Воскресенье, 15 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Далягляды» – 2020: працяг традыцыі

  • Суббота, 09 ноября 2019 16:19

Адраджэнне выдання перакладных альманахаў становіцца сістэмай. Пра гэта сведчыць запланаваны да сустрэчы з чытачом гадавік «Далягляды», які пабачыць свет у 2020 годзе.

У 1970-я – на пачатку 1990-х гадоў у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» выходзілі тры альманахі, якія прадстаўлялі пераклады твораў з іншанацыянальных літаратур на беларускую мову. Першапраходцам сярод такога кшталту выданняў стаў альманах «Далягляды». З часам з яго вылучыўся гадавік «Братэрства». У «Даляглядах» друкаваліся проза, паэзія, публіцыстыка, крытыка з літаратур іншых краін не толькі Еўропы, але і Азіі, Афрыкі, Амерыкі. «Братэрства» пачалі прадстаўляць літаратуры савецкіх рэспублік, літаратуры народаў Расіі. А «Ветразь» знаёміў з замежнымі і народаў Савецкага Саюза літаратурамі. Пасля традыцыя перарвалася. Развал Савецкага Саюза зрабіў сваю справу. Хаця, здавалася б, умовы наадварот сталі болей спрыяльнымі. Часцейшымі сталі паездкі творчых людзей у іншыя краіны. Літаратурная моладзь пачала актыўна авалодваць іншымі мовамі. Нават такімі, як па ранейшым часе, экзатычнымі – кітайскай, японскай. Часцей у перыёдыцы пачалі з’яўляцца пераклады з арыгінальных моў, а не праз рускую мову як праз мову-пасярэдніцу. А вось альманахі тым часам сыйшлі ў нікуды.

У 2019 годзе «Мастацкая літаратура» зрабіла выразную спробу вярнуць традыцыю, выдаўшы альманах пад вядомай назвай – «Далягляды». Перапынак, здаецца, ці не ў 27 гадоў быў парушаны. Разам сыйшліся пісьменнікі з далёкага замежжа і з краін постсавецкай прасторы. Альманах быў заўважаны чытачом, пра яго пісалі ў перыёдыцы. І на 2020 год таксама запланаваны выпуск «Даляглядаў», які, мяркуецца, збярэ пад адной вокладкай творы паэтаў і празаікаў з 15 краін: Германіі, Дамініканскай Рэспублікі, Італіі, Кубы, Кыргызстана, Кітая, Польшчы, Пуэрта-Рыка, Расіі, Сербіі, Узбекістана, Украіны, Таджыкістана, Туркменістана, Францыі. Расія прадстаўлена перакладамі вершаў Міхаіла Анішчанкі, Любові Турбіной, падборкай паэтычных твораў літаратараў Дагестана, а таксама вершамі чачэнскай паэтэсы Фаізы Халімавай, народнага паэта Чувашыі Валеры Тургая. Перакладчыкі – Бажэна Мацюк, Янка Лайкоў, Мікола Мятліцкі, Віктар Шніп. Паэты розных пакаленняў. У кожнага – свой вопыт звароту да мастацкага перакладу. Мікола Мятліцкі выдаў і асобны аўтарскі зборнік перакладаў паэзіі народаў свету. Двойчы падыходзіў да анталагічнага засваення кітайскай паэзіі – выдаў фаліянты, якія прадставілі чытачу Беларусі спярша сто паэтаў Кітая ў адной кнізе, затым – сто паэтаў Кітая XX стагоддзя. Выдаў М. Мятліцкі і кнігу вершаў класіка казахскай літаратуры Абая ў перакладзе на беларускую мову. А яшчэ ў яго перакладах пабачылі свет кнігі легендарнага кітайскага паэта Ай Ціна, народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна.

Бажэна Мацюк яшчэ шукае сябе як перакладчык, выпрацоўвае свае прыхільнасці. Янка Лайкоў, відавочна, цягнецца да рускай і ўкраінскай паэзіі. Хаця зусім нядаўна газета «Літаратура і мастацтва» надрукавала пераклад верша туркменскага паэта, здзейснены Я. Лайковым.

У «Даляглядах» за 2020 год будуць змешчаны вершы нямецкіх класікаў – Генрыха Гейнэ, Ёгана Вольфгана Гётэ, Конрада Фердынанда Маера, Райнера Марыі Рыльке, Тэадора Шторма. Перакладчык – паэт Дзмітрый Пятровіч. Рыгор Ляшук пераклаў апавяданні Анхеля Луіса Арамбілета Альварэса (Дамініканская Рэспубліка), Педры Хуана Гут’еррэса (Куба), Луіса Лопеса Ньевеса (Пуэрта-Рыка). Канешне ж, пераклаў з арыгінала. У асобе Рыгора Ляшука (а ён і ў выпуску гадавіка за 2019 год пазнаёміў чытача са сваім перакладам – перакладам апавядання пісьменніцы з Эквадора) фарміруецца цікавы перакладчык іспанамоўных літаратур.

Аўтарытэту «Даляглядам» 2020 года надае ўдзел у альманаху такіх перакладчыкаў, як Аксаны Данільчык (з італьянскай), Алеся Емяльянава-Шыловіча і Анатоля Бутэвіча (з польскай), Івана Чароты (з сербскай), Андрэя Хадановіча (з французскай). Будзем спадзявацца, што «Мастацкая літаратура» здолее развіць і захаваць традыцыю.

Кастусь Ладуцька

 

Прочитано 707 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии