Суббота, 14 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Тэатральнае «Маладосці»

  • Понедельник, 18 ноября 2019 14:12

З конкурса «БрамаМар». Moscow Calling!

Да ўвагі тэатралаў: у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля «Білет на брэсцкі цягнік». Пастаноўка Аляксандра Гарцуева. П’еса Віталя Каралёва. Будзьце ўважлівыя! Асцерагайцеся чужога ўплыву. Памятайце, што за свае ўражанні адказнасць несяце самастойна. Наш тэкст адправіцца з чырвонага радка праз адну секунду. Жадаем прыемнага чытання.

 

Track 1

Маладосць пакутуе на дальназоркасць. Пакутуе з асалодай. Без слоў. Уголас. У навушніках. У натоўпе. З кавай. Без гарачай вады. З першым снегам. На другім спатканні. У апошнім вагоне. Варыяцый безліч. Але акалічнасць пакутніцтва заўсёды нязменная — з асалодай. І не пужайце, калі ласка, туманам. Наракаць на надвор’е — абавязак пілотаў. А права маладосці — любавацца на агні вялікіх гарадоў, у святле якіх плаўна кружыць сілуэт шчасця.

Не дзіва, што да чаргі міласэрных, пакрыўджаных, хітрых, старых, лянівых, шчодрых, адзінокіх, сонных, пагарджаных, закаханых, мёртвых, адораных, падманутых, жорсткіх персанажаў далучыўся маладзён, апантаны думкай з’ехаць. Фантазія творцаў прымусіла працаваць нябожчыкаў, навучыла маліцца забойцаў, дазволіла спакушаць дзяцей. Цяжкавата толькі з летуценнямі юнакоў. Апантанасць — класіка маладосці.

І гэтую класіку мы час ад часу заўважаем у люстэрках, прачытваем у позірках, праглядаем на экранах. «У адпачынак за свой кошт», «Карнавал», «Прыходзьце заўтра!» — працягваць можна да канца старонкі. Героі згаданых твораў не саромеюцца трафарэтнага паходжання іх мары — паехаць у сталіцу. А вось па што — падкрэсліце патрэбнае самі: праца, каханне, слава.

 

Track 2

П’еса Віталя Каралёва «Moscow Dreamin’» працягвае традыцыю спадзявання на вялікія гарады. Вадзім — галоўны герой п’есы — скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук, павучыўся жыць у соцыуме, пафіласофстваваў з сябрамі і, прабегшыся колькі разоў па коле незадаволенасцей і памкненняў, знайшоў–такі выйсце з праклятага колазвароту:«Трэба адсюль валіць». Выдатна! Але куды? Не, Захад — гэта занадта… Дайце падумаць яшчэ… Масква! Ну, канешне ж, яна. Ok, Google: «Таннае жыллё высокія заробкі Масква».

Пакуль ідзе пошук, звернемся да іншага твора Каралёва — «Опіум». Рагачоўскіх братоў «самага шчырага спектакля» яднае з новапрыдуманым Вадзімам непахісная вера ў светлае там. «Опіумны» Мінск абяцае якасную адукацыю, а ўкраінскае замежжа — грошы і магчымасць шлюбу. Атрымліваецца, чым ад дому далей, тым шчасця больш?.. Але вернемся да «Брэсцкага цягніка». Як гавораць, навічкам шанцуе. На вочы Вадзіму трапляецца спасылка з вакансіяй экскурсавода («Вікіпедыя Масква цікавыя факты»), якая абяцае і касмічны заробак («70 тышч, пацаны!»), і прывабнасць будучых калег («Ксе–е–е–ні–я–я»).

Не хвалюйся, мама. Гэта лёс.

 

Track 3

Ці не цікавы факт, што адно лякарства дапамагае пры розных хваробах? Ці не смешна, што поспеху і няўдачы можна даць адно тлумачэнне? Перамог? Ведай нашых! Масква не верыць слязам. Праваліўся? Што тут можна сказаць… Няхай скажа Мураўёва.

Вердыкт–панацэю выносяць (выпісваюць) і Вадзіму (ён жа Дзмітрый Давідовіч). Здаецца, мары новага масквіча здзяйсняюцца. Аднак пацалункі лёсу чамусьці пакідаюць сверб. Маці (яна ж Алена Баярава) лёгка, без чаканай істэрыкі згаджаецца на пераезд сына. Але з лёгкасцю развітання ўзнікае і ледзь прыкметнае пачуццё матчынай здрады. У адносінах з прыгажуняй Ксеніяй (яна ж Гражына Быкава) таксама пакуль спакойна. Але ці тоесныя яны — спакой і каханне? Жаданне працаваць неўзабаве становіцца рэчаіснасцю. Толькі замест вялікіх турыстычных груп — маленькая кабінка дзяжурнага па эскалатары. Згадваецца пастаноўка Галіны Чарнабаевай «Ліфт», дзе Дзмітрый Давідовіч выканаў ролю Дымона — такога ж амбіцыйнага, зняволенага чатырма сценамі юнака. Тыя ж пытанні. Тыя ж стасункі. Пазыкі. Прыяцелі. Сваякі. Як душна ў футляры! Як цесна ў кабіне! «Я не хачу больш пад зямлю!» — выкрыквае Вадзім. І набывае квіток на Брэсцкі.

Аднак дзе той цягнік, на якім можна з’ехаць ад самога сябе?

 

 

Track 4

Па зале прабягаюць хвалі шэпту: «Ой, як жыццёва; Ой, так заўсёды; Ой, і мой жа так робіць». Часам глядацкае чаканне будучыні перахоплівае суфлёрскае вяшчунства. Вядома, калі белая кашуля — то са школьнага выпускнога. Калі марудная песня — час цалавацца. Калі пацалунак вырас у сварку — паліце. Павольна і ў фортку, павольна і ў фортку. Хтосьці вучыцца на філасофскім? Ну давайце, пакпіце ўжо з гуманітарыяў. І яны кпяць…

Прадбачлівае мяжуе з трывіяльным. Безумоўна. Але героі разумеюць і здзекліва каментуюць асуджанасць і сваіх мар, і сваіх ўчынкаў, і адносін, і высокіх паверхаў, што гэтыя адносіны спараджаюць. Старыя характарыстыкі склаліся ў новы тролінг тэатральнага рэпертуару. Паспяхова?..

Паэт Арцём Кавалеўскі сказаў, што сяброўства памірае ў дзень, калі дваім няма з чаго пасмяяцца. Вечар прэм’еры ўсміхаўся і рагатаў. А значыць, сяброўства з РТБД працягваецца.

 

 

Паважаныя тэатралы! Наш тэкст набліжаецца да апошняй кропкі. Не пакідайце свае пытанні без адказаў. Не забывайцеся на іншыя пастаноўкі. Будзьце ветлівымі адно з адным. У жыцці захоўвайце чысціню і парадак. Аўтар развітваецца з вамі і жадае ўсяго найлепшага.

 

Марыя Страх

Крыніца: «М»

Прочитано 57 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии