная падборка Казіміра Камейшы адкрывае чэрвеньскі нумар «Полымя». Кожны верш як самадастатковая карцінка, як узор майстэрства ў адлюстраванні свету і чалавека ў ім, а разам яны складаюць галерэю шматаспектавага існавання душы, выпрабаванняў, праз якія наканавана прайсці, адчування любові: да родных і блізкіх, да зямлі, да жыцця. Ёсць творы, якія гучаць гімнам сялянскага побыту. Яны настолькі натуральныя і нязмушаныя, што асоба творцы падаецца як частка наваколля, арганічна, спакон веку злучаная з краявідам (як не стае такога бачання многім айчынным аўтарам, якія замілоўваюцца рамонкамі-васількамі вясковага лугу, але ў творах якіх не знойдзеш ні арыгінальнасці, ні глыбіні):

У бацькоўскай хаце, пры гары,

Век я свой сялянскі дажываю,

І гарод, нібы кажух стары,

Ніткай гарбузовай зашываю.

Нечаканы, адметны вобраз карціны свету, створанай па аналогіі з гадзіннікавым механізмам у вершы, які даў назву нізцы, — «Гадзіннікавых спраў майстра»:

Хоць і прытомна ёй, руцэ,

А пачынае ўсё з пачатку.

І з лоўчай хітрыкай пінцэт

Хвіліну зноў схапіў за пятку.

 

Гудзе гадзінніка нутро,

Нібы ў якой неразбярысе.

Тут нават самі зло з дабром

 Двума шасцернямі сышліся.

Паэзія Алеся Каранеўскага (падборка «Таемнае сонца душы») адлюстроўвае навакольныя краявіды, дзе паэтмастак заўважае відочныя і скрытыя сэнсы, таму і напаўняе іх адчуваннем таемнасці. Крыху камічна гучыць высокі пафас верша «Разявака, ён жа пілігрым», бо вобраз вандроўніка, які ідзе па дарозе таямніц і міражоў, зазямляецца прастанародным вызначэннем «разявака». Хаця, магчыма, у тым і была задума аўтара...

Сяргей Давідовіч у падборцы вершаў «Пік жыцця» разважае пра няпростыя рэаліі, лірычны герой з адчуваннем незадаволенасці сабой падсумоўвае перажытае...

Згадкі маленства Уладзіміра Гаўрыловіча (апавяданне «Краіна Валодзькава») раскрывае чароўны свет дзяцінства, яго светлыя моманты і трагедыі, якія цяпер, на адлегласці гадоў падаюцца маленькімі, а ў момант перажывання былі велізарныя. Як ёсць паняцце арттэрапіі (уздзеянне на псіхаэмацыянальны стан пацыента выяўленчай творчасцю), так і адносна падобных пісьменніцкіх рэчаў можна было б увесці вызначэнне ўспамінатэрапіі, калі, перажываючы і прагаворваючы пэўныя балючыя моманты, вызваляешся ад уздзеяння на псіхіку мінулых крыўдаў і адначасова напаўняешся станоўчай, жыццесцвярджальнай сілай, калі ўзнаўляеш у памяці добрае і светлае.

Апавяданні Віктара Кунцэвіча «Што падкажа сэрца...» і «Мы яшчэ пагаворым» паказваюць ва ўсёй сваёй паўнаце сямейныя канфлікты. Фінал у абодвух застаецца адкрыты: аўтар не жадае дапамагаць у вырашэнні складаных пытанняў узаемаадносінаў сваім героям, — маўляў, хай самі разбіраюцца, раз «заварылі кашу»... Дый жыццё было б надзвычай простае, калі б адпаведныя творы давалі гатовыя рэцэпты.

Таццяна Мушынская працягвае знаёміць чытачоў з асобай бацькі, выбітнага даследчыка Міхася Мушынскага. Вобраз, які яна стварыла з любоўю і цеплынёй, рэальны, жывы — аўтарка расказала не толькі пра дадатныя бакі, а і пра супярэчнасці, якія былі ў жыцці вучонага. Шмат як пра чалавека гаворыць той факт, што ён збіраў анекдоты, бо вельмі цаніў гумар і любіў пасмяяцца і рассмяшыць суразмоўцу. Зразумела, што не толькі ў гэтай якасці яго характару сакрэт жыццялюбства і высокай працаздольнасці, але скіраванасць ва ўсім бачыць хутчэй станоўчае, чым кепскае дадае выразныя, адметныя штрыхі да партрэта.

Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з вершамі сучаснага славацкага паэта Яраслава Рэзніка, перастворанымі па-беларуску Таццянай Сівец.

Яна БУДОВІЧ

З марай, толькі з ёй

«Нёман» адкрывае міф Васіля Гігевіча «Востраў» (пераклад Уладзіміра Пятрова). У арыгінале пазнаёміцца з гэтым творам маглі яшчэ ў мінулым годзе чытачы «Маладосці» (№ 9, 2018). Тады міф суправаджаўся невялічкім інтэрв’ю Васіля Гігевіча. Пісьменнік заўважаў: «Востраў» трэба разглядаць у звязцы з іншымі творамі, у прыватнасці «Карабель» і «Страчанае шчасце».

Уладзімір Арлоў лічыць: «аўра бессмяротных геніяў дапамагае нам, простым смертым, паэтызаваць жорсткую прозу жыцця». Да 220-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна аўтар надрукаваў свае нататкі пад назвай «Я стаў цнатлівы…» («Я стал целомудрен…»). Дапамагла яму ў гэтай справе вандроўка па горадзе, дзе некалі бавіў час вялікі паэт, па Кішынёву. У адвольным парадку Уладзімір Арлоў падае звесткі пра месцы, дзе жыў паэт, людзей, што паўплывалі на яго лёс, прычыны шматлікіх дуэляў, а ўвогуле — пра ўсё тое, чым мог натхніцца Пушкін.

Апавяданне «“Пакой цудаў” братоў Глумлевых» («“Комната чудес” братьев Глумлевых») — твор з дакладна акрэсленымі тэмай і ідэяй. Сюжэт хоць і не выяўляе месца і час дзеяння, але вядзе за сабой, нібыта дэтэктыў ці прыгодіцкі аповед. З’яўляюцца браты-чараўнікі, якія ажыццяўляюць мару двух сытых прадпрымальнікаў. Каб трапіць да братоў, герой і яго сябар нават не сустракаюць на шляху ніякіх перашкод, у тым ліку не вядзецца гаворка пра грашовыя страты наведвальнікаў незвычайнага пакою. Але бліжэй да сярэдзіны твор прымае псіхалагічны кірунак: здзейсненая мара ператвараецца ў жах, выблытацца з якога чалавек можа толькі сам. Ідэя аўтара не ў тым, што шчасце нельга купіць: некаторыя мары павінны імі заставацца — бо «…з марай і толькі з ёй жыццё надзвычай цудоўнае».

Сяргей Філіпаў у нізцы вершаў «Наша галоўная сіла» звяртаецца да чытача нібыта з другой эпохі — той, што прайшла. Погляд на сучасніка можа выклікаць неразуменне, бо аўтар бачыць яго чамусьці толькі ў кантэксце дзвюх крайнасцяў — «не галодным і вельмі свабодным, нават, пэўна, занадта». Чалавек, які даволі прадузята і памылкова ўспрымае свет — асноўны аб’ект аўтарскіх разважанняў. Не цураецца Сяргей Філіпаў і роздумаў наконт капіталізму і сацыялізму, часам акцэнтуючы ўвагу на тым, што, маўляў, перавяліся інтэлігенты. У чым бачыць сілу паэт, дык у разуменні людзей і, не баючыся моцных эпітэтаў і ацэнак, выносіць прысуд:

Если люди убоги,

Не добры и предвзяты,

Не спасут диалоги,

Не помогут дебаты.

Тугой па былым напоўнена паэтычная падборка Анатоля Зэкава «Праз сёлы, дзяцінства вёскі» («Через сёла, детства веси», пераклад Аляксандра Стрыгалёва). Гэта традыцыйныя ў сэнсе тэм, сімвалаў, вобразаў, рыфм вершы, якія напісаныя хутчэй пра сябе і для сябе. Той жа мытыў тугі па вёсцы, якую чалавек пакідае ў юнацтве, але нібыта праносіць сум па ёй праз усё жыццё, наганяе на чытача ўжо сум іншага кшталту. Магчыма, паэт (дарэчы, майстар гумарыстычнага жанру) звярнуўся не да сваёй тэмы — вынік спробы красамоўна пацвярджаюць апошнія радкі падборкі:

Стихи в деревне не пишу,

с иной сохой — её стихия.

Вот впечатленья — привожу,

и за стихом пишу стихи я.

Прыкметна вылучаецца Дар’я Дарошка з нізкай вершаў «Я птушка, што лятае навобмацак» («Я птица, летающая на ощупь»). Бачанне свету лірычнай гераіні хутчэй пачуццёвае і не паддаецца лагічнаму тлумачэнню. Хоць месцамі аўтар не ведае меры ў наслойванні вобразаў, што перашкаджае наблізіцца да разумення закладзеных у яго сімвалаў і ідэй, кожны верш — своеасаблівы эксперымент і па форме, і па змесце.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Скрыначка радасці ды суму

Чэрвеньскі нумар «Маладосці» прысвечаны постаці Пушкіна і насычаны тэгам «Асцярожна: Пушкін — 220». Ці азначае гэта, што проза і паэзія будуць падуладныя тым формам і ідэям, якія былі ўласцівыя творчасці генія? Не зусім. Толькі гэта не памяншае цікавасці да твораў, змешчаных на старонках часопіса.

Калі казаць пра форму некаторых паэтычных спроб «маладосцеўцаў», то гэта, сапраўды, вясёлае перайманне, па змесце атрымліваецца дыялог часоў і прастор. Гэта пацвярджае верш «кіберэлегічнасць» Алеся Дваракова, з якога і пачынаецца паэтычная частка «Маладосці»:

Скажы, ці ззяеш ты дарэмна

Той прыгажосцю незямной?

Бо Інстаграм твой — што арэна,

І на яго ідуць з вайной

Трывогі жорсткія імгненні,

Фрагменты кпінаў ад чужых.

На гэткай жа жартаўлівай ноце пабудаваны і верш «Руслан і Людміла. XXI ст. version.by» Алёны Беланожкі, у якім кот вучоны вядзе з-пад дуба модны блог, русалка пяе новы хіт, а трыццаць віцязяў з марскім дзядзькам паўстаюць на дошках нібы сёрферы. Вяселле Руслана і Людмілы падаецца ў тых жа рысах — дзесьці гэта гратэск, дзесьці іронія, дзесьці жарт, але разыходжанняў з сюжэтам паэмы няма: верш завяршаецца на моманце выкрадання нявесты. Цікава, якія перастварэнні маглі б чакаць працяг гісторыі?

Стах Лысы прытрымаецца думкі, што мастацтва пачынаецца не тады, калі ўзнікае ідэя, але калі нараджаецца вобраз. Сапраўды, нізка вершаў «А потым волю зведаў першы ліст» напоўненая традыцыйнымі вобразамі для хрысціяніна-каталіка: човен і рыбакі, гром і буйныя хвалі, прагулкі па вадзе… Толькі гэта не проста вобразы, уплеценыя ў сюжэт, — яны ствараюць сапраўдныя карціны, поўныя дзеяння і яркіх фарбаў.

Паэтычная падборка, якую прапануе Андрэй Козел «Ты не прыйшоў у вызначаны час», — вельмі разнародная. У кожным вершы свая тэма, ідэя, танальнасць, таму цяжка скласці агульнае ўражанне. Аўтар нібыта сам не можа вызначыцца, пытаючыся ў сябе: «Я быў агонь ці Праметэй?».

Верш Марты Багдановіч «Духмяны кавалачак шчасця, лагоды…» не патрабуе тлумачэння ці пошуку ў ім надзвычайных ідэй, бо прысвечаны той радасці, што ўзнікае ў любой сям’і са з’яўленнем дзіцяці. Тое, што прынёс «бусел» здалёк, апяваецца з такой цеплынёй і пяшчотай, што прадказвае вершу папулярнасць.

У адрозненне ад лёгкай, напоўненай іранічнасцю паэзіі, проза нумара не абяцае забаўляльнага і ненапружлівага чытання. Так, у майскай «Маладосці» друкаваліся вершы Настассі Нарэйкі, а зараз ёсць магчымасць пазнаёміцца з апавяданнем аўтара «Светлячок». Кароценькая даведка перад тэкстам падкрэслівае — твор патрэбны ўсім. Бясспрэчна, ён цікавы сваёй смеласцю: калі абвяшчаецца першаснасць свабоднага выбару, такая ледзь прапісаная, але дакладна ўспрымальная мараль можа выклікаць ухваленне адной часткі чытачоў і абурэнне другой. Дастаткова нават адной згадкі тэмы для таго, каб узнікла дыскусія, але аўтар нават ніводнага разу не назвала прадмет магчымай спрэчкі. Пазнаёміцца з апавяданнем варта, якраз не ведаючы ідэі твора, каб зразумець не толькі аўтарскую задуму, але і сваё стаўленне да праблемы.

«Тры маналогі» і «Ліст да Чарлза Букоўскі» Ганны Комар — быццам псіхалагічная разрадка для аўтара (ці герояў твораў), але не для чытача. Гэта, вядома, у залежнасці ад стаўлення чалавека да сябе і наваколля, але твор здатны пакінуць цяжкае ўражанне непапраўнасці памылак, ад якіх залежыць не толькі сваё, але і чужое жыццё.

Апавяданні Арыны Гардзей маюць алегарычны пачатак. Героі яе твораў — хутчэй сістэмы пэўных пачуццяў, думак і жаданняў, чым сапраўдныя постаці. Так, твор «Вырай» — найбольш яскравы прыклад. Ён распавядае пра птушак у клетцы, якія вымушаны існаваць, не разумеючы ў гэтым сэнсу і не ведаючы саміх сябе. Прытым заўсёды існуе нешта большае і значнае — гаспадар. Ёсць ён і ў апавяданні «Скрыначка з нечым звонкім», дзе сапраўднае жыццё пераблыталася з жыццём ірэальным: свет цацак сапраўды ў нечым падобны да свету людзей, ці не так?

Яўгенія ШЫЦЬКА

Крыніца: ЛіМ

Прочитано 164 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии