Четверг, 21 09 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Ад роду да асобы

  • Понедельник, 17 июля 2017 09:08

Пытанне стану Літаратурнага музея Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна абмяркоўвалася на круглым стале ў Магілёве, што быў прысвечаны пытанням музеефікацыі літаратурных мясцін. Мерапрыемства ладзіў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў межах Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «XXV Гарэцкія чытанні» на базе Музея гісторыі Магілёва. Заклапочанасць захаваннем памяці пісьменніка прадыктавана думкамі пра яго юбілей, што будзе адзначацца ў 2018 годзе. І ў рэзалюцыі Гарэцкіх чытанняў сёлета ёсць прапанова абвясціць у Беларусі 2018-ты годам Максіма Гарэцкага. Асаблівая ўвага — да мемарыяльных мясцін пісьменніка, у першую чаргу да месца, дзе ён нарадзіўся. Удзельнікі круглага стала віталі рашэнне ўлад Мсціслаўскага раёна захаваць Літаратурнаы музей імя Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка, беручы пад увагу значнасць асоб Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх.

Дзмітрый Яцкевіч, дырэктар Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры:

 — Згодна з Кодэксам аб культуры, наш музей — каардынацыйны метадычны цэнтр для музеяў падобнага тыпу. Мы мэтанакіравана праводзім іх маніторынг. На сёння падобных музеяў па краіне 5, і яшчэ 35 з’яўляюцца філіяламі іншых музеяў. Але не трэба забываць, што фактычна ў кожным краязнаўчым музеі ёсць старонка, прысвечаная сваім літаратурным дзеячам. На сёння маніторынг стану музея Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы прыемна здзівіў: ён можа функцыянаваць, а праблемы ў яго тыя самыя, што ва ўсіх музеяў рэспублікі. Каб у гэтага музея былі наведвальнікі, неабходна вялікая праца як самога музея, так і мясцовых улад. Музей стварае пэўны прадукт, якім трэба зацікавіць людзей. Гэтая праблема стаіць не толькі перад філіялам Мсціслаўскага краязнаўчага музея ў Малой Багацькаўцы, але і перед усімі музеямі рэспублікі, у тым ліку перад нашым музеем, у якога 9 філіялаў. Наша задача — агульнымі намаганнямі прадумаць стварэнне такога прадукту, на які паедуць людзі не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Гэта могуць быць самыя разнастайныя формы інтэрактыву: квэсты, музейна-педагагічныя заняткі, лекцыі. Яшчэ адна задача — распрацаваць розныя экскурсійныя маршруты з магчымым наведваннем шэрагу іншых аб’ектаў, якіх не бачаць наогул, напрыклад, археалагічныя, прыродныя помнікі.

 Што тычыцца больш шырокага прыцягнення ўвагі да ўшанавання памяці Максіма Гарэцкага, то ў нас ёсць досвед арганізацыі перасоўных выставак у Латвіі, Эстоніі, Расіі. Асабліва яны карыстаюцца попытам там, дзе ёсць беларускія суполкі. Але найперш трэба думаць пра тое, каб памяць пра пісьменніка, які для нас — класік, жыла на радзіме. На жаль, той дом у Горках, дзе жыў, працаваў і сустракаўся са знакамітымі асобамі Максім Гарэцкі, знесены, і няма ніякага памятнага знака пра тое, што там было. Таму музей у Малой Багацькаўцы застаецца галоўным мемарыяльным месцам пісьменніка.

 Уладзімір Гілеп, старшыня Беларускага фонду культуры:

 — У сярэдзіне 80-х гадоў музейная справа ў Беларусі зрушылася, колькасць музеяў значна павялічылася: ствараліся музеі народнай славы. Ведалі, што гэта яшчэ толькі зародкі музеяў, але спадзяваліся, што пройдзе час, і яны ператворацца ў сапраўдныя музеі. Але гэта цэнтры, дзе можна выхоўваць людзей. Пачаць можна са сваёй вёскі, раёна. Бо ў кожным раёне ёсць знакамітасці, што вартыя ўшанавання, — нават увесь іх род... І калі ты адчуваеш, што цэлы род спрычыніўся да славы радзімы, воляй- няволяй задумваешся: а хто ты? Гэта магчымасць абудзіць у моладзі, у дзяцей пачуццё павагі да продкаў. Адсутнасць гонару за сябе, за сваіх прадзедаў спараджае да абыякавасць. Таму праца, што вядзецца музеем у Малой Багацькаўцы, вартая павагі. Але як зрабіць, каб туды паехалі? Магчыма, да музея будзе больш увагі, калі яго ператварыць у музей роду Гарэцкіх. Ці трэба хоць помнік які паставіць: тут зямля Гарэцкіх, тут могілкі, дзе мама з татам ляжаць… Важна паказваць: гэта геаграфія нашай культуры. Калі разглядаць пытанне пераносу музея з маленькай вёскі ў Мсціслаў, то варта задумацца пра тое, што мы знішчаем культурную прастору, культурную геаграфію. Разам са знікненнем вёсак ідзе іншы небяспечны працэс: мы збядняем сябе. Хто замінае на скрыжаванні дарог паставіць камень з прозвішчамі людзей, што жылі ў гэтай вёсцы? Тым самым захаваць нашы прозвішчы для гісторыі. Калі такое адбудзецца, калі мы зразумеем, што гэта наша беларуская геаграфія, у тым ліку прадстаўленая праз мноства дробненькіх музеяў, мы лепей пачнём разумець сябе як нацыя.

Міхась Кенька, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ:

 — Музей — не музей, калі там няма ніякай разынкі. Яна магла б з’явіцца ў Малой Багацькаўцы, каб сапраўды стварыць музей роду Гарэцкіх. Калі я стаяў у хаце каля калыскі, думаў: тут жа ляжаў не толькі Максім Іванавіч, але і Гаўрыла Іванавіч. Колькі яны пабадзяліся, знішчалі дакументы, фотаздымкі, калі даведаліся, што Максім сядзіць. Толькі ў Дубоўкі некалькі фотаздымкаў захавалася. Я наслухаўся гэтых гісторый, калі працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук і браў удзел у падрыхтоўцы збору твораў Гарэцкага ў чатырох тамах. Добра, што тады была жывая Галіна Максімаўна. Колькі яна нам дапамагла, як апекавалася памяццю бацькі! Яна баялася, каб збор твораў раптам не патрапіў пад забарону, бо тады яшчэ былі адчувальныя водгукі сталіншчыны. Цяпер гэтых перашкод няма. І думаю, што з’явілася магчымасць выдаць як мага больш поўны збор твораў Максіма Гарэцкага. І ў гэтым маглі б дапамагаць музейныя работнікі. Як у музеях Коласа, Купалы, Багдановіча: там не толькі прымаюць наведвальнікаў — у іх ёсць навуковы штат, яны захоўваюць рукапісы, працуюць як даследчыкі. І калі выдаваліся зборы твораў Купалы, Кола- са, Багдановіча, музейшчыкі вельмі дапамаглі: знайшлі новыя матэрыялы. І па Гарэцкаму павінна весціся такая праца, каб не толькі захоўвалі, але і папаўнялі тую ж этнаграфічную частку. І каб апекаваліся ў літаратурнай справе. Важна, каб не знікала памяць пра пісьменніка. Каб музейныя і архіўныя работнікі знахо- дзілі нешта новае. Яшчэ не ўсе магчымасці вычарпаны ў пошуку спадчыны Максіма Гарэцкага.

Віктар Аненкаў, дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Раманава:

 — Я падзяляю заклапочанасць наконт будучыні музея ў Малой Багацькаўцы. Думаю, правільна звязваць лёс музеяў з існаваннем перспектыўных ці неперспектыўных вёсак. Больш за 20 гадоў таму я бачыў, як ствараўся музей у Малой Багацькаўцы, як ён быў філіялам Рэспубліканскага музея беларускай літаратуры, а на пачатку 2000-х стаў філіялам раённага Мсціслаўскага музея. Калі там бываю, мне сумна, бо адна з умоў стварэння музея — наяўнасць калекцыі. Што мы маем у Багацькаўцы? Наваробны зруб хаты, збудаваны на пачатку 90-х гадоў, і набор тыпалагічных рэчаў. Ці ёсць хоць адзін мемарыяльны прадмет, які адносіцца да Гарэцкіх? Чым прыцягнуць наведвальніка?.. Літаратурны музей сваіх рэчаў з калекцыі не дасць, таму што няма ўмоў для захоўвання. А на лічбавыя копіі наведвальнікаў туды не зацягнуць. І чаму мы лічым, што музей — гэта адзіны варыянт ушанавання асоб, значнасць якіх ніхто не падвяргае сумневу. Акрамя музея можа быць помнік, можа быць мемарыяльная дошка. А працу па прапагандзе трэба весці з людзьмі, можна рабіць перасоўныя выстаўкі. Але ў такім стане, як цяпер, музей у Багацькаўцы свае задачы не выконвае, я не ўпэўнены, што тут можна дапамагчы геніяльны менеджмент: гэта не горад з пэўнай колькасцю насельніцтва, а вёска, якую не так проста ўключыць у турыстычныя маршруты.

Дзмітрый Яцкевіч:

 — У Здраўнёва таксама навароб, і няма сапраўдных рэчаў. У Бычках — таксама новая хата. У дадзеным выпадку ў Багацькаўцы сабраныя рэчы, якімі маглі карыстацца і Гарэцкія.

Антон Астаповіч, старшыня Таварыства аховы помнікаў:

 — Доля песімізму тут патрэбна. Я гэтую пазіцыю разумею. Сапраўды, трэба вельмі моцна працаваць, каб хоць мінімальна схема спрацавала на папулярызацыю, на прыцягненне наведвальнікаў. Са свайго досведу арганізацыі экскурсій скажу, што можна ўключаць падобныя музеі ў турыстычныя маршруты, і наведвальнікам насамрэч цікавая літаратурная гісторыя, звязаная са знакавымі асобамі, такімі як Максім Гарэцкі ці Алесь Адамовіч, на Магілёўшчыне. Але без вырашэння кадравай праблемы ў Малой Багацькаўцы музею Гарэцкага будзе складана існаваць і развівацца. Тым не менш добра, што ёсць разуменне таго, што музей трэба пакінуць: гэта мемарыялізацыя месца. Удзельнікі круглага стала падтрымалі ініцыятыву стварэння музея Алеся Адамовіча ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, на які грошы збірала грамадскасць: ці не самае яркае сведчанне неабходнасці ўшанавання значных для краіны пісьменнікаў? Але гэта тэма асобнай публікацыі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Друкуецца ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Прочитано 130 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии