Среда, 18 09 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Глядзець праз калейдаскоп

  • Понедельник, 19 августа 2019 12:00

Літаратура перамагае час. Такое звычайна кажуць, маючы на ўвазе, што толькі гісторыя вырашае, якія творы сапраўды вартыя прызнання. Актуальнасць некаторых з іх застаецца бясспрэчнай праз дзесяцігоддзі і стагоддзі. А для некаторых твораў сама сутнасць часу, як непарушнай, неад’емнай часткі структуры сусвету, — усяго толькі аб’ект для гульні. Да такіх твораў можна аднесці «Залаты час» Аляксандра Веледзімовіча («Кнігазбор», 2018) — зборнік навел пра журналіста Шуру Пераплётава. 

Калі не зважаць на тое, што кніга — гэта зборнік навел, падаецца, што чытаеш раман пра прыгоды маладога журналіста на пачатку ХХ стагоддзя. Прычым увесь час чакаеш, калі ж нарэшце сюжэтная лінія спляцецца з фантастычнай: эксперыментамі над сутнасцю свету, жыцця і часу, якія праводзіць доктар Скрабоска. Першыя некалькі частак, а таксама грувасткая поўная назва кнігі — «Залаты час, або Займальныя прыгоды Шуры Пераплётава ў ваколіцах горада Віцебска, праўдзіва прыдуманыя пад уздзеяннем трох муз і аднаго аповеда таямнічага прывіда, а часам падгледжаныя з вышыні птушынага палёту» — адназначна настройваюць на фантастычна-прыгодніцкі раман са шматлікімі моўнымі і сюжэтнымі каламбурамі.

Тут адразу і можна вынесці класічны прысуд — назва цалкам адлюстроўвае змест кнігі. Чытача чакае такі ж шматслоўны, стракаты аповед, поўны аксюмаранічных або проста абсурдных канструкцый. Праз тэкст давядзецца прадзірацца, старанна ўтрымліваючы ў памяці ўсе падзеі, якія праносяцца перад вачыма пад акампанемент бясконцых інтэр’ерных і экстэр’ерных апісанняў. Іншымі словамі, кніга — калейдаскоп ва ўсіх сэнсах. І стылістычна, і сюжэтна. Але агульны каркас у гэтым карнавале колераў і форм ёсць — дзеянне адбываецца ў адным канкрэтным горадзе.

Калі звяртаеш увагу на ўрывачнасць аповеду, канчаткова ўпэўніваешся ў тым, што чытаеш зборнік асобных навел. Галоўны герой Шура Пераплётаў насамрэч не самы галоўны. Цэнтральны персанаж, што аб’ядноўвае ўсе сюжэтныя лініі, — гэта горад Віцебск. Усе гістарычныя факты і легенды, якія задаюць дэкарацыі для падзей, круцяцца вакол яго. Шура Пераплётаў выступае хутчэй своеасаблівым сімвалам, вечным летапісцам, прывязанным да горада. Гэта пацвярджаецца і тым, што яго асоба і характар раскрываюцца даволі павярхоўна. Пераплётаў — фонавы персанаж. Нягледзячы на фрагментарнасць, жыццяпіс яго больш-менш складаецца ў адну лінію, але мала што з асноўных апісаных падзей неяк вядзе да развіцця цэнтральнага сюжэта. Закрадаецца думка, што аўтар ставіць сябе на пазіцыю эксперыментатара, які наўмысна ўсё змешвае вакол аднаго выпадковага чалавека, а кніга, якую мы маем, — вынік гэтага эксперымента.

Асноўная задача журналіста (прычым не толькі метафарычная) — назіраць за горадам. На падзеі, якія адбыліся за межамі Віцебска, аўтар навел толькі намякае або ўзгадвае іх, як быццам яго суразмоўнік-чытач даўно ўсё ведае і не зацікаўлены ў падрабязнасцях.

Віцебск ёсць усюды. Назвы вуліц, зборныя вобразы жыхароў, урыўкі іх характэрных размоў і, нарэшце, дзесяцігоддзі, якія пераключаюцца ў кнізе, як слайды дыяфільма, — усё імкнецца перасяліць дух горада на старонкі кнігі, стварыць эскізную, панарамную карціну таго, што горад перажыў за ХХ стагоддзе.

Эклектычнасцю можна абазначыць і асноўны стыль, у якім вытрымана кніга. Маўленне кардынальна мяняецца ў залежнасці ад дзеючай асобы. Дарэчы, умоўны галоўны герой Пераплётаў валодае не самым адмысловым голасам на фоне іншых персанажаў. Спецыфіка яго прамоў, разваг і дзённікаў іншая: замест адметнай лексікі ў іх увесь час умешваюцца каламбуры, алюзіі, разнастайныя інтэртэкстуальныя выкрутасы. Гэткая стракатая мова захоўваецца ва ўсіх творах зборніка, і таму думкі герояў не заўсёды зразумелыя і простыя для ўспрымання.

Багацце мовы і апісанняў, удала перададзеная атмасфера нібыта падмяняюць сабой прыгодніцкі, захапляльны сюжэт, якога чакаеш на пачатку твора. Вялізная колькасць персанажаў не змяшчаецца ў свядомасці, таму ствараецца ўражанне, што большая частка з іх выконвае інтэр’ерную функцыю. Хаця, улічваючы структуру кнігі, не зусім правільна чакаць ад яе поўнай сюжэтнай уладкаванасці.

Ілюстрацыі, падабраныя па тэме кожнай навелы, выконваюць асаблівую ролю — прывязваюць да сапраўднага свету падзеі кнігі, сцвярджаюць рэальнасць часава-прасторавага антуражу, у якім яны адбываюцца. Усё ж такі Віцебск як сюжэтна-сэнсавы стрыжань моцна трымае няпростую канструкцыю кнігі.

Зразумела, што ў суцэльную гісторыю навелы складаюцца толькі фармальна — за кошт віцебскага фону і Шуры Пераплётава, а таксама дзякуючы храналогіі падзей і намёкам з будучыні пра тое, што адбылося ў мінулым. Спалучыць усё гэта ў адно немагчыма, нават калі змясціць на сцяне вялізную дошку з фотаздымкамі і выразкамі з газет, як у дэтэктыўных фільмах. Ніткі сюжэта неаднаразова заблытваюцца. Але наракаць не варта: наадварот, размовы, падслуханыя ў розных вокнах, значна ўзбагачаюць агульную карціну, якую пісьменнік хацеў нам паказаць.

Ствараецца ўражанне, што галоўнае, да чаго імкнуўся аўтар, — здзівіць чытача. Калі гэта сапраўды так, то сваёй мэты ён адназначна дасягнуў. Нягледзячы на ўсе складанасці ўспрымання, аповед трымае ўвагу і не выклікае адчування другаснасці або гульні дзеля гульні. Магчыма, не апошнюю ролю адыгрывае замкнёнасць часу і прасторы ў межах адной гісторыі. Акрамя гэтага, «Залаты час» стварае адмысловую прызму для погляду на горад, зірнуць праз якую без дадатковых прылад могуць толькі тыя, хто шчыра захапляецца гісторыяй. Кніга і ёсць тая адметная прылада, якая адкрывае іншы пласт рэальнасці для большасці людзей. Чытаць такія творы — як глядзець на горад праз калейдаскоп часоў, якія ён перажыў, легенд, якія хаваюцца ў яго завулках, твары людзей, якія пражываюць падзеі і прыдумляюць гэтыя легенды.

Дар’я Смірнова

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 400 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии