Воскресенье, 19 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

«Не знішчыць слова гэта»

  • Понедельник, 10 июля 2017 10:00

Пра што сведчаць творчыя работы, дасланыя на літаратурны конкурс «Скарынавай душой узлашчанае слова»

Конкурс быў абвешчаны Саюзам пісьменнікаў Беларусі на пачатку 2017-га — з нагоды і ў гонар паўтысячагоддзя запачаткавання беларускага кнігадрукавання. Удзел у творчым спаборніцтве ўзялі не толькі пачаткоўцы, але і вядомыя пісьменнікі, такія як Георгій Марчук, Васіль Ткачоў, Зіновій Прыгодзіч, Яўген Хвалей, Георгій Тамашэвіч, Яна Явіч, Васіль Макарэвіч ды многія іншыя.
На вялікі жаль, Васіль Сцяпанавіч Макарэвіч не дачакаўся вынікаў конкурсу, а быў бы вельмі ўсцешаны. Нават не перамогай свайго асабістага твора «Паэма Скарыны», дзе ёсць такія радкі:

Каму, можа,
Д’яблу было на руку,
Што мы не маглі
з ім калісьці раскрыліцца?
Як быццам не ён
на друкарскім станку
Адціснуў Святое Пісанне
Кірыліцай.
Скарына
Для люду старонкі адкрыў,
Каб розных іудаў
на свеце паменела.
І свежым дыханнем,
нібыта ад крыл,
Ад сказаў біблейскіх адразу
Павеяла.

Пафасам прасякнута ўся паэма, якая вартая ўвагі самай шырокай аўдыторыі. Але майстры слова ў гэтым конкурсе вырашылі саступіць тым, хто толькі спрабуе сябе ў слоўным прыгожым мастацтве.
Гэта вялікае шчасце — спрычыніцца да творчасці сапраўдных майстроў слова, разам з імі ўдзельнічаць на роўных у прэстыжным рэспубліканскім конкурсе. Дарэчы, прэстыж яго ўзнялі самі канкурсанты. Іх работы настолькі моцныя, што шасці прызавых месцаў (адно першае, два другія і тры трэція) яўна недастаткова, таму вышукваюцца магчымасці заахвоціць і іншых удзельнікаў літаратурнага спаборніцтва. І гэта будзе правільна, бо каму, як не пісьменніцкай арганізацыі краіны, заўважаць і падтрымліваць новыя літаратурныя таленты Беларусі.
Работы пераможцаў могуць быць прэтэндэнтамі на тое, каб іх тэксты гучалі з высокай сцэны ў Полацку падчас святкавання Дня беларускага пісьменства. І не толькі тэксты, але і інсцэніроўкі, драматычныя дзеі.
Напрыклад, аўтара Антося Уласенкі. Яму трыццаць гадоў. Жыве ў горадзе Маладзечне. Дзіўна, што пакуль не вядомы як літаратар. Напэўна, шмат хто пагодзіцца з такім сцвярджэннем, прачытаўшы яго інтрыгоўны драматычны твор пад назвай «Францыск Скарына: ля выйсця дарог». Гэты твор члены журы конкурсу аднагалосна прызналі лепшым сярод літаратараў-пачаткоўцаў.
Ці яшчэ ўчытаемся ў такія радкі:

Усмешкаю завiлiстых дарог
Усё жыццё вяла мяне трывога.
I Месяц, роўна як усмешка Бога,
Прыўзняў краёчкаў з’едлiвых ражок.
Чаго я здолеў выхадзiць сабе,
Калi быў выгнаны з усiх прытулкаў?
Калi штодня сцiрала ногi мулка
Вандроўнiцтва ў нягодзе i журбе?
Навошта я пайшоў ад Палаты,
Няўдалы Гутэнберга паслядоўнiк?
Я доктар фiласофii… Садоўнiк…
Цi гэтага чакаў, Францiшак, ты?

Гэта невялічкая частачка з дасланага на конкурс твора пра Францыска Скарыну. Аўтар — Глеб Ганчароў з Мінска, юрыст, узрост — больш за паўвека, але ў літаратурным свеце пакуль не вядомы (аднак лепей пазней, чым ніколі, бо творы сапраўды вартыя ўвагі).
Ці вось вытрымка з яшчэ аднаго твора. Ён незвычайны адпачатку сваёй пабудовай, заснаваны на паяднанні музыкі і слова: «Паэзія — гэта музыка, запісаная словамі, — піша аўтарка. — З уражанняў і ўспамінаў нараджаецца натхненне».
І вось ужо гучыць матыў, які застаецца толькі занатаваць. Прычым строга ў нотным парадку і строга па словах вершаў Янкі Купалы, які па значнасці для Беларусі не саступае вялікаму першадрукару.

Першая нота…
«До... Дом. Родныя драўляныя сцены звычайнай сялянскай хаты, якія, аднак, насілі гордую назву сядзібы шляхетнай сям’і Луцэвічаў… І моцны боль-роспач за страчанае гняздо:

Божа! Гэткі свет тут
Моц стварыла твая!
Дзе ж мой дом, дзе мой люд?
Дзе айчызна мая?

Рэ... Рэха. Водгук з наваколля, водгук ад продкаў...
З плачам думка-песня льецца
Па замучанай старонцы,
З плачам рэха адаб’ецца...
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

Мі... Мінулае натхняе яго падзеямі з беларускай гісторыі, і так нараджаюцца Купалавы паэмы:

Дуб галлё распусціў каранасты над ім,
Сухазелле ў грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, —
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе…»

Аўтар урыўка з адметнай публіцыстычнай работы, што грунтуецца на ўсіх нотах гукараду, — Таццяна Ігараўна Лашук з горада Гродна, якая вучыцца ў аспірантуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Прызавыя месцы конкурсу раскінуліся не толькі па рэгіёнах, але сягнулі нават у замежжа. Напрыклад, Кірыл Анацка вучыцца ў 9 класе дзяржаўнай установы адукацыі «Каранёўскі яслі-сад — сярэдняя школа» Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Ён даслаў на конкурс паэму «Сказ пра друкара Скарыну», у якой некаторыя радкі — хоць вынось на транспаранты Свята беларускага пісьменства ў Полацку. У творы разгортваецца жыццяпіс першадрукара, так бы мовіць, па перыядах: кракаўскі, падуанскі, пражскі, адкуль пачалася друкарская і асветніцкая дзейнасць, віленскі, дзе гэтая дзейнасць атрымала росквіт. А як хораша-прыгожа юны аўтар пераказаў па-свойму пажаданне-пасланне Францыска Скарыны нашчадкам-суайчыннікам:

Да месцаў родных, людзі,
ласку майце!
Як птушкі, пчолы, рыбы і звяры,
Бароньце вуллі, гнёзд не забывайце
І чуйце рэчак спадчынных віры!
Да вас, сучаснікі, звяртаюся сурова
Скарыны словамі, які заўжды
прасіў:
Любіце, як святыню, тое слова,
З якім вас Бог на гэты свет пусціў!

З вёскі Карані перамяшчаемся ў нямецкі Дзюсельдорф. Там жыве Святлана Кабанава. Яна нарадзілася ў Мінску, скончыла біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым — аспірантуру пры Акадэміі навук Беларусі. Кандыдат біялагічных навук. З 1996-га жыве ў г. Дзюсельдорфе. Аўтар паэтычнай складанкі «Пачатак» (2002 г.). Лаўрэат прэміі часопіса «Літаратурны Еўрапеец» (Франкфурт-на-Майне, Германія, 2004 г.). Лаўрэат шматлікіх міжнародных і беларускіх літконкурсаў, у тым ліку на лепшы верш пра Мінск, арганізаванага выдавецтвам «Чатыры чвэрці» сёлета. Сапраўдная беларуска, гэта адчуваецца ў тым ліку ў радках з верша «Матуля»:

«Добры дзень, матуля!», —
Сэрца шчыра шэпча,
Светлы ты прытулак
У руціне шэрай!
«Ты — маё сумленне!», —
Дабаўляюць вусны,
Прыклад і натхненне —
Маці-беларуска…

Яна Тарасевіч, вучаніца 10 класа Сямігосціцкай сярэдняй школы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, у сваёй навеле піша: «У самой прыродзе чалавечай закладзена прага кахання…» Яе шчырыя словы — чарговае пацвярджэнне таго, што ў беларускіх вёсках, у так званай правінцыі, якая зусім не правінцыя, а насамрэч асаблівая цывілізацыя, гадуецца цудоўная, здаровая ў духоўным і інтэлектуальным сэнсе моладзь. Ёй бы толькі падтрымкі. Саюз пісьменнікаў Беларусі са свайго боку робіць усё магчымае, каб ніхто з юных талентаў-дараванняў не застаўся незаўважаным. Вось і юная ўдзельніца творчага спаборніцтва з палескай глыбінкі не проста не саступае іншым пераможцам конкурсу, а вельмі дастойна ўпісалася ў яго агульнае рэчышча.
Але ж і творы іншых удзельнікаў, што не трапілі ў лік пераможцаў, вартыя ўганаравання. Іх, дарэчы, абсалютная большасць, нават не ўлічваючы прафесійных пісьменнікаў, якія ідуць асобным радком — як маякі.
Паказаць-прадэманстраваць новыя таленты — справа выключна важная. Усіх пералічыць цяжка, не тое што творы прадставіць. І гэта варта не артыкула, а асобнага выдання. У выніку конкурсу Саюза пісьменнікаў Беларусі можна канстатаваць адно: мы вельмі багатыя на таленты. І гэтыя таленты дзяржава мусіць падтрымліваць.
Завяршыць агляд дасланых работ хачу радкамі з верша Анатоля Зэкава, першыя радкі якога паслужылі назвай літаратурнага конкурсу:


«Скарынавай душой
узлашчанае слова
крыляла над мяжой,
бруілася вяснова».

Анатоль КРЭЙДЗІЧ,
намеснік старшыні
Саюза пісьменнікаў Беларусі,
кіраўнік конкурсу

Лаўрэаты конкурсу
«Скарынавай душой
узлашчанае слова»
І месца:
Антось Уласенка, г. Маладзечна (драматургія).
ІІ месца:
Таццяна Лашук, г. Гродна (публіцыстыка);
Глеб Ганчароў, г. Мінск (паэзія).
ІІІ месца:
Кірыл Анацка, Гомельская вобласць, Светлагорскі
раён, в. Карані (паэзія);
Святлана Кабанава, г. Дзюсельдорф, Германія
(паэзія);
Яна Тарасевіч, Брэсцкая вобласць, Столінскі раён, в. Сямігосцічы (проза)

Крынiца: ЛiМ

Прочитано 410 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии